ШАРВА́РКІ,
натуральныя павіннасці па будаўніцтве і рамонце замкаў, дарог, мастоў, грэбляў, плацін, млыноў і інш. дзярж. і панскіх збудаванняў, ачыстцы берагавых палос суднаходных рэк у ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі ў 15—1-й трэці 20 ст. Ш. не ўваходзілі ў склад паншчыны, іх памер не быў аднолькавы ў розных мясцовасцях; у 1-й пал. 19 ст. на Беларусі складаў да 24 і болей рабочых дзён у год з сял. двара. Найб. пашыранай інвентарнай нормай было 12 рабочых дзён у год з двара. Пасля сялянскай рэформы 1861 цяжар Ш. значна павялічыўся з прычыны таго, што дарожныя ўчасткі часта замацоўвалі за сельскай грамадой за некалькі дзесяткаў вёрст ад паселішчаў, а сяляне абавязаны былі папраўляць дарогі пераважна ў час палявых работ. Дарожную павіннасць несла амаль выключна сялянства. Ш. ў 1921—39 існавалі ў Зах. Беларусі.
В.П.Панюціч.
т. 17, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)