ЗА́НДРАРТ (Sandrart) Іаахім фон, Старэйшы (12.5.1606, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 14.10.1688), нямецкі гісторык мастацтва, жывапісец і графік. Вучыўся ў Нюрнбергу, Празе, Утрэхце, Лондане. Працаваў у Італіі (1628—35), Нідэрландах (1637—44). Пісаў гістарычныя і жанравыя карціны, групавыя партрэты («Атрад стралкоў капітана Бікера») у духу караваджызму, наследаваў П.П.Рубенсу і А. ван Дэйку. У гал. мастацтвазнаўчай працы — трактаце «Нямецкая акадэмія» (т. 1—2, 1675—79; больш за 800 ілюстрацый) змешчаны каштоўныя звесткі пра мастакоў і музейныя калекцыі, пераклад «Метамарфоз» Авідзія.
т. 6, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)