сістэма атрыбутаў, агульных для ўсяго алімпійскага руху. Уключае алімпійскі сімвал, дэвіз (разам складаюць алімпійскую эмблему) і сцяг. Алімпійскі сімвал — 5 пераплеценых кольцаў блакітнага, чорнага, чырвонага, жоўтага і зялёнага колераў — аб’яднанне ў алімпійскім руху пяці кантынентаў. Алімпійскі дэвіз — «Citius, altius, fortius» («Хутчэй, вышэй, мацней»), Існуюць таксама неафіц. дэвізы (сфармуляваны П. дэ Кубертэнам): «Спорт — гэта мір», «Галоўнае не перамагчы, галоўнае — удзельнічаць». Алімпійскі сімвал і дэвіз зацверджаны Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) у 1913. Ён жа зацвердзіў іх у 1920 як часткі афіц. алімпійскай эмблемы, права выкарыстоўваць яе маюць толькі МАК і нац. алімпійскія к-ты. Алімпійскі сцяг — белае палотнішча з алімпійскім сімвалам у цэнтры; зацверджаны МАК у 1913. Вывешваецца на алімпійскіх спаборніцтвах з 1920. Спалучэнне колераў сцяга і алімпійскіх кольцаў сімвалізуе колеры ўсіх нацый. Да алімпійскай сімволікі адносяцца таксама афіц. эмблемы нац. алімпійскіх к-таў (спалучаюць алімпійскі сімвал з элементамі дзярж. геральдыкі), Алімпійскіх гульняў, сесій, кангрэсаў, т.зв. спадарожныя алімпійскія сімвалы (талісманы гульняў, піктаграмы, тэрміны-надпісы і інш.). Выкарыстанне алімпійскай сімволікі ў рэкламных і камерцыйных мэтах, не звязаных з алімпійскім рухам, забаронена алімпійскай хартыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
сукупнасць зямельных тэрыторый, што выкарыстоўваюцца ці прыдатныя для выкарыстання ў гасп.мэтах і ў якасці сродкаў вытв-сці; від прыродных рэсурсаў. Падзяляюцца на 3 групы: угоддзі сельскагаспадарчыя; землі для размяшчэння сродкаў вытв-сці, непарыўна звязаных з зямлёй (ахоўныя лясныя насаджэнні, гідратэхн. збудаванні, пляцоўкі для с.-г. авіяцыі і інш.); землі, якія не выкарыстоўваюць у с.-г. вытв-сці (камяністыя месцы, яры і інш.). З.р. выкарыстоўваюцца і для размяшчэння нар.-гасп. аб’ектаў, рассялення насельніцтва, як гал. сродак вытв-сці ў сельскай і лясной гаспадарцы. Агульная пл. сушы на зямным шары складае 133,9 млн.км² (без уліку 14 млн.км², што пад ледавікамі), з якой тундравыя і лесатундравыя тэрыторыі займаюць 17 млн.км². Пад с.-г. землямі занята каля 35%, лясамі і хмызнякамі — больш за 30%, населенымі пунктамі, прам-сцю і транспартам — больш за 3%. На душу насельніцтва плошчы пад ворнай зямлёй, лугамі і пашамі складаюць каля 1 га. Ў сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва Зямлі і выбыццём ч. ўгоддзяў з с.-г. абароту, штогод выключаецца з карыстання 5—7 млн.га. Гл. таксама Зямельны фонд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ТУРЭ́ЦКАЯ ВАЙНА́ 1911—12, Трыпалітанская вайна, Лівійская вайна,
каланіяльная вайна Італіі супраць тур. Асманскай імперыі з мэтай захопу яе паўн.-афр правінцый Трыпалітаніі і Кірэнаікі (сучасная Лівія). Баявыя дзеянні пачаліся 29.9.1911 пасля адхілення Турцыяй італьян. ультыматуму. Да канца кастр.італьян. экспедыцыйны корпус (35 тыс.чал., 72 гарматы) і ВМФ разграмілі невял. тур. гарнізоны і мясц. атрады, захапілі ўзбярэжныя гарады Трыпалі, Хомс, Табрук, Бенгазі і інш. Акупацыя выклікала ўзбр. супраціўленне мясц.араб. насельніцтва, падтрыманае атрадамі добраахвотнікаў з Туніса, Алжыра, Егіпта і інш. краін, што зацягнула вайну. У маі 1912 колькасць італьян.сухап. войск у Паўн. Афрыцы дасягнула 100 тыс.чал., ім былі прыдадзены 35 самалётаў, некалькі дырыжабляў і інш. У крас. і ліп. 1912 італьян.ВМФ бамбардзіраваў тур. гарнізоны каля праліва Дарданелы, у маі захапіў а-вы Дадэканес. Паводле Лазанскага мірнага дагавора (падпісаны 18.10.1912) Турцыя вывела свае войскі з Трыпалітаніі і Кірэнаікі, якія перайшлі пад уладу Італіі. У І.-т.в ўпершыню ў ваен.мэтах выкарыстана авіяцыя.
Літ.:
Яхимович З.П. Итало-турецкая война 1911—1912 гт. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́СЕЧКА ЛЕ́СУ,
прамысловая або для быт. патрэб нарыхтоўка драўніны ў лясных насаджэннях; тэхн. сродак прыроднага аднаўлення лесу. Адрозніваюць прамысл. высечкі галоўнага карыстання (спелага дрэвастою з мэтай атрымання драўніны для патрэб нар. гаспадаркі) і высечкі догляду (перыядычныя высечкі часткі дрэў у мэтах вырошчвання гасп.-каштоўных насаджэнняў, павышэння водаахоўных, водарэгулявальных, полеахоўных, аздараўленчых і інш. карысных функцый лесу).
Высечкі лесу гал. карыстання бываюць суцэльныя, паступовыя і выбарачныя. Пры суцэльных усе дрэвы на лесасецы (за выключэннем жыццяздольнага маладняку і насеннікаў) высякаюць у адзін прыём, пры паступовых — у некалькі прыёмаў на працягу некалькіх гадоў, пры выбарачных — асобныя спелыя дрэвы або групы іх. Пры высечках догляду высякаюць хворыя, горшыя дрэвы і дрэвы непажаданых па розных прычынах парод; у залежнасці ад узросту насаджэнняў адрозніваюць: высечкі асвятлення і прачысткі (праводзяць праз 2—3 гады), прарэджвання (праз 5—10 гадоў) і прахадныя (праз 10—15 гадоў). Іх спыняюць за 5—10 гадоў да правядзення высечкі лесу гал. карыстання. На Беларусі высечкі догляду, уключаючы санітарныя, штогод ажыццяўляюць на пл. 320 тыс.га, высечкі гал. карыстання праводзяць на пл. каля 30 тыс.га. Няўзгодненыя з органамі лясной гаспадаркі высечкі лесу лічацца адным з відаў ляснога браканьерства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫРЫЖА́БЛЬ (ад франц. dirigeable кіроўны),
кіроўны аэрастат падоўжанай формы, аснашчаны адной або некалькімі вінтаматорнымі ўстаноўкамі, якія ствараюць цягу для гарыз. палёту. Вызначаецца вял. грузападымальнасцю і далёкасцю палёту, невял. (да 150 км/гадз) скорасцю, павышанай залежнасцю ад метэаўмоў.
Адрозніваюць Д. мяккай сістэмы (аб’ём 1—7 тыс.м³, корпус з прагумаванага матэрыялу, што служыць адначасова і абалонкай для газу), паўжорсткай (8—35 тыс.м³, у ніжняй ч. мае метал. ферму, якая не дапускае дэфармацыі абалонкі) і жорсткай (да 200 тыс.м³, увесь корпус у выглядзе метал. каркаса). Д. маюць адну або некалькі гандол (для размяшчэння экіпажа, рухавікоў, грузаў), апярэнне (стабілізатары, кілі, рулі вышыні і кіравання). Выкарыстоўваліся для перавозкі грузаў, у навук. і ваен.мэтах і інш. Першы палёт на Д. з паравым рухавіком ажыццявіў А.Жыфар у 1852 (Францыя). Першы Д. жорсткай сістэмы пабудаваў у 1900 Ф.Цэпелін (Германія), першы Д. мяккай сістэмы грамада. прызначэння спраектаваў і пабудаваў у 1911 у Кіеве Ф.Ф.Андэрс. Гл. таксама Паветраплаванне.
французскі фізік і грамадскі дзеяч; заснавальнік сусв. Руху прыхільнікаў міру. Чл. Парыжскай АН (1943), замежны чл.АНСССР (1949). Скончыў Школу фізікі і дастасавальнай хіміі ў Парыжы (1923). Працаваў у Ін-це радыю (1925—30 і з 1956), у Нац. цэнтры навук. даследаванняў (у 1944—45 дырэктар), у Камісарыяце па атамнай энергіі (заснавальнік і кіраўнік у 1946—50), адначасова выкладаў у Сарбоне і Калежы дэ Франс. Навук. працы па ядз. фізіцы, радыяхіміі і ядз. тэхніцы. Разам з жонкай І.Жаліо-Кюры адкрыў штучную радыеактыўнасць (1934), анігіляцыю і нараджэнне электронна-пазітронных пар (1933), правёў даследаванні, якія папярэднічалі адкрыццю нейтрона (1931). Прадказаў прынцыповую магчымасць ланцуговай ядз. рэакцыі (1939). Пад яго кіраўніцтвам пачаты (1839) і завершаны (1948) работы па стварэнні першага франц. атамнага рэактара. Першы старшыня Сусв. Савета Міру (з 1950), выступаў супраць выкарыстання ядз. энергіі ў ваен.мэтах. Яго імем названы Залаты медаль Міру (1959). Нобелеўская прэмія па хіміі 1935 (разам з І.Жаліо-Кюры), Міжнар. Ленінская прэмія 1951.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. тр. — Фредерик и Ирен Жолио-Кюри. Совместные труды. М., 1957.
Літ.:
Бикар П. Фредерик Жолио-Кюри и атомная энергия: Пер. с фр.М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ СУД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
судовы орган канстытуцыйнага нагляду ў дзяржаве. Утвораны ў 1994. Кампетэнцыя і парадак яго дзейнасці замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 і Законам «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь» ад 30.3.1994. Фарміруецца з 12 суддзяў, 6 з якіх назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, 6 выбірае Савет Рэспублікі. Старшыню Канстытуцыйнага суда назначае Прэзідэнт са згоды Савета Рэспублікі. Тэрмін дзейнасці членаў суда — 11 гадоў.
Канстытуцыйны суд па прапановах Прэзідэнта, парламента, Вярх. суда, Вышэйшага гасп. суда, урада Рэспублікі Беларусь дае заключэнні: пра адпаведнасць законаў, дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта, міжнар. дагавораў і інш. абавязацельстваў дзяржавы Канстытуцыі і міжнар.-прававым актам; пра адпаведнасць актаў міждзярж. утварэнняў, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь, дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта, выдадзеных у мэтах выканання закона, Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам і нац. заканадаўству; пра адпаведнасць пастаноў урада, актаў Вярх. і Вышэйшага гасп. судоў, Ген. пракурора, любога інш.дзярж. органа Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам і нац. заканадаўству. Нарматыўныя акты або іх асобныя палажэнні, прызнаныя неканстытуцыйнымі, страчваюць юрыд. сілу. У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй, Канстытуцыйны суд па прапанове Прэзідэнта дае заключэнне аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі палатамі парламента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТАЛО́ГІЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,
галіна навукі, якая вывучае ўплыў клімату і надвор’я на арганізм чалавека і метады выкарыстання іх у лек. і прафілакт.мэтах; аснова клімататэрапіі і курарталогіі. Вывучае фіз. і хім. паходжанне гідраметэаралагічных і ландшафтных раздражняльнікаў, характар і механізмы фізіял. і паталаг. працэсаў у арганізме чалавека ў розных кліматах, геагр. пашырэнне хвароб (гл.Геаграфія медыцынская).
Першыя звесткі па К.м. у працах Гіпакрата, Галена. Навук. асновы заклалі Парацэльс, англ. вучоны Т.Сідэнхем. У сярэдзіне 19 ст. выдадзены спец. працы па К.м. (франц. вучоны Г.Ламбар і інш.). У Расіі ў 1893 А.І.Ваейкаў абагульніў тагачасныя дасягненні па К.м. у працы «Даследаванне кліматаў з мэтамі кліматычнага лячэння і гігіены».
На Беларусі даследаванні па К.м. пачаў А.Меер у 2-й пал. 18 ст. Мінскае т-ва ўрачоў у пач. 20 ст. даследавала стан насельніцтва Беларусі ў залежнасці ад пражывання ў розных прыродных, у т. л. кліматычных, умовах. Навук. даследаванні па К.м. вядуцца ў НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Мін-ва аховы здароўя Беларусі і інш. Вывучаюцца кліматычныя і прыродныя фактары, механізмы ўздзеяння іх на жыццёвую ёмістасць лёгкіх, работу сардэчна-сасудзістай сістэмы, сілу і рухомасць нерв. працэсаў, тэрмарэгуляцыйныя механізмы, скуру і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАНАЛО́ГІЯ,
раздзел мовазнаўства, які вывучае фаналагічную структуру марфем рознага тыпу і выкарыстанне фаналагічных адрозненняў у марфал.мэтах. Займае прамежкавае становішча паміж фаналогіяй і марфалогіяй. Даследуе фанемную структуру марфем, напр., каранёвыя марфемы назоўнікаў пераважна закрытыя («дом» — ∅, «сад» — ∅, «вад-а» і інш.), у той час як каранёвыя марфемы дзеясловаў могуць быць і закрытымі («слух-а-ць») і адкрытымі («лі-ць»); чаргаванне гукаў у розных морфах адной і той жа марфемы, напр., марфанемы ц’ — ч у морфах «кац’-» — «кач-» («каціць» — «качу»); правілы і заканамернасці спалучэння марфем у слове. На месцы спалучэння марфем узнікаюць марфемныя стыкі («марфемнае шво»), на якіх часта наглядаюцца гукавыя спалучэнні, якія не могуць сустракацца ўнутры марфемы. Напр., у бел. мове звычайна не бывае ў складзе марфемы спалучэнняў аднолькавых гукаў, аднак на марфемным стыку такія спалучэнні лёгка ўтвараюцца («па-абед-а-ць», «ад-да-ць»). На стыку марфем часцей за ўсё наглядаюцца і разнастайныя чаргаванні. Тэрмін «М.» ўвёў рас. вучоны М.С.Трубяцкой (1931).
Літ.:
Трубецкой Н.С. Некоторые соображения относительно морфонологии: Пер. с нем. // Пражский лингвистический кружок. М., 1967;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ЗЯМЕ́ЛЬ,
комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, паляпшэнні, мэтанакіраванай змене і рацыянальным выкарыстанні зямельных рэсурсаў як нац. здабытку і найважнейшага кампанента навакольнага асяроддзя; састаўная частка аховы прыроды.
Прадугледжвае вывучэнне прыродных і выкліканых вытв. дзейнасцю чалавека працэсаў трансфармацыі зямель, прагназавання іх вынікаў, вызначэнне кірункаў і мер па ахове глебаў як вядучай праблеме аховы зямель, планаванне экалагічна бяспечнага гасп. выкарыстання зямельных рэсурсаў у мэтахпрамысл. і с.-г. вытв-сці, навуковае абгрунтаванне сістэм земляробства, утварэнне сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў, спец. землеахоўнае інж.буд-ва, кантроль за забруджваннем зямель, выкарыстаннем угнаенняў і ядахімікатаў і інш. Ажыццяўляецца праз уключэнне адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання, горадабудаўніцтва і інш.
На Беларусі ахова зямель — канстытуцыйны абавязак землекарыстальнікаў, канкрэтызаваны і ўвасоблены ў адпаведных нормах і палажэннях зямельнага заканадаўства, а таксама ляснога, воднага і інш. Па асобных пытаннях аховы зямель дзейнічаюць спец. пастановы і нарматыўныя акты. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове зямель ажыццяўляе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з залучэннем грамадскасці. Праблемы аховы зямель даследуюцца ў Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі, Бел.рэсп. праектным ін-це па землеўпарадкаванні і інш. Па выніках навук. распрацовак складзена ген. схема выкарыстання зямельных рэсурсаў рэспублікі на бліжэйшую і далёкую перспектыву.