ВІ́ШЧЫН,
гарадзішча канца 11 — сярэдзіны 13 ст. паміж в. Вішчын і Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., на беразе Дняпра. Пляцоўка ўмацавана 3 лініямі валоў і равоў, знаходзіцца на месцы стаянкі эпохі мезаліту і ранняга неаліту. Выяўлены рэшткі абарончай сцяны, свірна, майстэрні ювеліра, 6 наземных драўляных пабудоў (у 2 жытлах захаваліся рэшткі печаў і падлогі). Знойдзены разнастайны гасп. інвентар, прадметы ваен. справы, бытавыя рэчы і ўпрыгожанні з каляровых і каштоўных металаў, імпартны посуд, Вішчынскі скарб. Верагодна, гарадзішча было феад. сядзібай-замкам. Знаходка віслай свінцовай пячаткі Мсціслава Расціславіча Храбрага сведчыць пра сувязь замка з дынастыяй смаленскіх князёў.
т. 4, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)