ВАЛБЖЫ́ХСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Walbrzychskie),
на ПдЗ Польшчы. Пл. 4168 км². Нас. 740,5 тыс.чал. (1992), гарадскога 74%. Адм. ц. — г.Валбжых. На Пн і ПнУ тэрыторыі перадгор’і Судэтаў, на Пд і ПдЗ Сярэднія і Усх. Судэты (выш. да 1425 м, г. Снежнік) з гарамі Сове і Клодзскай катлавінай.
Сярэднія т-ры студз. ад -2 °C у катлавіне да -8 °C у гарах, ліп. адпаведна 17,5 °C і 16 °C, ападкаў ад 600 да 1200 мм (у гарах) за год. Рэкі — вярхоўі левых прытокаў Одры: Нысы Клодзскай, Быстшыцы, Алавы, Шлензы. Пад лесам 29,4% тэрыторыі. Гаспадарка прамысл. кірунку. Развіты здабыча каменнага вугалю (у Ніжняшлёнскім бас. з 14 ст.), хім., маш.-буд. (горнае абсталяванне), харч. і інш.прам-сць. Прамысл. цэнтры: Валбжых, Свідніца, Дзяржонеў, Бялява, Клодзка і інш. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кармавыя травы, бульбу, цукр. буракі, авёс, рапс. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Турызм. Курорты (Кудова-Здруй, Шчаўна-Здруй, Паланіца-Здруй і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХАЯ́НСКА-ЧУКО́ЦКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
вобласць мезазойскай складкавасці ў Паўн.-Усх. Азіі на стыку Ціхаакіянскага і Арктычнага геасінклінальных паясоў. Уключае тэр.Усх. Сібіры на У ад р. Лена і р. Алдан да Каракскага нагор’я і ўзбярэжжа Ахоцкага м. Мяжуе на З і Пд з Сібірскай платформай, на У — з Ахоцка-Чукоцкім вулканічным поясам. На Пн прадаўжаецца ў Паўночным Ледавітым ак. Большая ч. тэрыторыі мае горны рэльеф, створаны скляпенна-глыбавымі рухамі ў неагенавы і чацвярцічны перыяды. Складкавая вобласць падзяляецца на 2 сегменты: зах. (Яна-Калымскі) і ўсх. (Чукоцкі), якія адрозніваюцца паводле характару фармацый, структуры, магматызму, стылю тэктанічнага развіцця. У геал. разрэзе вылучаюцца структурныя комплексы: архей-ніжнепратэразойскі, рыфей-сярэднепалеазойскі, сярэднекаменнавугальны-сярэдняюрскі (геасінклінальны), верхняюрскі-ніжнемелавы (арагенны), верхнемелавы-антрапагенавы (платформавы). Геасінклінальныя фармацыі складзены з тэрыгенных асадкаў, ва ўсх. сегменце развіты крамяністыя і крамяніста-вулканагенныя тоўшчы, арагенныя фармацыі — з гранітных і маласавых тоўшчаў. Асн. карысныя выкапні: золата, волава, вальфрам, ртуць, сурма, поліметалы, каменны вугаль, нафта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАЎ (сапр.Маліноўскі) Аляксандр Аляксандравіч
(22.8.1873, г. Саколка Беластоцкага ваяв., Польшча — 7.4.1928),
расійскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, паліт. дзеяч. Скончыў мед.ф-т Харкаўскага ун-та (1899). Чл.РСДРП у 1896—1909. Адзін з лідэраў адзавістаў. З 1917 выкладаў эканоміку ў Маскоўскім ун-це, з 1918 ідэолаг Пралеткульта. Дырэктар (з 1926) заснаванага ім першага ў свеце Ін-та пералівання крыві. Стварыў суб’ектыўна-ідэалаг.філас. сістэму эмпірыяманізму. Распрацоўваў навуку аб агульных прынцыпах арганізацыі — тэкталогію, у якой выказаў шэраг ідэй, што пазней развіты ў агульнай тэорыі сістэм, кібернетыцы і канцэпцыях навук. арганізацыі працы. Аўтар утапічных раманаў «Чырвоная зорка» (1908) і «Інжынер Мэні» (1912). Памёр у выніку пастаўленага на сабе доследу.
Тв.:
Эмпириомонизм. Кн. 1—3. М.; СПб., 1904—06;
Революция и философия. СПб., 1905;
Философия живого опыта. СПб., 1913;
Всеобшая организационная наука: (Тектология). Ч. 1—2. М., 1913—17;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЕА́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (Baleares),
аўтаномная вобласць Іспаніі на аднайм. астравах у зах.ч. Міжземнага м., за 200 км на У ад Пірэнейскага п-ва. Складаецца з двух вял. астравоў — Мальёрка і Менорка — і архіпелага Пітыузскіх астравоў. Пл. 5 тыс.км². Нас. 709 тыс.чал. (1991), пераважна каталонцы. Адм. ц. і гал. порт — г.Пальма.
У рэльефе пераважаюць нізінныя, узгорыстыя і платопадобныя паверхні, на в-ве Мальёрка горны хрыбет выш. да 1445 м. Развіты карст. Клімат міжземнаморскі, з гарачым сухім летам і вільготнай зімой; ападкаў 400—600 мм за год. Гаі каменнага дубу, алепскай хвоі, зараснікі калючых хмызнякоў (маквіс, гарыга). Пераважае субтрапічная сельская гаспадарка на арашальных землях (вінаграднікі, цытрусавыя, аліўкі, агароднінныя культуры). Жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Буйны цэнтр марскіх курортаў і міжнар. турызму. У гарадах тэкст., гарбарна-абутковыя, харч. (у т. л. вінаробныя), суднабуд., шкларобныя, дрэваапр. прадпрыемствы. Вытв-сць дываноў. Аэрапорты каля гарадоў Пальма, Маон, Івіса. Аўтамаб. паромы злучаюць Балеарскія астравы з партамі Іспаніі, Францыі і Італіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛІЯ (England),
адміністрацыйна-палітычная частка Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі, яго гіст. ядро. Займае большую ч. в-ва Вялікабрытанія. Назва ад стараж.-герм. племені англаў. Англіяй часта называюць усё Злучанае Каралеўства (гл.Вялікабрытанія). Пл. 131 тыс.км², нас. 46,2 млн.чал. (1991; 54% усёй плошчы і 80% насельніцтва краіны). Падзяляецца на 39 графстваў, 6 метрапалітэнскіх графстваў і В. Лондан. Гал. горад — Лондан. Найбольшыя гарады і прамысл. цэнтры: Лондан, Бірмінгем, Манчэстэр, Ліверпул, Шэфілд, Лідс і інш. Англія — эканамічна найб.развіты раён Вялікабрытаніі, дзе сканцэнтравана больш за 70% гарадоў (сярод іх 6 канурбацый — прамысл. цэнтраў, ускраіны якіх зліліся). Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная, чорная металургія, металаапрацоўка, харчовая, тэкстыльная. Развіта машынабудаўнічая (аўта-, авія-, станка- і прыладабудаванне), электра- і радыётэхнічная, атамная прам-сць. На Англію прыпадае больш за 70% пасяўной плошчы краіны, гэта асн. раён малочнай жывёлагадоўлі, агародніцтва і пладаводства. Англія мае густую трансп. сетку, праз яе парты (Лондан, Ліверпул, Саўтгемптан і інш.) праходзіць каля 80% грузаабароту краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЬХО́Й, Аньхуэй,
правінцыя на У Кітая, у нізоўях рэк Янцзы і Хуанхэ. Пл. каля 140 тыс.км². Нас. 56 млн.чал. (1990). Адм. ц. — Хэфэй. Гал. парты: Уху, Юйцыкоў, Банбу. На Пн — нізінная тэр.Вял. Кітайскай раўніны. Зах. і паўд. часткі — сярэдневышынныя горы (макс.выш. больш за 1800 м). Клімат субтрапічны мусонны. Сярэднія т-ры студз. ад 0 да +4 °C, ліп. 24—28 °C, ападкаў 600—1500 мм за год з летнім максімумам. Лясы хваёвыя і шыракалістыя. Бязлесная раўніна з урадлівымі карбанатнымі алювіяльнымі глебамі амаль цалкам распрацавана. Густая гідраграфічная сетка, аснову якой складае р. Хуанхэ з прытокамі, мноства дробных азёраў. Разбуральныя паводкі р. Хуанхэ ліквідаваны пры дапамозе пабудаваных вадасховішчаў. Аньхой — адзін з асноўных с.-г. раёнаў краіны (рыс, чай, проса, тытунь, пшаніца, соя, батат, кукуруза, бавоўнік). Развіты свінагадоўля, развядзенне рыбы. Здабыча каменнага вугалю (Хуайнанскі бас.), жал. руды (у Данту), медзі (у Тунгуаньшані), серы, фасфарытаў. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Металургічная, маш.-буд., хім., папяровая прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАЦЭНАЛО́ГІЯ (ад біягеацэноз + ...логія),
навука пра структуру, дынаміку і класіфікацыю згуртаванняў жывых істот у сувязі з месцам іх пражывання. Вывучае біял. прадукцыйнасць, кругаварот рэчываў і паток энергіі ў біягеацэнозах, іх цэласнасць і стабільнасць, межы і дынаміку. Прыватная частка біягеацэналогіі — біяцэналогія.
Пачатак біягеацэналогіі пакладзены працамі рус. вучоных В.В.Дакучаева і Г.Ф.Марозава, развіты вучэннем У.І.Вярнадскага пра біясферу і ролю жывога рэчыва ў фарміраванні зямной кары. Заснавальнікам біягеацэналогіі як асобнай навукі з’яўляецца У.М.Сукачоў. На Беларусі праблемы біягеацэналогіі распрацоўвалі акад. І.Д.Юркевіч і яго школа геабатанікаў, калектыў гідрабіёлагаў БДУ пад кіраўніцтвам Г.Г.Вінберга, які ў 1940-я г. пачаў вывучэнне біягеацэнозу воз. Нарач. Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, заалогіі, лесу, Цэнтр.бат. садзе), біял. ф-тах ВНУ і інш. з выкарыстаннем комплексных метадаў вывучэння, мадэлявання і прагназавання біягеацэнатычных і экалагічных працэсаў і сістэм. Даныя біягеацэналогіі важныя ў гасп. дзейнасці чалавека і асабліва ў справе аховы прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЕ́КТЫКУТ (Connecticut),
штат на ПнУ ЗША у групе штатаў Новай Англіі. Пл. 14,4 тыс.км², нас. 3274,2 тыс.чал. (1996). Адм. ц. — г. Хартфард, найб. гарады і гал.прамысл. цэнтры — Брыджпарт, Уотэрберы, Нью-Хейвен, Стамфард. У гарадах жыве больш за 90% насельніцтва. На Пн адгор’і Апалачаў (выш. каля 600 м), на Пд рачныя даліны і прыморская нізіна. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. -3 °C, ліп. 21—24 °C. Ападкаў каля 1500 мм за год. Каля 2/3 штата пад лесам. Адзін з найб. развітых прамысл. штатаў ЗША. Прам-сць: авіяц.-ракетная (верталёты, ракеты, авіяц. абсталяванне і рухавікі), эл.-тэхн., электронная (ЭВМ, электронныя кампаненты), металаапр., машына-, станка-, прылада- і станкабудаўнічая, суднабуд. (у т. л. падводныя лодкі), гумавая, хімічная. Гал.с.-г. культуры — тытунь і сеяныя травы. Развіты вырошчванне агародніны і фруктаў, малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Пд Штата ўваходзіць у прыгарадную зону Нью-Йорка. Транспарт марскі, чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па р. Канектыкут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТЭЗІЯ́НСТВА (Cartesius ад латынізаванага імя Дэкарта—Картэзій),
кірунак у філасофіі і прыродазнаўстве 17—18 ст., тэарэт. крыніцай якога былі ідэі франц. філосафа Р.Дэкарта. Дуалістычнае адзінства матэрыяліст. і ідэаліст. ідэй у філасофіі Дэкарта прывяло да раздзялення яго паслядоўнікаў на матэрыялістаў (Ж.Раго, П.Рэжы, Б.Фантэнель, Э.Леруа, Ж.Ламетры) і ідэалістаў (І.Клаўберг, А.Гейлінкс, Н.Мальбранш). Матэрыялісты адстойвалі ідэю матэрыяльнасці свету і магчымасці яго аб’ектыўна-пачуццёвага пазнання, паўплывалі на фарміраванне ідэй франц.Асветніцтва, на развіццё навук. фізіялогіі, шэрагу фіз. і матэм. ідэй. Ідэалісты адстойвалі ідэю перманентнага ўмяшання Бога ў свет матэрыяльных і духоўных з’яў (аказіяналізм). Дэкартаўскае вучэнне пра метад пазнання атрымала сваё развіццё ў працах Б.Паскаля, які схіляўся да янсенізму і вагаўся паміж рацыяналізмам і скептыцызмам, ставіў веру вышэй за розум. Лагічныя ідэі Дэкарта развіты ў вучэннях А.Арно і П.Ніколя («Логіка, ці Мастацтва мысліць», 1662). У сучаснай філасофіі ідэі К. сустракаюцца ў фенаменалогіі, экзістэнцыялізме і нек-рых плынях рацыяналіст. Філасофіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВЕБЕ́К (англ. Quebec, франц. Québec),
правінцыя на У Канады. Пл. 1540,7 тыс.км². Нас. 7143 тыс.чал. (1992); пераважна франка-канадцы. Адм. ц. — г.Квебек. Займае б.ч. п-ва Лабрадор, на Пд даліна р.Св. Лаўрэнція і паўн. адгор’і Апалачаў. Сярэдняя т-растудз. ад -24 °C на Пн да -10 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 11 °C да 21 °C. На Пн — тундра, у цэнтры і на Пд — хвойныя лясы. Развіта горназдабыўная прам-сць. Здабываюць жал. руду, медзь, поліметалы, золата, серабро, нікель, азбест (каля 90% здабычы азбесту ў краіне). Амаль усю электраэнергію даюць ГЭС на парожыстых рэках. Апрацоўчая прам-сць дае каля 1/3 кошту прамысл. прадукцыі правінцыі, сканцэнтравана гал.ч. на Пд. Развіты цэлюлозна-папяровая і алюмініевая прам-сць, перапрацоўка нафты, машынабудаванне, тэкст., швейная, футравая, гарбарна-абутковая, харч.прам-сць. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Пасевы кармавых траў, кукурузы (на сілас), аўсу, бульбы. Рыбалоўства. Гал.прамысл. цэнтры і парты — Манрэаль і Квебек.