СІ́ЛАС (ісп. silos, мн. лік ад silo падземнае памяшканне, яма для захоўвання зерня),
кансерваваная без доступу паветра зялёная маса раслін, сакаўны корм. Сіласуюць сіласныя культуры, дзікарослыя травы, бацвінне, караняплоды і інш.
Расліны здрабняюць, закладваюць слаямі ў сіласасховішчы, утрамбоўваюць і ізалююць ад паветра зямлёй, глінай або сінт. плёнкай. У такіх умовах хутка размнажаюцца малочнакіслыя бактэрыі, якія раскладаюць цукры з утварэннем малочнай к-ты і прыгнечваюць анаэробныя маслянакіслыя і гніласныя працэсы. Гатуюць С. просты ці камбінаваны, часам з падвяленых (да 70% вільгаці) раслін. Якасны С. мае прыемны пах (квашанай капусты, мочаных яблык, фруктовы), кіславаты смак, жоўта-зялёны колер, рыхлую структуру, у ім зберагаюцца пажыўныя рэчывы (акрамя цукру) і вітаміны. Уваходзіць у кармавы рацыён с.-г. жывёл, паляпшае іх страваванне, засвойванне інш., асабліва грубых кармоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЫРАЕ́ЖКА (Russula),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. сыраежкавых. Каля 280 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі больш за 65 відаў. Найб. вядомыя С.: валуй, балотная (R. paludosa), жоўтая (R. claroflava), крохкая (R. fragilis), пурпурна-чырвоная (R. obscura), харчовая (R vesca), падгруздкі белы (R. delica), чорны (R. adusta) і інш. Трапляюцца з ліп. па вер. у лясах розных тыпаў.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка напачатку пукатая, потым распасцёртая, часта лейкападобная, з завернутым краем і сухой, гладкай, часам слізістай скуркай. Пласцінкі прырослыя або свабодныя. Ножка цыліндрычная, цэнтр., полая. Мякаць звычайна белая, крохкая, шчыльная, у некат. відаў едкая на смак. Споры акругла-авальныя, шыпаватыя, бясколерныя або жаўтаватыя. Ядомая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕ́ДНАЯ ПАГА́НКА (Amanita phalloides), мухамор зялёны, белы мухамор,
шапкавы базідыяльны грыб сям. мухаморавых. Пашырана ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку пераважна ў зах. і паўд. раёнах. Расце ў свежых і вільготных шыракалістых і мяшаных лясах, у сфагнавых хвойніках з дамешкай бярозы.
Шапка дыям. 5—10 см, званочкавая, пазней пуката-распасцёртая, бледна- або аліўкава-зялёная, радзей белаватая, слізкаватая, укрытая рэдкімі шматкамі. Пласцінкі белыя або ледзь зеленаватыя. Ножка белая, з кольцам у верхняй ч., каля асновы расшыраная накшталт клубня, з адкрытай вольвай (похвай). Утварае мікарызу з лісцевымі дрэвамі. Смяротна ядавіты грыб; мае таксічныя поліпептыды: фалаідзін (смяротная доза для чалавека 0,02—0,03 г), фалаін, α- і β-аманіціны і інш. Нярэдкія выпадкі атручэння з-за памылак пры вызначэнні віду ў час збору грыбоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЦАВА Ларыса Мікалаеўна (н. 15.9.1942, в. Луцыкоўка Сумскай вобл., Украіна),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1963). Працуе ў Тэатры юнага гледача Беларусі. Выконвае разнапланавыя ролі — драматычныя, характарныя, адметныя пластычнасцю, музыкальнасцю. Сярод лепшых: Марынка («Цудоўная дудка» В.Вольскага), Марына («Экзамен на восень» І.Шамякіна), Аліна («Сіні снег» Я.Шабана), Наташа («У спадчыну — жыццё» А.Петрашкевіча і «Горад на Світанні» А.Арбузава), Цётка («Далучэнне» А.Вольскага), Пампея («Зялёная птушка» паводле К.Гоцы), Марыя («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Маша («Чайка» А.Чэхава), Мар’яша («Пойдзем у кіно?» А.Алексіна), Кэт («Стваральніца цуду», У.Гібсана), Кошка («Кошчын дом» паводле С.Маршака), Аніта («Вестсайдская гісторыя» паводле А.Лоўрэнс). Знялася ў тэлефільмах «Апошняя ноч Элаізы» (Цётка), «Водар папараці» (выканала 4 ролі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ГІ (Somateria),
род нырцовых качак. 4 віды. Пашыраны на ўзбярэжжы палярных мораў Еўразіі і Паўн. Амерыкі.
Найб. вядомая гага звычайная (Somateria mollisima).
Даўж. да 63 см, маса 0,5—3 кт. Добра выражаны палавы дымарфізм: апярэнне самца яркае (зверху белае, на грудзях ружовае, на брушку чорнае, чорная «шапачка», зялёная патыліца); самкі бурыя з пярэсцінкамі. Галава вялікая, дзюба масіўная. Пярэднія пальцы ног злучаны перапонкай, заднія з шырокай лопасцю. Кормяцца пераважна малюскамі і дробнымі ракападобнымі. Гняздуюцца на зямлі, радзей на скалах калоніямі і паасобку. На грудзях і брушку у самак увесну вырастае лёгкі і пругкі пух, якім яны высцілаюць гняздо і робяць па краі валік Пух (17—20 г з гнязда) каштоўны, выкарыстоўваюць для ўцяплення адзення. Паляванне на гаг забаронена, ёсць запаведнікі па іх ахове. Лёгка прыручаюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВЕ́НЬ (Leuciscus cephalus),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы і Пярэдняй Азіі. Жыве пераважна ў рэках з быстрай плынню, халоднай вадой, перакатамі, плёсамі і вірамі. Трымаецца ў месцах з пясчаным, камяністым або гліністым дном, каля берагоў з навіслымі над вадой кустамі і дрэвамі, пазбягае глею і ціны. На Беларусі трапляецца ва ўсіх значных рэках у невял. колькасці, пераважна ў Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, Нёмане, Зах. Дзвіне. Нар. назвы галавель, клень, клянчук.
Даўж. да 80 см, маса да 8 кг. Цела падоўжанае, амаль цыліндрычнае, галава тоўстая, шырокая, крыху пляскатая (адсюль назва). Луска буйная, з цёмным абадком. Рот канцавы шырокі. Спіна цёмна-зялёная, амаль чорная, бакі серабрыстыя. Спінны і хваставы плаўнікі цёмна-сінія з жаўтаватым адценнем, грудныя аранжавыя, брушныя і анальны чырвоныя. Усёедны. Аб’ект рыбалоўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПС (Brassica napus var. napus),
кветкавая расліна сям. крыжакветных. Спантанны гібрыд капусты агароднай і свірэпіцы. Часам Р. вылучаюць у самастойны від. У культуры вядомы з 4-га тыс. да н.э., у Расіі — з 19 ст. Вырошчваюць як алейную і кармавую расліну ў Індыі, Кітаі, Канадзе, Еўропе, у т. л. на Беларусі.
Аднагадовая травяністая, азімая або яравая расліна, пакрытая васковым налётам. Галінастыя сцёблы выш. 50—150 см. Разетачнае лісце лірападобна-перыста-надрэзанае, ніжняе сцябловае — лірападобнае, верхняе — прадаўгавата-авальнае. Кветкі дробныя, жоўтыя, зрэдку белыя, у гронках. Плод — стручок. Насенне мае сабе да 50% рапсавага алею, які спажываецца ў ежу. Макуха — высокабялковы (да 32% бялку) канцэнтраваны корм Зялёная маса, багатая аскарбінавай к-той і карацінам, ідзе на корм жывёле. Тэхн., харч., кармавая і меданосная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРШАНЕ́ВІЧ Вадзім Габрыелевіч (6.2.1893, Казань, Татарстан — 18.5.1942),
рускі паэт, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т. Прымыкаў да футурызму, у 1919—24 адзін з прадстаўнікоў імажынізму. Першая кніга паэзіі — «Вясновыя праталінкі» (1911). Тэарэт. погляды выклаў у працах «Футурызм без маскі» (1913), «Зялёная вуліца» (1916), «2×2=5. Лісты імажыніста» (1920) і інш. У паэт. кнігах «Рамантычная пудра», «Экстравагантныя флаконы» (абедзве 1913), «Вечны жыд» (1916), «Крэматорый» (1919), «Залаты кіпень» (1921, з А.Марыенгофам і С.Ясеніным), «Адна суцэльная недарэчнасць» (1922) і інш. урбаністычныя матывы, тэмы кахання і мастацтва. У гады грамадз. вайны разам з У.Маякоўскім пісаў тэксты для «Вокнаў РОСТА». Аўтар інсцэніровак, лібрэта, мемуараў і інш. Пераклаў «Кветкі зла» Ш.Бадлера, асобныя п’есы У.Шэкспіра, П.Карнеля, Б.Брэхта, вершы Т.Гацье, А.Рэмбо і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЛА́ЧЫК (Nymphaea),
род кветкавых раслін сям. гарлачыкавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў трапічным і ўмераным паясах. На Беларусі трапляюцца звычайны гарлачык чыста-белы (N. candida) і больш рэдкі гарлачык белы, або белая вадзяная лілея (N. alba), занесены ў Чырв. кнігу. Растуць у азёрах, вадасховішчах, у рэках з павольнай плынню на глыб. да 2 м, нярэдка ўтвараюць зараснікі. Вядомы міжвідавыя гібрыды.
Шматгадовыя бессцябловыя травяністыя расліны з моцным гарызантальным карэнішчам і плаваючым на паверхні вады круглавата-авальным скурыстым лісцем на доўгіх чаранках. Кветкі адзіночныя, двухполыя, рознага колеру (белыя, ружовыя, блакітныя, ліловыя і інш.), дыяметрам да 30 см, на доўгіх кветаножках. Плод — падобная на гарлачык (адсюль назва роду) шматнасенная мясістая зялёная ягада. Харч., кармавыя, дубільныя, лек. і дэкар. расліны. Карэнішча мае крухмал, алкалоід німфеін, дубільныя і інш. рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЛА́ЧЫК ЖО́ЎТЫ (Nuphar),
род кветкавых раслін сям. гарлачыкавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца звычайны гарлачык жоўты жоўты, або жоўтая вадзяная лілея (N. lutea), і вельмі рэдкі гарлачык жоўты малы (N. pumila), занесены ў Чырв. кнігу. Растуць у азёрах, вадасховішчах, у рэках з павольнай плынню на глыб. да 2 м, нярэдка ўтвараюць зараснікі. Вядомы міжвідавыя гібрыды.
Шматгадовыя бессцябловыя травяністыя расліны з моцным тоўстым гарыз. карэнішчам і плаваючым на паверхні вады авальна-эліптычным, глыбока-сэрцападобным скурыстым лісцем на доўгіх чаранках. Кветкі адзіночныя, двухполыя, жоўтыя ці аранжавыя, з моцным пахам, дыяметрам да 2—5 см, на доўгіх кветаножках. Плод — падобная на гарлачык (адсюль назва) шматнасенная мясістая зялёная ягада. Лек., кармавыя і дэкар. расліны. Карэнішча мае ядавіты алкалоід нуфарын, крухмал, дубільныя і інш. рэчывы.