ПІКЕ́Т (франц. piquet літар. калок, вяха),

1) адзін з элементаў вартавой аховы ў арміях шэрагу еўрап. краін, у т. л. ВКЛ, у 18—19 ст. Прызначаўся ў складзе да ўзвода (пяхоты або кавалерыі) у мэтах прадухілення нечаканага нападу праціўніка на размяшчэнне войска, якое адпачывае. Высылаўся ў бок праціўніка на 2—4 км ад сваіх войск; меў паперадзе парных вартавых або аванпост. У выпадку нападу праціўніка выконваў ролю бліжэйшай падтрымкі аванпоста. У рас. арміі ў канцы 19 ст. называліся вартавымі заставамі.

2) Прынятая ў СНД адзінка вымярэння даўжыні чыг. ліній, роўная 100 м.

3) Часам П. называюць дом лясной аховы, будку дарожнай службы і інш. 4) Група дэманстрантаў, забастоўшчыкаў і інш., якія стаяць каля ўрадавых устаноў, пасольстваў і інш. з напісанымі на плакатах паліт. ці эканам. лозунгамі і патрабаваннямі.

т. 12, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)