КУ́ПАЛ (італьян. cupola купал, скляпенне ад лац. cupula бочачка) у архітэктуры, прасторавая апорная канструкцыя пакрыццяў (або само пакрыццё), форма якой блізкая да паўсферы ці іншай паверхні вярчэння. Перакрывае без апор значныя па памерах памяшканні пераважна круглыя, шматвугольныя, эліптычныя ў плане.
Вядомы са старажытнасці, першапачаткова ў выглядзе т. зв. несапраўдных К., дзе гарыз. рады муроўкі навісалі адзін над адным і не перадавалі сценам намаганняў распору (будынкі ў г. Эшнуна ў Двухрэччы, цяпер Ірак, пач. 3-га тыс. да н.э.). Удасканалены ў архітэктуры Стараж. Рыма (Пантэон, каля 125), Візантыі, Еўропы, Каўказа (паявіліся знешнія абалонкі, канфігурацыя якіх адрознівалася ад уласна К.). Быў пашыраны ў рус. сярэдневяковай архітэктуры, у збудаваннях Сярэдняй Азіі (маўзалей Гур-Эмір у Самаркандзе, 1404). Сярод выдатных купальных збудаванняў — сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі (1420—36, арх. Ф.Брунелескі), царква Сан-Ларэнца ў Турыне (абодва Італія; 1668—87, арх. Г.Гварыні), Казанскі сабор у Санкт-Пецярбургу (1801—11, арх. А.Вараніхін) і інш.
На Беларусі вядомы з 11—12 ст. Ужываліся ў крыжова-купальных храмах (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, Благавешчанская царква ў Віцебску). Пашыраны ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока, дзе адыгрывалі важную ролю ў інтэр’еры і вонкавым выглядзе збудаванняў. Ставілі К. над сяродкрыжжам крыжова-купальных базілік (касцёлы езуітаў у Нясвіжы і Гродне, Успенскі сабор у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). З канца 18 ст. шырока выкарыстоўваліся ў культавай і грамадз. архітэктуры класіцызму (палац і Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі). Купальныя вярхі былі пашыраны і ў драўляным дойлідстве 18—19 ст. (Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У 20 ст. з развіццём маналітнага і зборнага жалезабетону, танкасценных скляпенняў-абалонак і метал. канструкцый павялічылася разнастайнасць структур і форм К.: рабрыстыя, рабрыста-кальцавыя, сеткавыя, з хвалістай унутр. паверхняй, «геадэзічныя» (утвораныя са стандартных шматвугольных элементаў), зборныя і інш. Жалезабетоннымі К. накрыты будынкі цыркаў у Мінску і Гомелі. Ствараюцца новыя тыпы К. з палімерных матэрыялаў, з падвойнай надзіманай абалонкай і інш.
Літ.:
Кузнецов А.В. Тектоника и конструкция центрических зданий. М., 1951;
Гохарь-Хармандарян И.Г. Большепролетные купольные здания. М., 1972.
Т.В.Габрусь.
т. 9, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)