ПРАГНО́З (ад грэч. prognosis прадбачанне, прадказанне),

навук.-абгрунтаванае суджэнне пра магчымы будучы стан якіх-н. аб’ектаў або з’яў, пра альтэрнатыўныя шляхі і тэрміны іх дасягнення. Распрацоўваецца на аснове ўсебаковага і глыбокага навук. пазнання і аналізу аб’ектыўных заканамернасцей, тэндэнцый і ўзаемасувязей развіцця грамадства і прыроды, канкрэтных умоў развіцця дадзенага аб’екта прагназіравання. П. уключае вядомыя і невядомыя звесткі пра аб’ект, уяўляе сабой ідэальны вобраз, мадэль, апісанне імавернасных падзей, працэсаў, з’яў. Паводле крытэрыю часу П. падзяляюць на бягучыя (ад некалькіх гадзін да некалькіх месяцаў), кароткатэрміновыя (да 5 гадоў), сярэднетэрміновыя (5—10 гадоў), доўгатэрміновыя (ад 10—15 да 20—30 гадоў) і звышдоўгатэрміновыя. Паводле сваёй прыроды П. падзяляюцца на гідраметэаралагічныя, геал., біял., медыка-біял., касмалагічныя, геагр. і інш. Другую групу складаюць П., якія адносяцца да развіцця грамадства (эканам., сац., псіхал., дэмаграфічныя, культ.-эстэт. і інш.). Адрозніваюць таксама П. даследчыя (пошукавыя) і нарматыўныя.

Літ.:

Лисичкин В.А. Теория и практика прогностики. М., 1972;

Мартино Дж. Технологическое прогнозирование: Пер. с англ. М., 1977;

Котляров И.В. Теоретические основы социального проектирования. Мн., 1989;

Теория прогнозирования и принятия решений. М., 1977.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)