АБАРО́НА ГО́НАРУ І ГО́ДНАСЦІ,

адна з формаў судовай аховы правоў фізічных і юрыд. асоб. Грамадзянін або юрыд. асоба маюць права патрабаваць праз суд абвяржэння недаказаных звестак, якія ганьбяць іх гонар, годнасць або дзелавую рэпутацыю. Ганебныя звесткі, распаўсюджаныя ў сродках масавай інфармацыі, абвяргаюцца там жа. Дакумент, які зыходзіць ад юрыд. асобы і змяшчае ганебныя звесткі, падлягае адмене. Інш. выпадкі разглядаюцца судом. Маральная (немаёмасная) шкода кампенсуецца, памер яе вызначаецца судом.

т. 1, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́КАЗЫ СУДО́ВЫЯ,

фактычныя звесткі пра акалічнасці, якія маюць значэнне для правільнага вырашэння крымінальнай або цывільнай справы. Такія звесткі ёсць у паказаннях сведак, пацярпелага, падазронага, абвінавачанага, у рэчавых доказах, заключэннях экспертаў, пратаколах следчых і суд. дзеянняў. Адрозніваюць Д.с.: асабістыя (зыходзяць ад людзей) і рэчавыя; прамыя (устанаўліваюць якую-н. акалічнасць) і ўскосныя (устанаўліваюць толькі прамежкавы факт); тыя, што сцвярджаюць факт або абвяргаюць яго; непасрэдныя і вытворныя. Парадак атрымання Д.с., іх замацавання і прадастаўленне суду вызначаецца працэсуальным заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 6, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІЯ ПІСЬМЕ́ННІКІ»,

біябібліяграфічны слоўнік. Выдадзены ў Мінску ў 1992—95 у 6 тамах пад рэд. А.І.Мальдзіса. Падрыхтаваны Ін-там л-ры імя Я.​Купалы АН Беларусі і выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». Першае на Беларусі шматтомнае энцыклапедычнае выданне, у якім падаюцца найб. поўныя і сістэматызаваныя звесткі пра жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў бел. л-ры, што пісалі на стараслав., бел., рус., польск. і інш. мовах за амаль тысячу гадоў развіцця бел. прыгожага пісьменства. Упершыню прыводзяцца звесткі пра пісьменнікаў бел. замежжа. Уключае каля 1500 артыкулаў, кожны з якіх складаецца з 2 раздзелаў: біяграфічнага (інфармацыя пра жыццёвы шлях пісьменніка, яго літ. творчасць, пазаліт. дзейнасць і інш.) і бібліяграфічнага (самыя поўныя звесткі пра творы пісьменніка, апублікаваныя асобнымі выданнямі, у зборніках, перыяд. друку, перакладзеныя на інш. мовы, а таксама л-ра пра пісьменніка). Амаль усе артыкулы суправаджаюцца фотапартрэтамі.

В.​К.​Шчэрбін.

Выданне «Беларускія пісьменнікі». Т. 1—6. 1992-95.

т. 2, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са снеж. 1941 да ліп. 1944 у г. Ліда Гродзенскай вобл. Арганізатары і кіраўнікі М.​М.​Ігнатаў і А.​А.​Клімко. Мела 4 групы (35 чал.): на чыг. вузле, электрастанцыі чыг. вузла, у авіярамонтных майстэрнях, ням. ваен. шпіталі; 16 чал. дзейнічалі самастойна. Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, звесткі Саўінфармбюро, рабілі дыверсіі. Наладзіўшы сувязь з партыз. атрадамі «Іскра», «Балтыец» і імя Варашылава, перапраўлялі ім зброю, медыкаменты, друкарскі шрыфт, перадавалі звесткі разведкі. За час акупацыі загінуў 21 падпольшчык. У Лідзе на ўшанаванне памяці падпольшчыкаў устаноўлены помнікі.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́МЯТНЫЯ КНІ́ЖКІ ГУБЕ́РНЯЎ,

афіцыйныя ўрадавыя выданні, што выходзілі ў большасці губерняў Рас. імперыі на рус. мове. Мэта выданняў — публікаваць звесткі для рознабаковага вывучэння губерні. Выдаўцы — губернскія стат. к-ты. З 1860 П.к.г. выходзілі ў Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай, з 1861 — у Магілёўскай губ. Мелі раздзелы: адрас-каляндар з пералікам губернскіх і павятовых урадавых і грамадскіх устаноў і іх супрацоўнікаў; звесткі пра адм. падзел, пошту, тэлеграф, шляхі зносін, ф-кі і з-ды, навуч. ўстановы, музеі, б-кі, кнігарні і друкарні на тэр. губерні. У статыстычным раздзеле друкаваліся звесткі па с.-г., дэмаграфічнай, гандл., эканам. статыстыцы губерняў, у літ.-навук. раздзеле — архіўныя матэрыялы, пісцовыя і плацежныя кнігі, летапісы гарадоў, артыкулы па мясц. гісторыі, эканоміцы, этнаграфіі, фальклоры, біяграфіі і некралогі мясц. дзеячаў. Беларускі матэрыял змяшчалі памятныя кніжкі Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Віленскай губ., дзе друкаваліся працы А.​М.​Семянтоўскага, П.​Дружылоўскага, Ф.​Сярэбранікава, М.​Л.​Нікіфароўскага, М.​А.​Дзмітрыева, Я.​Ф.​Арлоўскага, І.​Зяленскага і інш.

Л.​І.​Збралевіч.

т. 12, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНТЫ́ТУЛ (ад аван... + тытул),

першая старонка кнігі, якая папярэднічае тытульнаму лісту. На авантытуле могуць змяшчацца загаловак кнігі, назва выд-ва, яго марка, серыя і інш. звесткі.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ЛЕ́ТАПІС, Dzieje miasta Witebska, Аверкі і Панцырнага летапіс,

помнік гар. летапісання Беларусі 18 ст. на польск. мове. Завершаны ў 1768 жыхаром Віцебска С.​Аверкам на аснове летапісу М.​Панцырнага (звесткі датаваны 896—1709), кароткіх гіст. запісаў Чарноўскіх (1601—33) і Г.​Аверкі (1733—57), матэрыялаў, сабраных аўтарам. Твор кампіляцыйны, кампазіцыйна рыхлы, яго часткі не аб’яднаны ў цэласны звод. Складаецца пераважна з кароткіх сухіх пагадовых запісаў-паведамленняў, размешчаных хаатычна. Звесткі па рус., польскай, сусветнай і літоўска-бел. гісторыі запазычаны пераважна з польскіх хронік і хранографаў, маюць шэраг недакладнасцей. Найб. каштоўныя арыгінальныя звесткі па гісторыі Беларусі і Віцебска, асабліва пра ваен.-паліт. падзеі канца 17 — пач. 18 ст. У канцы летапісу змешчаны спісы членаў віцебскага магістрата 1597, віцебскіх ваявод за 1516—1753 і інш. гіст.-дакументальныя матэрыялы. Упершыню апублікаваны А.​П.​Сапуновым у «Віцебскай даўніне» (т. 1, 1883) у перакладзе на рус. мову. Рукапіс захоўваецца ў Рас. нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу.

Публ.:

Полное собрание русских летописей. М., 1975. Т. 32. С. 193—205.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТАПІС ПРЫРО́ДЫ,

спецыяльная кніга, якая вядзецца ва ўсіх запаведніках. Ствараецца па агульнай праграме, у якой улічваецца спецыфіка кожнага запаведніка. Змяшчае шматгадовую сістэматызаваную інфармацыю аб прыродных працэсах і з’явах на тэр. запаведніка. На Беларусі найб. працяглы Л.п. вядзецца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку.

Уключае звесткі пра тэрыторыю, рэльеф, глебы, воды, кліматычныя ўмовы, флору і фауну, фіксуе стан рэжыму карыстання і ўплыў антрапагенных фактараў, адлюстроўвае стан і дынаміку ахоўных абіятычных і біятычных аб’ектаў, змяшчае каляндар прыроды, назіранні за паводзінамі жывёл, звесткі навук. даследаванняў і інш. матэрыялы. Л.п. дазваляюць вывучаць заканамернасці развіцця прыродных працэсаў на пэўнай тэрыторыі і выкарыстоўваюцца ў геабат., фларыстычных, фауністычных, феналагічных і інш. даследаваннях.

т. 9, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́СКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Грэскім р-не Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам Грэскага падп. РК КП(б)Б. Арганізатар і кіраўнік У.​І.​Заяц. Налічвала каля 80 чал., 4 групы: у бальніцы в. Грэск (кіраўнік Ю.​Г.​Войчык), вёсках Стараселле (А.​В.​Вадап’ян), Гацук (Заяц), Вобчае (І.​І.​Каско). Падпольшчыкі вялі сярод насельніцтва агітац. работу, распаўсюджвалі звесткі Саўінфармбюро, перадавалі партызанам звесткі пра рух варожага транспарту, папярэджвалі пра карныя аперацыі акупантаў, псавалі тэлеф. сувязь праціўніка, спалілі некалькі мастоў на шашэйных дарогах, пусцілі пад адхон варожы эшалон, разграмілі апорны пункт фашыстаў у в. Вобчае, захапілі абоз з прадуктамі і пераправілі партызанам.

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПРО́ЦКІ (Францішак) (10.6.1723 — пасля 2.7.1805),

выдавец, перакладчык, гісторык. Родам з Беларусі. Д-р філасофіі (1758). Вучыўся ў Полацкім, Слуцкім, Нясвіжскім, Гродзенскім і Варшаўскім езуіцкіх калегіумах. У 1753—56 выкладаў у Варшаве, з 1757 у Віленскай езуіцкай акадэміі. У 1760 узначаліў віленскую акад. друкарню, у якой у 1760—62 выдаваў і рэдагаваў «Кур’ер Літэўскі», у 1763 — Калегіум Нобіліум у Вільні. З 1765 рэктар Ковенскага калегіума, у 1768—73 пракуратар Літ. правінцыі езуітаў. Пасля роспуску ордэна прэлат інфлянцкі, канонік ловіцкі. Надрукаваў гіст. працу К.​Галоўкі «Айчынныя звесткі пра Польшчу і ВКЛ» (1753). Выдаў падручнік па геаграфіі «Еўропа, першая з частак свету апісаная» (1754), гіст. працы «Гісторыя прэтэндэнтаў Кароны Англійскай» (1758), «Звесткі пра Курляндскае і Земгальскае княства...» (1759), «Найбольш значныя войны...» (1763). Прадоўжыў пачатае Я.​А.​Пашакоўскім выданне на польскай мове віленскіх «Палітычных каляндарыкаў» (1758—71), дзе друкаваў звесткі па гісторыі, астраноміі, геаграфіі і фізіцы. Пераклаў на польскую мову працу Ф.​Рэната «Навука пра рыцарскую справу» (1776), да якой дадаў 2-і том з апісаннем войнаў Рэчы Паспалітай; кнігу К.​Нанота «Памылкі Вальтэра» (1780, перавыдадзена ў Нясвіжы ў 1781). Прытрымліваўся поглядаў памяркоўнага крыла асветнікаў.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 12, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)