ЛУКУ́Л (Луцый Ліцыній) (Lucius Licinius Lucullus; каля 117—56 да н.э.),
рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Паходзіў са знатнага плебейскага роду. Прыхільнік Сулы. Удзельнік 1-й Мітрыдатавай вайны 89—84 да н.э. Консул у 74 да н.э. У 74—66 да н. э. камандаваў войскамі і флотам у вайне супраць пантыйскага цара Мітрыдата VI Еўпатара (3-я Мітрыдатава вайна). У 71 да н.э. захапіў М. Азію, у 69 да н.э. разбіў каля Тыгранакерта аб’яднаную армяна-пантыйскую армію цара Тыграна II і Мітрыдата. У 67 да н.э. адхілены ад пасады галоўнакамандуючага. Лічыўся адным з багацейшых людзей свайго часу. Пасля адстаўкі жыў у Рыме, наладжваў раскошныя баляванні (адсюль выраз «лукулаўскае баляванне»).
т. 9, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)