герб, адзін з дзярж. сімвалаў ВКЛ: у чырв. полі тры белыя слупы, злучаныя ўнізе. Паводле легенда, гэты герб прывёз з сабою з Рыма Палемон, ім карысталіся яго «нашчадкі» — літоўскі княжацкі род. «К.» сустракаюцца на манетах ВКЛ пасля 1386—1420. У Грунвальдскай бітве 1410 з 40 харугваў ВКЛ 10 былі з выявай «К.» (паводле Я.Длугаша, такім знакам Вітаўт клеймаваў коней). «К.» вельмі падобныя да знакаў Рурыкавічаў, т.зв. «трызубцаў», таму шэраг даследчыкаў выводзяць ад іх паходжанне «К.». Верагодна, напачатку «К.» былі гербавым знакам Полацкага княства. На манетах ВКЛ выкарыстоўваліся поруч з «Пагоняй», якая ўвасабляла Літву, а «К.» — Русь. У гэтым значэнні «К.» перасталі выкарыстоўвацца са згасаннем дынастыі Ягелонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў УСЕ́ВАЛАДАВІЧ,
князь гродзенскі ў 12 ст. Сын Усевалада Давыдавіча. У 1167 дапамог валынскаму кн. Мсціславу Ізяславічу заняць кіеўскі пасад. У 1168 (1167?) удзельнічаў у паходзе Мсціслава на полаўцаў. Пасля таго як у 1169 Андрэй Багалюбскі захапіў Кіеў, М.У. у 1170 дапамог Мсціславу на кароткі час аднавіць уладу над горадам: верагодна, хадзіў на полаўцаў, бо яго тысяцкі быў імі захоплены ў палон. У 1173 (1174?), пэўна, быў сярод гродзенскіх князёў, якіх Багалюбскі прымусіў удзельнічаць у паходзе на Кіеў. Хадзіў на полаўцаў у 1183 (1184?) у складзе войска вял. князя кіеўскага Святаслава Усеваладавіча. Адны даследчыкі атаясамліваюць Гарадзен, якім валодаў М.У., з сучасным г. Гродна, другія — з в. Гарадная Столінскага р-на або лакалізуюць яго на Валыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́СА,
старажытны і сярэдневяковы горад Сярэдняй Азіі, важны цэнтр Парфянскага царства. Руіны за 18 км на З ад г. Ашгабат у Туркменіі. У 3 ст. да н.э. тут існаваў горад (гарадзішча Новая Н.) і ўмацаваная царская рэзідэнцыя (гарадзішча Старая Н.). У выніку археал. даследаванняў (з 1946) выяўлены рэшткі храмаў, гасп. пабудоў, залы палаца з глінянай скульптурай і, верагодна, царскай скарбніцы: помнікі мастацтва 3—2 ст.н.э. з моцным уплывам элінізму (мармуровыя статуі, рытоны са слановай косці з разнымі рэльефамі, прадметы тарэўтыкі), больш за 2 тыс. гліняных чарапкоў з надпісамі (гасп. архіў I ст. да н.э.), шмат прадметаў узбраення, упрыгожанняў, дробнай скульптуры (тэракотавай і металічнай) і інш. У сярэдневякоўі Н. — важны цэнтр Харасана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ПАДО́ЛЛЕ»,
помнік бел.-літ. летапісання 1-й пал. 15 ст. Узнікла каля 1432—35, найб.верагодна, у Вільні ў асяроддзі пануючых колаў ВКЛ. Змешчана ў Беларуска-літоўскім летапісе 1446 у канцы «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх»; у 16 ст. ўключана ў «Хроніку Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хроніку Быхаўца. Асн. змест — гісторыя Падольскай зямлі 2-й пал. 14 — 1-й трэці 15 ст. і яе далучэння да ВКЛ. Створана як паліт. дакумент з мэтаю абгрунтаваць гіст. правы ВКЛ на Падолле і асудзіць палітыку польск. феадалаў, якія пасля смерці Вітаўта захапілі Зах. Падолле. Падзеі і факты, выкладзеныя ў творы, у асноўным адпавядаюць гіст. сапраўднасці. Напісана на старабел. мове дзелавым стылем без пазначэння дат, вылучаецца публіцыстычнасцю, свецкім характарам зместу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЛІ́ЦКІ (Ян) (каля 1485—1520-я г.),
паэт-лацініст ВКЛ і Польшчы. Паходзіў, верагодна, з Беларусі. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. У 1510—12 працаваў там магістрам (у актах пазначаны як «русін»). Пісаў оды, эпіграмы, элегіі, пасланні («Ода да караля Жыгімонта», «Элегія да багародзіцы дзевы Марыі», «Эпіграма на зайздросніка»). Аўтар эпічнай гіст. паэмы «Пруская вайна» (Кракаў, 1516), 2-я кн. якой прысвечана Грунвальдскай бітве 1410, дзе ўславіў перамогу над крыжакамі, здабытую як нар. змаганне. Твор вызначаецца манументальнасцю батальных сцэн, пластычнасцю вобразаў прыроды. Паэма стаіць каля вытокаў жанру эпапеі ў бел., польск, і літ. л-рах.
Літ.:
Парэцкі Я.І. Ян Вісліцкі. Мн., 1991;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАЛАПІТЭ́К (ад лац. australis паўднёвы + грэч. pithēkos малпа),
найбольш прымітыўны від чалавека, першы прадстаўнік сям.гамінідаў. З’явіўся ў Афрыцы каля 5—4 млн.г. назад. Аўстралапітэкі мелі невял. рост (120—130 см), вагу (да 40 кг) і аб’ём галаўнога мозга (435—600 см³), масіўныя сківіцы, моцна выражаныя надброўныя дугі, пакаты лоб, падбародак адсутнічаў. Хадзілі на дзвюх нагах, былі здольныя вырабляць найпрасцейшыя каменныя прылады. Унутры віду аўстралапітэкаў вылучаюць падвіды: аўстралапітэк з Афара (australis afarensis), аўстралапітэк афрыканскі (australis afrikanus), аўстралапітэк масіўны (australis robustus, іншая назва парантрап), аўстралапітэк Бойса (australis boisei, іншая назва зінджантрап). Некаторыя вучоныя адносяць да аўстралапітэкаў і чалавека ўмелага (Homo habilis) — першага прадстаўніка роду Homo, які, верагодна, паходзіў ад аўстралапітэка з Афара ці афрыканскага.
Л.І.Цягака.
Аўстралапітэк афрыканскі. Рэканструкцыя. Мастак З.Бурыян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБЕНБА́ЎЭРЫ (Grabenbauer),
музыканты 18 — пач. 19 ст.
Дамінік (? — раней 25.2.1804), клавесініст і педагог. У 1757—72 працаваў пры двары гетмана Браніцкага ў Беластоку (Польшча), даваў прыватныя ўрокі музыкі. Часта выязджаў у Слонім, з 1778, верагодна, жыў у ім стала (1.1.1779 заключыў з М.К.Агінскім кантракт на 8 гадоў, паводле якога абавязваўся навучаць прыгонных ігры на клавікордах). Працаваў да 1804 у муз. школе пры Слонімскай капэле Агінскага. Ева (1760, Беласток — ?), спявачка і педагог. Дачка Дамініка. З 1.1.1779 працавала ў Слонімскім тэатры Агінскага. Паводле кантракта павінна была вучыць прыгонных спевам, а таксама выступаць у операх і камедыях. У 1780 спявала ў оперы «Тэлемак». У сак. 1785 пакінула Слонім разам з мужам, прыдворным спеваком М.Лазарыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯСНА́ ГОЛА́ ПЕРАПА́ЛА»
(у некат выданнях «Вясна, голад, перапала»),
бел. ананімны верш 19 ст. Знойдзены ў архіве В.Дуніна-Марцінкевіча, перапісаны яго рукой, але, відаць, аўтарства яму не належыць. Упершыню апубл. ў брашуры М.Доўнар-Запольскага «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896), іншы варыянт — у брашуры Е.Раманава «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы» (Магілёў, 1900). Напісаны, верагодна, напярэдадні рэформы 1861, бо выяўляе настроі бел. сялянства перад адменай прыгону. Прасякнуты пафасам крытыкі прыгонніцтва, панства; разам з тым у ім выразна відаць абмежаванасць сял. уяўленняў аб справядлівасці і свабодзе, якія нібыта можна атрымаць ад цара. Твор кампазіцыйна зладжаны, просты, матывамі блізкі да нар. паэзіі. Мова яго багатая фразеалагізмамі. Напісаны 4-стопным харэем, гучыць лёгка, свабодна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ПАВЕДЗЬ, дзесяціслоўе, дэкалог,
прадпісанні, павучанні, у якіх выкладзены рэліг.-этычныя прынцыпы, што складаюць аснову іудаізму і хрысціянства. Выкладзены ў Пяцікніжжы (назва 5 кніг Старога запавету). Верагодна, да пісьмовай фіксацыі існавалі ў вуснай перадачы. Сфарміраваліся ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. Падзяляюцца на З., якія абвяшчаюць монатэізм Яхве і забараняюць культ інш. багоў; З., якія змяшчаюць нормы маралі і правілы паводзін (прытрымліванне суботняга адпачынку, забарона забіваць, красці, квапіцца на чужое і інш.). Частка іх абумоўлена канкрэтна-гіст. зместам, таму іх нельга лічыць сукупнасцю норм абсалютнай маралі для ўсіх часоў і народаў. У Старым запавеце, напр., сустракаюцца наказы, што супярэчаць хрысціянскім З. (забарона забіваць супярэчыць норме «душа за душу, вока за вока»), старазапаветныя З. часам абвяргаюцца ў Новым запавеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ДАМАСКІ́Н (Iōannēs Damaskēnos; каля 675, г. Дамаск, Сірыя — каля 749),
візантыйскі багаслоў, філосаф, паэт. Відаць, быў набліжаным да халіфа, потым манахам (да 700). Выступаў як вядучы ідэйны праціўнік іканаборства. Завяршальнік і сістэматызатар грэч.патрыстыкі. На аснове арыстоцелеўскай логікі стварыў асновы схаластычнага метаду (гл.Схаластыка), што пазней развіты сярэдневяковымі тэолагамі Захаду. Яго гал. твор «Крыніца ведаў» паўплываў на погляды многіх тэолагаў. У гісторыі л-ры ён вядомы як паэт, аўтар царк. песнапенняў. Яго творы распаўсюджваліся і ва ўсх.-слав. краінах (Грузіі, Стараж. Русі і інш.). Верагодна, аўтар рамана «Варлаам і Іасаф».
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Антология мировой философии;
М., 1969. Т. 1, ч. 2. С. 621—26;
Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968. С. 270—280.