фібрылярны бялок з групы склерапратэінаў; асн.кампанент эластычных валокнаў злучальнай тканкі, які надае ёй пруткасць. У беспазваночных жывёл Э. адсутнічае, у млекакормячых — бялок, нерастваральны ў вадзе, у разбаўленых растворах солей, шчолачаў і кіслот. Па расцяжнасці блізкі да каўчуку. Гідроліз Э. адбываецца пры ўздзеянні на яго ферменту эластазы, што выдзяляецца з падстраўнікавым сокам. Лічыцца, што падстраўнікавая залоза драпежных пазваночных мае эластазы болей за траваедныя. У арганізме на Э. багатыя шыйныя звязкі і сценка аорты (40—60% Э. на сухую масу). У многіх тканках трапляецца разам з калагенам, з якім мае шэраг агульных уласцівасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬЦЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць кальцый. Найб. пашыраны кальцыю аксід, кальцыю гідраксід, кальцыю карбід, солі неарган. кіслот. Солі — бясколерныя крышт. рэчывы, многія добра раствараюцца ў вадзе, амаль усе ўтвараюць крышталегідраты.
Кальцыю гіпахларыт Ca(OCl)2 пры т-ры >50 °C раскладаецца з вылучэннем актыўнага хлору (гл.Хлорная вапна). Выкарыстоўваюць для адбельвання тканін і паперы, дэзінфекцыі пітных і сцёкавых вод, дэгазацыі атрутных рэчываў. Кальцыю карбанат CaCO3 у вадзе практычна нерастваральны. У прыродзе ўтварае мінералы кальцыт і араганіт. Мінералы выкарыстоўваюць для атрымання вапны, як буд. матэрыялы (вапняк, мармур), сінт. — як напаўняльнік паперы, гумы. Кальцыю нітрат Ca(NO3) і тэтрагідрат Ca(NO3)2∙4H2O, ці кальцыевую салетру, выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне. Кальцыю ортафасфаты — солі артафосфарнай к-ты H3PO4 ортафасфат, ці трыкальцыйфасфат Ca3(PO4)2; уваходзіць у склад мінералаў фасфарыту і апатыту; гідраортафасфат CaHPO4; дыгідраортафасфат Ca(H2PO4)2. Выкарыстоўваюць як фосфарныя ўгнаенні, мінер. падкормку для жывёлы і птушак, кампанент зубных пастаў і парашкоў, керамікі, шкла і інш.Кальцыю сульфат CaSO4. У прыродзе мінерал ангідрыт. Дыгідрат CaSO4∙2H2O — гіпс, алебастр. Прыродны выкарыстоўваюць у вытв-сці вяжучых рэчываў, штучныя легіраваныя крышталі — як тэрмалюмінесцэнтны матэрыял. Кальцыю фтарыд CaF2 у вадзе практычна нерастваральны. У прыродзе мінерал флюарыт. Выкарыстоўваюць як кампанент металургічных флюсаў, спец. шкла, керамікі, аптычных і лазерных матэрыялаў. Таксічны, ГДК 2 мг/м³. Кальцыю хларыд CaCl2 вельмі гіграскапічны. Водныя растворы замярзаюць пры нізкіх т-рах, напр. 30%-ны пры -48 °C. Выкарыстоўваюць для высушвання газаў і вадкасцей, водны раствор як холадагент і антыфрыз, лек. сродак пры алергічных захворваннях і інш. Кальцыю цыянамід CaCN2 выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне, дэфаліянт, гербіцыд, для атрымання цыянідаў, мачавіны і інш. Таксічны: у арганізме ператвараецца ў цыянамід NH2CN.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУРМЫ́ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць сурма. Выкарыстоўваюць пераважна сурмы аксіды, галагеніды і сульфіды, а таксама антыманіды.
Антыманіды (стыбніды) — злучэнні сурмы з металамі (гл.Металіды). Выкарыстоўваюць антыманіды алюмінію AlSb, галію GaSb і індыю InSb у паўправадніковай тэхніцы. Сурмы аксіды — злучэнні сурмы з кіслародам — Sb2O3 (сэсквіаксід) і Sb2O5. Крышт. рэчывы, нерастваральныя ў вадзе. Sb,O3 — бясколерныя крышталі, tпл 656 °C. Выкарыстоўваюць для атрымання сурмы высокай чысціні, як кампанент аптычнага шкла і эмалей, напаўняльнік тэрмаўстойлівых пластмас, пігмент (сурмяныя бялілы), антыпірэн для тканін. Sb2O5 — светла-жоўтыя крышталі, пры 0350 °C раскладаюцца. Выкарыстоўваюць у тэкст. і гумавай прам-сці, у вытв-сці спец. шкла, керамікі, фарбаў і лакаў, для атрымання антыманатаў солей сурмянай к-ты H[Sb(OH)6] (існуе толькі ў растворы). Сурмы галагеніды — злучэнні сурмы з галагенамі. трыгалагеніды SbHal3 і пентагалагеніды фтору SbF5 і хлору SbCl5. Найб. практычнае значэнне мае трыхларыд SbCI3 — бясколернае крышт. рэчыва, tпл 73,4 °C, раствараецца ў вадзе з раскладаннем. Атрымліваюць узаемадзеяннем Sb2O3 з канцэнтраванай салянай к-той. Выкарыстоўваюць як каталізатар у арган. сінтэзе, пратраву пры фарбаванні тканін, вадкі як няводны растваральнік. Сурмы сульфіды — злучэнні сурмы з серай — Sb2S3 (сэсквісульфід) і Sb2S5. Цвёрдыя, нерастваральныя ў вадзе, пірафорныя рэчывы. Sb2S3 існуе ў 2 мадыфікацыях — крышт. (шэрыя крышталі, tпл 559,5 °C; у прыродзе — мінерал антыманіт) і аморфнай (аранжавага колеру). Sb2S5 — аранжава-чырв. аморфнае рэчыва, у вакууме пры t>120 °C раскладаецца на Sb2S3 і серу. Выкарыстоўваюць як кампаненты піратэхн. саставаў, Sb2S3 як кампанент галовак запалак і рубінавага шкла, паўправадніковы матэрыял у фотарэзістарах і электронна-прамянёвых прыладах. С.з. атрутныя, асабліва хларыды і фтарыды (ГДК 0,3 мг/м³) і сурмы гідрыд SbH3 (сурмяністы вадарод, стыбін — бясколерны газ з непрыемным пахам; ГДК 0,5 мг/м³).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫ́ЛІЙ (лац. Beryllium),
Be, хімічны элемент II групы перыядычнай сістэмы. Ат. н. 4, ат. м. 9,012. Колькасць у зямной кары 6∙10−4% (па масе). Названы ад мінералу берыл, з якога ўпершыню атрыманы. Трапляецца ў прыродзе таксама як мінералы фенакіт, хрызаберыл.
Серабрыста-шэры метал, tпл 1287 °C, шчыльн. 1,8445∙103кг/м³. На паветры ўтварае ахоўную плёнку з берылію аксіду, узаемадзейнічае з кіслотамі, шчолачамі, пры награванні — з кіслародам, азотам, вугляродам, серай. Выкарыстоўваецца як кампанент медных, нікелевых, жал. і інш. сплаваў; у авіябудаўніцтве, у ракетнай і ядз. тэхніцы, электратэхніцы і электроніцы. Таксічны, мае канцэрагеннае і алергічнае дзеянне, выклікае захворванні скуры, лёгкіх і бронхаў. ГДК у пітной вадзе 0,0002 мг/л. Злучэнні берылію таксічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТО́П (ад бія... + грэч. topos месца),
участак зямной паверхні (сушы або вадаёма) з аднатыпнымі абіятычнымі ўмовамі асяроддзя (рэльеф, глебы, клімат і інш.), які займае вызначаны біяцэноз; неарган. кампанентбіягеацэнозу. Характэрны для дадзенага біятопа комплекс умоў вызначае відавы склад арганізмаў, асаблівасці іх існавання, трапляе пад уплыў біяцэнозу і мяняецца ад яго ўздзеяння.
Для фізіка-геагр. умоў Беларусі характэрны біятопы: балоты (нізінныя, пераходныя, вярховыя), лясы (хваёвыя, яловыя, альховыя, бярозавыя і інш.), лугі (заліўныя, сухадольныя), палі, прэсныя воды (рэкі, азёры, вадасховішчы). Пераўтваральная дзейнасць чалавека на біятоп можа прывесці да непажаданых змен у біягеацэнозах ці поўнага іх разбурэння, што адмоўна ўплывае на склад і размеркаванне фауны і флоры. Падобныя біятопы аб’ядноўваюць у біяхоры, сукупнасці якіх складаюць біяцыклы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУТАМІ́Н,
L-p-амід-L-глутамінавай кіслаты, C5H10O3N2, заменная амінакіслата ў раслін, жывёл і мікраарганізмаў; амінакіслотны кампанент бялкоў і поліпептыдаў. У свабодным стане ў значнай колькасці ёсць у раслін, сардэчнай і шкілетных мышцах, мозгу. Важнейшае злучэнне азоцістага абмену, з дапамогай якога пераносяцца амінагрупы (пераамінаванне). Пры ўтварэнні глутаміну з глутамінавай к-ты ў раслін і многіх жывёл абясшкоджваецца таксічны аміяк. Адзін з прадуктаў першаснага звязвання малекулярнага азоту клубеньчыкавымі бактэрыямі і свабодна жывучымі азотфіксатарамі. Дае пачатак біясінтэзу шэрагу амінакіслот (трыптафану, гістыдзіну, гліцыну, аспарагіну, аланіну і інш.), пурынавых і пірымідзінавых асноў, гексозаміну, рыбафлавіну, фоліевай к-ты і інш.; можа ператварацца ў 1-кетаглутарат — прамежкавы прадукт цыкла лімоннай к-ты, які пастаўляе вуглярод на сінтэз глюкозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЁГАЦЬ,
прадукт сухой перагонкі драўніны, торфу, бурага і каменнага вугалю, сланцаў. Густая вадкасць бурага ці чорнага колеру. Складаная сумесь арган. рэчываў, састаў якой залежыць ад сыравіны і метадаў перапрацоўкі.
Пры паўкаксаванні (сухая перагонка пры 500—600 °C) вугалю, торфу, сланцаў утвараецца т.зв. першасны Дз., які мае (у залежнасці ад сыравіны) фенолы, насычаныя вуглевадароды, альдэгіды, кетоны і інш.арган. рэчывы. Пры каксаванні каменнага вугалю ўтвараецца Дз. каменнавугальны (гл.Каменнавугальная смала). Дз. драўняны падзяляюць на бяроставы (атрымліваюць награваннем бяросты да 200—300 °C без доступу паветра), і менш якасны бярозавы (атрымліваюць разгонкай прадуктаў піролізу драўніны з карой). Драўняны Дз. выкарыстоўваюць пры тлушчаванні скуры, у медыцыне і ветэрынарыі (кампанент дзягцярнага мыла, розных мазей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СКІ,
рэчывы, пераважна прыроднага паходжання, па ўласцівасцях блізкія да пчалінага воску. Аморфныя, тэрмапластычныя, воданепранікальныя, маюць нізкую эл. праводнасць, tпл 40—90 °C, гаручыя. Хім. ўласцівасцямі блізкія да тлушчаў.
Прыродныя воскі падзяляюць на жывёльныя (пчаліны воск, ланалін, спермацэт), раслінныя (карнаўбскі, пальмавы, японскі і інш.) і выкапнёвыя (тарфяны, буравугальны, азакерыт, цэразін). Жывёльныя і раслінныя складаюцца пераважна са складаных эфіраў, утвораных вышэйшымі тлустымі к-тамі і аднаатамнымі спіртамі з 12—46 атамамі вугляроду ў малекуле. Выкапнёвы воск (азакерыт, цэразін) — сумесь насычаных вуглевадародаў. Атрымліваюць сінт. воскі (напр., з нафтавых парафінаў, полімерызацыяй этылену).
Выкарыстоўваюць для прыгатавання палітур, ахоўных кампазіцый для металаў, тканін, паперы, скуры, як ізаляцыйны матэрыял, кампанент мазяў у касметыцы і медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВАСТО́Й,
сукупнасць дрэў у лесе, асноўны кампанент лясных фітацэнозаў. Бывае чысты (складаецца з 1 віду дрэў) і мяшаны (з некалькіх відаў), просты (дрэвы растуць у 1 ярусе) і складаны (дрэвы ўтвараюць 2 і больш ярусаў), прыроднага паходжання (за кошт насеннага або вегетатыўнага аднаўлення) і штучнага (ствараецца сяўбой або насаджэннем). Паводле ўзросту адрозніваюць маладнякі, сярэднеўзроставыя, прыспяваючыя, спелыя і перастойныя Д. Прадукцыйнасць характарызуецца банітэтам і запасам драўніны на 1 га. Ступень гушчыні Д. вызначаецца паўнатой (шчыльнасць стаяння дрэў на 1 га). У лясах Беларусі сярэднія банітэт Д. 11,0, паўната 0,7, запас спелага Д. каля 200 м³/га. Заканамернасці будовы і росту Д. вывучае лясная таксацыя.
Склад і прадукцыйнасць іх вызначаюцца пры лесаўпарадкаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РДЗЕСТ, урэчнік (Potamogeton),
род кветкавых раслін сям. рдзеставых. Каля 100 відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі 17 відаў. Найб. вядомыя Р.: бліскучы (P. lucens), грабеньчаты (P. pectinatus), кучаравы (P. crispus), плывучы (P. natans), пранізаналісты (P. perfoliatus). Растуць у стаячай або з павольнай плынню прэснай ці слаба салёнай вадзе на глыб. да 3 м. Утвараюць зараснікі і спрыяюць зарастанню вадаёмаў.
Шматгадовыя пераважна падводныя карэнішчавыя травы. Сцёблы даўж. да 6 м. Надводнае лісце скурыстае, падводнае — перапончатае, празрыстае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, у цыліндрычных коласападобных суквеццях над вадой. Плод — касцянка- ці арэшкападобны. Р. — важны кампанент прэснаводнай флоры. Зараснікі — месца нерасту і нагулу рыбы, некат. віды ідуць на ўгнаенне і корм жывёле. Кармавыя расліны.