РО́СА ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К (Ross Shelf Ісе),

найбуйнейшы шэльфавы ледавік у Антарктыдзе, паміж Зямлёй Мэры Бэрд на З і Зямлёй Вікторыі на У. Працяг з Пд на Пн каля 850 км, з У на З каля 900 км. На Пн абрываецца ў м. Роса стромкай сцяной выш. да 50 м. Пл. больш за 500 тыс. км² (зменьваецца па гадах). Выш. 30—100 м, таўшчыня лёду ў тылавой ч. да 700 м. Р.ш.л. жывяць далінныя ледавікі Бірдмара, Бэрда і інш. Адкрыты ў 1841 англ. экспедыцыяй Дж.​Роса. У 1929—59 (з перапынкамі) на ледавіку існавала база антарктычнай экспедыцыі ЗША Літл-Амерыка.

т. 13, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЁХА, Ла-Рыёха (La Rioja),

аўтаномная вобласць і адм. правінцыя на Пн Іспаніі. Пл. 5 тыс. км². Нас. каля 300 тыс. чал. (2000). Адм. ц. — г. Лагроньё. Размешчана ў перадгор’ях Пірэнеяў (на Пн) і Іберыйскіх гор (на Пд); у цэнтр. ч. даліна р. Эбра. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Ападкаў каля 500 мм за год. Захаваліся ўчасткі вечназялёных дубовых лясоў з удзелам хваёвых лясоў і хмызнякоў. У гарах дубовыя лясы. Раён вінаградарства і вінаробства. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, гародніну. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і авечкі). Прам-сць пераважна харч., тэкст., дрэваапрацоўчая. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Турызм.

т. 13, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЗАКТО́НІЯ (Rhizoctonia),

род недасканалых грыбоў, якія ўмоўна адносяцца да парадку стэрыльных міцэліяў. Каля 15 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразітуюць пераважна на каранях і інш. падземных ч. раслін. На Беларусі найб. вядомыя Р.: узбуджальнік рызактаніёзу бульбы, бабовых, буракоў, морквы, крыжакветных — бульбяная (R. solani), R. aderholdii і R. violaceae, якія разам з мікраарганізмамі выклікаюць загніванне ўсходаў (чорная ножка) і бурую гніль с.-г. раслін (напр., караняед буракоў).

Міцэлій шматклетачны, галінасты, утвораны доўгімі клеткамі. Склероцыі каля 1,5 мм, карычневыя або чорныя, разнастайнай формы. У цыкле развіцця грыбоў толькі міцэлій і склероцыі, зрэдку развіваецца базідыяльная стадыя.

С.​І.​Бельская.

т. 13, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЎЕ́РА (Riviera),

паласа ўзбярэжжа Міжземнага (на З) і Лігурыйскага (на У) мораў, якая працягваецца ад г. Кан (Францыя) да г. Спецыя (Італія). Даўж. каля 370 км. Падзяляецца на франц. Р. — Блакітны бераг, і італьян. Р. — Рыўера-Лігурэ. Знаходзіцца каля падножжа Альпаў. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, лета сонечнае, гарачае. Развіты вінаградарства, садоўніцтва, кветкаводства. Буйны курортны раён. З пач. 19 ст. зона шматлікіх курортаў, месцаў адпачынку і турызму. Клімататэрапія і марскія купанні ўвесь год. Да 1-й сусв. вайны — адзін з асн. еўрап. цэнтраў лячэння туберкулёзу, пазней — расстройстваў нерв. сістэмы, атлусцення, дыябету і інш. Невял. ч. Р. займае дзяржава Манака.

т. 13, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ТРА (ням. Rethra, слав. Радыгашч, Радгашч),

рэлігійны цэнтр і ўмацаванне 10—11 ст. прыбалт. зах.-слав. племя радарыяў (ратараў, ратран), якое ўваходзіла ў саюз плямён люцічаў; цяпер — гарадзішча каля г. Фельдберг (Германія). У 1068 разбурана войскамі епіскапа Бурхарда II Гальберштацкага, а ў пач. 12 ст. — імператарам Лотарам III. Звесткі аб Р. сучаснікаў-храністаў Адама Брэменскага і Цітмара Мерзебургскага пацверджаны раскопкамі ням. археолага К.​Шухарта (1922). Р. была абкружана 2 землянымі валамі з 3 вял. і 3 малымі вежамі з брамамі. У цэнтры быў драўляны храм бога сонца і агню Радагаста, ці Сварожыча. Каля храма выяўлены рэшткі 10 жылых пабудоў.

т. 14, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКАЕ ПЛАТО́,

ледавіковае плато, найбольш высокая ч. паверхні ў цэнтр. ч. Усх. Антарктыды. Даўж. каля 2 тыс. км, шыр. каля 450 км. Выш. ад 3000 м на перыферыі да 4000 м і больш у цэнтры, дзе размешчаны падлёдныя горы Гамбурцава. Тоўшча ледавіковага покрыва ад 750 да 3800 м. Самая халодная ч. Антарктыды, з вельмі нізкім атм. ціскам: сярэднегадавая т-ра ніжэй за -56 °C; сярэдняя т-ра ліп. ніжэй за -72 °C, на станцыі «Усход» адзначаны абс. мінімум т-ры на Зямлі -89,2 °C. Адкрыта ў 1957—58 сав. антарктычнай экспедыцыяй. Дзейнічае навук. станцыя «Усход» з 1957.

т. 14, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАСТРЭ́ЛЬНІКІ,

геалагічнае агаленне стараж. азёрна-балотных адкладаў; палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963); з 1998 у складзе геолага-геамарфалагічнага помніка прыроды рова Яна і Цэцыліі. Размешчаны ў рове на левабярэжжы р. Нёман, каля в. Багатырэвічы (б. Самастрэльнікі) Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. У борце рова (выш. да 13 м) на працягу 50 м агаляюцца адклады муравінскага міжледавікоўя (магутнасць 3,3 м), багатыя на рэшткі рэліктавых раслін (больш за 100 відаў) выкапнёвай флоры ляснога тыпу, што існавала каля 100 тыс. г. назад. У агаленні выяўлены новыя для адкладаў муравінскага міжледавікоўя віды раслін.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ВЕРН (Severn),

1) рака ў Вялікабрытаніі. Даўж. 310 км (з эстуарыем 391 км), пл. бас. 21 тыс. км². Пачынаецца ў Кембрыйскіх гарах, цячэ пераважна па раўніне, упадае ў Брыстольскі зал. Атл. акіяна. Сярэдні расход вады каля 250 м³/с. Злучана каналамі з рэкамі Тэмза, Трэнт, Мерсі. Суднаходная ад г. Стаўрпарт. На С. — гарады Шрусберы, Вустэр, Глостэр, у эстуарыі — Ньюпарт, Кардыф.

2) Рака ў Канадзе. Даўж. 981 км, пл. бас. 101 тыс. км². Вытокі на Лаўрэнційскім узв., перасякае шэраг азёр (Дыр, Санды і інш.), упадае ў Гудзонаў зал. Каля вусця г. Форт-Северн.

т. 14, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РПУХАЎ,

горад у Маскоўскай вобл. Расіі. Прыстань на р. Ака, пры ўпадзенні р. Нара. Вядомы з 1339. 132 тыс. ж. (1999). Чыг. станцыя. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр., хім., харч., тэкстыльная; вытв-сць буд. матэрыялаў. Гіст.маст. музей. Серпухаўскі крэмль, ансамблі Уладычнага (16—17 ст.) і Высоцкага (16—18 ст.) манастыроў, цэрквы (17—18 ст.), жылыя асабнякі (18—19 ст.). Каля С. — Прыокска-тэрасны запаведнік. Каля С. ў г. Пушчына радыёастранамічная абсерваторыя і рас. інавацыйны біятэхнал. цэнтр «Пушчына»; у г. Протвіна — навук. комплекс Ін-та фізікі высокіх энергій, у т. л. Серпухаўскі сінхрафазатрон.

т. 14, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЯ́К (Echium),

род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Афрыцы. На Беларусі 1 від — С. звычайны (E. vulgare), нар. назвы печаніца, асацец, кепек. Трапляецца на сухіх схілах, сметніках, каля дарог. Інтрадукаваны С. плямісты (E. maculatum) і трыпутнікавы (E. plantagineum).

Адна-, двух-, радзей шматгадовыя цвёрдаваласістыя травы выш. 30—100 см. Сцёблы неразгалінаваныя, прамастойныя. Лісце чаргаванае, суцэльнае, суцэльнакрайняе. Кветкі ў густых завітках, сабраныя на верхавінцы сцябла ў складанамяцёлчатае або коласападобнае суквецце. Плод — арэшак. Усе часткі С. звычайнага ядавітыя (маюць алкалоіды). Лек., алейныя, фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сіняк звычайны.

т. 14, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)