поле сілы цяжару, сілавое поле, абумоўленае гравітацыйным прыцяжэннем Зямлі і цэнтрабежнай сілай, выкліканай яе сутачным вярчэннем. Нязначнае ўздзеянне на гравітацыйнае поле Зямлі аказвае таксама прыцяжэнне Месяца, Сонца, планет Сонечнай сістэмы і масы зямной атмасферы. Характарызуецца вытворнымі патэнцыялу сілы цяжару па нармалі (па адвеснай лініі) да геоіда і па каардынатных восях у кожным пункце зямной паверхні. Вытворная патэнцыялу сілы цяжару па нармалі да геоіда вызначае паскарэнне свабоднага падзення, якое вымяраецца ў галах (1 Гал = 1 см/с2). Адрозніваюць гравітацыйнае поле Зямлі: нармальнае, анамальнае і варыяцыі.
Нармальнае гравітацыйнае поле Зямлі абумоўлена прыцягненнем масы аднароднага эліпсоіда, паверхня якога блізкая да геоіда. Вагаецца ад 978 Гал на экватары да 983 Гал на полюсах. Анамальнае гравітацыйнае поле Зямлі выклікана неаднароднасцямі будовы Зямлі, гал.ч. яе верхняй абалонкі — літасферы. На раўнінных месцах знаходзіцца ў межах некалькіх дзесяткаў мілігал, у гарах і на астравах акіянаў анамаліі могуць дасягаць сотняў мілігал. Варыяцыі гравітацыйнага поля Зямлі ў часе звязаны з размяшчэннем Месяца адносна Зямлі і Зямлі адносна Сонца, а таксама з тэктона-фіз. працэсамі, што працякаюць на вял. глыбінях у нетрах Зямлі. Месячна-сонечныя перыядычныя варыяцыі гравітацыйнага поля Зямлі ў часе — да 1 мГал, варыяцыі поля тэктанічнага паходжання — 1—2 мГал за год. Гл. таксама Гравіметрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА-ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ (γ-выпрамяненне),
караткахвалевае эл.-магн. выпрамяненне з даўжынёй хвалі, меншай за 2∙10−10м. Узнікае пры распадзе радыеактыўных ядраў (гл.Радыеактыўнасць), тармажэнні хуткіх зараджаных часціц у рэчыве (гл.Тармазное выпрамяненне), сінхратронным выпрамяненні, а таксама пры анігіляцыі электронна-пазітронных пар і ў інш.ядз. рэакцыях. З прычыны кароткай даўжыні хвалі ў гама-выпрамяненні выразныя карпускулярныя ўласцівасці (гл.Комптана эфект, Фотаэфект), хвалевыя (дыфракцыя, інтэрферэнцыя) выражаны слаба.
Асн. характарыстыка гама-выпрамянення — энергія асобнага γ-кванта Eγ = hν, дзе h — Планка пастаянная, ν — частата выпрамянення. Пры пераходзе ядра атама з узбуджанага стану з энергіяй Ei у больш нізкі энергет. стан Ek выпрамяняецца γ-квант з энергіяй Eγ = Ei = Ek Eγ = Ei — Ek. У выніку гэтага гама-выпрамянення ядраў мае лінейчасты спектр. Натуральныя радыеактыўныя крыніцы даюць гама-выпрамяненню з энергіяй да некалькіх мегаэлектронвольтаў (МэВ), у ядз. рэакцыях атрымліваюцца γ-кванты з энергіяй да дзесяткаўМэВ, а пры тармазным выпрамяненні — да соцень МэВ і больш. Гама-выпрамяненне — адно з найбольш пранікальных выпрамяненняў (пранікальнасць залежыць ад энергіі γ-квантаў і шчыльнасці рэчыва).
Гама-выпрамяненне выкарыстоўваецца для выяўлення дэфектаў у вырабах і дэталях (гл.Дэфектаскапія), экспрэснага колькаснага вызначэння волава ў рудах, стэрылізацыі харч. прадуктаў, гаматэрапіі злаякасных пухлін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖДЖАВЫ́Я ЧЭРВІ, земляныя чэрві,
агульная назва 5 сям. кольчатых чарвей кл. алігахетаў, або малашчацінкавых кальчацоў. Каля 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у глебе, подсціле, буйныя віды рыюць хады глыб. да 8 м. На Беларусі 13 відаў, найб. пашыраны пашавы чарвяк (Nicodrilus caliginosus), малы чырвоны чарвяк, або малы выпаўзак (Lumbricus rubellus), эйзеніела чатырохгранная (Eiseniella tetraedra), гнаявы чарвяк (Eisenia foetida), вял. чырвоны выпаўзак (Lumbricus terrestris) і інш.
Даўж. 2 см — 3 м (Eisenia magnifica), шыр. да 20 мм. Цела цыліндрычнае, крыху сплясканае або чатырохграннае, светла-шэрае, зялёнае, вішнёва-чырвонае, чорна-бурае. Складаецца з 60—450 членікаў (сегментаў), на кожным з іх (акрамя першага) ад 8 да некалькіх дзесяткаў шчацінак, што дапамагаюць пры поўзанні і ўтрыманні ў нары. На пярэднім канцы цела паясок, што выдзяляе рэчыва, якое склейвае 2 асобіны пры спароўванні і ўтварае яйцавы кокан. Добра развітыя нерв., крывяносная, стрававальная, выдзяляльная і палавая сістэмы, органы дотыку, нюху, здольнасць да рэгенерацыі. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты. Актыўныя ноччу, днём выпаўзаюць з зямлі толькі пасля дажджу (адсюль назва). Сапрафагі. Жывяцца пераважна рэшткамі раслін. Рыхляць і ўзбагачаюць глебу мінер. рэчывамі, надаюць ёй устойлівую дробна-камякаватую структуру, спрыяюць аэрацыі і ўвільгатненню. Некаторыя — гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў жывёл і чалавека.
Дажджавыя чэрві: 1 — вялікі чырвоны выпаўзак; 2 — малы чырвоны; 3 — гнаявы; 4 — эйзеніела чатырохгранная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІХ МЯЦЕ́Ж 1508,
выступленне групоўкі феадалаў у ВКЛ, якую ўзначальваў М.Л.Глінскі з братамі Васілём і Іванам. Непасрэднымі падставамі для мяцяжу стаў канфлікт Глінскіх з групоўкай старой прыдворнай знаці (Радзівіламі, Кежгайламі, Забярэзінскімі) і імкненне Глінскага паказаць сябе абаронцам праваслаўя ў ВКЛ (хоць сам быў католікам). Вырашальную ролю адыграла Маскоўская дзяржава, якая падштурхнула яго да мяцяжу, абяцаючы сваю падтрымку. Глінскі меў намер стварыць ва ўсх. частцы ВКЛ асобнае княства з цэнтрам у Кіеве. Аб’ектыўна Глінскіх мяцеж у выпадку поспеху мог прывесці да далучэння гэтай тэрыторыі да Маскоўскай дзяржавы, як гэта было ў 1500 з Ноўгарад-Северскім і Чарнігаўскім княствамі. Мяцеж пачаўся ў Тураве, які належаў Глінскаму, і ахапіў пераважна ПдУ Беларусі і Кіеўшчыну, дзе яго падтрымалі кіеўскі ваявода В.Глінскі (брат М.Глінскага) і мазырскі намеснік Я.Івашанцэвіч. Глінскіх мяцеж адбыўся ў час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1507—08, у якой прыхільнікі Глінскіх дзейнічалі сумесна з маск. войскам у напрамку Бабруйск—Мінск, з наступным адыходам на Друцк—Оршу. Выступленне не было падтрымана шляхтай, таму Глінскія і некалькі дзесяткаў іх прыхільнікаў былі вымушаны ўцячы ў Маскву, страціўшы свае маёнткі ў ВКЛ. Вял.кн. маскоўскі Васіль III выкарыстаў Глінскіх мяцеж для заключэння выгаднага для яго перамір’я з ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБІ́ННЫ РАЗЛО́М,
разнавіднасць разрыўнога парушэння зямной кары. Уяўляе сабой працяглую на сотні і тысячы кіламетраў адносна вузкую (ад некалькіх сотняў метраў да дзесяткаў кіламетраў) і глыбокую зону рухомага сучлянення буйных блокаў, якое пранікае ў падысподнюю частку верхняй мантыі Зямлі.
Паводле сейсмічных паказчыкаў адрозніваюць разломы: звышглыбінныя (да 400—700 км), глыбокія (да 100—300 км) і ўласна зямной кары. Працягласць іх развіцця розная — да сотняў мільёнаў і больш за мільярд гадоў. Глыбінныя разломы адметныя радамі разнастайных расколін, зон крышэння, рассланцавання і дробнай прыразломнай складкавасцю. Маюць верт., гарыз. і нахіленыя асновы. Глыбінныя разломы падзяляюць зямную кару на асобныя буйныя блокі або глыбы, часта з’яўляюцца граніцамі асноўных тэктанічных элементаў літасферы. З глыбіннымі разломамі звязаны моцныя землетрасенні, павялічаныя цеплавыя патокі з зямных нетраў. Яны з’яўляюцца шляхамі пранікнення ў зямную кару магматычных руданосных і гідратэрмальных раствораў.
На Беларусі найб. выразныя глыбінныя разломы: Полацкі, Выжаўска-Мінскі, Стахоўска-Магілёўскі, Крычаўскі, Чачэрскі. Яны маюць вялікую працягласць і глыбіню, выцягнуты з ПдЗ на ПнУ, паралельныя адзін аднаму. Паміж імі размешчаны менш магутныя разломы зямной кары. У выніку тэр. разбіта на магутныя блокі, дзе верт. перамяшчэнне ўнутранай паверхні рухома-хвалевае. Характар паверхневых верт. зрухаў зямной паверхні вывучаецца з дапамогай геадэзічных назіранняў на геадынамічным палігоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНЫ ПО́ЯС, геасінкліналь,
выцягнутая рухомая зона зямной кары, якая ўзнікае на мяжы акіянскіх і кантынентальных літасферных пліт ці ў выніку рыфтагенезу і расшчаплення кантынентальных пліт. Даўж. дасягае дзесяткаў тысяч, шырыня — соцень (радзей тысяч) кіламетраў. Характарызуецца лінейным размеркаваннем фацый асадкаў і праяўлення магматызму, актыўнымі працэсамі складкаўтварэння, асобым тыпам мінералізацыі з утварэннем радовішчаў карысных выкапняў. Інтэнсіўная складкавасць і магматызм прыводзяць да метамарфізму горных парод. Поўны цыкл развіцця геасінклінальнага пояса звычайна адбываецца на працягу аднаго этапа тэктагенезу. На першых стадыях развіцця пераважае апусканне ўсяго пояса і назапашванне магутнай тоўшчы асадкавых і вулканічных парод. Потым узмацняецца інтрузіўная дзейнасць, што месцамі прыводзіць да складкаўтварэння. На заключных стадыях адбываюцца актыўныя тэктанічныя дэфармацыі, укараненне значных інтрузій кіслай магмы і гранітызацыя. Геасінклінальны пояс пераўтвараецца ў складкава-насоўныя горы, падзеленыя міжгорнымі і акаймаваныя перадгорнымі прагінамі. Геасінклінальныя паясы складаюцца з геасінклінальных абласцей, куды ўваходзяць асобныя геасінклінальныя сістэмы. Прыклад старажытнага геасінклінальнага пояса — Урала-Мангольскі, герцынскага этапу тэктагенезу; сучаснага — Ціхаакіянская ўскраіна Азіі з астраўнымі дугамі і ўнутр. морамі альпійскага этапу (гл.Ціхаакіянская геасінклінальная вобласць).
М.А.Нагорны.
Стадыі развіцця геасінклінальнага пояса: 1 — пачатковая; 2 — сталая; 3 — завяршальная; а — вада; б — зямная кара (А — асадкавы слой; Б — гранітны слой; В — базальтавы слой); в — мантыя; г — магматычныя ўтварэнні (інтрузіўныя і вулканічныя); д — асноўныя напрамкі вулканічных рухаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРМАЛО́ГІЙ, ірмалагіён, ірмалой, ермалой,
зборнік ірмосаў праваслаўнага богаслужэння. Як аднажанравая пеўчая кніга склаўся ў 10 ст. ў Візантыі. Яго структура падпарадкавана сістэме асмагласся; унутры кожнага гласу ірмосы размешчаны ў паслядоўнасці 9 песень канона, выкладзеных знаменным спевам. У Расіі існуюць І. богаслужэбны, з поўнымі слоўнымі тэкстамі канонаў, і пеўчы, які ўключае толькі ірмосы нядзельных і святочных канонаў, сядмічных службаў Актоіха і інш. песнапенні. Поўны І. уключае каля 1050 ірмосаў. Першыя друкаваныя зб-кі — «Ірмалагіён» (1700, Львоў) і «Ірмалогій нотнага спеву» (1772).
Найб. ранняе ўпамінанне пра бел. І. адносіцца да 15 ст. У канцы 16 ст. на Беларусі і Украіне склаўся тып паўд.зах. І. ў ноталінейным выкладанні. Ён значна багацейшы ў жанравых адносінах, акрамя ірмосаў уключае святочныя песнапенні ўсяго царк. гадавога круга, у т. л. з Актоіха, Святаў і Абіходу, выкладзеныя знаменным, кіеўскім, балг. і мясц. спевамі. Захавалася некалькі дзесяткаўбел. аднагалосых І. 16—18 ст. і больш позніх. Яны вылучаюцца дэмакратызмам, імкненнем да індывідуалізацыі, часам выяўленчасцю мелодыі, выкарыстаннем муз. сімволікі. Вядомы Супрасльскі І. (1598—1601), магілёўскія, віцебскія, віленскія, куцеінскія, нова-іерусалімскія, жыровіцкія, слуцкія і інш. І., выкладзеныя нац.мясц. спевамі, што сведчыць пра існаванне ў тагачаснай Беларусі шматлікіх пеўчых школ. Бываюць І. практычнай накіраванасці (простыя, без аздаблення) і святочныя (па-мастацку аформленыя, багата ўпрыгожаныя застаўкамі, ініцыяламі, мініяцюрамі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУ́К,
прасторавая кампазіцыя з саломы, папяровых кветак, зерняў лубіну, фасолі і інш.; традыц. ўпрыгожанне інтэр’ера бел.нар. жылля. П. падвешвалі над сталом (лічылася, што ён прыносіць шчасце). Найб. пашыраны з саломы (шарападобныя, рамбічныя і зорчатыя). Шарападобныя рабілі з саломінак (часта з каласкамі), якія разыходзіліся ва ўсе бакі ад цэнтра (напр., утыкаліся ў бульбіну). Канцы саломінак аздаблялі кветкамі з паперы ці пер’я, зоркамі з фольгі і інш. У аснове рамбічнага П. 8-гранная фігура з 12 саломінак аднолькавай даўжыні. Унутры і да яго вуглоў падвешвалі П. меншых памераў (часта да некалькіх дзесяткаў), саламяныя ці папяровыя ланцужкі, кветкі з рознакаляровай паперы ці пер’я, абгорнутыя фольгай мяцёлкі аўса і інш. Разнавіднасць рамбічнага П., — жорсткая канструкцыя са змацаваных паміж сабою васьміграннікаў аднолькавых памераў. Зорчатыя П. мелі плоскую канструкцыю з саломінак у выглядзе шматпялёсткавай разеткі. Бытавалі таксама П. накшталт абажура: да абруча з лазы ці дроту падвешвалі гірлянды з зярнят фасолі, гароху, лубіну, начэпленых на ніткі. Арыгінальны П. пач. 20 ст. з гірляндаў кудзелі і кутасоў. Выйшлі з нар. ўжытку ў 1950-я г. Вырабляюцца сувенірныя П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАКГА́ЎЗА І ЭФРО́НА ЭНЦЫКЛАПЕДЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
самая вял. руская дарэв. універсальная энцыклапедыя. Першае выданне ажыццёўлена ў 1890—1907 у Пецярбургу ў 82 асноўных і 4 дадатковых паўтамах; першыя 8 т. пад рэд. І.Я.Андраеўскага, астатнія пад рэд. К.К.Арсеньева і Ф.Ф.Петрушэўскага; 2-е выд. пад назвай «Новы энцыклапедычны слоўнік», выйшла ў 1911—16 (выдадзена 29 тамоў з 48).
Для выпуску Бракгаўза і Эфрона «Энцыклапедычнага слоўніка» ням. выдавецкай фірмай Ф.А.Бракгаўза і рас. выдаўцом і кнігагандляром І.А.Эфронам у 1889 створана выд-ва (пазней акц.т-ва; існавала да 1930). Першае выданне слоўніка ўключае некалькі дзесяткаў тысяч энцыклапедычных артыкулаў, ілюстраваных малюнкамі, фотаздымкамі, картамі. На пач. кожнага паўтома даецца спіс яго найб. значных артыкулаў, у 82-м паўтоме — спіс пачатковых і канцавых артыкулаў па тамах і паўтамах, поўны спіс асоб, якія прымалі ўдзел у складанні слоўніка (больш за 700 прозвішчаў), 285 фотаздымкаў супрацоўнікаў выд-ва, якія працавалі над ім. Дадатковыя паўтамы (83—86) змяшчаюць інфармацыю, якая па розных прычынах не трапіла ў асн. тамы. У канцы 86-га паўтома надрукаваны вял. энцыклапедычны нарыс «Расія».
Выд-ва «Вялікая Расійская энцыклапедыя» (Масква) з 1991 выдае 12-томны «Энцыклапедычны слоўнік. Бракгаўз і Эфрон: Біяграфіі» (т. 1—5, 1991—94), у якім рэпрынтным спосабам узнаўляюцца каля 40 тыс. біяграфій з першых двух выданняў слоўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫЗО́НТ [ад грэч. horizōn (horizontos) літар. які абмяжоўвае],
1) уяўная лінія, па якой здаецца, што неба мяжуе з зямной паверхняй (бачны гарызонт). Павялічваецца з вышынёй месца назірання. На вышыні вока дарослага чалавека ва ўмовах раўніны складае 4,5—5 км. Гарызонт таксама наз. частка зямной паверхні, якая назіраецца на адкрытай мясцовасці. Сапраўдны (матэматычны) гарызонт — вял. круг нябеснай сферы, плоскасць якога перпендыкулярная да адвеснай лініі ў месцы назірання.
2) У геалогіі рэгіянальнае стратыграфічнае падраздзяленне, якое аб’ядноўвае на пэўнай плошчы аднаўзроставыя слаі і світы. Вылучаецца паводле пастаянства палеанталагічнай характарыстыкі з улікам літалагічных, фацыяльных і інш. асаблівасцей. Мае прыкладна аднолькавую магутнасць у межах пашырэння (ад дзесяткаў да соцень і больш метраў). Адпавядае звычайна ярусу або яго частцы агульнай стратыграфічнай шкалы. Мае геагр. назву, якую атрымлівае ад наймення найб. поўнай і вывучанай світы або апорнага (стрататыповага) разрэзу. У чацвярцічнай геалогіі гарызонт ахоплівае адклады ледавіковай (напр., у Беларусі бярэзінскі, нараўскі) або міжледавіковай (александрыйскі, белавежскі) эпох.
3) У горнай справе гарызонт — сукупнасць горных вырабатак на адным узроўні, у якіх вядуцца горныя работы. У шахтах вылучаюць гарызонт адкатачны (для перамяшчэння грузаў і людзей), вентыляцыйны выпуску (выпуск адбітай пароды), падсечкі (агаленне і абрушэнне горнага масіву) і скрэперавання (дастаўка карыснага выкапня на пагрузку). Пры адкрытай здабычы карысных выкапняў на гарызонт устанаўліваюць асн. горнае абсталяванне для распрацоўкі аднаго ўступа. Гл. таксама Ваданосны гарызонт, Маркіроўны гарызонт.
Да арт.Гарызонт. Расшырэнне бачнага гарызонту з павышэннем пункта назірання.