БА́ЗІСНАЯ ЦАНА́,

1) база для вызначэння індэкса цэн у міжнар. гандлі (экспартных і імпартных) у цэлым і па асобных групах тавараў. Гэтыя звесткі друкуюцца ў міжнар. і нац. знешнегандл. статыстыцы, перыяд. выданнях ААН.

2) У рыначнай эканоміцы — цана тавару з пэўнымі фіксаванымі параметрамі (якасць, памер, хім. састаў), якая служыць базай цэн на дадзеную прадукцыю. Пры змене кан’юнктуры рынку базісная цана звычайна захоўвае пэўную стабільнасць, мяняюцца надбаўкі і скідкі да яе, што вядзе да ўстанаўлення рэальнага ўзроўню (росту ці зніжэння) цэн.

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́НДРАРТ (Sandrart) Іаахім фон, Старэйшы (12.5.1606, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 14.10.1688), нямецкі гісторык мастацтва, жывапісец і графік. Вучыўся ў Нюрнбергу, Празе, Утрэхце, Лондане. Працаваў у Італіі (1628—35), Нідэрландах (1637—44). Пісаў гістарычныя і жанравыя карціны, групавыя партрэты («Атрад стралкоў капітана Бікера») у духу караваджызму, наследаваў П.​П.​Рубенсу і А. ван Дэйку. У гал. мастацтвазнаўчай працы — трактаце «Нямецкая акадэмія» (т. 1—2, 1675—79; больш за 800 ілюстрацый) змешчаны каштоўныя звесткі пра мастакоў і музейныя калекцыі, пераклад «Метамарфоз» Авідзія.

т. 6, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ХЕЛЬ (Kiechel) Самуэль (1563, г. Ульм, Германія — 1619),

нямецкі падарожнік. У 1585—89 зрабіў вял. падарожжа па краінах Еўропы і Азіі. У 1586 праязджаў праз Беларусь, Літву, Інфлянты (Гродна—Вільня—Рыга). У сваёй справаздачы даў звесткі пра заняткі, лад жыцця, гандаль жыхароў ВКЛ, адзначыў іх верацярпімасць. Гэтая праца ўпершыню надрукавана ў 1820 у час. «Archiv zur Geografie, Historie, Staats- und Kriegskunst» («Архіў геаграфіі, гісторыі, дзяржаўнай палітыкі і ваеннага мастацтва»).

Літ.:

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКВІ́ЦІН Іван Юр’евіч, расійскі землепраходзец 17 ст.; першаадкрывальнік Ахоцкага м. Томскі казак. У 1639 атрад М. падняўся па р. Мая і яе прытоку р. Юдама, перайшоў хр. Джугджур і, спусціўшыся па р. Улья, дасягнуў узбярэжжа Ахоцкага м. У 1639—41 даследаваў яго ўзбярэжжа на значным працягу на У і З ад р. Улья. Першым з рускіх атрымаў ад мясц. жыхароў звесткі пра р. Амур і Шантарскія а-вы. У 1641 атрад вярнуўся ў Якуцк, дзе М. склаў справаздачу аб падарожжы.

т. 10, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГАСФЕ́Н (Megasthenēs; каля 350, Іонія, М. Азія — каля 290 да н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык і этнограф. Па даручэнні Селеўка I Нікатара ў 300—290 да н.э. ўзначальваў пасольства пры двары караля Індыі Чандрагупты. Аўтар твора «Індыка» (у 4 кн., захаваліся дробныя фрагменты), у якім шмат каштоўных звестак пра грамадскі лад, рэлігію, звычаі і гісторыю тагачаснай Індыі, а таксама геагр. інфармацыя, у т. л. першыя звесткі пра Гімалаі. Твор М. выкарыстоўвалі ў сваёй працы ант. гісторыкі Дыядор Сіцылійскі, Страбон, Арыян, Пліній Малодшы.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТНО́ВА Зінаіда Мартынаўна (20.2.1926, С.-Пецярбург, Расія — студз. 1944),

удзельніца камсам. падполля і партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1958). З 1942 чл. к-та Обальскага камсамольска-маладзёжнага падполля. Распаўсюджвала лістоўкі, удзельнічала ў дыверсіях на цагельным з-дзе, электрастанцыі і вадакачцы чыг. ст. Обаль і інш. Разведчыца партыз. атрада імя Варашылава: пранікала ў варожыя гарнізоны і здабывала каштоўныя звесткі. У снеж. 1943 пасля выканання чарговага задання схоплена фашыстамі. На допыце застрэліла афіцэра. Закатавана.

З.М.Партнова.

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЯ́РКАЎ Васіль Данілавіч, рускі землепраходзец (17 ст.). У 1643—46 кіраваў атрадам (каля 130 чал.), які прайшоў ад Якуцка па рэках Лена, Алдан, Уур, Ганам і праз водападзел выйшаў да р. Зея і потым да р. Амур. Ад вусця Амура па Ахоцкім м. дасягнуў вусця р. Улья і адтуль праз горны хр. Джугджур, па рэках Мая і Алдан вярнуўся ў Якуцк. Сабраў каштоўныя звесткі аб прыродзе і насельніцтве Д. Усходу. Яго імем наз. гар. пасёлак у Рэспубліцы Саха (Якуція) у Расіі.

т. 12, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Сімяон),

наўгародскі, полацкі і смаленскі князь у 1-й пал. 13 ст. Сын Мсціслава Раманавіча. У 1218—19 княжыў у Ноўгарадзе. З 1222 (ці з 1223) полацкі князь. У 1232 «взя Святослав Мьстиславичь, внук Романов Смоленск на щит с полочаны на память святых мучеников Бориса и Глеба, исече смолян много, а сам седе на столе». Верагодна, знаходзіўся на смаленскім прастоле да 1239, калі яго змяніў брат Усевалад. Звесткі пра яго далейшы лёс адсутнічаюць.

А.​А.​Мяцельскі.

т. 14, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНАЯ СЛУ́ЖБА НАДВО́Р’Я,

сістэма 3 сусветных (Вашынгтон, Масква, Мельбурн) і больш за 20 рэгіянальных метэаралагічных цэнтраў. План С.с.н. прыняты ў 1967. Міжнар. супрацоўніцтва службаў надвор ’я розных краін каардынуе Сусветная метэаралагічная арганізацыя, якая аб’ядноўвае 162 краіны, у т. л. Беларусь (1997). Цэнтры С.с.н. збіраюць і аўтаматызавана апрацоўваюць звесткі пра стан надвор’я на зямным шары. Яны выкарыстоўваюць назіранні пастаянна дзеючых метэаралагічных і аэралагічных сетак, станцый ракетнага зандзіравання, караблёў надвор’я, метэаралагічных спадарожнікаў, складаюць прыземныя і вышынныя карты надвор’я, інш. прагнозныя матэрыялы і распаўсюджваюць апрацаваную інфармацыю.

т. 15, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫ́ТУЛЬНЫ ЛІСТ, тытул (ад лац. titulus надпіс, загаловак),

загаловачны ліст выдання (кнігі), на якім змяшчаюцца асноўныя (выхадныя) звесткі: загаловак, прозвішча аўтара, назва выдавецтва, год і месца выдання.

Бывае адзінарны (першая старонка кніжнага блока з адваротам), падвойны (з 4 старонак) разваротны або расхінны (левая частка яго наз. контртытулам, адваротная старонка контртытула — авантытулам). Паводле афармлення Т.л. бывае шрыфтавы, дэкаратыўна-шрыфтавы і сюжэтны. У папірусных і пергаментных скрутках ролю Т.л. выконваў ярлык з загалоўкам, прывязаны да скрутка шнурком. Першы поўны Т.л. з’явіўся ў 1476 (Венецыя).

т. 16, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)