ПЕРАПОНЧАТАКРЫ́ЛЫЯ (Hymenoptera),

атрад насякомых. Вядомы з трыясу (каля 220 млн. г. назад). 2 падатр.: сядзячабрухія (Symphyta, або Phytophaga) і сцяблістабрухія (Apocryta); сцяблістабрухіх падзяляюць на паразітычных (Parasitica) і джалячых (Aculeata). Больш за 300 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Вызначаюцца складанымі паводзінамі (адзіночныя і грамадскія насякомыя), у многіх развіты інстынкт будовы гнязда і клопату пра патомства. На Беларусі каля 3 тыс. відаў, найб. пашыраны арэхатворкі, восы, мурашкі, наезнікі, немкі, пільшчыкі сапраўдныя, пчолы. рагахвосты, трыхаграмы, хальцыды, іхнеўманіды і інш.

Даўж. 0,2—60 мм. На галаве 1 пара фасетачных вачэй і 3 простыя вочкі. Вусікі простыя, перыстыя, булава- або грэбенепадобныя. Пярэдняспінка злучана нерухома з сярэднегрудзямі, а пярэднягрудзі — рухома з пярэдняспінкай. Маюць 2 пары празрыстых перапончатых крылаў (адсюль назва), зрэдку другасна бяскрылыя (мурашкі, немкі). Ротавыя органы грызучыя ці грызуча-лізальныя або сысучыя У самак на канцы брушка яйцаклад або джала. Ногі хадзільныя, бегальныя. Дарослыя пераважна расліннаедныя, некат. — драпежнікі, паразіты; лічынкі кормяцца рознымі ч. раслін. Самцы развіваюцца з неаплодненых (гаплоідных) яец, самкі — з дыплоідных (з двайным наборам храмасом), звычайна аплодненых, толькі ў некат. відаў — з неаплодненых яец (гл. Партэнагенез). Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія або вусенепадобныя. Многія П. — апыляльнікі раслін; наезнікаў выкарыстоўваюць у біял. барацьбе са шкоднікамі с.-г. раслін; пчолы меданосныя даюць мёд, воск, пропаліс. Ёсць шкоднікі с.-г. культур і лясных парод.

С.​А.​Максімава.

Перапончатакрылыя: 1 — эфіяльт выяўляльнік; 2 — наезнік начніцавы; 3 — андрэна шэрая; 4 — сфекс зубасты; 5 — мурашка-шашаль звычайная.

т. 12, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́СКІ ДРУК,

від друку, пры якім друкавальныя і прабельныя элементы друкарскай формы знаходзяцца ў адной плоскасці. Заснаваны на выбіральным змочванні друкавальных элементаў тлустай фарбай, а прабельных — водным растворам (дасягаецца хім. апрацоўкай формы). Выкарыстоўваецца для друкавання газет, ілюстраваных часопісаў і кніг, геагр. карт, рэпрадукцыі карцін, упаковачнай прадукцыі і інш.

Паколькі тлушч і вада не змешваюцца, папярэдне ўвільготненыя прабельныя ўчасткі формы не ўспрымаюць фарбу і яна кладзецца толькі на друкавальныя элементы; пры ўвільгатненні формы вада не змочвае слой фарбы, але ўспрымаецца прабельнымі ўчасткамі. Пры друкаванні форму папераменна змочваюць вадой і закатваюць фарбай, якая з формы перадаецца затым на паперу ці інш. матэрыял. Першы спосаб П.д. — літаграфія (вынайдзена ў 1798), якая з сярэдзіны 20 ст. страціла сваё значэнне з пашырэннем плоскага афсетнага друку (вынайдзены ў 20 ст.). Плоскадрукавальная друкарская машына створана ням. вынаходнікам Ф.​Кёнігам у 1811. Да спосабаў П.д. адносіцца таксама фотатыпія (вынайдзена ў 1855). Плоскадрукавальныя машыны літаграфскага і фотатыпнага друку маюць плоскую форманясучую паверхню (талер) і цыліндрычную прыціскальную (друкавальны цыліндр). Гл. таксама Кнігадрукаванне.

Літ.:

Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991;

Технология печатных процессов. М., 1989;

Чехман Я.И., Сенкусь В.Т., Бирбраер Е.Г. Печатные машины. М., 1987.

У.​М.​Сацута.

Плоскі друк: а — прынцыповая схема друкавання (1 — друкарская форма, 2 — матэрыял, 3 — Друкавальны цыліндр, 4 — фарба); б — друкарская форма плоскага афсетнага друку (1 — друкавальныя элементы, 2 — прагальныя элементы, 3 — фарба, 4 — водны раствор); в — плоскадрукавальная машына (1 — транспарцёр, 2 — саманаклад, 3 — друкавальны цыліндр, 4 — талер, 5 — фарбавальны апарат; 6 — прыёмны стол).

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГМАТЫ́ЗМ [ад грэч. pragma (pragmatos) справа, дзеянне],

філасофскае вучэнне, якое вызначае значнасць тэарэт. ведаў на аснове іх практычных вынікаў. Узнік у 1870-я г. ў ЗША як «рэканструкцыя ў філасофіі», як метад вырашэння філас. спрэчак, пераадоленне абстрактнасці і сузіральнасці (Ч.​Пірс). Філас. дактрыну П. распрацоўвалі У.​Джэмс, Дж.​Дзьюі, Дж.​Мід, С.​Хук, К.​І.​Льюіс, Ф.​К.​Шылер і інш. У канцы 1890-х г. ідэі П. былі пашыраны ў ЗША як сродак вырашэння лагічных праблем і практычных спраў. Па сваёй сутнасці П. прымыкае да традыцыі ідэаліст. эмпірызму. Ён атаясамлівае ўсю рэальнасць, што акружае чалавека, з вопытам, які трактуецца як змест свядомасці або «паток свядомасці» (Джэмс). Аб’екты пазнання, паводле П., не існуюць незалежна ад свядомасці. Яны фарміруюцца пазнавальнымі намаганнямі ў працэсе вырашэння практычных задач; мысленне — сродак для прыстасавання арганізма да асяроддзя з мэтай паспяховага дзеяння. Функцыя думкі — у пераадоленні сумнення, якое з’яўляецца перашкодай для дзеяння (Пірс), у выбары сродкаў, неабходных для дасягнення мэты (Джэмс) або для вырашэння праблематычнай сітуацыі (Дзьюі). Ідэі, паняцці, тэорыі — толькі інструменты, прылады, або планы дзеяння. Традыцыйнае для папярэдняй філасофіі проціпастаўленне ведаў і няведання ў П. змянілася проціпастаўленнем упэўненасці і сумніўнасці. Пры гэтым сумненне і ўпэўненасць тычацца магчымасці вынікаў дзеяння, а не зместу ведаў. Адпаведна і ісціннасць вызначаецца як працаздольнасць ідэі. У філасофіі П. з’яўляецца адзіным крытэрыем праўдзівасці ідэй і самім зместам паняцця ісціны. Цікавасць да П. пачала ўзмацняцца з канца 1960-х г.; робяцца спробы зблізіць П. з сучаснай логікай і метадалогіяй навукі.

В.​І.​Галаўнёў.

т. 12, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВЫ ТРА́НСПАРТ,

вытворчы транспарт прамысл. прадпрыемстваў, які ажыццяўляе перамяшчэнне прадметаў і прадуктаў працы ў сферы вытв-сці. Падзяляецца на знешні, унутрызаводскі і ўнутрыцэхавы. Аснашчэнне П.т. ўключае рухомы састаў, цягавыя сродкі, збудаванні, пуці, пагрузачна-разгрузачныя механізмы, сродкі сувязі і сігналізацыі, прылады для рамонтных і дапаможных работ. Асн. віды П.т.: чыгуначны, бязрэйкавы, бесперапынны, падвясны. Чыгуначны бывае шырокай каляіны, які выкарыстоўваецца на найб. прадпрыемствах, буд. арг-цыях, гандл. базах, халадзільніках і інш., і вузкай каляіны, які характэрны ў асноўным для торфапрадпрыемстваў. Даўжыня чыг. пуцей прадпрыемстваў і арг-цый Беларусі ў 1998 складала 3903 км, на іх перавезена 103,9 млн. т. грузаў, а грузаабарот склаў 710,6 млн.т/км. Да бязрэйкавага П.т. адносяцца аўтамабілі, цягачы з прычапнымі цялежкамі, электракары, гусенічныя машыны. Ён выкарыстоўваецца на прадпрыемствах будаўніцтва, прам-сці буд. матэрыялаў, пры складскіх трансп. работах. У 1998 даўжыня ведамасных аўтадарог у Рэспубліцы Беларусь складала 58,7 тыс. км, з іх 31,6 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Толькі аўтамаб. ведамасным транспартам у 1998 перавезена 210,2 млн. т грузаў, а грузаабарот склаў 7282 млн. т/км. Да бесперапыннага П.т. адносяцца канвееры для перамяшчэння сыпкіх і штучных грузаў, пнеўматычны транспарт (для сыпкіх і пылападобных грузаў) і гідраўлічны — для перамяшчэння грузаў на абагачальных ф-ках, пры гідратэхн. работах (намыўка дамбаў, паглыбленне вадаёмаў, рэчышчаў рэк і г.д.). Напр., на салігорскіх калійных камбінатах, канвеерным П.т. кожны год перамяшчаецца каля 11 млн. т руды. Падвясны П.т. прадстаўлены канатнымі падвяснымі дарогамі, якія выкарыстоўваюцца для дастаўкі сыравіны на прадпрыемствы і вывазкі гатовай прадукцыі.

П.​І.​Рогач.

т. 13, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТО́РА І ЧАС у філасофіі,

філасофскія катэгорыі, якія абазначаюць формы быцця рэчаў і з’яў. Прасторавыя адносіны ахопліваюць парадак падзей, што існуюць адначасова, а таксама памеры матэрыяльных аб’ектаў. Часавыя адносіны адлюстроўваюць парадак падзей, якія ідуць адна за адной, іх працягласць у часе. П. і ч. уласцівы ўсім прадметам і з’явам рэчаіснасці. Кожны прыродны ці гіст. працэс можа адбывацца толькі ў П. і ч. Узаемасувязь П. і ч., іх адзінства выяўляюцца ў руху і развіцці матэрыі, абумоўлены залежнасцю ад структурных адносін і працэсаў развіцця ў матэрыяльных сістэмах, адзінствам перапыннага і неперапыннага ў структурнай пабудове сістэм, колькаснай і якаснай бясконцасцю. Кожны элемент адзінства П. і ч. мае свае асаблівыя рысы. Прастора характарызуецца працягласцю, звязанасцю і неперапыннасцю, трохмернасцю, метрычнымі ўласцівасцямі, сіметрыяй і асіметрыяй, канкрэтнай формай і памерамі, месцазнаходжаннем, прасторавым размеркаваннем рэчыва і поля, адлегласці паміж целамі і рознымі сістэмамі. Да спецыфічных рысаў часу належаць: працягласць, якая выражае паслядоўнасць станаў і змен цел; канечнасць і перапыннасць існавання прадметаў і з’яў, асіметрычнасць, неабарачальнасць і накіраванасць ад мінулага да будучага, а таксама часавыя адносіны паміж рознымі цыкламі ў структуры сістэм, адначасовасць, рытм, тэмп, хуткасць развіцця працэсаў. Матэрыяліст. філасофія прызнае аб’ектыўнасць, усеагульнасць і універсальнасць П. і ч. Прадстаўнікі інш. філас. кірункаў ставяць П. і ч. у залежнасць ад індывід. свядомасці (Дж.​Берклі, Д.​Юм), ад надсусветнага розуму ці абсалютнай ідэі (Г.​Гегель, А.​Бергсон) або лічаць іх апрыёрнымі формамі пачуццёвага сузірання (І.​Кант).

В.​І.​Боўш.

т. 13, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМЕ́ТНІК,

знамянальная часціна мовы, якая абазначае прыкметы прадметаў, з’яў і жывых істот. Паводле значэння падзяляюцца на якасныя і адносныя.

Якасныя выражаюць якасці і ўласцівасці прадметаў, маюць ступені параўнання. формы суб’ектыўнай ацэнкі і меры якасці («бялюсенькі», «гаркаваты», «страшэнны», «даўжэзны»), могуць утвараць поўную і кароткую формы («дужы», «дуж»), бываюць невытворныя («добры», «новы») і вытворныя («клапатлівы», «працавіты»), Адносныя паказваюць на прыкмету прадмета праз адносіны да інш. прадметаў, асоб, дзеянняў ці акалічнасцей («летні вечар», «дзіцячы смех»), пры вобразна-пераносным ужыванні лёгка пераходзяць у якасныя («жалезная воля», «братні прыём»), бываюць толькі вытворныя («зімовы», «спартыўны»), Разнавіднасць адносных — прыналежныя П., якія абазначаюць прыкмету паводле прыналежнасці прадмета пэўнай асобе ці жывой істоце («бацькаў кажух», «вавёрчына дупло»), Формы роду, ліку і склону П. залежаць ад роду, ліку і склону назоўніка, з якім яны звязаны ў сказе ці ў больш шырокім кантэксце. Паводле склонавых форм падзяляюцца на 3 тыпы скланення: ад’ектыўнае (поўныя формы адносных і якасных П.), змешанае (прыналежныя П., якія ў назоўным і вінавальным склонах маюць кароткую, а ва ўсіх астатніх склонах — поўную форму), нулявое (нязменныя П. — «касцюм беж»). Утвараюцца афіксальным (суфіксальным — «пчаліны»; прэфіксальным — «антываенны»; прэфіксальна-суфіксальным — «міжвідавы») спосабамі, асноваскладаннем («руска-беларускі»), асноваскладаннем у спалучэнні з суфіксацыяй («дробназярністы»), зрашчэннем кампанентаў («вышэйпамянёны»), У сказе выконваюць ролю азначэння ці выказніка.

Літ.:

Булахаў М.Г. Прыметнік у беларускай мове. Мн., 1964;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́КАНСТРУ́КЦЫЯ ПО́ЎДНЯ 1865—77,

перыяд радыкальных сац.-эканам. пераўтварэнняў у амер. паўд. штатах пасля грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65; састаўная частка (2-я фаза) другой Амер. рэвалюцыі 1861—77. Праведзена ў час прэзідэнцтва Э.​Джонсана (1865—68) і У.​С.​Гранта (1869—77) з мэтай аднаўлення дзярж. адзінства ЗША і перабудовы жыцця паўд. штатаў краіны. Вырашала пытанні індустрыялізацыі, памяншэння ўплыву плантатараў, надання грамадз. правоў негрыцянскаму насельніцтву ў паўд. (б. рабаўладальніцкіх) штатах ЗША. Гал. рухаючыя сілы — радыкальнае крыло Рэсп. партыі (на федэральным узроўні), узбр. атрады (на мясц. узроўні). Фактычна пачалася з закону аб Рэканструкцыі ад 2.3.1867. Паводле рашэння кангрэса федэральныя войскі былі ўведзены ў паўд. штаты, іх тэр. падзелена на 5 ваен. акруг на чале з генераламі. У 1867 упершыню ў кангрэс ЗША выбраны 16 неграў. Яны ўваходзілі і ў мясц. органы ўлады. У ходзе Р.П. ў рэгіёне актывізавалася развіццё прам-сці, транспарту (чыг. буд-ва), гандлю, добраўпарадкоўваліся населеныя пункты, пашырылася асвета сярод неграў. Але з-за супраціўлення плантатараў і інш. кансерватыўных сіл (гл. Ку-клукс-клан) не ўдалося радыкальна вырашыць агр. пытанне, у большасці паўд. штатаў узмацніліся расісцкія настроі (да 1877 рэспубліканцы кантралявалі ўладу толькі ў 3 з 11 мясц. штатаў). У крас. 1877 федэральныя войскі выведзены з паўд. штатаў. У выніку Р.П. замацавана дзярж. адзінства ЗША, устаноўленае ў ходзе грамадз. вайны, зроблены захады па інтэграванні негрыцянскага насельніцтва ў амер. грамадства.

Літ.:

Фонер Э. Рабство, гражданская война и реконструкция: новейшая историография // Новая и новейшая история. 1991. №6.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 13, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІУДАІ́ЗМ,

рэлігійны, нацыянальны і этычны светапогляд, які традыцыйна вызначаў вераванні і жыццёвы ўклад яўрэяў У больш вузкім сэнсе — нац. рэлігія яўрэяў, дзярж. рэлігія Ізраіля. Узнік у 2-м тысячагоддзі да н.э. Адыграў гал. ролю ў станаўленні стараж. дзяржавы — Ізраільска-Іудзейскага царства (10 ст. да н.э.). Прыхільнікі І. веруюць у Яхве — адзінага Бога, стваральніка і ўладара Сусвету, у бессмяроцце душы, замагільнае жыццё, будучы прыход Месіі, богавыбранасць яўр. народа. Тэрмін «І.» паходзіць ад назвы яўр. племяннога аб’яднання Іуды, якое было самым шматлікім сярод усіх 12 яўр. плямён («дванаццаці кален ізраілевых»), а ў канцы 11 ст. да н.э. стала пануючым. Гал. крыніцай веравучэння І. з’яўляецца Біблія (прызнаецца толькі Стары Запавет), асн. догмы выкладзены ў першых яе 5 кнігах, аб’яднаных у Тору (Пяцікніжжа Майсеева). Цэнтрам І. ў 1-м тыс. да н.э. быў Іерусалімскі храм (у 586 да н.э. зруйнаваны вавіланянамі, адбудаваны; у 70 н.э. зруйнаваны канчаткова рымлянамі). У перыяд 2-га Храма найб. поўным выражэннем І. стала Галаха — сукупнасць законаў, якія вызначаюць рэліг. жыццё яўрэяў. Ва ўмовах рым. прыгнёту (1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.) сфарміравалася вучэнне аб будучым прыходзе Месіі — збавіцеля з роду Давіда, які павінен адрадзіць Ізраільска-Іудзейскае царства. Пасля зруйнавання 2-га Храма рэліг. жыццё І. засяродзілася вакол сінагог, рэліг. кіраўнікамі сталі законавучыцелі — рабіны, якія не маюць такой складанай іерархіі, як хрысціянскія свяшчэннаслужыцелі. Да 5 ст. н.э. склалася другая па значэнні крыніца І. — Талмуд, дзе сабраны ўсе дагматычныя, рэліг.-этычныя і прававыя палажэнні, рэгламентуюцца складаная абраднасць і нормы паводзін кожнага верніка. З пашырэннем хрысціянства (з 4 ст. дзярж. рэлігія Рым. імперыі) і ісламу (I ст.), якія бяруць пачатак у І., узнік іх канфлікт з І.: яўрэйства адмовілася прызнаць прэтэнзіі гэтых рэлігій на новыя ісціны і разглядала іх як скажэнне І.; тыя, са свайго боку, ставіліся да І. як да нейкага гіст. рудымента і богаадступніцтва. Доўгі час нормы Галахі садзейнічалі ізаляванасці яўрэяў сярод іншаэтнічнага і іншаканфесійнага насельніцтва ў дыяспары. У 19 ст. ў сувязі з эмансіпацыяй яўрэяў (ураўнаванне ў правах з астатнім насельніцтвам) у шэрагу зах.-еўрап. краін узнікла супярэчнасць паміж неабходнасцю захавання вернасці І. і інтэграцыяй у навакольнае культ. асяроддзе. Вынікам гэтага стала з’яўленне новых кірункаў у І., адрозненні паміж якімі вызначаюцца адносінамі да Галахі: выкананне ўсіх яе патрабаванняў абвяшчае артадаксальны І.; за сінтэз традыцый з паступовымі рэформамі выступае кансерватыўны І.; адмаўленне ад прызнання бясспрэчнасці законаў Галахі і выкананне толькі яе асобных палажэнняў характарызуе рэфармісцкі (прагрэсісцкі) І.

У Беларусі першыя звесткі пра яўрэяў, прыхільнікаў І., вядомы з канца 14 ст. Гэта акты аб прывілеях 1388—89 вял. князя Вітаўта, дадзеныя 5 яўр. абшчынам ВКЛ: у Троках, Брэсце, Гродне, Луцку і Уладзіміры-Валынскім. У цэнтр. і ўсх. Беларусі І. пашырыўся з 16 ст. Побач з артадаксальным І. у 18 ст. на Украіне ўзнікла яго новая містычная плынь — хасідызм, які меў пэўнае пашырэнне і на Беларусі, але не адыграў тут значнай ролі. І. вызначаў духоўнае жыццё яўр. мас Беларусі да рэв. пераўтварэнняў 1920-х г. (у Зах. Беларусі да 1939). У 1980-я г. пачалося адраджэнне І. На 1.1.1998 у Рэспубліцы Беларусь 18 іудзейскіх абшчын (у т. л. 8 прагрэсісцкіх).

Я.​З.​Басін, Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМІНА́РЫЯ (ад семінар),

агульнаадукацыйная навуч. ўстанова, што рыхтавала духавенства або настаўнікаў для пач. школ. Узнікненне духоўных С. звязана з Трыенцкім саборам (1545—63), на якім было вырашана арганізаваць шэраг спец. навуч. устаноў для падрыхтоўкі добраадукаваных асоб. Каталіцкія духоўныя С. звычайна адкрывалі мясц. біскупы. Выкладчыкамі ў іх былі прадстаўнікі якога-н. манаскага ордэна. На Беларусі першыя духоўныя С. засн. ў Вільні (1582) і Краславе (1755), належалі ордэну місіянераў, які да 1-й трэці 19 ст. кантраляваў С. ў Беластоку, Вільні, Заслаўі, Магілёве. Дамініканцам належала С. ў Мінску. Духоўныя С. існавалі таксама ў Брэсце і Нясвіжы. Пры Віленскім ун-це ў 1808—32 дзейнічала гал. духоўная С., якая рыхтавала біскупаў, прэлатаў і канонікаў каталіцкага і уніяцкага веравызнання. Яна мела праграму духоўнай акадэміі і была разлічана на 50 клірыкаў. Пасля задушэння паўстання 1830—31 большасць духоўных С. скасавана. У сярэдзіне 19 ст. каталіцкія духоўныя С. захаваліся ў Вільні, Мінску, Магілёве. Яны былі разлічаны на 20—50 клірыкаў; у іх выкладаліся: багаслоўе, царк. абрады, маральная, дагматычная, палемічная тэалогіі, кананічнае права, рыторыка, логіка, духоўнае красамоўства, свяшчэнная і айч. гісторыя, лац., франц., польск. і рус. мовы, нар. права, патрыстыка, фізіка, матэматыка, спевы, паліт. эканомія. З 1822 выкладчыкамі маглі быць толькі асобы, якія мелі дыпломы доктара ці магістра багаслоўя. Для паступлення ў С. патрэбен быў дазвол губернатара. У пач. 20 ст. каталіцкая духоўная С. захавалася толькі ў Вільні. Першая уніяцкая духоўная С. адкрыта ў 1746 у мяст. Свержань. На пач. 19 ст. яны дзейнічалі ў Лаўрышаве, Супраслі, Полацку, Жыровічах. Навуч. праграма была такая ж, як і ў каталіцкіх С. У 1820—30-я г. яны скасаваны ці ператвораны ў праваслаўныя. Права слаўныя духоўныя С. пачалі стварацца на Беларусі з 2-й пал. 18 ст. (у 1752 у Магілёве, у 1785 у Слуцку) і па сваёй праграме нагадвалі езуіцкія калегіумы. У адпаведнасці са статутам 1808 мелі 6 класаў і падпарадкоўваліся духоўным акадэміям. Іх праграма адпавядала 4 старэйшым класам гімназіі; выкладаліся: рус., грэч. і лац. мовы, эстэтыка, рыторыка, гісторыя, геаграфія, алгебра, геаметрыя, механіка, медыцына, логіка, метафізіка, мараль, багаслоўе, герменеўтыка, царк. абрады, сельская гаспадарка. Пасля заканчэння С. лепшыя выпускнікі працягвалі адукацыю ў акадэміях, астатнія выкладалі ў пав. і прыходскіх духоўных вучылішчах ці ішлі ў манастыры. Паводле рэформы 1867—69 С. сталі незалежнымі ад духоўных акадэмій, з навуч. праграмы выключаны сельская гаспадарка і медыцына, уведзена педагогіка; пры С. адкрыты нядзельныя школы. У 1884 прыняты новы статут духоўных С., паводле якога ў іх павінен быў выкладацца поўны курс класічнай гімназіі, а таксама псіхалогія, гісторыя філасофіі, сельская гаспадарка і медыцына. На пач. 20 ст. такія С. дзейнічалі ў Віцебску, Вільні, Мінску, Магілёве. У наш час у Жыровічах існуе праваслаўная духоўная С. (гл. Мінская вышэйшая духоўная семінарыя). У 19 ст., з пашырэннем ідэі І.​Г.​Песталоці аб сістэматычнай падрыхтоўцы настаўнікаў, пачалі масава адкрывацца настаўніцкія семінарыі (першапачаткова яны з’явіліся ў Францыі і Германіі ў канцы 17 ст.).

Літ.:

Бобровский П.О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I. СПб., 1890;

Жукович П.Н. Об основании и устройстве главной духовной семинарии при Виленском университете (1803—1832 гг.). СПб., 1887;

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915.

А.​Ф.​Самусік.

т. 14, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ШЫ,

асобы тавар, які выконвае ролю ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавараў. Выражаюць затраты грамадскай працы, што надае ім здольнасць абменьвацца. Грошы ўзніклі на пэўным этапе развіцця грамадства як вынік эканам. адносін, гасп. Дзейнасці людзей. З развіццём вытв-сці і пашырэннем абмену тавараў ўзнікла патрэба ў тавары-эквіваленце, на які можна было б вымяняць любы іншы. Такім таварам сталі грошы. У розных народаў на розных этапах развіцця абмену ролю грошай выконвалі розныя тавары (шкуры звяроў, меры збожжа, упрыгожанні, жывёла і інш.). Паступова ролю ўсеагульнага эквіваленту сталі выконваць золата, серабро. Дзякуючы сваім уласцівасцям (аднароднасць, дзялімасць, высокая вартасць пры невял. аб’ёме, адносная рэдкасць у прыродзе і інш.) за золатам замацавалася роля грошай у сусв. маштабе. Як прадукт працы яно мае вартасць і з’яўляецца таварам, мае таксама спажывецкую вартасць — здольнасць задавальняць пэўныя патрэбы (выраб упрыгожанняў і інш.). На пэўным этапе за куплены тавар разлічваліся толькі залатымі зліткамі, потым і манетамі, якія былі заменены манетамі з медзі і інш. металаў, потым папяровымі грашамі. Папяровыя грошы (знакі вартасці, якія маюць гарантаваную законам плацежную сілу) упершыню з’явіліся ў Кітаі ў 12 ст., у ЗША у 17 ст., у Расіі ў 1796. Як усеагульны эквівалент грошы выконваюць некалькі функцый: мера вартасці, сродак абарачэння, утварэння скарбаў або сродак накаплення, сродак плацяжу (сусв. грошы). Праз функцыю меры вартасці грошы выражаюць вартасць інш. тавараў. Тавары выражаюць сваю вартасць у пэўнай колькасці золата. Вагавая колькасць золата, прынятая ў нац. эканоміцы дзяржавы за грашовую адзінку, наз. маштабам цэн. Пры рэалізацыі тавару грошы выконваюць функцыю сродку абарачэння. У працэсе абарачэння магчыма замена залатых манет папяровымі грашамі. Калі пасля рэалізацыі тавару грошы выключаюцца з абарачэння, яны выконваюць функцыю сродку накаплення ці ўтварэння скарбу. У якасці скарбу могуць быць не толькі грошы ў манетнай форме, але і накапленні ў выглядзе прадметаў раскошы. Функцыю плацяжу грошы выконваюць, калі тавары прадаюцца ў крэдыт, пры аплаце падаткаў, зямельнай рэнты, кватэрнай і заработнай платы і інш. З выкананнем функцыі сродку плацяжу звязана з’яўленне крэдытных грошай — вэксаляў, банкнот (банкаўскіх білетаў), чэкаў, крэдытных картак або электронных грошай. На міжнар. узроўні грошы выконваюць функцыю сусв. грошай і наз. валютай. Раней гэту функцыю выконвала золата, цяпер выкарыстоўваюцца грошы (валюта) эканамічна магутных дзяржаў свету (долар ЗША, англ. фунт стэрлінгаў, ням. марка). Грошы прадаюцца і купляюцца на грашовым рынку, асн. элементы якога — прапанова, попыт, кошт грошай. Прапанову складае агульная колькасць грошай у дзяржаве. Пры сучасным грашовым абарачэнні развітых краін асн. маса грашовых аперацый праводзіцца ў безнаяўнай форме. Ролю грошай выконваюць не толькі наяўныя грошы, але і ўклады да запатрабавання, тэрміновыя і інш. ўклады. Для разліку колькасці грошай уведзена паняцце дзярж. эканам. паказчыкаў — грашовых агрэгатаў (М 1—наяўныя грошы, М 2 — тэрміновыя ўклады, М 3 — сертыфікаты), колькасць і спецыфіка вызначэння якіх у розных краінах розная. Для інтэрпрэтацыі колькаснай тэорыі грошай манетарысты (гл. Манетарызм) на чале з амер. эканамістам М.​Фрыдменам прапанавалі формулу MV=Py, дзе M — грашовая маса, V — хуткасць абарачэння даходу, P — узровень кошту, y — норма (паток) рэальнага даходу. Попыт на грошы павінен пакрывацца іх прапановай. У сучаснай рыначнай эканоміцы прапанова грошай ствараецца банкаўскай сістэмай (цэнтр. і камерцыйнымі банкамі краіны). Цэнтр. банк выпускае ў абарачэнне манеты, папяровыя грошы ў форме банкнот рознага наміналу. Камерцыйныя банкі даюць пазыкі. Празмерны выпуск грошай (эмісія) выклікае інфляцыю — абясцэньванне, зніжэнне пакупной здольнасці папяровых грошай. Рост інфляцыі дэстабілізуе эканоміку і вымушае дзяржаву прымаць антыінфляцыйныя меры ў межах грашовага абарачэння. Сярод іх дэфляцыя (змяншэнне грашовай масы зняццем з абарачэння лішкавых папяровых грошай), нуліфікацыя (замена старых грашовых знакаў новымі, у меншай колькасці), дэнамінацыя (змена намінальнай вартасці грашовых знакаў), дэвальвацыя (афіцыйнае зніжэнне вартасці грашовых адзінак шляхам заканад. змяншэння залатога забеспячэння грашовай адзінкі ці зніжэння курсу папяровых знакаў у адносінах да золата ці замежнай валюты), рэвальвацыя (афіцыйнае павышэнне залатога ўтрымання грашовай адзінкі ці павышэнне яе курсу ў адносінах да замежнай валюты). Існуюць розныя тэорыі грошай (металічная, наміналістычная, колькасная, тэорыя «рэгулюемай валюты» і інш.). Паводле метал. тэорыі меркантылістаў (Т.​Мен, Ж.​Б.​Кальбер), багацце дзяржавы атаясамліваецца з грашамі, а грошы — з высакароднымі металамі. Прадстаўнікі наміналістычнай тэорыі (Г.​Ф.​Кнап, М.​Дз.​Чулкоў) лічаць грошы знакамі вартасці, умоўнымі разліковымі адзінкамі. Паводле колькаснай тэорыі (У.​Джэванс, К.​Менгер), велічыня вартасці грошай знаходзіцца ў адваротнай залежнасці ад іх колькасці. Тэорыя «рэгулюемай валюты» — спалучэнне асн. палажэнняў наміналістычнай і колькаснай тэорый. Яе прыхільнік і тэарэтык Дж.​М.​Кейнс аддае перавагу папяровым грашам, паколькі іх колькасць у абарачэнні можа вызначацца дзяржавай. Праз рэгуляванне колькасці грошай у абарачэнні можна нармалізаваць (асабліва ў перыяды крызісаў) узроўні кошту тавараў, заработнай платы, беспрацоўя. На думку манетарыстаў, грошы — рашаючы фактар узнаўлення, таму няўмелае дзярж. рэгуляванне грашова-крэдытнай сферы можа справакаваць чарговы эканам. крызіс. На Беларусі з 1.7.1992 існуе самаст. грашовая сістэма. У 1994 бел. рублю і разліковаму білету нададзены статус адзінага плацежнага сродку Рэспублікі Беларусь. Грашовае абарачэнне рэгулюецца Нац. банкам Беларусі.

Літ.:

Лившиц А.Я. Введение в рыночную экономику. М., 1992;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Э. Макроэкономика: [Пер. с англ.]. СПб., 1994;

Курс экономической теории. Киров, 1995;

Экономическая теория. Мн., 1996.

Л.​М.​Давыдзенка.

т. 5, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)