Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАСФЕ́РА (ад літа... + сфера),
знешняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая ўключае зямную кару і верхнія ўчасткі мантыі да паверхні астэнасферы. Тэрмін «Л» прапанаваў амер. геолаг Дж.Барэл у 1916. Магутнасць Л. ад 5—100 км пад акіянамі (мінім. пад сярэдзінна-акіянічнымі хрыбтамі) да 25—200 км пад кантынентамі (макс. пад шчытамі стараж. платформаў). Падзяляецца на верхні пругкі (магутнасць некалькі дзесяткаў кіламетраў) і ніжні пластычны слаі. На розных узроўнях у тэктанічна актыўных абласцях назіраецца расслоенасць Л. па гарызонтах паніжанай вязкасці (паніжанай скорасці сейсмічных хваль). Найб. буйныя структурныя адзінкі Л. — літасферныя пліты (памерамі ў папярочніку 1—10 тыс.км). У сучасную эпоху Л. падзелена на 7 галоўных (2 амерыканскія, еўраазіяцкую, афр., аўстрал., антарктычную і ціхаакіянскую) і некалькі больш дробных пліт. Граніцы пліт з’яўляюцца зонамі макс. тэктанічнай, сейсмічнай і вулканічнай актыўнасці. Паводле тэорыі тэктонікі пліт (гл.Вегенера гіпотэза, Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы) літасферныя пліты рухаюцца па астэнасферы са скорасцю да дзесяткаў сантыметраў за год. Вертыкальныя рухі (са скорасцю ад 1 см да некалькіх дзесяткаў сантыметраў за год) адбываюцца па сістэме субвертыкальных глыбінных разломаў, якія разбіваюць літасферныя пліты на блокі памерамі ад дзесяткаў да соцень кіламетраў. Блокі знаходзяцца ў стане, блізкім да ізастатычнай раўнавагі (гл.Ізастазія). Структуру і рухі літасферных пліт і блокаў вывучаюць геадынаміка, геафізіка, тэктоніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬМЕ́Н (франц. dolmen ад брэтонскага tol стол + men камень),
старажытнае пахавальнае збудаванне, адзін з відаў мегалітычных збудаванняў. Складзены з вялізных каменных глыб і пліт да некалькіх дзесяткаў тон, пастаўленых вертыкальна і накрытых адной або некалькімі плітамі зверху. Найчасцей у Д. рэшткі некалькіх памерлых з каменнымі або бронзавымі прыладамі і ўпрыгожаннямі. Некат. Д. выкарыстоўваліся для пахаванняў на працягу дзесяткаў і нават соцень гадоў. Пашыраны ў прыморскіх абласцях Паўн. Афрыкі, Еўропы, у т. л. на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа і ў Крыме (бронзавы век), і Азіі (жалезны век).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКЦЫ́ЙНАЯ ШПУ́ЛЯ,
прылада для пераўтварэння пастаяннага (або пераменнага) току нізкага напружання ў пераменны ток высокага напружання. Першая канструкцыя І.ш. зроблена ням. вучоным Г.Румкарфам у 1852.
Мае першасную абмотку з некалькіх дзесяткаў (ці соцень) віткоў тоўстага дроту і другасную абмотку з некалькіх дзесяткаў тысяч віткоў тонкага дроту. Абедзве абмоткі насаджаныя на агульны ферамагн. стрыжань, зроблены з тонкіх эл. ізаляваных адзін ад аднаго лістоў або пруткоў. Першасная абмотка далучаецца да крыніцы сілкавання праз перарывальнік, які перыядычна замыкае і размыкае эл. ланцуг. З прычыны эл.-магн.індукцыі ў другаснай абмотцы ўзнікае эрс высокага напружання. Выкарыстоўваецца ў сістэмах батарэйнага запальвання, а таксама ў навуч. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГІ́ШЦІ I (1-я пал. 8 ст. да н.э.),
цар Урарту. У час яго праўлення Урарту ператварылася ў магутную дзяржаву Б. Усходу. Пакінуў некалькі дзесяткаў клінапісных надпісаў пра перамогі над Асірыяй і будаўніцтва гарадоў Аргішціхінілі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВА́Л,
выцягнутае ўзвышша з плоскай або злёгку пукатай вяршыняй і спадзістымі схіламі без выразнага падножжа. Адносная выш. звычайна некалькі дзесяткаў метраў, часам да 150—200 м, значна расчлянёны, звычайна ўкрыты лясамі. Бываюць тэктанічнага, эразійнага, ледавікова-акумулятыўнага і інш. паходжання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАРЭЛЬЕ́Ф [ад мез(а)... + рэльеф],
форма рэльефу, сярэдняя па памерах паміж формамі макрарэльефу і мікрарэльефу з амплітудамі вышынь, якія не перавышаюць звычайна некалькіх дзесяткаў метраў (невял. грады, камы, озы, лагчыны, дзюны, гразевыя вулканы і інш.). Створаны пераважна экзагеннымі працэсамі (акумуляцыя, эрозія, дэфляцыя і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТОК (ням. Stock літар. — палка, ствол) у геалогіі, інтрузіўнае цела адносна невял. памераў у сячэнні (часам да некалькіх кіламетраў), працяглае на глыбіню, з формай, блізкай да цыліндрычнай. Рудны Ш. — цела суцэльных або амаль суцэльных руд (да дзесяткаў метраў у папярочніку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАСО́МА,
немембранная арганела клеткі ўсіх жывых арганізмаў, якая складаецца з РНК і бялку; элементарны апарат сінтэзу бялковых малекул. Падзяляюцца на цытаплазматычныя і мітахандрыяльныя. Асн. функцыя Р. — зборка бялковых малекул з амінакіслот, якія дастаўляюцца трансп. РНК. У клетцы да некалькіх дзесяткаў мільёнаў Р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРСТ (ням. Horst літар. гняздо),
прыўзняты, звычайна выцягнуты ўчастак зямной кары, абмежаваны крута нахіленымі разрывамі — скідамі або ўскідваннямі. Бывае просты горст (абмежаваны двума) і складаны (некалькімі скідамі або ўскідваннямі), шыр. да многіх дзесяткаў, даўж. да соцень кіламетраў. Схілы горста могуць быць укрыты асадкавымі пародамі.