СТА́ТАК,
група дзікіх млекакормячых аднаго віду з узаемазвязанымі паводзінамі, якія захоўваюць блізкасць адзін да аднаго і маюць аднолькавы рытм актыўнасці і напрамак руху. Утварэнне С. характэрна для кітападобных, капытных, прыматаў, сумчатых, некат. драпежных. Склад С. (паводле ўзросту і полу) і памеры непастаянныя (у адрозненне ад сям’і, гарэма). Макс. памеры вызначаюцца магчымасцямі ўзаемнай каардынацыі паводзін, у кітоў і прыматаў — некалькі дзесяткаў асобін, у капытных (паўн. алені, сайгакі, гну) — сотні і тысячы. Найб. буйныя С. ўтвараюцца ў час сезонных міграцый. У С. перайманне пераважае над свабодным прыняццем рашэння, што характэрна для адзіночных жывёл. Складаныя іерархія і сістэма сувязей паміж асобінамі ў С. прыматаў. У капытных іерархія вызначаецца памерамі цела, рагоў. У жывёлагадоўлі С. — група с.-г. жывёл, сфарміраваная ў гаспадарцы для асобнага ўтрымання, адкорму і пасьбы. С. авечак — атара, С. коней — табун. У гадоўлі буйн. раг. жывёлы вылучаюць С. дойныя, нагульныя (гурт), цялят, маладняку.
т. 15, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)