ЧЫ́НА (Lathyrus),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, у Афрыцы. У краінах Еўропы як харч. (клубні, лісце) вырошчваюць стараж. культуру Ч. клубняносную (L.tuberosus). На Беларусі 9 відаў. Найб. вядомыя Ч.: балотная (L. palustris), веснавая (L. vernus) лясная (L. sylvestris), лугавая (L. pratensis). У Чырв. кнігу занесены Ч. гарохападобная (L. pisiformis) і горная (L. montanus). Трапляюцца ў лясах, па берагах рэк, у хмызняках, на схілах яроў. Як дэкар. вырошчваюць Ч. пахучую, або пахучы гарошак (L. odoratus).

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя, узыходныя, выш. да 1,5 м. Лісце пераважна аднапарнаперыстае, падоўжанае або ланцэтнае. Кветкі ў гронках або адзіночныя, на пазушных кветаносах. Плод — струк. У культуры большасць Ч. — кармавыя, у харч. мэтах (як гарох) вырошчваюць Ч. пасяўную (L. sativus). Харч., кармавыя, меданосныя, дэкар. расліны.

Чына пасяўная.

т. 17, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)