КА́ШЫЦ (Язэп) (1795, каля Пінска — 1868),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. У 1811 паступіў у Віленскі ун-т, але пакінуў навучанне і ўступіў у 17-ы полк уланаў, які фарміраваўся ў Літве. Удзельнічаў у вайне 1812 на баку Напалеона. У 1830 абраны маршалкам шляхты. У 1831 узначаліў паўстанне ў Навагрудскім і Слонімскім пав. У сваім маёнтку стварыў паўстанцкі атрад. Паўстанцы мелі сутычкі з урадавымі войскамі каля в. Гарадзішча, Каменны Брод, Кошалева, Радзюкі, Навіны, нападалі на Дзятлава, захапілі мяст. Беліца; у Навагрудку раззброілі вайсковую каманду, адбілі астрог і вызвалілі арыштаваных. 24.7.1831 атрад злучыўся з корпусам Г.Дэмбінскага і перайшоў на тэр. Польшчы. Пасля разгрому паўстання эмігрыраваў у Францыю.

В.В.Швед.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)