ПАЗВАНО́ЧНЫЯ, чарапныя (Vertebrata, Craniata),

падтып жывёл тыпу хордавых. Вядомы з ардовіку — ніжняга сілуру (каля 500 млн. г. назад). Продкі П. жылі ў акіяне; уласна П. ўзніклі ў прэсных водах. Першыя наземныя П. з’явіліся ў дэвоне (каля 400 млн. г. назад). Усіх П. падзяляюць на бяссківічных і сківічнаротых, анамній і амніётаў, пайкілатэрмных жывёл і гамаятэрмных жывёл. Вылучаюць 7 класаў сучасных П.: кругларотыя, храстковыя рыбы, касцявыя рыбы, земнаводныя, паўзуны, птушкі, млекакормячыя. Каля 50 тыс. відаў (акрамя свойскіх і дэкар. парод). Пашыраны ўсюды ў акіянах і на сушы. На Беларусі больш за 450 відаў.

Цела двухбакова-сіметрычнае. Эвалюцыйна адбылася замена хорды на пазваночнік (адсюль назва). Найбольшае ўскладненне арганізацыі і функцыянавання ўсіх сістэм арганізма адбылося пасля выхаду П. на сушу. Крывяносная сістэма стала замкнутай, сэрца — шматкамерным. Функцыя дыхання ад шчэлепаў перайшла да лёгкіх. Нерв. сістэма (трубчастай будовы) складаецца з галаўнога і спіннога мозга і перыферыйных вузлоў; забяспечвае складаныя паводзіны П. у асяроддзі. Стрававальная сістэма падзелена на некалькі аддзелаў, мае стрававальныя залозы. Характар жыўлення разнастайны, ад расліннаеднага да драпежнага і ўсёеднага. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена тулаўнымі (мезанефрычнымі) ныркамі (у прэснаводных рыб) ці тазавымі (метанефрычнымі) ныркамі (у наземных П.). Ускладненне агульнай арганізацыі П. выклікала ўдасканаленне будовы і функцый органаў пачуццяў. Большасць П. раздзельнаполыя (у рыб трапляецца гермафрадытызм). Анамніі, як правіла, яйцародныя. Жыванараджэнне трапляецца ва ўсіх П., акрамя кругларотых і птушак; у млекакормячых гэта асн. форма размнажэння. П. адыгрываюць вял. ролю ў развіцці біясферы, з’яўляюцца канцавымі звёнамі трафічных ланцугоў у біяцэнозах, актыўна ўздзейнічаюць на навакольнае асяроддзе. Маюць найб. значэнне для чалавека як крыніца харчавання, сыравіны і інш. Некат. П. — пераносчыкі інфекцый.

Э.​Р.​Самусепка.

т. 11, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры 16—18 ст. у г. Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў цэнтры горада паміж р. Піна і вул. Леніна. Драўляны кляштар і касцёл засн. ў 1396 кн. Жыгімонтам Кейстутавічам. У 17 ст. неаднаразова гарэў, адбудаваны з дрэва (каменнай была толькі сакрысція), значна пашкоджаны ў 1648. У 1712—30 пабудаваны мураваны касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пазней — карпусы кляштара ў стылі барока. Афармленне фасада касцёла завершана ў 1766. У 1817 перад касцёлам пастаўлена 3-ярусная мураваная званіца (арх. К.​Каменскі), 4-ы ярус якой дабудаваны ў пач. 20 ст. Кляштар перабудаваны ў 1920-я г. (арх. Г.​Гай), касцёл у 1920—40-я г. і з 1991 — кафедральны. Касцёл — 1-нефавы храм з прыбудаванымі да яго капліцамі. Неф і вузейшая за яго паўкруглая апсіда з прэсбітэрыем накрыты стромкім чарапічным дахам, завершаным у месцы злучэння аб’ёмаў гранёнай вежачкай. Капліцы пад 1-схільнымі чарапічнымі дахамі. Гал. фасад расчлянёны на 3 ярусы і завершаны складаным франтонам з 2 вежамі па баках, дэкарыраваны пілястрамі, раскранаваны карнізамі, філянговымі нішамі і паяскамі. Бакавыя фасады раскрапаваны лапаткамі. Сцены капліц прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі нефа і алтарнай апсіды — прамавугольнымі з лучковымі завяршэннямі. У інтэр’еры пазалочаныя алтары 18 ст. У іх кампазіцыі шмат драўлянай скульптуры і дэкар. арнаментальнай разьбы ў стылі барока. У 1909 скляпенні і падпружныя аркі размаляваны арнаментальнымі матывамі (маст. С.​Рудзінскі), прэсбітэрый аздоблены фрэскамі (маст. Б.​Вішнеўскі). 4 узаемна перпендыкулярныя 2- і 3-павярховыя карпусы кляштара разам з касцёлам утвараюць некалькі дворыкаў. Тарцы кляштарных будынкаў завершаны барочнымі франтонамі складанага профілю.

А.​А.​Ярашэвіч.

Пінскі касцёл і кляштар францысканцаў.

т. 12, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕРЫЗА́ЦЫЯ,

метад сінтэзу палімераў, пры якім макрамалекула ўтвараецца шляхам паслядоўнага далучэння малекул аднаго ці некалькіх манамераў да актыўнага цэнтра, што знаходзіцца ў канцы растучага ланцуга; адзін з асн. спосабаў атрымання высокамалекулярных злучэнняў. У П. ўступаюць нізкамалекулярныя рэчывы, малекулы якіх маюць кратныя сувязі (алефіны, дыенавыя і ацэтыленавыя вуглевадароды, альдэгіды, нітрыты і інш.) або цыклічныя групоўкі, здольныя раскрывацца (аксіды алефінаў, цыклічныя эфіры, лактоны, лактамы і інш.).

Паводле колькасці манамераў, што ўдзельнічаюць у П., адрозніваюць гамаполімерызацыю (адзін манамер) і суполімерызацыю (2 і больш), паводле прыроды актыўнага цэнтра — радыкальную П., калі актыўны цэнтр — свабодны радыкал (гл. Ланцуговыя хімічныя рэакцыі), і іонную П., актыўныя цэнтры — іоны (аніённая ці катыённая П.) або палярызаваныя малекулы (каардынацыйна-іонная П.). Пры П. развіццё кінетычнага ланцуга (працэс П. ўключае некалькі асн. стадый, т.зв. элементарных актаў — ініцыіраванне, рост ланцуга, яго абрыў і перадача) адбываецца адначасова з ростам матэрыяльнага ланцуга макрамалекулы. Найб. пашыраныя спосабы ажыццяўлення П.: П. ў масе, ці блочная (П. вадкага манамера ў адсутнасці растваральніку), П. ў растворы (полімерызуецца раствораны манамер), эмульсійная П. і суспензійная П. (П. манамера, дыспергаванага ў вадзе), газафазная (П. газападобнага манамера пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення ці на паверхні каталізатара), а таксама цвердафазная П. (П. манамераў у крышт. або шклопадобным стане). Метадам П. атрымліваюць каля 75% агульнага аб’ёму сінт. палімераў, што вырабляюць у свеце, (у т. л. найб. буйнатанажныя поліалефіны, полістырол, полівінілхларыд), а таксама асн. масу каўчукоў сінтэтычных.

Літ.:

Оудиан Дж. Основы химии полимеров: Пер. с англ. М., 1974;

Иванчев С.С. Радикальная полимеризация. Л., 1985;

Брук М.А., Павлов С.А. Полимеризация на поверхности твердых тел. М., 1990.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКА́ТНЫ СТАН,

агрэгат (комплекс машын і механізмаў) для апрацоўкі металаў ціскам спосабам пракаткі з дапамогай вярчальных валкоў пракатных; адзін з асн. відаў абсталявання металургічнай прамысловасці. Акрамя пракаткі П.с. транспартуюць зліткі ці загатоўкі да награвальных печаў і валкоў стана, перадаюць пракат ад адной рабочай клеці да другой, робяць кантоўку загатовак, ахаладжэнне і інш.

Прамысл. пракатка жалеза пачалася з 18 ст. У Расіі асабліва шырока развівалася на Урале. З 1960-х г. у СССР, ЗША, ФРГ і Італіі ствараюць ліцейна-пракатныя агрэгаты, у якіх сумяшчаюцца працэсы бесперапыннага ліцця і пракаткі ў адзіным непарыўным патоку. П.с. падзяляюць на 5 асн. відаў, сярод якіх вызначаецца некалькі тыпаў: абціскальныя і загатовачныя (блюмінгі, слябінгі, загатовачныя сартавыя, трубазагатовачныя); сартавыя (рэйкабэлечныя, буйна-, сярэдне- і дробнасартавыя, драцяныя; ліставыя — гарачай і халоднай пракаткі; трубапракатныя; спецыяльныя для асаблівых відаў пракату (колапракатныя, шарапракатныя, для зубчастых колаў і інш.) Паводле колькасці валкоў П.с. дзеляць на 2-валковыя (стан-дуа), З-(стан-трыо), 4-(стан-кварта) і шматвалковыя, у т. л. планетарныя; паводле колькасці рабочых клецей — на 1-, 2-, 3-, 4-, 5-, 6-, шматклецевыя. П.с. для вытв-сці сартавога пракату характарызуецца дыяметрам валкоў, для вырабу ліставога пракату — даўжынёй бочкі валкоў, для вытв-сці труб — вонкавым дыяметрам валкоў. Прадукцыйнасць бесперапыннага загатовачнага П.с. складае каля 4—6 млн. т загатовак за год, аўтам. трубапракатнага 50—70 т бясшвовых труб за гадзіну.

В.​І.​Шагун.

Да арт. Пракатны стан. Схема рабочай лініі блюмінга 1300: 1 — станіна; 2 — націскное прыстасаванне; 3 — загатоўка; 4 — валкі; 5 — універсальныя шпіндэлі; 6 — прыстасаванні для ўраўнаважання шпіндэляў; 7 — электрычныя рухавікі.

т. 12, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІ́ННАСЦЬ,

сукупнасць расл. згуртаванняў (фітацэнозаў) Зямлі або асобных яе рэгіёнаў. Характарызуецца колькасцю і спалучэннем відаў, наяўнасцю розных жыццёвых форм раслін, іх прасторавай структурай і дынамікай. Пакрывае амаль усю паверхню мацерыкоў (акрамя ледзяных пустынь унутр. тэр. Антарктыды, Грэнландыі, самых высокіх раёнаў горных масіваў і сухіх пустынь), знаходзіцца ў акіянах і інш. вадаёмах. Утварае важны кампанент біясферы (фітасферу), звязана з асаблівасцямі клімату, воднага рэжыму, глебы, рэльефу, а таксама з жывёльным светам, разам з якім фарміруе розныя біягеацэнозы. Адыгрывае найважн. ролю ў першасным сінтэзе арган. рэчыва і кругавароце рэчываў. Размеркаванне Р. мае пераважна занальны характар і звязана з кліматычнымі паясамі (асабліва на раўнінах, а ў гарах выяўляецца верт. пояснасцю). У розных класіфікацыях адрозніваюць Р. водную, мезафітную, ксерафітную, галафітную, або драўнінную, травяністую, кустовую, хмызняковую. Асн. класіфікацыйныя адзінкі — асацыяцыя, фармацыя, тып. Некалькі дзесяткаў тыпаў Р. сушы характарызуюць самыя буйныя біёмы: тундру, лясны (тайга, трапічныя лясы і інш.), саванну, стэп, пустыню і інш. На Беларусі прыроднае расліннае покрыва займае 67,2% тэр., якая адносіцца да 2 буйных батаніка-геагр. абласцей — Еўрапейскай таежнай хвойна-лясной (барэальнай) і Еўрапейскай шыракаліста-лясной (немаральнай). Пашырана Р. лясная (35,6%), лугавая (17,1%), балотная (12,2%) і хмызняковая (2,3%). Асобны тып утварае водная Р. — макрафіты. Паводле прыродна-кліматычных умоў вылучаюць 3 геабат. падзоны: дубова-цемнахвойныя лясы (Паўночная), грабава-дубова-цемнахвойныя лясы (Цэнтральная) і шыракаліста-хваёвыя лясы (Паўднёвая). На Р. адмоўна ўплываюць гасп. дзейнасць чалавека, тэхнагеннае забруджванне прыродных экасістэм, змены экалагічных умоў, таму яна патрабуе рацыянальнага выкарыстання, пастаяннай аховы і аднаўлення. Вывучае Р. геабатаніка, фітацэналогія і экалогія. Гл. таксама Геабатанічнае раянаванне і іл. да яго, Расліны, Флора.

Дз.​С.​Голад.

т. 13, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ХАРАЎ Сяргей Пятровіч (29.9.1880 г. Полацк Віцебскай вобл. — 22.4.1954),

бел. фалькларыст і этнограф. Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1895), Юр’еўскі ун-т (г. Тарту, 1911) У 1911—13 выкладаў у гімназіях і Настаўніцкім ін-це ў Віцебску, адначасова сакратар Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. З 1913 інспектар нар. школ у Юр’еўскім пав., з 1917 дырэктар-арганізатар Люцынскай (цяпер г. Лудза, Латвія) рус. гар. гімназіі. У 1919 заг. дашкольнага пададдзела Люцынскага павятовага аддзела нар. асветы, узначальваў Бел. аддзел пры Мін-ве асветы Латвіі (1921—25). У 1925—32 дырэктар Дзвінскай бел. гімназіі. У 1945 арыштаваны, высланы ў Казахстан. Збіраць і публікаваць бел. фальклор пачаў у 1906. Выступаў у друку з навук.-папулярнымі нарысамі, прысвечанымі стараж. Полаччыне, князю Усяславу Брачыславічу, князёўне Ефрасінні Полацкай, а таксама бел. фалькларыстам М.​Нікіфароўскаму, Е.​Раманаву, П.​Шэйну, гісторыку А.​Сапунову. Выдаў некалькі календароў-кніжак. Апубл. арт. пра каменныя крыжы на Беларусі, стараж. нар. муз. інструменты, кнігадрукаванне. Падрыхтаваў 4 выпускі «Народнай творчасці латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў» (вып. 1, 1940; 414 песень і нотных запісаў). У вып. 2—4 (рукапіс) сабраны казкі, легенды, паданні, прыпеўкі, прыказкі, дзіцячы фальклор і інш. Рукапісы фалькл.-этнагр. матэрыялаў, пед., гіст.этнагр. і літ.-публіцыст. спадчына С. зберагаюцца ў архівах навук. б-к Нац. АН Беларусі, Латвіі і Літвы.

Тв.:

Народное образование в Юрьевском уезде. Юрьев, 1917;

Гістарычны нарыс пяцігоддзя Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі за 1922—1927 гг. Дзвінск, 1927;

Город Лудза в прошлом и настоящем. Рига, 1935;

Полацкі князь Усяслаў — нацыянальны беларускі асілак. Вільня, 1939;

Православные церкви в Латгалии. Рига, 1939.

А.​С.​Ліс.

С.П.Сахараў.

т. 14, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІРГА́ЙЛА (у праваслаўі Іван; каля 1354—23.12.1394?),

князь полацкі, трокскі і кіеўскі ў ВКЛ. Сын Альгерда, брат Ягайлы. Пасля выгнання ў 1377 з Полацка кн. Андрэя Альгердавіча вял. кн. Ягайла пасадзіў там княжыць С. Палачане, незадаволеныя язычніцтвам С., у 1381 выгналі яго з княжання. На чале войска Ягайлы і пры дапамозе Інфлянцкага ордэна аблажыў на некалькі месяцаў Полацк, але горада не ўзяў. У гэты час прыняў праваслаўе. Калі ў канцы 1381 велікакняжацкі трон у Вільні захапіў Кейстут, войска, падначаленае С., прызнала ўладу новага вял. князя, а С. ўцёк у Інфлянты. Летам 1382 С. далучыўся да войска Ягайлы, удзельнічаў у аблозе Кейстута ў Троках. У час перагавораў з Кейстутам захапіў яго ў палон і адвёз у Крэўскі замак, дзе той быў забіты. Атрымаў ад Ягайлы Трокскае княства. З гэтага часу С. стаў другой уплывовай асобай у ВКЛ. Удзельнічаў у заключэнні Крэўскай уніі 1385 паміж ВКЛ і Польшчай, але застаўся праваслаўным. У Мсціслаўскай бітве 1386 на чале войска ВКЛ перамог смаленскага кн. Святаслава Іванавіча і падпарадкаваў ВКЛ Смаленскае княства. Вясной 1387 узяў Полацк, дзе захапіў у палон Андрэя Альгердавіча. У 1387 Ягайла пацвердзіў права С. на валоданне Трокскім і Полацкім княствамі, даў яму Менск, Свіслач, Бабруйск, Рэчыцу, Любеч, Прапошаск, Любашаны, Ігумен, Лагойск. У выніку Востраўскага пагаднення 1392 Ягайла фактычна прызнаў Вітаўта сваім намеснікам у ВКЛ і перадаў яму Трокскае княства, узамен Вітаўт абяцаў С. дапамагчы захапіць Кіеў. Вясной 1393 Вітаўт захапіў у кіеўскага кн. Уладзіміра Альгердавіча Жытомір і Оўруч і аддаў іх С., восенню 1393 перадаў С. Кіеў. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

т. 14, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТО́ЛІНСКАЯ СЯДЗІ́БА «МА́НЬКАВІЧЫ».

Існавала ў 18—1-й пал. 20 ст. ў б. сядзібе Радзівілаў у в. Манькавічы (цяпер у Столінскім р-не Брэсцкай вобл.). У пач. 18 ст. сядзібны комплекс уключаў жылыя дамы — 2 панскія (стары і новы), некалькі для прыслугі каля ўязной брамы, гасп. пабудовы і сад. У 2-й пал. 18 ст. пастаўлены дом аканома, гасп. пабудовы. У 1780-я г. ўзведзены драўляны палац, перабудаваны ў канцы 19 ст. паводле праекта арх. Вентцэля ў стылі несапраўднай готыкі. Прамавугольны ў плане будынак пад гонтавым дахам. У пач. 19 ст. каля палаца пабудавалі драўляны флігель пад гонтавым дахам, дом для прыслугі, кухню, конна-валовы млын, 3 гумны з прыбудаванымі ў тарцах свірнамі, саладоўню і інш. Пры ўездзе ў сядзібу пастаўлена манум. брама — 1-павярховы з мансардамі і цокалем прамавугольны ў плане будынак, накрыты складаным дахам. Дамінантай кампазіцыі была гранёная вежа, завершаная купалам з барабанам і шатром над ім. У 1885 вакол палаца, які стаяў на насыпной тэрасе, закладзены парк пейзажнага тыпу пл. 50 га (цяпер 27,9 га). Фарміраваўся ён пры садзейнічанні Марыі Радзівіл, пра што сведчыць надпіс на закладным камені (устаноўлены на ўзлеску цэнтр. паляны). Тэраса абмежавана земляным валам выш. да 1,5 м з кветнікамі і дэкар. кустамі. Астатняя ч. на раўнінным рэльефе. Пры ўездзе ў парк з боку Століна пабудаваны павільён і каваныя вароты. У Вял. Айч. вайну палац згарэў, дрэвы парку моцна пашкоджаны, вывезены вароты. Расце больш за 35 відаў дрэў і кустоў, ёсць вадаём з фантанам і лебедзямі.

Н.​С.​Будыка, Ю.​А.​Якімовіч.

Столінская сядзіба «Манькавічы». Фота пач. 20 ст.

т. 15, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАЯ́ДЗЕРНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

ядзерныя рэакцыі паміж лёгкімі атамнымі ядрамі (вадароду, дэйтэрыю, трытыю і інш.), што адбываюцца пры звышвысокіх т-рах (T ≥ 10​7—10​8 К).

Найб. тыповыя Т.р. — рэакцыі зліцця (сінтэзу) лёгкіх ядраў у больш цяжкія — абумоўлены малой энергіяй сувязі нуклона ў такіх ядрах і іх рыхлай структурай. Т.р. прыводзяць да вылучэння вял. колькасці энергіі (напр., ​1H + ​3T → ​4He + 19,7 МэВ). Адбываюцца пры збліжэнні ядраў на адлегласць, параўнальную з радыусам дзеяння ядз. сіл, і пераадоленні імі кулонаўскага патэнцыяльнага бар’ера, што магчыма толькі пры вельмі высокай кінетычнай энергіі ядраў. Звышвысокая т-ра неабходна толькі на пачатку Т.р., потым яна падтрымліваецца энергіяй, што вылучаецца. У розных Т.р. колькасць энергіі (энергавылучэнне) амаль аднолькавая, аднак эфектыўныя сячэнні ўзаемадзеяння, якія характарызуюць лёгкасць (імавернасць) ажыццяўлення, якія характарызуюць лёгкасць (імавернасць) ажыццяўлення Т.р., адрозніваюцца на некалькі парадкаў; найб. эфектыўныя сячэнні маюць рэакцыі ​2D + ​2D і ​2D + ​3T. На Сонцы і інш. зорках Т.р. — асн. крыніца энергіі. Штучныя Т.р. ажыццёўлены пры выбухах вадародных бомбаў (гл. Ядзерная зброя), у якіх неабходную для Т.р. т-ру атрымліваюць у выніку выбуху атамнага запалу. Кіроўныя Т.р. магчымы, калі ў тэрмаядз. рэактары доўгі час утрымліваюць дастаткова шчыльную высокатэмпературную плазму пры яе эфектыўнай тэрмаізаляцыі ад навакольнага асяроддзя. Тэрмаядз. рэактары з’яўляюцца перспектыўнымі крыніцамі энергіі з-за практычна невычарпальных запасаў таннага дэйтэрыевага паліва ў водах акіянаў, бяспекі адносна выбухаў і радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Арцимович Л.А. Управляемые термоядерные реакции. М., 1963;

Балабанов Е.М. Термоядерные реакции. М., 1963;

Гинзбург В.Л. Современная астрофизика. М., 1970;

Лукьянов С.Ю. Горячая плазма и управляемый ядерный синтез. М., 1975;

Ядерная астрофизика: Пер. с англ. М., 1986.

Э.​А.​Рудак.

т. 16, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНАЛО́ГІЯ (ад фана... + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае функцыянальны бок гукавога ладу мовы — адрозненне значымых адзінак (марфем, слоў, сказаў) і адрознівальныя сродкі. Вылучылася з фанетыкі, часта разглядаецца як яе раздзел. Зарадзілася ў рас. мовазнаўстве (І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, М.​С.​Трубяцкой, Л.​У.​Шчэрба і інш.).

У Ф. вызначаюць 3 функцыі гукаў: кульмінатыўную (вяршынеўтваральную), дэлімітатыўную (размежавальную) і дыстынктыўную (сэнсаадрознівальную). На аснове апошняй вылучаюць фанемы. Ф. падзяляецца на фанематыку (сегментную Ф.), прасодыку (суперсегментную Ф.); апісальную і тэарэтычную Ф. Фанематыка вывучае функцыянаванне сегментных элементаў (фанем), прасодыка — суперсегментных элементаў, якія пашыраюцца больш як на адзін сегмент (націск, інтанацыя). Фанематыка выяўляе таксама сістэмныя адносіны паміж фанемамі, якія ў бел. мове грунтуюцца на проціпастаўленні цвёрдых і мяккіх, звонкіх і глухіх, шыпячых і свісцячых, выбухных і афрыкатыўных зычных, галосных верхняга і няверхняга пад’ёму, агубленых і неагубленых. Тэарэт. Ф. даследуе прыроду фаналагічнай рэальнасці і распрацоўвае апарат яе паняццяў, апісальная Ф. вывучае фаналагічную сістэму моў, адкрывае універсальныя фаналагічныя заканамернасці (сінхранічная Ф.), аналізуе развіццё фаналагічных сістэм канкрэтных моў (дыяхранічная Ф.). У сучаснай Ф. некалькі кірункаў, якія адрозніваюцца разуменнем прыроды фаналагічнай рэальнасці і азначэннем яе асн. адзінак. Гал. з іх склаліся ў межах Пражскай лінгвістычнай школы, гласематыкі, дэскрыптыўнай лінгвістыкі, параджальнай граматыкі. У рас. навуцы найб. пашыраны канцэпцыі Маскоўскай і Пецярбургскай фаналагічных школ. Фаналагічныя даследаванні на Беларусі вядуцца ў Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі (М.​В.​Бірыла, А.​А.​Крывіцкі, А.​І.​Падлужны) і Мінскім лінгвістычным ун-це.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​Л.​Падлужны.

т. 16, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)