ФРЭГА́Т (ад франц. frégate і італьян. fregata),

1) у парусным ваен. флоце 17—1-й пал. 19 ст. драўляны 3-мачтавы карабель для разведкі і канвойнай службы. Меў 2 батарэйныя палубы (закрытую і адкрытую), да 60 гармат і большую скорасць, чым лінейны карабель. Выкарыстоўваўся ў час Крымскай вайны 1853—56, грамадз. вайны 1861—65 у ЗША і інш. 2) У 2-ю сусв. вайну баявы карабель, аналагічны вартавому (Вялікабрытанія), пераходны тып паміж крэйсерам і эскадраным мінаносцам (ЗША). Прызначаўся для процілодачнай і проціпаветр. абароны баявых караблёў і канвояў транспартаў. Меў артыл. і тарпеднае ўзбраенне.

3) Сучасны карабель у ВМС некат. дзяржаў для процілодачнай і проціпаветр. абароны. Водазмяшчэнне да 4000 т, мае ракетна-артыл. ўзбраенне і ўстаноўкі рэактыўных бомбакідальнікаў.

Літ.:

Михайлов М.А., Баскаков М.А. Фрегаты, крейсера, линейные корабли. М., 1986;

Данилов А.М. Линейные корабли и фрегаты русского парусного флота. Мн., 1996.

У.​Я.​Калаткоў.

Брытанскі фрэгат «Броадсвард». Канец 20 ст.
Фрэгат ВМС Індыі (праект 11356, вытворчасць Расіі). Пач. 21 ст.

т. 16, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)