КРАСНАПО́ЛЛЕ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл., у вярхоўі р. Тур’я і на правабярэжжы р. Маластоўка. За 109 км ад Магілёва, 51 км ад чыг. ст. Камунары на лініі Крычаў—Унеча. Вузел аўтадарог на Чэрыкаў, Касцюковічы, Чачэрск, Слаўгарад. 5,9 тыс. ж. (1998).

Вядома з 1784 як мяст. Маластоўка Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цэнтр Краснапольскай вол. Назву атрымала ад суседняга маёнтка за 1 км ад мястэчка. У 1890 у К. 2310 ж., 412 дамоў, царква, 3 гарбарні, 9 маслабойняў, бровар, млын, аптэка, 60 крам, 4 кірмашы ў год. Належала графам Бенкендорфам. У 1898—3248 ж. З 1924 цэнтр Краснапольскага раёна Калінінскай, з 1927 — Магілёўскай акругі. З 27.9.1938 гар. пасёлак, раённы цэнтр Магілёўскай вобл. У 1939—3572 ж. З 15.8.1941 да 1.10.1943 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 1302 чал., дзейнічала Краснапольскае патрыятычнае падполле.

Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў прам-сці. 2 сярэднія і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў, Магіла ахвяр фашызму. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. К. знаходзіцца ў зоне, што пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). У 1996 устаноўлены помнік «Чорная быль Краснапольшчыны».

Цэнтральная плошча гарадскога пасёлка Краснаполле.

т. 8, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІКЛІ́НІКА (ням. Poliklinik ад грэч. polis горад + klinikē лячэнне),

шматпрофільная ці спецыялізаваная лячэбна-прафілактычная ўстанова, якая забяспечвае насельніцтва кваліфікаванай мед. дапамогай у самой установе і дома; асн. звяно першаснай мед.-сан. дапамогі. Ахоплівае больш за 80% насельніцтва. Паводле функцый П. падзяляюць на гар. (для дарослых, падлеткаў, дзяцей, студэнтаў), цэнтр., раённыя, гарнізонныя, курортныя і інш. Пры абл. і рэсп. бальніцах, клініках мед. ін-таў, НДІ ствараюцца кансультацыйныя П.; функцыянуюць і спец. П. (стаматалагічныя, фізіятэрапеўт. і інш.). Бываюць самаст. ці ў складзе аб’яднання з бальніцай. Маюць рэгістратуру, лячэбна-прафілакт., дыягнастычныя і інш. аддзяленні. Ствараюцца тэр. мед. аб’яднанні, куды ўваходзіць П. для дарослых, дзіцячая, жаночая кансультацыя з акушэрска-тэрапеўт. і педыятрычнымі комплексамі (сям’ю абслугоўвае ўрач-тэрапеўт, педыятр і акушэр-гінеколаг). Есць гасп.-разліковыя П.

Ажыццяўляе комплекс прафілакт. мерапрыемстваў па аздараўленні насельніцтва і папярэджанні захворванняў, вызваляе хворых ад працы, праводзіць мед.-сан. экспертызу з прызнаннем устойлівай непрацаздольнасці, накіроўвае на шпіталізацыю, санаторна-курортнае лячэнне, праводзіць дыспансерызацыю, проціэпідэмічныя мерапрыемствы (напр., прышчэпкі) і інш.

На Беларусі 557 самаст. П. і амбулаторый, у т. л. 146 гар., 411 сельскіх; 695 паліклінічных аддзяленняў бальніц і радзільных дамоў, у т. л. 300 гар., 395 у сельскай мясцовасці, 77 стаматалагічных П., 367 дзіцячых (1998).

Э.​А.​Вальчук.

т. 11, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ РА́ТУША.

Існавала ў 17—20 ст. у Магілёве. У канцы 17 ст. ратуша — мураваны 2-павярховы будынак з 8-граннай 5-яруснай вежай пасярэдзіне гал. фасада. У 1679—81 пад кіраўніцтвам майстра Феські збудаваны прамавугольны ў плане (28 × 10,5) будынак ратушы. У 1682—86 майстрам Крузбергам з Быхава ўзведзена вежа на выш. каля 26 м (абвалілася). У 1692 майстрам Ігнатам з арцеллю ўзведзена новая вежа выш. да 38 м, якая стала верт. дамінантай горада. Вежа 5-ярусная, завяршалася гранёным купалам са шпілем, мела балкон з метал. кратамі, вял. гадзіннік. Аконныя праёмы з невял. круглаватымі шыбамі мелі прыгожыя алавяныя рамы-аканіцы. Гал. і дваровы ўваходы вылучаліся ганкамі. Будынак накрыты плоскай чырвонай дахоўкай, аздоблены пазалочанымі флюгерамі-ветранікамі на франтоне, на дахах ганкаў і на вежавым шпілі. У 1773 ратуша капітальна перабудавана, дах накрыты бляхай. Гарыз. пояс падзяляў сцяну будынка на 2 ярусы: 1-ы руставаны, аконныя праёмы 2-га мелі абрамленні. Архітэктура фасадаў стала адпавядаць архітэктуры дамоў губернатара і віцэ-губернатара, узведзеных побач у стылі класіцызму. Да будынка прылягаў гасціны двор. У час Вял. Айч. вайны моцна пашкоджана, у 1957 знесена. Паводле архіўных і археал. матэрыялаў створаны праект адбудовы ратушы.

А.​А.​Трусаў.

Магілёўская ратуша. Фота пач. 20 ст.

т. 9, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРЦЯЛІ́ШКІ,

вёска ў Гродзенскім р-не. Цэнтр сельсавета і с.-г. калект. прадпрыемства «Прагрэс». За 13 км на У ад г. Гродна, 8 км да чыг. ст. Аульс. 3108 ж., 1042 двары (1996). Торфабрыкетны з-д «Верцялішкі». Школы сярэдняя і мастацтваў, 2 б-кі, Дом культуры, басейн, стаматалагічная паліклініка, цэнтр дыягностыкі захворванняў, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Мемарыяльны комплекс на брацкай магіле сав. воінаў.

Адзін з буйнейшых на Беларусі добраўпарадкаваных аграрна-прамысл. пасёлкаў. Забудоўваецца паводле генплана 1967 (БелНДІдзіпрасельбуд; карэкціроўка 1980, арх. В.​Емяльянаў, Г.​Заборскі і інш.). Арх.-планіровачную структуру вызначаюць вул. Маладзёжная (уздоўж шашы Гродна—Астрына) і Юбілейная (ідзе ў зону індывідуальных жылых дамоў). Цэнтр кампазіцыі — прамавугольная ў плане плошча, забудаваная 1-, 2-, 3-павярховымі дамамі, дзе размешчаны грамадска-адм. і культ.-гандл. ўстановы. У цэнтры — дэкар. вадаём з фантанам. Ансамбль завяршае 4-павярховы жылы дом. Усе грамадскія і жылыя (2-павярховыя 4- і 8-кватэрныя, 1—2-кватэрныя ў 2 узроўнях, 4—5-павярховыя) будынкі пастаўлены па эксперым. і палепшаных тыпавых праектах. Пры добраўпарадкаванні шырока выкарыстаны малыя арх. формы, дэкар. дрэвы, газоны, кветнікі і інш. Вытв. зона — у паўн.-зах. ч. вёскі. За распрацоўку праекта і забудову вёскі прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1971. Паводле генплана 1988 (арх. Емяльянаў, Т.​Галіёта) прадугледжана развіццё Верцялішак з процілеглага боку аўтадарогі Гродна—Астрына.

Верцялішкі. Фрагмент забудовы цэнтра.

т. 4, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗІ́ШЧА,

гарадскі пасёлак у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., у вярхоўі р. Сэрвач. На аўтадарозе Баранавічы—Навагрудак. За 25 км ад г. Баранавічы, 2,5 тыс. ж. (1996).

У сярэдзіне 13 ст. Гарадзішча ў складзе ВКЛ, з 2-й пал. 15 ст. велікакняжацкі двор. У 1494 тут заснаваны касцёл. З канца 15 ст. ў розны час уладанне кн. Сямёна Бельскага, вял. княгіні Алены Іванаўны, Няміравічаў, Давойнавічаў, Карыцкіх, Гастомскіх, Хадкевічаў, Каменскіх, Зяновічаў, Л.​Паца, Бухавецкіх. З 1793 мястэчка ў Рас. імперыі, з 1795 цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1798 у Гарадзішчы уніяцкая царква, касцёл, якія ў 1839 і 1864 пераўтвораны ў правасл. цэрквы. У 1893 у Гарадзішчы 747 ж., сельскае вучылішча, 2 царквы, сінагога, 5 яўр. малітоўных дамоў, багадзельня, цагельня, 12 крам, 2 кірмашы штогод. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Гарадзішчанскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Гарадзішчы больш за 4 тыс. чал. З 1962 у Баранавіцкім р-не. У 1989 у Гарадзішчы 2,9 тыс. ж.

Прадпрыемствы харч. прам-сці, камбінат быт. абслугоўвання. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (1764), касцёл (18 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 5, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖА АБАРО́НА 1706.

Адбылася ў сак.—маі ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21. У пач. 1706 ваен. дзеянні з Польшчы перакінуліся на тэр. ВКЛ. Шведскі кароль Карл XII, стаўшы лагерам пад Гродна, пасылаў войскі нішчыць гарады і замкі прыхільнікаў караля польскага і вял. князя ВКЛ Аўгуста II Моцнага. У сак. 1706 атрад падпалк. Траўтветэра быў накіраваны ў Нясвіж, які належаў канцлеру ВКЛ К.​С.​Радзівілу. У горадзе акрамя радзівілаўскага гарнізона стаяла 2 тыс. ўкр. казакоў палк. Міхаловіча. 14.3.1706 Траўтветэр трыма батальёнамі драгун атакаваў горад. У вулічных сутычках быў забіты Міхаловіч і каля 300 казакоў. 500 казакоў зачыніліся ў езуіцкім калегіуме, авалодаць якім Траўтветэр не здолеў. Рэшта казакоў вяла агонь па шведах з гар. дамоў. Шведы падпалілі горад, у агні і сутычках загінула некалькі соцень казакоў, каля 180 здаліся. Добра ўмацаваны Нясвіжскі замак Траўтветэр не стаў штурмаваць і рушыў на Ляхавічы. 10.5.1706 у Нясвіж увайшлі войскі на чале з Карлам XII. У замку знаходзіўся гарнізон пад камандаваннем Балімана, з 200 чал. якога 90 былі прафесійнымі вайскоўцамі, астатнія — мяшчане і сяляне. Да Балімана былі пасланы Траўтветэр і ген.-ад’ютант Расенштэрн з патрабаваннем здаць замак. Не маючы надзеі на падтрымку, камендант выканаў патрабаванне. Шведы спалілі ваенны рыштунак з арсенала, патапілі захопленыя гарматы, каменданта і ўвесь гарнізон адпусцілі на волю. Замкавыя ўмацаванні былі разбураны, горад спалены, за выключэннем касцёлаў і кляштараў.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 11, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТА́ЎСКІ АРХІТЭКТУ́РНЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік горадабудаўніцтва 2-й пал. 18 ст. ў г. Паставы Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1760—80-я г. ў стылі барока з удзелам італьян. арх. Дж.​Сака на высокім узгорку берага р. Мядзелка. Быў адм., культ. і гандл. цэнтрам горада. Напачатку забудова была драўляная. На прамавугольнай у плане плошчы (295 × 93 м) цэнтр. месца займалі гандл. рады. На зах. баку плошчы размяшчаліся будынак канцылярыі і суда, абапал яго сіметрычна стаялі па 3 дамы рамеснікаў; іх фланкіравалі дом урача і гасцініца. На ўсх. баку паміж драўлянымі храмамі быў 2-павярховы з вежай будынак школы, на паўд. баку — карчма і сіметрычна ёй 2 аднолькавыя гасцініцы, на паўн. — аўстэрыя і 3 дамы рамеснікаў. Захаваліся дом урача, 3 дамы рамеснікаў, гасцініца, жылы дом. Дом урача — прамавугольны ў плане мураваны 2-павярховы будынак накрыты высокім вальмавым чарапічным дахам. Гал. фасад сіметрычна раскрапаваны нішамі і філёнгамі. Дамы рамеснікаў прамавугольныя ў плане, 1-павярховыя, з мансардамі, накрытыя 2-схільнымі чарапічнымі дахамі. Утвараюць суцэльную забудову. Гасцініца мае ідэнтычную з домам урача аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Жылы дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак. Сфарміраваны ў выніку аб’яднання і рэканструкцыі ў 19 ст. дамоў рамеснікаў. Гал. фасад атрымаў складаную асіметрычную кампазіцыю з высокімі ступеньчатымі атыкамі, спрошчанай крапоўкай сцен, шатровай вежачкай над адным з прамавугольных аконных праёмаў.

С.​Г.​Багласаў.

Пастаўскі архітэктурны ансамбль: 1, 2 — дамы рамеснікаў; 3 — дом урача.

т. 12, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУМЕНТА́ЛЬНЫ ЖЫ́ВАПІС,

творы жывапісу буйных памераў, звязаныя з архітэктурным асяроддзем; від манументальнага мастацтва. Адначасова творы М.ж. валодаюць і самаст. вобразным зместам, вырашаюць дэкар. задачы (наз. таксама манум.-дэкар. жывапісам). Да М.ж. адносяць вял. памераў карціны, пано, размалёўку, мазаіку, якія выконваюць у тэхніках фрэскі, а сэка, васковага жывапісу, сграфіта і інш. Спецыфіка М.ж. вымагае асаблівага ладу маст. форм: яснасці і лаканізму кампазіцыі, дакладнасці і абагульненасці малюнка, вял. колеравых плям, асаблівай прадуманасці ракурсаў і перспектывы з улікам успрыняцця з вял. адлегласці. Выкарыстоўваецца для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў, пашыраны ў культавым мастацтве.

Вядомы здаўна ў мастацтве Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Грэцыі, Рыма, Візантыі і інш. Пазней развіваўся ў рэчышчы адпаведных гіст. маст. стыляў, творчасці асобных майстроў і рэліг.-культурных традыцый народаў свету. Найб. росквіту дасягнуў у эпоху Адраджэння (работы Мазачыо, Рафаэля, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы і інш.). Высокім маст. узроўнем у перыяд барока вызначаліся творы Анібале Карачы, П’етра да Картоны, класіцызму — Ш.​Лебрэна, 19 ст. — Э.​Дэлакруа, П.​Пюві дэ Шавана, Ф.​Овербека, у 20 ст. — А.​Гаўдзі, М.​Дэні, Ф.​Лежэ, Д.​Сікейраса, Д.​Рыверы, М.​Урубеля, А.​Дайнекі і інш.

На Беларусі найб. стараж. ўзоры М.ж. датуюцца 11 ст. (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора і Полацкага храма-пахавальні). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца фрэскі Нясвіжскага касцёла езуітаў, Магілёўскага касцёла кармелітаў, Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплексу, мазаікі Баранавіцкага Пакроўскага сабора. У 1920—30-я г. пераважалі творы на тэмы, прысвечаныя сац. і эканам. зменам: размалёўкі ў Доме ўрада ў Мінску (М.​Лебедзева, І.​Фрэнк), кінатэатры «Мастацкі» ў Віцебску (В.​Волкаў, М.​Керзін, М.​Эндэ), пано ў будынку вакзала на чыг. ст. Негарэлае Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. (Волкаў) і інш. У 1940—41 мастакі І.​Давідовіч, Я.​Зайцаў, М.​Тарасікаў, Я.​Ціхановіч, М.​Манасзон выканалі шэраг пано ў інтэр’еры Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі ў Мінску. Сярод найб. значных работ 1950—60-х г. размалёўка плафона «Дружба народаў» у т-ры юнага гледача і пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел. т-ва дружбы з замежнымі краінамі І.​Ахрэмчыка і Давідовіча, пано «Палёт» Г.​Вашчанкі ў Палацы культуры тэкстыльшчыкаў, сграфіта «Маяк» А.​Кішчанкі і Г.​Гаркунова ў кінатэатры «Кіеў» у Мінску. Творы М.ж. 1970—90-х г. вызначаюцца шырокім выкарыстаннем алегорыі, метафары, сімволікі, зваротам да традыцый сусв. мастацтва: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» М.​Савіцкага ў Дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны, «Асветнікі» Вашчанкі ў Доме настаўніка, энкаўстыка «Стары і новы Вільнюс» С.​Катковай і З.​Літвінавай у кінатэатры «Вільнюс», мазаікі «Горад-воін», «Горад-будаўнік», «Горад навукі», «Горад культуры» на тарцах жылых дамоў у мікрараёне Усход-1, «Беларусь партызанская» на тарцы будынка гасцініцы «Турыст» Кішчанкі, на фасадзе царквы Усіх смуткуючых радасць В.​Барабанцава (усе ў Мінску); размалёўкі «Зямля Светлагорская» Вашчанкі ў вестыбюлі палаца культуры хімікаў, пано У.​Крываблоцкага на тарцах жылых дамоў у г. Салігорск Мінскай вобл.; «Эстафета пакаленняў» Савіцкага і Кішчанкі ў санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна); «Юнацтва» Я.​Кузняцова ў клініцы НДІ радыяцыйнай медыцыны «Аксакаўшчына» Валожынскага р-на Мінскай вобл.; пано «Песня пра Радзіму» Т.​Кіршчынай у Палацы нафтаперапрацоўчага завода ў г. Мазыр Гомельскай вобл. і інш.

т. 10, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІШКЕ́К,

горад, сталіца Кыргызстана. Размешчаны ў Чуйскай даліне каля падножжа Кіргізскага хр. 616 тыс. ж. (1993). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Вядучая галіна прам-сці — машынабудаванне (с.-г. машыны, электрарухавікі, кантрольна-вымяральныя прылады, ЭВМ і інш.). Развіта лёгкая (абутковая, камвольна-суконная, трыкат., швейная), хім., хіміка-фармацэўтычная, дрэваапр., харчасмакавая прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. АН Кыргызстана. 8 ВНУ, у т. л. ун-т. 4 т-ры. 4 музеі.

Засн. ў 1825 ханамі Какандскага ханства, пабудавана крэпасць Пішпек. У 1860 і 1862 крэпасць занята рас. войскамі і разбурана, у 1864 на яе месцы заснавана рас. ваен. паселішча. З 1878 Пішпек — павятовы горад. З 1918 ён у складзе Туркестанскай АССР, з 1924 цэнтр Кара-Кіргізскай (з 1925 Кірг.) аўт. вобласці РСФСР. У 1926 перайменаваны ў г. Фрунзе, стаў сталіцай Кіргізскай АССР, у 1936 — Кірг. ССР. З 1991 сталіца Кыргызстана пад назвай Бішкек.

Паводле плана 1872 Бішкек забудаваны прамавугольнай сеткай вуліц з невял. кварталамі пераважна глінабітных і сырцова-саманных дамоў. Планы рэканструкцыі (1939, 1948—58, 1971) развіваюць гіст. планіроўку, ствараюцца новыя раёны, паркавыя зоны. Сярод значных арх. збудаванняў: т-р оперы і балета (1955, арх. А.​Лабурэнка), б-ка імя М.​Г.​Чарнышэўскага (1962, арх. В.​Нусаў), музей выяўл. мастацтва (1974, арх. Ш.​Джэкшанбаеў і інш.), цырк (1976, арх. Л.​Сегал і інш.). Манумент Дружбы (1974, скульпт. Т.​Садыкаў, З.​Хабібулін, С.​Бакшэеў, арх. А.​Няжурын), манумент герою эпасу «Манас» (1981, скульпт. Садыкаў, арх. А.​Пячонкін).

Да арт. Бішкек. Манумент Дружбы. 1974.

т. 3, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫ́БІН,

гарадскі пасёлак, цэнтр Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. (з 1989), на р. Проня, на скрыжаванні аўтадарог на Магілёў, Горкі. Цэнтр Міхееўскага с/с і саўгаса. За 22 км на ПдУ ад Горак, 64 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 2580 ж., 1103 двары (1997).

У 16 ст. ў Мсціслаўскім ваяв. ВКЛ. Пацярпеў у час Паўн. вайны 1700—21. З 1772 у Рас. імперыі ў Магілёўскай губ. У 1784 цэнтр маёнтка Цеханавецкіх (да 1864), 657 ж., 181 двор, 25 крам, млын, царква. У 1830 заснавана вінакурнае прадпрыемства. У 1845 адбылося выступленне сялян супраць прыгоннага права. У 1880 цэнтр воласці Чавускага пав., 1080 ж., 250 дамоў, 30 крам, царква, валасное праўленне, лячэбніца, 2 млыны, школа, штогод праводзіўся кірмаш. З 1919 у Гомельскай губ., з 1922 у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у БССР, у 1924—31 і ў 1935—59 цэнтр Дрыбінскага раёна, потым у Горацкім р-не, цэнтр сельсавета. У ліп. 1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія стварылі тут лагер смерці, дзе загубілі 2469 чал. У 1943 спалілі 300 двароў, загубілі 380 жыхароў. Пасля вайны вёска адноўлена. У 1971—1817 ж, 531 двор. З 1989 зноў цэнтр Дрыбінскага р-на.

Маслазавод. Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры, бальніца, аптэка, паліклініка, аддз. сувязі. Царква, малітоўны дом. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі 2 стаянкі каменнага веку. Вядзецца буд-ва сац. інфраструктуры раённага цэнтра.

В.​М.​Князева.

т. 6, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)