КО́ЙДАНАЎСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР Існаваў з пач. 17 да сярэдзіны 20 ст. ў мяст. Койданава (цяпер г.Дзяржынск Мінскай вобл.). Пабудаваны ў 1613 у стылі готыкі Крыштофам Мікалаем Радзівілам Перуном на месцы стараж. гарадзішча (вядомы пад назвай Койданаўскі замак). Пры буд-ве выкарыстана цэгла на вапнава-пясчанай рошчыне. У 1884 перабудаваны.
Мураваны прамавугольны ў плане храм зальнага тыпу з 5-граннай апсідай (абапал мела 2 сакрысціі) і 4-яруснай вежай-званіцай (2 васьмерыкі на 2 чацверыках). Асн. аб’ём, бакавыя сцены якога былі ўмацаваны контрфорсамі і прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі, быў накрыты высокім 2-схільным гонтавым дахам, на якім узвышаўся купал з пазалочанымі флюгерамі. Вежа-званіца з гадзіннікам у верхнім ярусе завяршалася шатром, сцены праразалі высокія арачныя аконныя праёмы і круглыя байніцы. Тэрыторыя, абкружаная валамі і вадзяным ровам, была ўмацавана мураванай сцяной і 9 круглымі ў плане 2-яруснымі абарончымі вежамі (мелі па 6 байніц). Праз роў быў перакінуты драўляны мост вянковай канструкцыі з размаляванай балюстрадай. На тэр. збору знаходзіліся мураваны будынак плябаніі, драўляныя будынкі 2-класнай кальвінскай школы (існавала да сярэдзіны 19 ст.), шпіталя, жылыя і гасп. пабудовы. У К.к.з. захоўвалася Брэсцкая біблія 1563. Комплекс моцна пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, пазней разабраны.
Літ.:
Якімовіч Ю. Ці быў у Койданаве замак? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНЫ КАРАБЕ́ЛЬ, лінкор,
1) у ветразевым ваен. флоце 17—1-й пал. 19 ст.вял.драўляны 3-мачтавы карабель з 2—3 палубамі (дэкамі), 60—130 гарматамі. Вёў бой у кільватэрнай калоне (лініі — адсюль назва). Меў водазмяшчэнне 1—5 тыс.т, экіпаж да 800 чал. (гл.іл. да арт.Карабель ваенны).
2) У паравым браняносным флоце 1-й пал. 20 ст.вял. карабель (меншы толькі за авіяносец), прызначаны для знішчэння ў марскім баі караблёў усіх класаў і нанясення артыл. удараў на берагавых аб’ектах праціўніка.
З’явіўся пасля рус.-яп. вайны 1904—05 (упершыню пабудаваны ў Вялікабрытаніі ў 1906, гл.Дрэдноўт). Меў водазмяшчэнне 20—65 тыс.т, 70—150 гармат, экіпаж 1500—2800 чал. Страціў значэнне пасля 2-й сусв. вайны з павелічэннем ролі падводнага флоту, авіяцыі і ракетнай зброі. У ВМС ЗША захаваліся 4 Л.к. пабудовы 1940-х г. тыпу «Аява», якія маюць артыл. і ракетнае ўзбраенне (у т. л. «Місуры», на якім 2.9.1945 падпісаны акт аб капітуляцыі Японіі ў 2-й сусв. вайне).
Літ.:
Михайлов М.А., Баскаков М.А. Фрегаты, крейсеры, линейные корабли. М., 1986;
Данилов А.М. Линейные корабли и фрегаты русского парусного флота. Мн., 1996.
У.Я.Калаткоў.
Адзін з лінейных караблёў ЗША тыпу «Аява» — лінкор «Місуры».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДАГАСКА́РСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ Займае востраў Мадагаскар і шэраг архіпелагаў і астравоў Індыйскага акіяна: Каморскія, Маскарэнскія, Сейшэльскія і інш. Уваходзіць у царства Палеагею (гл.Царствы біягеаграфічныя).
У флоры больш за 8,5 тыс. відаў раслін. Найб. пашыраны архідныя (больш за 900 відаў), бамбукі, пальмы. Шмат эндэмікаў з кветкавых раслін (эндэмічных 6—9 сямействаў). Тыповыя віды-эндэмікі — «дрэва падарожнікаў», сейшэльская пальма. Фауна з ранняга неагену развівалася самастойна ад інш. біягеаграфічных абласцей, найб. звязана з фаунай Афрыкі, але некат. віды сведчаць пра стараж. сувязі з Паўд. Азіяй і Амерыкай. 4 атрады нелятаючых млекакормячых, усе віды якіх эндэмічныя: віверавыя, прыматы (лемуравыя, індры, ай-ай), тэнрэкі, хамякі мадагаскарскія. Астатнія млекакормячыя — перасяленцы з Афрыкі (кажаны, кісцявухія свінні, пацукі, мышы). З птушак 50% відаў — эндэмікі (вангавыя, курапаткі пастушковыя, філяпітавыя). З паўзуноў геконы, кракадзілы (нільскі), хамелеоны, чарапахі (сухапутныя і бакашыйныя). Усе земнаводныя адносяцца да жаб (каля 150 відаў, большасць эндэмічныя). З рыб трапляецца некалькі солетрывалых відаў (хромісы, карпазубыя і інш.). З беспазваночных большасць відаў паходзіць з Афрыкі, эндэмікаў мала (некат. скарпіёны і інш).
Да арт.Мадагаскарская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — лемур мышыны; 2 — лемур вары; 3 — ай-ай; 4 — голуб маўрыкійскі; 5 — пустальга маўрыкійская; 6 — пастушок мадагаскарскі; 7 — ілжэнектарніца драбнадзюбая; 8 — удаў драўляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ помнік архітэктуры барока ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл.Засн. ў 1624 віленскім ваяводам К.Хадкевічам, які даў дамініканцам дом, пляц, пабудаваў драўляны касцёл св. Яцака (згарэў у 2-й пал. 17 ст.). Каля 1724 на яго месцы пабудаваны новы, мураваны касцёл (у аб’ём усх. нефа ўключана частка драўлянага касцёла, захаваны дэкор інтэр’ера). Пашкоджаны ў час пажараў 1751 і 1831. У 1829 побач з касцёлам узведзена 2-ярусная мураваная званіца (не захавалася). Існавалі таксама П-падобны ў плане будынак кляштара і гасп. пабудовы. Комплекс быў абнесены мураванай агароджай. У 1794—1834 пры кляштары дзейнічала дамініканская школа. У 1853 кляштар скасаваны. У 1850-я г. ў выніку перабудовы касцёл набыў элементы класіцызму.
Трохнефавая базіліка з плоскім гал. фасадам, вузкім нартэксам і паўцыркульнай апсідай, да якой з паўн. боку далучана сакрысція. Гал. фасад падзелены развітым карнізам на 2 ярусы і завершаны трохвугольным франтонам з вежачкай над ім. Тарцы дахаў бакавых нефаў закрыты ступеньчатымі атыкамі. Сцены аздоблены пілястрамі. Аконныя праёмы з лучковымі і арачнымі завяршэннямі. Надмагільныя пліты-эпітафіі 18 ст. са сцен пакладзены ў падлогу. У 1898 у касцёле нелегальна ўстаноўлена мемар. дошка ў гонар А.Міцкевіча. Будынкі кляштара і школы не захаваліся.
Т.В.Габрусь, С.П.Адамовіч, А.А.Ярашэвіч.
Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл і кляштар дамініканцаў. Інтэр’ер касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ШЫЦКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік сядзібна-паркавага мастацтва 18—19 ст. на паўд. ускраіне Мінска ў сутоках рэк Свіслач і Лошыца каля б.в. Лошыца 1-я. У комплекс уваходзілі сядзібны дом, капліца, дом аканома, вадзяны млын, будынак спіртзавода, гасп. пабудовы, пейзажны парк. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом на грэбені каля поймавай тэрасы. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якая складаецца з драўлянага 1-павярховага і прыбудаванага да яго тарца мураванага 2-павярховага аб’ёмаў. У дэкар. афармленні фасадаў выкарыстаны драўляныя разныя дэталі (слупы гал. ўвахода, аконныя ліштвы, карнізныя паясы і інш.). У інтэр’еры захаваліся ляпныя дэталі, абліцоўка сцен панэлямі з дубу, каляровая кафля. Перад гал. фасадам парадны партэр у форме няправільнага эліпса, абмежаваны пад’язнымі дарогамі; з процілеглага боку пакаты прыбярэжны спуск да лукавіны р. Лошыца. Асн. паркавы ўчастак з кальцавымі дарожкамі знаходзіцца перад паўн. тарцовым фасадам. У ім растуць экзоты (дуб пушысты, бяроза вішнёвая, магнолія кобус, лістоўніцы яп., сіб. і еўрап. і інш.).
У пісьмовых крыніцах в. Лошыца згадваецца з 1-й пал. 16 ст., належала кн. Талачынскім, з сярэдзіны 16 ст. — Гарнастаям. У 2-й пал. 16 ст. падзелена на Лошыцу-Гарнастаеўскую (з канца 16 ст. належала кн. Друцкім-Горскім) і Лошыцу-Адынцоўскую. У 1719 Лошыца з навакольнымі вёскамі перайшла да Прушынскіх. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзгорку побач з р. Лошыца і Свіслач пабудаваны вял.драўляны дом на каменным падмурку. У 1724 пабудаваны новы сядзібны дом — драўляны (частка сцен з цэглы), на каменным падмурку, накрыты гонтам (рэканструяваны ў пач. 1880-х г.). Паводле інвентара 1772, сядзіба ўяўляла сабой вял. комплекс з гасп. пабудовамі, млынам, на р. Лошыца быў стаў. У 2-й пал. 18 ст. паводле фундацыі С.Прушынскага пабудавана мураваная капліца ў стылі барока (Лошыцкая алтарыя). У пач. 19 ст. Лошыцу наведаў мастак Ю.Пешка, які пакінуў акварэль з выявай сядзібы; тут часта бываў В.Дунін-Марцінкевіч 3 1877 сядзіба перайшла да Любанскіх. У 1896 павялічаны бровар, у 1901 пабудаваны новы млын на Свіслачы. У 1922—25 тут была доследная гаспадарка Бел.дзярж. ін-та сельскай гаспадаркі. На яе базе па ініцыятыве М.І.Вавілава ў 1925 створана Бел. аддзяленне Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (дырэктар А.Я.Сюбараў). 23.2.1931 аддзяленне рэарганізавана ў Бел. занальную доследную станцыю плодаагародніцкай гаспадаркі. Адначасова створаны садова-агародны ін-т з аддзяленнямі садаводства, агародніцтва і перапрацоўкі пладоў і агародніны. 5.4.1956 у Лошыцкай сядзібе створаны Бел.НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва (у 1964 пераведзены ў Самахвалавічы, а ў Лошыцы пакінута яго доследная гаспадарка). У 1989 створана Лошыцкая садова-паркавая гаспадарка. Сядзібны дом з 1986 — філіял Нац.маст. музея Беларусі.
В.Р.Анціпаў, Т.І.Чарняўская, У.М.Дзянісаў.
Да арт.Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Капліца. Здымак 1920-х г.Да арт.Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Сядзібны дом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗІНО́,
горад у Беларусі, цэнтр Бярэзінскага р-на Мінскай вобл., прыстань на р. Бярэзіна. За 101 км ад Мінска, 50 км ад чыг. ст. Градзянка, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 13,3 тыс.ж. (1995). У Беразіно прадпрыемствы паліўнай, харч., лясной, лёгкай прам-сці. Помнік архітэктуры 19 ст. — сядзібны дом.
Упершыню ўпамінаецца ў 1501 як мястэчка ў Любашанскім старостве ВКЛ. З 1560-х г. у Мінскім пав., наз. Ніжняе Беразіно, належала Сапегам, з 1671 — Тышкевічам. У 1641 пабудаваны драўляны касцёл (у 1914 згарэў). З 1668 Беразіно мела прывілей на гандаль і штогадовы кірмаш. У час антыфеад. вайны 1648—51 тут адбыліся вял. баі. З 1793 у Пагосцкай вол. Ігуменскага пав.Рас. імперыі, належала Патоцкім. У 1-й пал. 19 ст. дзейнічала суконная мануфактура. У 1880 у Беразіно 3181 ж. Купцы з Беразіно гандлявалі дрэвам, пянькой, прадуктамі са смалы. З 1892 працавалі бровар, канатная ф-ка, млын. У 1897 — 4987 ж., нар. вучылішча, школа. У 1905 адбыліся забастоўкі рабочых і рамеснікаў. У лютым—снеж. 1918 акупіравана герм., са жн. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. У 1924—62 і з 1965 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. З 3.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі тут 1,2 тыс.чал.; дзейнічала падп. група. У 1962—65 у Чэрвеньскім р-не. З 7.3.1968 горад. У 1989 — 12,7 тыс.ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК,
помнік архітэктуры рэнесансу ў Мінску. Засн. ў 1641 на Высокім рынку (цяпер пл. Свабоды) А.Сялявам. Першая ігумення К.Сапега пералічыла манастыру 10 тыс. злотых. Напачатку манастыр размяшчаўся ў мураваных жылых дамах, пабудаваных у 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. Каля 1650 узведзены мураваны будынак манастырскага корпуса (выкарыстаны скляпы і сцены першапачатковых будынкаў) і прамавугольная ў плане капліца, аб’яднаная з царквой Св. Духа (гл.Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры). Корпус 2-павярховы П-падобны ў плане, меў высокі вальмавы дах з чарапіцы. Тарэц даху ў паўд.-ўсх. крыле быў выкананы ў выглядзе фігурнага шчыта (перароблены ў 19 ст.). Плоскасці сцен фасадаў пазбаўлены дэкору, рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Манастыр быў злучаны з капліцай крытай галерэяй, якая праходзіла над высокай мураванай сцяной (мела 3-пралётны праезд; разбурана ў сярэдзіне 19 ст.). Корпус быў злучаны з царквой Св. Духа. У інтэр’еры быў вял. залачоны драўляны алтар з абразамі Божай Маці, св. Базыля і Ісафата. На ПнУ знаходзіўся манастырскі двор з гасп. пабудовамі, абнесены сценамі. У 1795—99 вядомы як правасл. Петрапаўлаўскі манастыр. У 1-й пал. 19 ст. ў б. манастыры размяшчалася кансісторыя, з 2-й пал. 19 ст. — жылы дом (вул. Энгельса, 1). Будынак на рэстаўрацыі (1999).
У.М.Дзянісаў, Л.У.Іванова.
Корпус Мінскага Святадухаўскага манастыра базыльянак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КАСЦЁЛ ЕЗУІ́ТАЎ, Нясвіжскі касцёл Божага Цела, Нясвіжскі фарны касцёл,
помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1584—93 (арх. Дж.Бернардоні) на ўзор гал. храма ордэна езуітаў Іль Джэзу ў Рыме.
У 1510 у Нясвіжы па фундацыі П.Кішкі пабудаваны драўляны касцёл, у 1555 М.Радзівіл Чорны перадаў яго кальвіністам. У 1581 яго сын М.К.Радзівіл Сіротка пачаў будаваць мураваны касцёл, прызначаны для езуітаў. Будынак храма ў выглядзе грэч. крыжа ў плане (захаваўся чарцёж канца 16 ст.) не задавальняў езуітаў і ў 1586 па ініцыятыве віленскага біскупа Ю.Радзівіла быў разбураны. На месцы разбуранага пастаўлены новы мураваны касцёл — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з паўцыркульнай апсідай, па баках якой размешчаны 2-павярховыя прамавугольныя ў плане сакрысціі, і з 2 сіметрычна размешчанымі гранёнымі капліцамі, прыбудаванымі побач з крыламі трансепта. Бязвежавы гал. фасад вырашаны як самаст. сценка-шырма, завершаны трохвугольным франтонам. Інтэр’ер багата дэкарыраваны размалёўкай у тэхніцы грызайль. Фрэскі выкананы ў 1750—70-я г. з удзелам мастака К.Д.Гескага. У касцёле надмагіллі 17—19 ст. і фамільная пахавальня кн. Радзівілаў. Касцёл пабудаваны ў ансамблі з Нясвіжскай замкавай вежай, Нясвіжскім езуіцкім калегіумам. У 1747 у двары касцёла асобна пастаўлена капліца (арх. М.Педэці).
Т.В.Габрусь, У.А.Чантурыя.
Нясвіжскі касцёл езуітаў і Замкавая вежа (злева).Нясвіжскі касцёл езуітаў. Інтэр’ер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБКЛА́Д,
дэкаратыўная аздоба абраза ці кніжнага пераплёту. Найчасцей абклад рабілі з пазалочанай медзі або серабра, арнаментавалі чаканкай, філігранню, чарненнем, эмалямі, упрыгожвалі каштоўнымі камянямі. Існавалі абклады таксама з дрэва, маст. тканін, якія закрывалі адзенне, галаўныя ўборы (такія абклады наз. «шата»), радзей — фон на абразах. Узнікненне кніжных абкладаў са слановай косці адносяць да 7—8 ст., металічных — да 9—10 ст. На Беларусі вядомы сярэбраны абклад Лаўрышаўскага евангелля (14 ст.). Найб. пашырэнне тут атрымаў у 17—19 ст. У 17 ст. найчасцей абкладамі аздаблялі шанаваныя ці цудатворныя абразы (Брэст, Гродна, Мінск, Жыровічы, Лагішын і інш.). Значнымі маст. цэнтрамі, дзе ствараліся абклады, былі Вільня, Магілёў, Мінск, Пінск, Слуцк і інш. Іх рабілі бел. майстры Максім Сямёнаў (Куцень), Фёдар Мікулаеў і інш., якія працавалі ў Залатой і Сярэбранай палатах Маскоўскага Крамля (гл. ў арт.Аружэйная палата). Найб. вядомыя сярэбраныя пазалочаныя абклады да абразоў: «Маці Божая Бялыніцкая» (Нясвіжскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая з езуіцкімі святымі» (Ляхавіцкі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Адзігітрыя Смаленская» (Міёрскі р-н, 1774), медныя пасярэбраныя да абразоў «Пакланенне вешчуноў» (Браслаўскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Апека» (Пінскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Замілаванне» (Пінскі р-н, 1803), разны драўляны да абраза «Маці Божая Адзігітрыя» (Драгічынскі р-н, 2-я пал. 17 ст.) і інш.
Літ.:
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў / Скл. Н.Ф.Высоцкая. Мн., 1984. А.А.Ярашэвіч.
Абклад абраза Антонія Падуанскага. Астравецкі раён Гродзенскай вобласці. 18 ст.Абклад Евангелля з г.Ляхавічы. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК, Гродзенскі жаночы манастыр Раства Багародзіцы,
помнік архітэктуры барока. Засн. ў 1633 як уніяцкі пры Гродзенскай Прачысценскай царкве. Пазней базыльянкі пабудавалі тут драўляны храм Раства Багародзіцы і жылыя памяшканні. У 1720 пачата буд-ва мураванай царквы і жылых памяшканняў (арх. І.Фантана III) на сродкі уніяцкага мітрапаліта Л.Кішкі. У 1756 манастыр асвячоны. У 1843 пераўтвораны ў праваслаўны. Дзейнічаў да 1960; манашкі былі пераведзены ў Жыровічы. У 1978—85 адрэстаўрыраваны; у ім размяшчаўся Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. У 1992 аднавіў дзейнасць жаночы праваслаўны манастыр.
Уключае царкву Раства Багародзіцы, манастырскі і гасп. карпусы, капліцу, дом ігуменні. Царква — крыжова-купальны храм з выцягнутай прамавугольнай алтарнай часткай і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі. Гал. фасад дэкарыраваны пілястрамі, раскрапоўкамі, завяршаецца карнізам і трохвугольным франтонам. Купал на высокім барабане завершаны ліхтаром і цыбулепадобнай галоўкай. У інтэр’еры аб’ёмы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках. Будынак манастыра 2-павярховы, Г-падобны ў плане, завершаны 2-схільным дахам. Падоўжаным крылом ён прыбудаваны да царквы і ўтварае перад апсідай невял. дворык. Да ўсх. тарца манастыра ў 19 ст. прыбудавана прамавугольная ў плане капліца з 2-колерным вырашэннем фасадаў. Сцены раўнамерна расчлянёны лапаткамі, падзелены на 2 ярусы шырокім прафіляваным поясам і завершаны стылізаваным антаблементам з трыгліфамі на фрызе і зубчыкамі на карнізе. Інтэр’ер зальны з люстраным скляпеннем. Асн.гаспадарчы корпус (1891) 2-павярховы, прамавугольны ў плане, размешчаны ва ўсх. частцы комплексу.