[ад мота... + (фут)бол], спартыўная гульня на матацыклах з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек 4 перыяды па 15 або 20 мін кожны. Мэта — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Спартсмены карыстаюцца пераважна матацыкламі класа 250 см³. Гульня ідзе на футбольным полі з травяным, грунтавым або інш. пакрыццём, вароты футбольныя. Дыяметр мяча 48—49 см.
Першыя мотабольныя матчы адбыліся ў Францыі (1929, г. Дыжон) і Германіі (1930, г. Кёльн). Міжнар. саюз мотабольных клубаў створаны ў 1963 (Бельгія, Нідэрланды, Францыя і ФРГ). З 1965 М. уваходзіць у Міжнар. федэрацыю матацыклетнага спорту. Першыя спаборніцтвы на Кубак Еўропы адбыліся ў 1964, першы чэмпіянат Еўропы у 1986 (г. Пінск Брэсцкай вобл.).
Чэмпіянаты Беларусі па М. праводзяцца з 1966, спаборніцтвы на Кубак Беларусі і міжнар. турнір «Брэсцкая крэпасць-герой» з 1974. Нац. зборная каманда Беларусі (існуе з 1994) — сярэбраны (1995, 1998) і бронз. (1999) прызёр чэмпіянатаў Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭ́РЫІ (ад грэч. baktērion палачка),
група мікраскапічных, пераважна аднаклетачных арганізмаў. Вядома больш за 2000 відаў, якія належаць да пракарыётаў, што не маюць аформленага клетачнага ядра. У сучаснай класіфікацыі на аснове сукупнасці марфалагічных, культуральных і фізіёлага-біяхім. прыкмет усіх бактэрый падзяляюць на эўбактэрыі і архебактэрыі. Бактэрыі маюць палачкападобную (бацылы, кластрыдыі, псеўдаманады), шарападобную (кокі), звілістую (вібрыёны, спірылы, спірахеты) форму: дыяметр 0,1—10 мкм, даўж. 1—20 мкм, а ніткаватыя шматклетачныя бактэрыі — 50—100 мкм. Некаторыя бактэрыі ўтвараюць споры. Многія рухомыя, маюць жгуцікі. Паводле спосабу жыўлення вылучаюць аўтатрофы і гетэратрофы. Залежна ад тыпу дыхання бактэрыі падзяляюць на аэробы і анаэробы. Удзельнічаюць у кругавароце рэчываў у прыродзе, ачышчэнні асяроддзя ад арган. рэшткаў, фарміраванні структуры і ўрадлівасці глебы; падтрымліваюць запасы вуглякіслага газу ў атмасферы. Выкарыстоўваюцца ў харч., мікрабіял., хім. і інш. галінах прам-сці. Патагенныя (хваробатворныя) бактэрыі — узбуджальнікі хвароб раслін, жывёл і чалавека.
Літ.:
Гусев М.В., Минеева Л.А. Микробиология. 3 изд. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы з драўніны. Захоўваюць яе прыродную структуру і хім. састаў. Бываюць хвойныя (хвоя, елка, піхта, лістоўніца, кедр) і лісцевыя (бяроза, дуб, асіна, граб, бук, ясень і інш.); неапрацаваныя круглыя (бярвенне, жэрдзе, калы і інш.) і апрацаваныя (піламатэрыялы — дошкі, брусы, брускі, рэйкі, шпалы, а таксама колатыя Л., струганая і лушчаная шпона). Да Л. адносяць і пнёва-каранёвыя масы, сучча, кару, пілавінне, трэскі і інш. Перапрацоўваюцца на лесапільных з-дах, выкарыстоўваюцца пры вытв-сці мэблі, буд. дэталей і канструкцый, у цэлюлозна-папяровай і лесахім. вытв-сці.
Круглыя Л. атрымліваюць распілоўкай ствалоў (хлыстоў) на адрэзкі — сартыменты (кароткія да 2,5 м, доўгія 2,5—8 м, даўгамерныя больш за 8 м). Падтаварнік (дыяметр у верхнім водрубе 8—13 см, даўжыня 3—9 м), жэрдзе (адпаведна 3—7 см і 3—9 м), калы (6 см і да 2,85 м) выкарыстоўваюць для абрашоткі ў пакрыццях, агароджах, насцілах і інш.Гл. таксама Лесанарыхтоўчая прамысловасць, Лесанарыхтоўчыя работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАДАЎСКІ ЗВОН,
помнік ліцця мастацкага, эпіграфікі, палеаграфіі Беларусі. Адліты ў 1583 з медзі Марцінам Гофманам у Коўне (зараз г. Каўнас, Літва) для царквы в. Моладава (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.; адсюль назва) паводле загаду ўладальніка маёнтка дзярж. і ваен. дзеяча 16 ст. Сімяона Войны ў памяць аб бацьках. Выш. 62 см, найб.дыяметр 70 см, таўшчыня ліцця 7 см. Дэкарыраваны рэльефным арнаментам рэнесансавага характару: выявы міфалагічных істот (крылатыя коні, ільвы, алені і інш.) у медальёнах, утвораных непарыўнай звілістай сцяблінай. У сярэдняй частцы звона змешчаны тэкст, згрупаваны ў 4 калонкі па 13 радкоў у кожнай: фундатарскі надпіс і панегірык Войну Маціевічу Грычыну і яго сям’і. Тэкст выразаны ад рукі на тагачаснай бел. мове лац. літарамі. Пад адной калонкай — выява герба роду Войнаў. Па ніжнім краі звона — надпіс з датай адліўкі і імем майстра. Вернуты ў Свята-Вазнясенскую царкву в. Моладава.
Літ.:
Вецер Э.І., Хадыка Ю.В. Звон у Моладаве // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ЖНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
астраметрычная прылада для вызначэння момантаў праходжання нябесных свяціл праз вертыкал пры іх сутачным руху. Вынайдзены ў 1689 О.Ромерам.
Стацыянарны П.І. складаецца з астр. трубы (дыяметр -18 см, фокусная адлегласць -2 м) з гарыз. воссю вярчэння даўжынёй каля 1 м, якая ўстаноўлена на слупах-фундаментах. У службе часу выкарыстоўваюцца П.і. пераноснага тыпу. У факальнай плоскасці аб’ектыва знаходзіцца акулярны мікрометр з сеткай верт. і гарыз. ніцей. Візірная лінія П.і. ўстанаўліваецца ў плоскасці мерыдыяна — для атрымання з назіранняў прамога ўзыходжання зорак і папраўкі гадзінніка, ці першага вертыкала — для вызначэння схілення зорак і шыраты месца назірання (гл.Нябесныя каардынаты). Моманты перасячэння відарысам зоркі верт. ніцей рэгіструюцца хранометрам. Пры фотаэл. рэгістрацыі хібнасць аднаго вымярэння прамога ўзыходжання зоркі на стацыянарным П.і. складае ±0,015 с, адной папраўкі гадзінніка на пераносным П.і. — ±0,005 с.
Літ.:
Подобед В.В., Нестеров В.В. Общая астрометрия. 2 изд. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭЛЕСКО́П (ад радыё... + тэлескоп) прылада для прыёму, рэгістрацыі і даследавання радыёвыпрамянення касм. аб’ектаў. Пры дапамозе Р. даследуюцца інтэнсіўнасць радыёвыпрамянення, яго спектральная шчыльнасць, палярызацыя, вызначаюцца каардынаты крыніцы радыёвыпрамянення на нябеснай сферы.
Складаецца з накіраванай прыёмнай антэны (многаэлементнай або люстраной у выглядзе парабалічнага металічнага суцэльнага ці рашэцістага люстэрка) і высокаадчувальнага радыёпрыёмнага ўстройства (радыёметра) для рэгістрацыі і вымярэння характарыстык выпрамянення. Люстэрка Р. значна большае, чым у аптычных тэлескопаў. Напр., дыяметр нерухомага люстэрка Р. пабудаванага ЗША ў кратэры вулкана Арэсіба (Пуэрта-Рыка), 305 м. Найбуйнейшы кальцавы Р. з антэнай пераменнага профілю — РАТАН-600. Найб. высокую раздзяляльную здольнасць (павялічваецца з ростам базы) маюць радыёінтэрферометры (гл.Інтэрферометр). Напр., для сістэмы двух Р. у Сімеізе (Украіна) і ў Голдстане (ЗША) — база 9485 км — дасягнута раздзяленне 0,0001″ (пад такім вуглом з Зямлі бачны след нагі касманаўта на Месяцы). Пры дапамозе радыёінтэрферометраў атрымана высокае раздзяленне многіх радыёгалактык. Гл. таксама іл. да арт.РАТАН-600.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЫ (ад ням. Kamm грэбень),
узгоркі, бугры, кароткія грады акруглай, конусападобнай і інш. формы ў абласцях апошняга мацерыковага зледзянення. Выш. да 10—15 м, зрэдку да 80—100 м, дыяметр (па аснове) да некалькіх соцень метраў, стромкасць схілаў 10—20°, зрэдку 20—40°. Плошча ад дзесяткаў да тысяч м².
Камавыя адклады сфарміраваны расталымі водамі пасіўнага або дэградуючага «мёртвага» лёду ва ўнутры-, пад- і надледавіковых трэшчынах, праталінах, паглыбленнях і інш. пустотах ва ўмовах кантрастнага рэльефу ледавіковага ложа. Пры раставанні лёду гэтыя адклады апусціліся і ўтварылі камавы рэльеф. Паводле генезісу і будовы К. бываюць водна-ледавіковыя, складзеныя са слаістых розназярністых пяскоў і галечна-жвіровага матэрыялу, азёрна-ледавіковыя алеўрыта-гліністага складу са стужачнай гарызантальна-слаістай будовай і мяшаныя (складаныя), трапляюцца разнастайныя пераходныя да озаў формы. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і (Фінляндыя, Польшча, Германія, Канада, ЗША).
На тэр. Беларусі пашыраны ў межах рэльефу паазерскага і сожскага зледзяненняў — на Браслаўскай, Свянцянскай і Асвейскай градах, Гродзенскім, Віцебскім, Нешчардаўскім узв., месцамі на Полацкай нізіне, Беларускай градзе, Ашмянскім узв. і Лідскай раўніне. Многія К. змяшчаюць невял. радовішчы пяску і жвіру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФЛЕ́КТАР (ад лац. reflecto адбіваю),
1) у тэхніцы — адбівальнік, прылада для змены кірунку эл.-магн., светлавых ці гукавых хваль. Складаецца з аднаго або некалькіх люстраў, якія забяспечваюць амаль поўнае адбіццё хваль, што падаюць на іх (шурпатасці адбівальнай паверхні меншыя за даўжыню хвалі). Для канцэнтрацыі адбітых хваль паверхня люстраў увагнутая (сферычная, парабалічная і г.д.). Выкарыстоўваецца ў акустыцы, астраноміі, радыётэхніцы (антэны), быце.
2) У астраноміі — тэлескоп з люстраным аб’ектывам. Відарысы свяціл (зорак, планет, Сонца і інш.), якія ствараюцца гал. увагнутым люстрам і сістэмай дапаможных люстраў (выпуклых ці плоскіх), разглядаюць у акуляр, фатаграфуюць ці рэгіструюць інш. святлопрыёмнікамі. Адрозніваюць некалькі тыпаў Р. У параўнанні з рэфрактарам у Р. адсутнічае храматычная і меншыя астаткавыя аберацыі (гл.Аберацыі аптычных сістэм). Самы вялікі ў свеце Р. знаходзіцца ў Спец.астр. абсерваторыі Рас.АН на Паўн. Каўказе (дыяметргал. люстра 6 м).
Аптычныя схемы рэфлектараў: 1 — з галоўным фокусам; 2 — сістэмы Ньютана; 3 — сістэмы Касегрэна; 4 — сістэмы Грэгары; 5 — сістэмы Мерсена; 6 — сістэмы Несміта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САТУ́РН»
(Saturn),
серыя амер.ракет-носьбітаў (РН), створаных у 1964—67 па праграме «Апалон».
«С.-1» — эксперым. 2-ступеньчатая РН. «С.-1В» — 2-ступеньчатая РН, прызначаная для запуску на каляземную арбіту непілатуемых і пілатуемых касм. караблёў (КК) «Апалон». «С.-5» — 3-ступеньчатая РН для запуску пілатуемых КК «Апалон» на калямесяцавую арбіту, уключаючы высадку касманаўтаў на Месяц. Стартавая маса (разам з КК) да 2950 т. Даўжыня (з карысным грузам і сістэмай аварыйнага выратавання) 110,7 м, дыяметр (без стабілізатараў) 10,1 м. Макс. маса грузу, выведзенага на каляземную арбіту, 142,5 т. У 1967—73 здзейснена 13 пускаў «С.-5» (12 з КК «Апалон» і 1 з арбітальнай станцыяй «Скайлэб»), Запускаюцца з касмадрома на мысе Канаверал.
У.С.Ларыёнаў.
Да арт. «Сатурн». а — запуск 3-ступеньчатай ракеты-носьбіта «Сатурн-5»; 1 — момант старту, 1-я ступень уключаецца на поўную магутнасць; 2—1-я ступень выгарае і адпадае; 3—2-я ступень выгарае і адпадае; 4—3-я ступень выносіць карысны груз у касмічную прастору; б — агульны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЫ́НЫ ПРАСПЕ́КТу Мінску,
гал.дыяметр і асноўная магістраль горада; перасякае яго з ПдЗ на ПнУ. З 1951 наз. Сталінскі, з 1961 Ленінскі праспект, з 1990 сучасная назва. Даўж. больш за 11 км, шыр. 48—70 м. Як гал. кампазіцыйны дыяметр арганізацыйна ўплывае на планіроўку і забудову ўсяго горада. Яго перасякаюць Мінскі водна-зялёны дыяметрр. Свіслач і важныя трансп. магістралі, якія звязваюць праспект з усімі раёнамі горада. Уздоўж праспекта размяшчаюцца асн.гар. плошчы — Перамогі плошча, Кастрычніцкая, Я.Коласа. Чаргаванне адм. будынкаў, культ.-асв., навучальных, гандл., вытв. і інш. устаноў з жылымі дамамі і комплексамі зрабіла магчымым пазбегнуць аднастайнасці і стварыць яго своеасаблівае арх.-маст. аблічча. Як гал.гар. магістраль пачаў фарміравацца ў 19 ст. Забудоўваўся праспект у 3 чаргі: 1-ы ўчастак (цэнтральны) ад Незалежнасці плошчы да пл. Перамогі (2,9 км, з 1945 пад кіраўніцтвам М.Баршча і М.Паруснікава) створаны на месцы вул. Савецкай ( з 1830 вул. Захар’еўская, у 1918—19 — Адама Міцкевіча), Пушкінскай (назва ў 1920—44 участка ад вул. Даўгабродскай да будынка абсерваторыі); 2-і — ад пл. Перамогі да пл. Калініна (2,7 км) і 3-і — ад пл. Калініна да ўезда ў горад з боку Маскоўскай шашы (больш за 6 км, 1950—70-я г.). Пасля Вял.Айч. вайны гал. магістраль створана на шырокай і выпрастанай трасе. На цэнтр. участку створаны ансамблі высокай арх.-маст. вартасці, характар арх. афармлення якіх засн. на творчым асваенні класічнай спадчыны: адм. будынкі паміж вул. Гарадскі Вал і Камсамольскай (КДБ; 1945—47, арх. Г.Гай, Паруснікаў), Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога універмага, Мінскага галоўнага паштамта, Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў, Мінскага цырка, будынак б.Мінскага царкоўна-археалагічнага музея, гасцініца «Мінск» (1-я чарга ў 1957, арх. Г.Баданаў, 2-я — у 1967, арх. Г.Сысоеў, С.Мусінскі, Дз.Кудраўцаў, з 2001 на рэканструкцыі). Ад вул. Я.Купалы праспект спускаецца да азялененай поймы Свіслачы, узвышаецца над масівамі паркаў імя Янкі Купалы і Цэнтр. дзіцячага парку імя М.Горкага. З гранітнай набярэжнай (1958, арх. К.Іваноў) адкрываецца панарама ў бок пл. Парыжскай камуны з манум. будынкам т-ра оперы і балета. За мостам (1951, арх. Паруснікаў, Баданаў) знаходзяцца 5-павярховыя жылыя дамы (1939, дабудаваны ў 1947, арх. Р.Столер, у 1950—56, арх. Баршч, Л. і Г.Аранаўскасы). Завяршае цэнтр. ўчастак праспекта пл. Перамогі з Манументам Перамогі. На 2-м участку праспекта побач з даваен. дамамі (1937—41, арх. А.Брэгман, Г.Якушка) узведзены новыя жылыя будынкі (1952—58, арх. Баршч, Л.Арнаўскас, А.Духан, С.Баткоўскі, Н.Макляцова, Н.Шпігельман). Вял. роля на гэтым участку і ў структуры горада належыць пл. Якуба Коласа з помнікам Я.Коласу ў цэнтры (1972, скульпт. З.Азгур, арх. Ю.Градаў, Г.Заборскі, Л.Левін). Другі важны вузел участка ўтвараюць рэканструяваныя і расшыраныя комплексы 1-й клінічнай бальніцы, Нацыянальнай акадэміі навук будынкі, будынак Беларускай політэхнічнай акадэміі, кінатэатр «Кастрычнік», жылыя дамы з магазінам «1000 дробязей» (1962, арх. Сысоеў, Кудраўцаў), дом гандлю «Першамайскі» (б. «Сінтэтыка»; 1964—65, арх. Мусінскі, Сысоеў); завяршае ўчастак пл. Калініна з помнікам М.І.Кілініну (1978, арх. Ю.Грыгор’еў, А.Няўзораў, скульпт. В.Палійчук, І.Глебаў). 3-і ўчастак адрозніваецца ад папярэдніх аднабаковай забудовай на значнай адлегласці. Тут знаходзяцца будынкі гадзіннікавага з-да «Прамень» (1956—61, арх. Баткоўскі, І.Боўт, Шпігельман), кварталы жылых дамоў, Бел агр.тэхн.ун-т (1956, арх. Бакланаў). Да праспекта прылягае парк імя Чэлюскінцаў, тэр. дзіцячай чыгункі (вакзал пабудаваны ў 1956) і зялёны масіў. Далей размешчаны кінастудыя «Беларусьфільм», жылыя дамы канца 1950-х г., Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі будынак, комплекс НДІ сродкаў аўтаматызацыі (1972, арх. Мусінскі, Кудраўцаў). Важная роля ў фарміраванні арх.-маст. аблічча праспекта належыць жылому раёну Усход (забудоўваецца з 1966). Уздоўж праспекта пабудавана 1-я чарга лініі Мінскага метрапалітэна. Архітэктарам Баданаву, Баршчу, Баткоўскаму, А.П.Воінаву, У.Каралю, Мусінскаму, Паруснікаву, Сысоеву, Н.Трахтэнбергу, Шпігельману прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1968.
А.А.Воінаў, В.М.Чарнатаў.
Скарыны праспект у Мінску. Фрагмент.Скарыны праспект у Мінску. Фрагмент.Панарама Скарыны праспекта.