НЯБЕ́СНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,

велічыні, заданнем якіх вызначаецца становішча свяціл і дапаможных пунктаў на нябеснай сферы. Усе сістэмы Н.к. сферычныя; адрозніваюцца выбарам асн. плоскасці і полюса. Вымяраюцца ў дугавых ці гадзінных адзінках.

У гарызантальнай сістэме асн. плоскасцю служыць плоскасць матэм. гарызонта NmS, полюсам — зеніт Z месца назірання. Зенітная адлегласць z (1-я каардыната) — дуга ZM верт. круга ад зеніту да свяціла; заўсёды дадатная, прымае значэнні ад 0° (для пункта зеніту) да 180° (для пункта надзіра). Замест z можна задаваць вышыню свяціла h — дугу mM вял. верт. круга ад матэм. гарызонта да свяціла; адлічваецца ад плоскасці гарызонта са знакам «+» у бачным паўшар’і нябеснай сферы і са знакам «−» — у нябачным (пад гарызонтам); прымае значэнні ад 0° да ±90°. Азімут A (2-я каардыната) — дуга Sm матэм. гарызонта ад пункта поўдня S да верт. круга, які праходзіць праз свяціла; вызначае становішча самога круга; адлічваецца ў бок сутачнага вярчэння нябеснай сферы — на З ад пункта поўдня, у межах 0+360°. Сістэма выкарыстоўваецца для непасрэднага вызначэння бачнага становішча свяціл пры дапамозе вугламерных інструментаў. У экватарыяльнай сістэме (1-я і 2-я) асн. плоскасць — плоскасць нябеснага экватара Q γ Q′, полюс — полюс свету Р. Каардынаты 1-й экватарыяльнай сістэмы: схіленне δ — дуга mM гадзіннага круга ад нябеснага экватара да свяціла; адлічваецца ад 0° да +90° да паўн. полюса і ад 0° да -90° да паўд. полюса; часам замест схілення задаюць палярную адлегласць p — дугу PM гадзіннага круга ад полюса да свяціла (р = 90°−δ); гадзінны вугал t — дуга Qm нябеснага экватара ад верхняга пункта Q (напрамак на Пд) да гадзіннага круга, які праходзіць праз свяціла; адлічваецца ў бок сутачнага вярчэння нябеснай сферы (на З ад пункта Q) у межах 0+360° ці 0+24 гадз. Сістэма выкарыстоўваецца ў практычнай астраноміі для вызначэння дакладнага часу. Каардынаты 2-й экватарыяльнай сістэмы: схіленне δ і прамое ўзыходжанне α — дуга γm нябеснага экватара ад пункта веснавога раўнадзенства да гадзіннага круга, які праходзіць праз свяціла; адлічваецца ў процілеглы сутачнаму вярчэнню нябеснай сферы бок у межах 0+360° ці 0+24 гадз. Сістэма выкарыстоўваецца для вызначэння зорных каардынат і складання каталогаў. Экліптычная сістэма: асн. плоскасць — плоскасць экліптыкі E γ E′, полюс — полюс экліптыкі П. Для вызначэння становішча свяціла M праводзяць праз яго і пункт П вял. круг — круг шыраты свяціла. Яго дуга LM ад экліптыкі да свяціла наз. экліптычнай шыратой β (1-я каардыната), адлічваецца ад экліптыкі ў напрамку яе Паўн. (са знакам «+») і Паўд. (са знакам «−») полюсаў. 2-я каардыната — экліптычная даўгата λ — дуга γL экліптыкі ад пункта веснавога раўнадзенства γ да круга шыраты свяціла; адлічваецца ў напрамку гадавога руху Сонца ў межах 0÷360° Каардынаты β і λ пунктаў нябеснай сферы не мяняюцца на працягу сутак і не залежаць ад месца назірання. У галактычнай сістэме асн. плоскасць праходзіць праз цэнтр Галактыкі паралельна плоскасці сіметрыі Млечнага Шляху; яна перасякае нябесную сферу па лініі галактычнага экватара BLB′; полюс — полюс Г адпаведнага вял. круга нябеснай сферы. Для вызначэння становішча свяціла M праводзяць праз яго і пункт Г вял. круг — круг галактычнай шыраты. Дуга LM гэтага круга ад галактычнага экватара да свяціла наз. галактычнай шыратой b (1-я каардыната); прымае значэнні ад 0° да + 90° (знак «−» адпавядае шыротам паўшар’я, дзе знаходзіцца Паўд. полюс свету). 2-я каардыната — галактычная даўгата l — дуга DL галактычнага экватара, якая адлічваецца ад пункта D перасячэння яго нябесным экватарам да круга галактычнай шыраты свяціла ў напрамку нарастаючых прамых узыходжанняў; прымае значэнні 0÷360° Экліптычныя і галактычныя каардынаты атрымліваюцца вылічэннем з экватарыяльных, якія вызначаюцца, як і гарызантальныя, непасрэдна з астр. назіранняў.

А.​А.​Шымбалёу.

Гарызантальная сістэма нябесных каардынат.
Экватарыяльная сістэма нябесных каардынат.
Экліптычная сістэма нябесных каардынат.
Галактычная сістэма нябесных каардынат.

т. 11, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННАГА ТО́КУ МАШЫ́НА,

электрычная машына для ўзаемнага пераўтварэння мех. энергіі вярчэння і эл. энергіі пастаяннага току, а таксама для пераўтварэння адной формы эл. энергіі ў другую. Можа працаваць у рэжыме электрычнага генератара, электрычнага рухавіка, пераўтваральніка электрычнага. Усе П.т.м. — калектарныя машыны.

Складаецца з нерухомай (індуктара) і рухомай (якара) частак, раздзеленых зазорам. У пазы якара ўкладваецца абмотка з паслядоўна злучаных секцый, якія электрычна злучаны з пласцінамі калектара. На індуктары замацоўваюцца полюсы з абмоткай узбуджэння, што стварае нязменны магн. паток. Пры вярчэнні якара ў адпаведнасці з законам электрамагнітнай індукцыі ў секцыі абмоткі якара індуктуецца пераменная эрс і калектарам з шчоткамі пераўтвараецца ў пульсоўную эрс. У вонкавым ланцугу, падключаным да шчотак, ток цячэ ў адным кірунку — ад дадатнай шчоткі да адмоўнай (адбываецца выпрамленне пераменнага току). Каб згладзіць пульсацыі выпрамленага току і атрымаць пастаянную эрс, абмотка якара збіраецца з вял. колькасці секцый, кожная з якіх далучаецца да адпаведнай калектарнай пласціны. Генератары пастаяннага току робяцца з незалежным узбуджэннем (сілкаванне абмоткі ўзбуджэння ад незалежнай крыніцы) ці з самаўзбуджэннем (ток паступае з якара генератара). Адпаведна спосабу злучэння абмоткі ўзбуджэння з абмоткаю якара адрозніваюць генератары паралельнага, паслядоўнага і змешанага ўзбуджэння. Рухавікі пастаяннага току, як і генератары, робяцца таксама з незалежным, паралельным, паслядоўным і змешаным узбуджэннем. Магутнасць П.т.м. ад доляў вата да дзесяткаў тысяч кілават, ккдз да 0,96. Выкарыстоўваюцца ў прам-сці (у пракатных станах, экскаватарах, станках, шахтавых пад’ёмніках, зварачных апаратах), на транспарце (электрапрывод суднаў, электравозаў, тралейбусаў, трамваяў) і інш.

Б.​І.​Фірага.

Пастаяннага току машына: а — прынцыповая схема (1 — пласціна калектара, 2 — шчотка, 3 — віток проваду на якары, 4 — нагрузка); б — калектарны генератар (1 — ротар, або якар; 2 — калектар; 3 — шчотка; 4 — статар; 5 — вентылятар).

т. 12, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРААКУМУЛЮ́ЮЧАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ (ГАЭС),

гідраэлектрычная станцыя, прызначаная для зняцця пікаў нагрузкі энергасістэмы. Складаецца з двух басейнаў (вадасховішчаў), размешчаных адзін над адным і злучаных трубаправодам. Прынцып дзеяння заключаецца ў ператварэнні эл. энергіі, атрыманай ад інш. электрастанцый, у патэнцыяльную (акумуляваную ў верхнім басейне) энергію вады з наступным ператварэннем яе зноў у эл. энергію. Дае магчымасць рэгуляваць на працягу сутак, тыдня, сезона дзеянне цеплавых, атамных і інш. станцый, выраўноўвае графік і павышае надзейнасць іх работы.

ГАЭС звычайна абсталёўваюць абарачальнымі гідраагрэгатамі. У часы малых нагрузак (напр., ноччу) пры сілкаванні ад энергасістэмы гідрагенератары працуюць як электрарухавікі і прыводзяць у дзеянне гідраўлічныя турбіны, якія са зменай напрамку вярчэння дзейнічаюць як помпы і перапампоўваюць ваду з ніжняга басейна ў верхні. Колькасць акумуляванай энергіі вызначаецца ёмістасцю верхняга басейна (можа быць штучным або прыродным, напр., возера) і рабочым напорам. У перыяды пікаў (максімумаў) нагрузкі назапашаная вада з верхняга басейна па трубаправодах паступае ў гідраагрэгаты, якія працуюць пры гэтым у генератарным рэжыме і выпрацоўваюць электраэнергію, аддаючы яе ў энергасістэму, а вада назапашваецца ў ніжнім басейне. Будаваць ГАЭС найб. мэтазгодна паблізу ад цэнтраў спажывання электраэнергіі і з як мага большым напорам. Першай у б. СССР дала ток Кіеўская ГАЭС магутнасцю 225 МВт і напорам 73 м (1970). Сярод буйнейшых ГАЭС: Загорская (Маскоўская вобл., Расія) — 1200 МВт, напор 100 м; Віяндэн (Люксембург) — 900 МВт, 280 м; Круахан (Вялікабрытанія) — 400 МВт, 440 м; Том-Сок (ЗША) — 350 МВт, 253 м; Хоэнвартэ-II (ФРГ) — 320 МВт, 305 м.

Літ.:

Гл. пры арт. Гідраэлектрычная станцыя.

У.​М.​Сацута.

Гідраакумулюючая электрастанцыя: а — разрэз; б — план; 1 — верхні вадаём; 2 — напорны вадавод (трубаправод); 3 — будынак электрастанцыі; 4 — ніжні вадаём; 5 — плаціна з вадаскідам.
Рэжымы работы гідраакумулюючай электрастанцыі: 1 — помпавы (перапампоўванне вады з ніжняга басейна ў верхні пры сілкаванні ад энергасістэмы); 2 — генератарны (рэжым звычайнай ГЭС з аддачай электраэнергіі ў энергасістэму).

т. 5, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я ЦЯЧЭ́ННІ, акіянічныя цячэнні,

паступальныя рухі водных мас у акіянах і морах. Абумоўлены дзеяннем сілы трэння, градыентамі ціску, прыліваўтваральнымі сіламі Месяца і Сонца, адхіляючай сілай вярчэння Зямлі і інш. Адны з першых звестак пра цячэнні апісаны стараж. грэкамі. Арыстоцель адзначаў цячэнні ў пралівах Керчанскі, Басфор і Дарданелы, Тэафраст — у Гібралтарскім праліве. Карфагеняне ведалі М.ц. ў паўн. ч. Атлантычнага ак. Назіранні за цячэннямі ў адкрытым акіяне праводзіў Х.​Калумб у час плавання ў Амерыку. М.ц. класіфікуюцца: паводле паходжання на дрэйфавыя цячэнні, градыентныя (уласна-градыентныя, якія ўзнікаюць у выніку нагонаў і згонаў вады каля берага, а таксама канвергенцыі і дывергенцыі марскіх плыней у адкрытым акіяне, і барыградыентныя — ад рэзкай змены атм. ціску), суспензійныя (у выніку дзеяння прыліваўтваральных сіл), кампенсацыйныя цячэнні і сцёкавыя (ад сцёку рэк), сейшавыя (пры сейшавых ваганнях узроўню вады); паводле ўстойлівасці цячэння — пастаянныя, перыядычныя (прыліўна-адліўныя), часовыя; паводле глыбіні размяшчэння — паверхневыя (да глыб. 10—15 м), глыбінныя, прыдонныя (магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў); паводле характару руху — меандруючыя (бесперапынныя хвалепадобныя выгіны, якія звязаны з рэльефам дна), прамалінейныя (пасатныя, якія звязаны з пастаяннымі вятрамі), цыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і рухаюцца супраць гадзіннікавай стрэлкі, у Паўд. — па гадзіннікавай стрэлцы), антыцыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і — па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. — супраць); паводле фізіка-хімічных уласцівасцей — цёплыя, халодныя (т-ра вады ў якіх вышэйшая або ніжэйшая за т-ру вод, якія іх акружаюць), салёныя, распрэсненыя (падзел умоўны). Самыя вял. М.ц.: Гальфстрым, Паўночна-Атлантычнае цячэнне, Антыльскае цячэнне, Канарскае цячэнне, Бразільскае цячэнне, Бенгельскае цячэнне — у Атлантычным ак.; Курасіо, Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне, Каліфарнійскае цячэнне, Усходне-Аўстралійскае цячэнне — у Ціхім ак. Сярод пастаянных М.ц. добра выяўлены таксама Паўночныя Пасатныя цячэнні, Паўднёвае Пасатнае цячэнне і Заходніх Вятроў цячэнне. М.ц. садзейнічаюць абмену водных мас, змене берагоў (разбурэнне, намыванне новай сушы), пераносу льдоў, моцна ўздзейнічаюць на клімат у розных частках зямнога шара і інш.

Г.​Я.​Рылюк.

т. 10, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБЕ́СНАЯ СФЕ́РА,

уяўная сфера адвольнага радыуса, на якую праектуюцца нябесныя свяцілы. Служыць для зручнасці вызначэння нябесных каардынат свяціл і вуглавых адлегласцей паміж імі.

На Н.с. і ўнутры яе фіксуюцца гал. лініі і пункты, адносна якіх праводзяцца ўсе вымярэнні вуглавых велічынь. Звычайна цэнтр Н.с. змяшчаюць у пункт знаходжання вока назіральніка. Прамая ZOZ′, якая праходзіць праз цэнтр O Н.с. і супадае з напрамкам ніткі адвеса ў месцы назірання, наз. вертыкальнай лініяй. Яна перасякае Н.с. ў пунктах зеніту (Z) і надзіра (Z′). Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с. перпендыкулярна вертыкальнай лініі, перасякае Н.с. па акружнасці SWNE, якая наз. матэматычным ці сапраўдным гарызонтам. Ён падзяляе Н.с. на бачную і нябачную паўсферы. Дыяметр РР’, вакол якога адбываецца вярчэнне Н.с., наз. воссю свету. Яна перасякае Н.с. ў Паўночным (P) і Паўднёвым (P′) полюсах свету. Вугал φ паміж воссю свету і плоскасцю гарызонта роўны геагр. шыраце месца назірання. Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с. перпендыкулярна восі свету, перасякае Н.с. па акружнасці QWQ′E, якая наз. нябесным экватарам. Ён падзяляе паверхню Н.с. на 2 паўшар’і — паўночнае і паўднёвае. Нябесны экватар перасякаецца з матэм. гарызонтам у 2 пунктах — пункце ўсходу (E) і пункце захаду (W). Плоскасць, што праходзіць праз вось свету і вертыкальную лінію, перасякае Н.с. па акружнасці PZQSP′Z′Q′N, якая наз. нябесным мерыдыянам. Ён падзяляе паверхню Н.с. на ўсходняе і заходняе паўшар’і. Нябесны мерыдыян перасякаецца з матэм. гарызонтам у пункце поўначы (N) і пункце поўдня (S); прамая NS — паўдзённая лінія. Вялікі круг Н.с., які праходзіць праз зеніт, свяціла М і надзір, наз. кругам вышыні, ці вертыкалам свяціла. З прычыны сутачнага вярчэння Зямлі становішча свяціл на Н.с. зменьваецца: яны апісваюць паралельныя нябеснаму экватару акружнасці — нябесныя, ці сутачныя паралелі свяціл. Плоскасць, што праходзіць праз цэнтр Н.с., полюсы свету і свяціла, перасякае Н.с. па акружнасці, якая наз. гадзінным кругам ці кругам схілення свяціла.

А.​А.​Шымбалёў.

Нябесная сфера.

т. 11, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУТО́Н,

дзевятая па адлегласці ад Сонца і апошняя з вядомых планет Сонечнай сістэмы. Астр. знак ♇. Адкрыты К.​Томба (1930, ЗША). Існаванне П. тэарэтычна памылкова прадказаў амер. астраном П.​Ловел (1915) з аналізу ўзбурэнняў, якія П. быццам аказвае на рух планеты Нептун. Вывучэнне арбіты П. паказала, што Ловел памыліўся ў разліках і адкрыццё П. было выпадковым.

Бляск П. 14,7 візуальнай зорнай велічыні (простым вокам не назіраецца). Абарачаецца вакол Сонца па вельмі выцягнутай арбіце з перыядам 247,7 зямнога года і сярэдняй скорасцю 4,7 км/с; перасякае арбіту планеты Нептун. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 39,4 а.а. Мае вял. спадарожнік Харон, параўнальны па памерах з П., таму сістэму П. — Харон наз. падвойнай планетай. Яны знаходзяцца блізка адзін ад аднаго і першапачаткова пры назіранні зліваліся ў адно цела (памеры П. былі завышаныя). Пры дапамозе касм. тэлескопа імя Э.​Хабла (1995, НАСА) атрыманы відарысы П. і Харона; вызначаны дыяметры П. — 2320 км і Харона — 1270 км, радыус арбіты Харона 19 130 км; перыяд абарачэння спадарожніка роўны перыяду вярчэння самога П. — 6,387 зямных сутак (сінхронная арбіта). Сярэдняя шчыльнасць П. 2,06∙10​3кг/м³, Харона 2,18 ∙10​3кг/м³. Абодва целы складаюцца ў асноўным з лёду; спектраскапічнымі метадамі на паверхні П. выяўлены замёрзлы метан; т-ра паверхні каля -228 °C Маса П. каля 1,79∙10​22 кг. У 1999 Міжнар. астр. саюз перавёў П. у разрад планет-астэроідаў з прысваеннем парадкавага нумара астэроіда і з захаваннем статуса планеты Сонечнай сістэмы.

Літ.:

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984;

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.

А.​А.​Шымбалёў.

Планета Плутон і яе спадарожнік Харон (касмічны тэлескоп імя Э.​Хабла, 1995, НАСА).

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІЗАТРАПІ́Я (ад грэч. anisos неаднолькавы + tropos напрамак),

1) у фізіцы — залежнасць фіз. (мех., аптычных, магн. і інш.) уласцівасцяў рэчыва ад напрамку. Натуральная анізатрапія — характэрная асаблівасць крышталёў; абумоўлена іх сіметрыяй і выяўляецца тым больш, чым яна меншая. Анізатрапія некаторых вадкасцяў (напр., вадкіх крышталёў) тлумачыцца асіметрыяй і пэўнай арыентацыяй малекул. У аморфных і полікрышталічных рэчывах анізатрапія бывае пры наяўнасці прыроднай (напр., драўніна) або штучнай тэкстуры (напр., пры пракатцы ліставой сталі зерні металу арыентуюцца ўздоўж напрамку пракаткі, у выніку чаго ствараецца анізатрапія мех. уласцівасцяў). Анізатрапія многіх уласцівасцяў крышталёў, напр. лінейнага цеплавога расшырэння, электраправоднасці, пругкіх уласцівасцяў, характарызуецца значэннямі адпаведных пастаянных уздоўж гал. восі сіметрыі і ўпоперак да яе. Аптычная анізатрапія выяўляецца ў выглядзе падвойнага праменепраламлення, дыхраізму, змен характару палярызацыі і вярчэння плоскасці палярызацыі святла. Натуральная аптычная анізатрапія крышталёў абумоўлена неаднолькавасцю ў розных напрамках поля сіл, якія ўтрымліваюць атамы ці іоны рашоткі. Штучная анізатрапія ствараецца ў ізатропных асяроддзях пад уздзеяннем вонкавых сіл ці палёў, што вызначаюць у асяроддзях пэўныя напрамкі, напр., у выніку ўздзеяння пругкіх дэфармацый, эл. поля, магн. поля (гл. Катона—Мутона эфект, Фарадэя эфект).

2) А. ў геалогіі абумоўлена мікраслаістасцю, упарадкаванай арыентацыяй зерняў і крышталёў і мікратрэшчынаватасцю горных парод і мінералаў. Крышталі розных мінералаў выяўляюць анізатрапію розных уласцівасцяў: слюды — аптычных, мех. (спайнасці, пругкасці, трываласці); дыстэну — цвёрдасці; кварцу, турмаліну — аптычных, п’езаэлектрычнага эфекту; магнетыту — ферамагнітных; кальцыту — аптычных. Анізатрапія некаторых мінералаў выкарыстоўваецца ў прыладабудаванні. Анізатрапія масіваў горных парод вызначаецца ўпарадкаванымі лінейнымі ці плоскаснымі элементамі будовы (стратыфікаваныя асадкавыя і метамарфічныя тоўшчы горных парод з лінейна арыентаванымі структурамі, слаістасцю, макратрэшчынаватасцю і інш.). Пры горных работах найб. значэнне маюць дэфармацыйныя ўласцівасці парод.

3) У батаніцы — здольнасць розных органаў адной і той жа расліны займаць рознае становішча пры аднолькавым ўздзеянні пэўнага фактара вонкавага асяроддзя. Напр., пры бакавым асвятленні расліны яе верхавінка выгінаецца ў бок крыніцы святла, а лісцевыя пласцінкі займаюць перпендыкулярнае напрамку прамянёў становішча.

Літ.:

Шаскольская М.П. Очерки о свойствах кристаллов. 2 изд. М., 1978;

Сиротин Ю.М., Шаскольская М.П. Основы кристаллофизики. 2 изд. М., 1979.

т. 1, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНАЕ НЕ́БА,

сукупнасць касмічных аб’ектаў (пераважна зорак), бачных з Зямлі на начным небе. Пры найлепшых умовах назірання простым вокам можна бачыць адначасова каля 2,5 тыс. зорак, у т. л.: 1-й зорнай велічыні — 13, 2-й — 40, 3-й —100, 4-й — 500, 5-й — 1600 і г.д. Большасць зорак размешчана паблізу Млечнага Шляху, а ўсяго на небе (у абодвух паўшар’ях) налічваецца каля 6 тыс. зорак да 6-й зорнай велічыні. Для зручнасці арыенціроўкі З.н. ўмоўна падзелена на 88 участкаў — сузор’яў (гл. табл.). Падзел зорак на сузор’і (у т. л. Задыяк) адносіцца да глыбокай старажытнасці. Яркія зоркі ў сузор’ях абазначаюцца літарамі грэч. алфавіта (некаторыя з іх маюць уласныя назвы); больш слабыя — лічбамі; аднесеныя да пэўнага тыпу (напр., пераменныя) — вял. лацінскімі літарамі. Яшчэ больш слабыя зоркі абазначаюцца назвай каталога і нумарамі, пад якімі яны значацца ў каталозе. Большасць аб’ектаў З.н. мс на назіраць толькі з дапамогай тэлескопаў. Яны даюць магчымасць выяўляць зорныя скопішчы, зорныя асацыяцыі, туманнасці галактычныя, галактыкі, квазары, скопішчы галактык і інш.; целы Сонечнай сістэмы: планеты, спадарожнікі планет, малыя планеты, каметы; штучныя касм. аб’екты: штучныя спадарожнікі Зямлі, касм. зонды і інш. Некат. з пералічаных аб’ектаў можна назіраць і простым вокам, напр., рассеяныя зорныя скопішчы Плеяды і Гіяды ў сузор’і Цяльца, Яслі ў сузор’і Рака; шаравыя зорныя скопішчы ў сузор’ях Тукана і Цэнтаўра; галактычную туманнасць у сузор’і Арыёна; галактыкі ў сузор’і Андрамеды; Вял. і Малое Магеланавы Воблакі; планеты: Венеру, Юпітэр, Марс, Сатурн, Меркурый, Уран; малую планету Весту, каметы; найб. яркія ШСЗ. Удзень, акрамя Сонца, на небе простым вокам відаць толькі Месяц і Венера. Выгляд З.н. бесперапынна мяняецца з прычыны бачнага сутачнага вярчэння нябеснай сферы, абумоўленага вярчэннем Зямлі, а таксама павольна мяняецца з прычыны абарачэння Зямлі вакол Сонца. Карту З.н. гл. на ўклейцы.

Літ.:

Дагаев М.М. Наблюдения звездного неба. 6 изд. М., 1988;

Зигель Ф.Ю. Сокровища звездного неба: Путеводитель по созвездиям и Луне. 5 изд. М., 1986.

Я.​У.​Чайкоўскі.

т. 7, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПАЛ (італьян. cupola купал, скляпенне ад лац. cupula бочачка) у архітэктуры, прасторавая апорная канструкцыя пакрыццяў (або само пакрыццё), форма якой блізкая да паўсферы ці іншай паверхні вярчэння. Перакрывае без апор значныя па памерах памяшканні пераважна круглыя, шматвугольныя, эліптычныя ў плане.

Вядомы са старажытнасці, першапачаткова ў выглядзе т. зв. несапраўдных К., дзе гарыз. рады муроўкі навісалі адзін над адным і не перадавалі сценам намаганняў распору (будынкі ў г. Эшнуна ў Двухрэччы, цяпер Ірак, пач. 3-га тыс. да н.э.). Удасканалены ў архітэктуры Стараж. Рыма (Пантэон, каля 125), Візантыі, Еўропы, Каўказа (паявіліся знешнія абалонкі, канфігурацыя якіх адрознівалася ад уласна К.). Быў пашыраны ў рус. сярэдневяковай архітэктуры, у збудаваннях Сярэдняй Азіі (маўзалей Гур-Эмір у Самаркандзе, 1404). Сярод выдатных купальных збудаванняў — сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі (1420—36, арх. Ф.​Брунелескі), царква Сан-Ларэнца ў Турыне (абодва Італія; 1668—87, арх. Г.​Гварыні), Казанскі сабор у Санкт-Пецярбургу (1801—11, арх. А.​Вараніхін) і інш.

На Беларусі вядомы з 11—12 ст. Ужываліся ў крыжова-купальных храмах (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, Благавешчанская царква ў Віцебску). Пашыраны ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока, дзе адыгрывалі важную ролю ў інтэр’еры і вонкавым выглядзе збудаванняў. Ставілі К. над сяродкрыжжам крыжова-купальных базілік (касцёлы езуітаў у Нясвіжы і Гродне, Успенскі сабор у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). З канца 18 ст. шырока выкарыстоўваліся ў культавай і грамадз. архітэктуры класіцызму (палац і Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі). Купальныя вярхі былі пашыраны і ў драўляным дойлідстве 18—19 ст. (Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У 20 ст. з развіццём маналітнага і зборнага жалезабетону, танкасценных скляпенняў-абалонак і метал. канструкцый павялічылася разнастайнасць структур і форм К.: рабрыстыя, рабрыста-кальцавыя, сеткавыя, з хвалістай унутр. паверхняй, «геадэзічныя» (утвораныя са стандартных шматвугольных элементаў), зборныя і інш. Жалезабетоннымі К. накрыты будынкі цыркаў у Мінску і Гомелі. Ствараюцца новыя тыпы К. з палімерных матэрыялаў, з падвойнай надзіманай абалонкай і інш.

Літ.:

Кузнецов А.В. Тектоника и конструкция центрических зданий. М., 1951;

Гохарь-Хармандарян И.Г. Большепролетные купольные здания. М., 1972.

Т.​В.​Габрусь.

т. 9, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛА́КТЫКІ,

гіганцкія гравітацыйна звязаныя зорныя сістэмы, падобныя да нашай Галактыкі. Асн. маса рэчыва сканцэнтравана ў зорках, колькасць якіх у галактыках 10​6—10​12. Галактыкі ўтрымліваюць таксама газ і касм. пыл. Размеркаваныя ў прасторы нераўнамерна, утвараюць скопішчы ў выглядзе буйнамаштабнай ячэістай структуры. Назіраюцца як светлыя туманныя плямы.

Адрозніваюць эліптычныя (E), лінзападобныя (SO), спіральныя (S), спіральныя з перамычкай (SB) і няправільныя (Ir) галактыкі. Найб. пашыраны эліптычныя, лінзападобныя, спіральныя. Эліптычныя галактыкі маюць вось сіметрыі, зоркі аварочваюцца вакол цэнтра мас сістэмы ў розных плоскасцях; як цэлае галактыкі зварочваюцца вельмі павольна. Іх дыяметр 5—50 кпк, масы 10​6—10​13 мас Сонца, свяцільнасці 10​6—10​12 свяцільнасцей Сонца. Яны складаюцца з жоўтых і чырвоных зорак, у іх практычна няма газу. У гэтых сістэмах рана спыніліся працэсы зоркаўтварэння. Прыклад карлікавых эліптычных галактык — спадарожнікі Андрамеды Туманнасці. Спіральныя галактыкі — моцна сплюшчаныя сістэмы з цэнтр. ядром; дастаткова хутка аварочваюцца ў напрамку закручвання спіралей. Маюць 2 і больш спіральных галін, дзе сканцэнтраваны іх самыя яркія і маладыя зоркі, рассеяны зорныя скопішчы, газапылавыя комплексы. Асн. маса зорак знаходзіцца ў дыску галактыкі. Спіральная структура абкружана сферычнай кампанентай, якая складаецца са старых зорак і шаравых скопішчаў. Лінзападобныя галактыкі моцна сплюшчаныя, але не маюць спіральнай структуры; у іх адрозніваюць ядро, лінзу-дыск і слабы арэол — гала. Галактыкі SO, S і SB хутка аварочваюцца (скорасць вярчэння на адлегласці 10 кпк ад ядра дасягае 300 км/с) і абкружаны сферычнымі каронамі. Спіральныя галактыкі з перамычкай маюць выгляд выцягнутага ядра з перамычкай паміж дзвюма спіральнымі галінамі. Да няправільных адносяцца галактыкі, у якіх не назіраюцца выразнае ядро і вярчальная сіметрыя (напр., Магеланавы воблакі). Масы спіральных і няправільных галактык 10​9—10​12 мас Сонца, свяцільнасці 10​8—10​11 свяцільнасцей Сонца. Існуюць таксама пекулярныя галактыкі (кожная мае унікальную форму), узаемадзейныя галактыкі (падвойныя сістэмы, паміж якімі назіраюцца перамычкі светлай матэрыі), квазары.

Літ.:

Ходж П. Галактики: Пер. с англ. М., 1992;

Гуревич Л.Э., Чернин А.Д. Происхождение галактик и звезд. 2 изд. М., 1987;

Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981.

Н.​А.​Ушакова.

Да арт. Галактыкі: 1, 2, 3 — спіральныя галактыкі (1 — у сузор’і Вялікая Мядзведзіца; 2 — «Самбрэра» ў сузор’і Дзева; 3 — у сузор’і Андрамеда, бачная з рабра); 4 — спіральная галактыка з перамычкай у сузор’і Эрыдан; 5 — няправільная галактыка Вялікае Магеланава Воблака.

т. 4, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)