унясенне ў глебу вапнавых угнаенняў; спосаб хім. меліярацыі кіслых глеб. Шырока выкарыстоўваецца для пазбаўлення ад залішняй кіслотнасці на падзолістых, балотных, шэрых лясных глебах, чырваназёмах і ападзоленых чарназёмах. Звычайна іх вапнуюць праз 5—6 гадоў, 1 раз у ратацыю севазвароту летам або восенню. Нормы ўнясення вапнавых угнаенняў залежаць ад кіслотнасці глебы, яе грануламетрычнага саставу, асаблівасцей культуры (напр., лубін дрэнна пераносіць вапнаванне глебы). На тарфяных глебах дозы ўнясення вапны павялічваюцца ў 1,5 раза. На Беларусі каля 85% ворных зямель патрабуюць вапнавання. Дозы вапнавых угнаенняў устанаўліваюцца па спец. картаграмах кіслотнасці глеб.
Пры аднолькавай ступені кіслотнасці на пясчаных глебах на 1 га ўносіцца 2 т, на гліністых — да 9 т вапнавых матэрыялаў. З агароднінных культур вапнаванне эфектыўнае для буракоў, капусты, часнаку, салаты, шпінату і сельдэрэю, морквы, агуркоў, фасолі, рэпы, цвятной капусты і бручкі; менш эфектыўнае вапнаванне для радыскі, рэдзькі, кабачкоў і памідораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. verus сапраўдны + facio раблю),
праверка, эмпірычнае пацвярджэнне тэарэт. палажэнняў навукі праз супастаўленне іх з аб’ектамі, за якімі вядзецца назіранне, фактычнымі данымі, эксперыментам; прынцып вызначэння навук. асэнсаванасці і ісціннасці выказванняў. Вылучана прадстаўнікамі лагічнага пазітывізму, сфармулявана аўстр. філосафамі М.Шлікам у працы «Усеагульная тэорыя пазнання» (1918) і Л.Вітгенштэйнам у «Логіка-філасофскім трактаце» (1922); далей развіта ў працах Венскага гуртка. У аснове гэтага прынцыпу ляжыць тэзіс аб тым, што чалавечае пазнанне не можа выйсці за межы пачуццёвага вопыту, а ўсе веды можна звесці да «непасрэдна дадзенага» вяртання да нагляднага ўзроўню пазнавання і ігнаравання ідэальнага характару абстракцый. Усе навук. выказванні павінны задавальняць патрабаванне правяральнасці, або верыфіцыруемасці; любое меркаванне (гіпотэза) можа верыфіцыравацца, г.зн. яго ісціннасць можа быць даказана з дапамогай доследу або лагічнага доказу. У сучаснай л-ры верыфікацыя разглядаецца як вынік шматпланавых узаемаадносін паміж рознымі тэорыямі і данымі іх эксперыментальных праверак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТРАРУХАВІ́К,
рухавік, які пераўтварае кінетычную энергію ветру ў мех. энергію вярчальнага вала. Ветрарухавікі бываюць: крыльчатыя (найб. пашыраныя, звычайна з гарыз. воссю вярчэння, каэф. выкарыстання энергіі ветру да 0,48); карусельныя, або ротарныя (пераважна з верт. воссю, каэф. да 0,32); барабанныя. Ветрарухавік з прываднымі механізмамі ўтварае ветраагрэгат. Выкарыстоўваецца ў ветраэнергетычных устаноўках, ветраэлектрычных станцыях, ветраках і інш.
Асн. частка ветрарухавіка — ветракола (барабан з лопасцямі, ротар), якое аўтаматычна ўстанаўліваецца па напрамку ветру хваставым апярэннем. Вярчэнне ветракола праз рэдуктар перадаецца з дапамогай прывадной штангі ніжняму рэдуктару, а ад яго — рабочаму механізму (водападымальніку, генератару і інш.). Адрозніваюць ветрарухавікі: быстраходны (ветракола мае менш як 4 лопасці), сярэдняй быстраходнасці (4—8 лопасцей), ціхаходны (больш за 8). Тэорыю ветрарухавіка распрацаваў у 1912—22 рус. вучоны М.Я.Жукоўскі, развівалі яе У.П.Вятчынкін, А.Г.Уфімцаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКІ КАНА́Л,
у Беларусі, у Пінскім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобл., злучае басейны рэк Нёман і Прыпяць праз рэкі Шчара і Ясельда; ч. былога Дняпроўска-Нёманскага воднага шляху. Даўж. (разам з Выганашчанскім воз.) 54 км. Складаецца з 2 ч., якія пачынаюцца з воз. Выганашчанскае: 1-я (даўж. 3,5 км) упадае ў Шчару за 3,5 км на Пн ад воз. Выганашчанскае, 2-я (даўж. 46 км) — у Ясельду за 1 км на ПнУ ад в. Мерчыцы Пінскага р-на. Прымае сцёк з густой сеткі асушальных каналаў, у т. л. з Краглевіцкага (справа) і Хварашчанскага (злева).
Будаваўся ў 1767—83 па ініцыятыве М.К.Агінскага для перавозу грузаў, пераважна лесу. У 1799—1804 вяліся работы па яго добраўпарадкаванні. У 1-ю сусв. вайну гідратэхн. збудаванні разбураны, потым адноўлены. Да 1941 выкарыстоўваўся для суднаходства і лесасплаву. У Айч. вайну шлюзы і плаціны разбураны; гасп. значэння не мае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МУНДСЕН ((Amundsen) Руаль) (16.7.1872, г. Борг, Нарвегія — 1928),
нарвежскі палярны падарожнік і даследчык. У 1903—06 упершыню праплыў Паўн.-Зах. праходам з У на З ад Грэнландыі да Аляскі. На судне «Фрам» адправіўся ў Антарктыку, 14.12.1911 на сабаках дасягнуў Паўд. полюса. Спрабаваў дасягнуць Паўн. полюса дрэйфам на судне «Мод» (1918—21) і самалётам (1925). У 1926 узначаліў 1-ы трансарктычны пералёт празПаўн. полюс на дырыжаблі «Нарвегія». Загінуў у Баранцавым м., шукаючы экспедыцыю У.Нобіле. Імем Амундсена названы заліў і катлавіна ў Арктыцы, гара, ледавік, мора, заліў і навук. станцыя ЗША у Антарктыдзе.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. Л., 1936—39;
Перелёт через Ледовитый океан. М.; Л., 1927 (разам з Л.Эльсвартам);
На корабле «Мод»: Экспедиция вдоль северного побережья Азии. М.; Л., 1929;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШНЯ́К (Аляксандр Карлавіч) (15.8.1786 — 1831),
рускі падарожнік, батанік. Праязджаў з Дарагабужа праз Беларусь у Віцебск, Полацк (1815), з Вільні ў Кіеў. Пакінуў цікавыя звесткі пра нас. пункты Беларусі, у т. л. Мінск, Бабруйск і Бабруйскую крэпасць. Лічыў, што зах. паветы Смаленшчыны, дзе жылі беларусы, у этнічных адносінах не розніліся ад усх. паветаў Віцебскай губ. Цікавіўся этнаграфіяй, звычаямі, мовай і дыялектамі бел. сялян. Імкнуўся вызначыць геал. мінулае Беларусі, яе глебы, клімат, лясы, асабліва на Полаччыне. Башняк вядомы і як царскі шпіён, які сачыў за А.С.Пушкіным. У жн. 1825 разам з начальнікам паўд.ваен. Пасяленняў І.В.Вітам падаў данос («Запіску») у Пецярбург пра дзейнасць Паўд.т-ва дзекабрыстаў на Украіне. Памёр (паводле інш. звестак забіты) у час паўстання 1830—31.
Тв.:
Дневные записки путешествия А.Бошняка в разные области Западной и Полуденной России в 1815 г. Ч. 1—2. М., 1820—21.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТО́НАВЫЯ ЦЕ́ЛЫ, кетонавыя целы,
група арганічных злучэнняў, якія ўключаюць -оксімасляную, ацэтавоцатную кіслоты і ацэтон.
β-оксімасляная і ацэтавоцатная к-ты — прамежкавыя прадукты нармальнага абмену рэчываў у чалавека і жывёл. Утвараюцца ў печані пры няпоўным акісленні тлустых к-т, лёгка акісляюцца ў шкілетных мышцах і нырках. Інтэнсіўнасць іх утварэння залежыць ад стану вугляводнага абмену. Пры канчатковым акісленні іх у здаровым арганізме ўтвараецца вада і вуглякіслы газ. Калі паніжана здольнасць арганізма акісляць рэчывы да канчатковых прадуктаў абмену (пры цукровым дыябеце, недахопе вугляводаў, голадзе, ірвоце, некат. парушэннях нерв. і эндакрыннай сістэм і інш.), к-ты назапашваюцца ў крыві і мачы хворых у таксічных дозах (да 500 мг% супраць нормы — 1 мг%) і часткова ператвараюцца ў ацэтон, які выдзяляецца нават праз лёгкія, што прыводзіць да павышэння кіслотнасці крыві (ацыдозу) і атручэння арганізма. Ад увядзення ў арганізм інсуліну ці дадатковай колькасці вугляводаў утварэнне ацэтонавых целаў памяншаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЧА́ЛЬНАЯ ПЕЧ, трубчастая печ,
прамысловая гарызантальная або крыху нахіленая печ цыліндрычнай формы, якая верціцца вакол падоўжнай восі. Прызначана для награвання матэрыялаў з мэтай іх фіз.-хім. апрацоўкі. Бывае на пылаватым, кавалкавым, вадкім ці газавым паліве, з эл. нагрэвам. Даўж. да 230 м, дыяметр да 7,5 м, прадукцыйнасць да 150 т/гадз гатовай прадукцыі.
Сыравіна або вырабы награюцца ў печы (прамым нагрэвам, праз сценку муфеля або камбінаваным спосабам), перамяшчаюцца пры вярчэнні яе корпуса і выгружаюцца. У награвальных вярчальных печах метал. загатоўкі падрыхтоўваюць да коўкі і штампавання; у тэрмічных праходзяць тэрмічную апрацоўку; у абпальных абпальваюць клінкер, руды, нярудныя матэрыялы, жалезарудныя акатышы і інш. Вярчальныя печы выкарыстоўваюць ў металургіі (напр., вельц-печы), цэментнай і хім. прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАПРАВО́Д,
комплекс трубаправодаў і дапаможных збудаванняў (газакампрэсарныя станцыі, газаразмеркавальныя станцыі, газарэгулятарныя пункты, газавыя сховішчы і інш.) для транспартавання і размеркавання газаў прыродных гаручых. Бываюць магістральныя (са стальных труб, якія злучаюцца зваркай) і размеркавальныя (са стальных і поліэтыленавых труб).
Магістральныя газаправоды служаць для падачы газу ад месца здабычы да размеркавальных станцый. Пракладваюцца падземным (у траншэях), надземным (на апорах, жалезабетонных або метал. эстакадах) спосабамі, у насыпе, пад вадой (у дзюкерах). Працягласць да некалькіх тысяч кіламетраў, дыяметр труб звычайна 1420 мм, рабочы ціск 5,5 або 7,5 МПа. Абсталёўваюцца тэлемех. апаратурай для кантролю і кіравання ціскам і расходам газу. Размеркавальныя газаправоды прызначаны для транспартавання і размеркавання газу ў горадзе або на прадпрыемстве праз газавую сетку. Бываюць вонкавыя (вулічныя, унутрыквартальныя, дваровыя, міжцэхавыя) і ўнутраныя (унутрыдамавыя, унутрыцэхавыя); нізкага (да 0,005 МПа), сярэдняга (0,005—0,3 МПа) і высокага (0,3—1,2 МПа) ціску. Гл. таксама Газавая прамысловасць, Трубаправодны транспарт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎЧЫН,
вёска ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Вабіч, на аўтадарогах Бялынічы — Галоўчын, Магілёў — Круглае. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнУ ад г.п. Бялынічы, за 26 км ад горада і чыг. ст. Магілёў. 674 ж., 280 двароў (1996). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, Дом быту, аддз. сувязі. Царква.
Вядомы з канца 15 ст. З 1501 належаў жонцы вял.кн. Аляксандра Алене Іванаўне, пазней — кн. Галоўчынскім, Патоцкім, віленскаму ваяводу Пацу. У 1567 цэнтр маёнтка ў Аршанскім пав. З 1785 Галоўчын у Магілёўскім пав.Праз вёску праходзіў Віленскі паштовы тракт. У вайну 1812 каля Галоўчына дзейнічаў атрад Дз.Давыдава. У 1901 у вёсцы 1603 ж., 201 двор. З 1924 цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну Галоўчын акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў чэрв. 1944 спалілі 178 двароў, загубілі 201 жыхара. У 1970 — 670 ж., 261 двор.