ДЭНІ́ ((Denis) Марыс) (25.11.1870, г. Гранвіль, Францыя — 3.11.1943),
французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў акадэміі Жуліяна (з 1887) і ў Школе прыгожых мастацтваў. Зазнаў уплыў П.Сезана, П.Гагена. Адзін з заснавальнікаў і тэарэтык групы «Набі» (1890) і «Майстэрняў рэлігійнага мастацтва» (1919). Лідэр неатрадыцыяналістычнай плыні ў франц. жывапісе. Працаваў у стылях сімвалізму і мадэрну. Для твораў характэрны манум. формы, дэкар. гармонія, рэліг.-містычныя сюжэты, плоскасная стылізацыя, светлы каларыт. Сярод твораў «Музы» (1893), «Марфа і Марыя» (1896), «Партрэт Івоны Лероль» (1897), «У гонар Сезана» (1900), 11 пано «Гісторыя Псіхеі» (1908—09) і інш. Аўтар кніг «Тэорыі» (1912), «Новыя тэорыі» (1921).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Д’ЭСТУРНЕ́ЛЬ ДЭ КАНСТА́Н ((d’Estournelles de Constant) Поль) (22.11.1852, Шато-дэ-Клермон-Крэан, дэпартамент Сарта, Францыя — 15.5.1924),
французскі дзярж. дзеяч. Барон. Юрыст. З 1876 на дыпламат. службе. З 1895 чл. палаты дэпутатаў, з 1904 — сената. Удзельнік 1-й (1899) і 2-й (1907) Гаагскіх мірных канферэнцый, канферэнцыі Міжпарламенцкага саюза (1921), чл.Міжнар. трацейскага суда ў Гаазе (з 1907). У 1905 заснаваў Асацыяцыю міжнар. прымірэння, пазней узначаліў Аддзяленне Фонду Карнегі ў Еўропе. Аўтар кн. «Французская палітыка ў Тунісе» (1891, прэмія Франц. акадэміі), «Амерыка і яе праблемы» (1913), а таксама кнігі пра Стараж. Грэцыю. Нобелеўская прэмія міру 1909 (разам з А.Беернарам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРДА́Н ((Jourdan) Жан Батыст) (29.4.1762, г. Лімож, Францыя — 23.11.1833),
французскі ваен. дзеяч. Маршал Францыі (1804). Граф (1816). У 1779—83 удзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. У Франц. рэвалюцыю 1789—99 камандаваў батальёнам валанцёраў (з 1791), корпусам, арміяй (з 1793); перамог аўстр. войскі пры Флёрусе (1794). Ініцыятар закону аб канскрыпцыі (воінскай павіннасці). У час перавароту Васемнаццатага брумера 1799 выступіў супраць Напалеона Банапарта, пасля падтрымаў яго. У 1804—05 камандуючы Італьян. арміяй, у 1806—09 і 1812—13 ваен. саветнік і нач. штаба ісп. караля Жазефа Банапарта. З 1814 на службе ў Бурбонаў, камандаваў ваен. акругай. З 1819 чл. палаты пэраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ ПА РАЗЗБРАЕ́ННІ 1932—35,
міжнародная канферэнцыя аб скарачэнні і абмежаванні ўзбраення. Склікана 2.2.1932 па рашэнні Савета Лігі Нацый, удзельнічалі 63 краіны. Некаторыя краіны імкнуліся выкарыстаць канферэнцыю для аслаблення магчымых праціўнікаў і ўзмацнення сваёй ваен. магутнасці (франц. дэлегацыя дамагалася захавання ваен. перавагі над Германіяй паводле Версальскага мірнага дагавора 1919, герм. дэлегацыя патрабавала роўнасці ва ўзбраеннях, а ў кастр. 1933 адмовілася ад удзелу ў канферэнцыі). Дэлегацыя СССР прапанавала пакласці ў аснову работы прынцыпы ўсеагульнага і поўнага раззбраення, а пасля адхілення гэтай прапановы — правесці прагрэс.-прапарцыянальнае скарачэнне ўзбраенняў і ўзбр. сіл. Сав. прапановы былі адхілены, канферэнцыя зайшла ў тупік і ў 1935 фактычна спыніла сваю работу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСІЯ (ад лац. inversio перастаноўка) у мовазнаўстве, мэтазгоднае змяненне звычайнага (прамога) парадку слоў у сказе. У гутарковай мове служыць сродкам сэнсавага члянення выказвання (падзел на зыходную частку — дадзенае і тое, што гаворыцца пра яе — новае). Параўн. «Ён не прасіў мяне дапамагчы» і «Мяне дапамагчы ён не прасіў». У мовах з фіксаваным парадкам слоў І. мае грамат. нагрузку (напр., для стварэння пытальных сказаў у рус., англ., франц. мовах). У публіцыстыцы і маст. творах І. — стылістычная фігура, якая ўзмацняе выразнасць выказвання, падкрэслівае тую ці інш. думку, паняцце: «У імя беззваротнага мінулага я прашу аб адным: ратуйце ад смерці дзяцей маіх і ўнукаў!» (М.Лынькоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́СРАЭЛС (Israëls),
нідэрландскія жывапісцы, бацька і сын. Іосеф (27.1.1824, г. Гронінген, Нідэрланды — 12.8.1911). Вучыўся ў АМ у Амстэрдаме і Парыжы (1845) у А.Вернэ і П.Дэлароша. Зазнаў уплыў барбізонскай школы і Ж.Ф.Міле. З 1871 жыў у г. Гаага; кіраўнік рэаліст. гаагскай школы. Драматычныя паводле вобразнага ладу яго карціны прысвечаны пераважна жыццю рыбакоў і сялян («Адна ў свеце», 1876). Змрочны танальны каларыт і святлоценявыя кантрасты ў творах 1890—1900-х г. саступілі месца больш светлай і яркай гаме («Самотныя думкі», 1896; «Едакі бульбы», 1903, і інш.). Ісак (3.2.1865, Амстэрдам — 7.10.1934), сын Іосефа І. Зазнаў уплыў франц.імпрэсіянізму. Аўтар лёгкіх і дынамічных па манеры пісьма партрэтаў, сцэн.гар. жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГУЛЯ́РЫ (cagoulards ад франц. cagoule манаскі клабук),
члены тайнай прафаш. арг-цыі ў Францыі ў 1932—40. Кіруючы цэнтр арг-цыі («Сакрэтны к-трэв. дзеяння») на чале з марскім інж. Э.Дэлонклем (склаўся ў 1936), рыхтаваў змовы супраць урадаў Нар. фронту, праводзіў акцыі тэрору супраць паліт. апанентаў, кантактаваў з ісп. франкістамі. Праграма К. прадугледжвала стварэнне ў Францыі фаш. дзяржавы на ўзор Італіі. Атрымлівалі грашовыя і інш. сродкі з фондаў арміі, ад манаполій і з-за мяжы (найперш ад італьян. фашыстаў). Гал.сац. база — кансерватыўныя ваенныя. Пасля акупацыі б.ч. Францыі ў пач. 2-й сусв. вайны (1940) большасць К. падтрымала ўрад «Вішы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДР (франц. cadre літар. рама),
1) кінакадр, асобны фатаграфічны здымак (кадрык) на кінаплёнцы, на які.м зафіксавана адна з фаз руху ці статычнага становішча аб’екта здымкі.
2) Мантажны К. — састаўная ч. фільма, што змяшчае той ці іншы момант дзеяння.
3) Сцэнарны К. (у пастановачным сцэнарным фільме) — пераказ зместу і апісанне кожнага асобнага К., які здымаецца, і дзеяння, што ў ім адбываецца.
4) Фатаграфічны К. — адзінкавая выява аб’екта здымкі, абмежаваная пэўнымі памерамі. Межы К. ўстанаўліваюцца ў час здымкі і атрымання адбіткаў на фотапаперы ці дыяпазітываў.
5) Тэлевізійны К. — выява, якая атрымліваецца на экране кінескопа ў выніку аднаго поўнага цыкла тэлевіз. развёрткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКО́ЎЦАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (18.4.1853, г. Ноўгарад, Расія — 1943),
расійскі дзярж. дзеяч. Граф (1914). Скончыў Аляксандраўскі ліцэй (1872). Працаваў у Мін-ве юстыцыі (1873—79), гал. турэмным упраўленні МУС (1879—90), Дзярж. канцылярыі (1890—96). У 1896—1902 таварыш міністра фінансаў С.Ю.Вітэ, у 1902—04 дзярж. сакратар. У 1904—14 (з перапынкам у 1905—06) міністр фінансаў. Пасля забойства П.А.Сталыпіна старшыня Савета Міністраў (вер. 1911 — студз. 1914, адначасова і міністр фінансаў). Выступаў за працяг унутрыпаліт. курсу Сталыпіна, умацаванне рас.-франц. саюзу, змякчэнне супярэчнасцей паміж Расіяй і Германіяй. Пазней буйны банкір. З 1918 жыў у Францыі. Аўтар успамінаў (т. 1—2, 1933).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАБАРАЦЫЯНІ́СТЫ (ад франц. collaboration супрацоўніцтва),
асобы, партыі, грамадскія рухі і арг-цыі, якія ў 2-ю сусв. вайну супрацоўнічалі з ням.-фаш.акупац. ўладамі на часова акупіраваных тэрыторыях сваіх краін. Да ліку К. належалі А.Ф.Петэн, П.Лавіт (Францыя), В.Квіслінг (Нарвегія), Р.Астроўскі (Беларусь) і інш.Бел. К. ставілі за мэту стварэнне бел. войска (гл.Беларускі корпус самааховы, Беларуская краёвая абарона) і бел.нац. дзяржавы пад пратэктаратам Германіі (гл.Беларуская народная самапомач, Беларуская рада даверу). Становішча на франтах, разгортванне антыфаш. барацьбы на акупіраваных тэрыторыях вымушалі акупантаў пашыраць сац. базу калабарацыі. У снеж. 1943 створана Беларуская цэнтральная рада, якая фактычна спыніла дзейнасць у чэрв. 1944.