ПЛАТА́Н (Platanus),

род кветкавых раслін сям. платанавых. 7—10 відаў. Пашыраны ў Амерыцы (ад Мексікі да Канады) і ў Еўразіі (ад Балканскага п-ва і Усх. Міжземнамор’я да Індакітая). З ант. часу культывуюць П. усходні, або чынару (P. orientalis).

Лістападныя дрэвы выш. да 50 м, дыяметр ствала да 5 м. Жывуць больш за 2 тыс. гадоў. Крона густая, шырокая, ствол прамы, калонападобны. Кара зеленавата-шэрая. Лісце буйное, доўгачаранковае, пальчаталопасцевае. Аднаполыя кветкі дробныя, у звіслых галоўчатых суквеццях. Плод — арэшак. Драўніна прыгожая, лёгкая, моцная, выкарыстоўваецца як дэкар. мэблевы матэрыял.

І.​М.​Гарановіч.

Платан усходні.

т. 12, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)