ДРЭВАСТО́Й,

сукупнасць дрэў у лесе, асноўны кампанент лясных фітацэнозаў. Бывае чысты (складаецца з 1 віду дрэў) і мяшаны (з некалькіх відаў), просты (дрэвы растуць у 1 ярусе) і складаны (дрэвы ўтвараюць 2 і больш ярусаў), прыроднага паходжання (за кошт насеннага або вегетатыўнага аднаўлення) і штучнага (ствараецца сяўбой або насаджэннем). Паводле ўзросту адрозніваюць маладнякі, сярэднеўзроставыя, прыспяваючыя, спелыя і перастойныя Д. Прадукцыйнасць характарызуецца банітэтам і запасам драўніны на 1 га. Ступень гушчыні Д. вызначаецца паўнатой (шчыльнасць стаяння дрэў на 1 га). У лясах Беларусі сярэднія банітэт Д. 11,0, паўната 0,7, запас спелага Д. каля 200 м³/га. Заканамернасці будовы і росту Д. вывучае лясная таксацыя.

Склад і прадукцыйнасць іх вызначаюцца пры лесаўпарадкаванні.

т. 6, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)