асноўная частканар. адзення беларусаў. Шылі з ільнянога даматканага палатна. Мужчыны насілі К. паверх нагавіц і падпяразвалі поясам, жанчыны ўбіралі ў андарак ці панёву. Паводле крою вылучаюць 3 тыпы К.: тунікападобныя — у згорнутым удвая палотнішчы на перагіне рабілася пройма для галавы, з прамымі плечавымі ўстаўкамі — пярэдняя і задняя палавіны стана злучаны на плячах прамавугольнымі палікамі, з гесткай — палавіны злучаліся з дапамогай гесткі. Традыц. К. мела прамы рукаў з манжэтай (каўперцам), адкладны ці стаячы каўнер (зрэдку і без яго), прамы разрэз на грудзях, пад пахамі ўстаўныя цвіклі. Рукавы, каўнер, манішка, а ў жаночых і ніз К. аздабляліся натыканым ці вышываным пераважна геам. арнаментам, часцей чырвонага і чорнага колераў. Рэгіянальныя асаблівасці К. выяўляліся ў арнаментыцы, яе кампазіцыйным вырашэнні, тэхнал. апрацоўцы і кроі паасобных дэталей (гл. ў арт. пра Народныя строі, напр., Вілейскі строй).
М.Ф.Раманюк.
Жанчыны ў святочных строях з кашулямі. Вёска Лелікава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл. Сярэдзіна 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТЭ́ЛЬ (ад позналац. capitellum галоўка) у архітэктуры, пластычна вылучаная верхняя часткаверт. апоры (слупа ці калоны) або пілястры, якая перадае на іх нагрузку ад архітрава і размешчаных вышэй яго частак будынка; элемент арх.ордэра.
Узнікла ў краінах Стараж. Усходу. У Стараж. Грэцыі склаліся тыпы К.: дарычная, іанічная, карынфская, у архітэктуры Стараж. Рыма — кампазітная і тасканская. Адметныя маст. фермы створаны ў архітэктуры сярэдневяковай Візантыі, Японіі, Сярэдняй Азіі, Кітая, стараж.-рус. архітэктуры, раманскім і гатычным дойлідстве Еўропы. У эпоху Адраджэння, у архітэктуры барока і класіцызму выкарыстоўвалі розныя варыяцыі класічных К. у спалучэнні з мясц. арнаментальнымі матывамі.
На Беларусі вядомы з 12 ст. ў мураванай архітэктуры. У 16—19 ст. былі пашыраны ўсе віды К. ў збудаваннях стыляў рэнесансу, барока, класіцызму. К. у якіх класічныя формы трактаваліся ў мясц.маст. традыцыях, сустракаюцца ў драўляным дойлідстве і пабудовах 19 — пач. 20 ст. Шырока выкарыстоўвалася ў архітэктуры 1950-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,
разнавіднасць электрыннага рухавіка, у якім рухомая частка не верціцца, а лінейна перамяшчаецца ўздоўж нерухомай часткі — разамкнёнага магнітаправода адвольнай даўжыні. Бываюць пераменнага і пастаяннага току, развіваюць вял. сілу цягі і ў шэрагу выпадкаў працуюць без рэдуктара.
У адрозненне ад звычайнага электрарухавіка, статар якога — стальное кольца з абмоткай, у Л.э. кольца як бы разрэзана і выпрастана, а статарныя абмоткі ўкладзены на плоскасці ўздоўж усяго пуці; ротарам служыць алюмініевы брус (рэактыўная рэйка), укладзены пасярэдзіне паміж абмоткамі таксама ўздоўж пуці. Пры паступленні эл. току ў статар уздоўж праваднікоў ствараецца бягучае магн. поле, а ў ротары (рэйцы) наводзяцца віхравыя токі. Эл.-магн. сілы, што ўзнікаюць ад гэтых токаў, накіраваны ўздоўж пуці і прыводзяць у рух вагон, які скампанаваны з электрарухавіком. Перспектыўны ў электрапрыводзе трансп. машын у спалучэнні з магн. падвескамі і паветр. падушкамі. Дае магчымасць павысіць скорасць паяздоў да 500 км/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУ́РНАЯ КРЫ́ТЫКА,
ацэнка і вытлумачэнне літ.-мастацкіх твораў; адзін з відаў літ. творчасці; самасвядомасць л-ры ў яе адносінах да мастака і чытача. Развіваецца ў пэўных межах часу і прасторы, у межах вымыслу і рэальнасці, умоўнага і безумоўнага. Л.к. — састаўная часткалітаратуразнаўства і ў той жа час мае агульныя рысы з маст. творчасцю і публіцыстыкай. Асвятляе бягучы літаратурны працэс, ацэньвае і тлумачыць творчасць асобных пісьменнікаў, выяўляе і сцвярджае творчыя прынцыпы таго ці іншага літ. кірунку, арыентуе чытача, вызначае шляхі развіцця л-ры. Л.к. цесна звязана з жыццём, грамадскім рухам, філас. і эстэт. ідэямі свайго часу, актыўна ўплывае на развіццё л-ры і маст. густу. Яна мае розныя жанравыя структуры (рэцэнзія, кароткі водгук, праблемны, дыскусійны, аглядны і інш. тыпу артыкулы, эсэ, памфлет, творчы партрэт і інш.), якія ў залежнасці ад месца, часу і задач сац. і маст. развіцця арганізуюцца ў дынамічныя сістэмы са сваімі сэнсавымі і формаўтваральнымі прынцыпамі. Пра развіццё Л.к. на Беларусі гл. ў арт.Літаратуразнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА АДНО́СІН,
раздзел логікі, які вывучае ўласцівасці выказванняў пра адносіны паміж аб’ектамі рознай прыроды. Элементарныя выказванні пра адносіны — выказванні віду akb, што значыць «аб’ект a знаходзіцца ў адносінах k да аб’екта b» (напр., «a брат b», «a цяжэй, чым b»). Адпаведна колькасці аб’ектаў, звязаных пэўнымі адносінамі, адрозніваюць двухмесныя (бінарныя), трохмесныя (тэрнарныя) і ўвогуле n-месныя (n-арныя) адносіны. Асабліва важнае значэнне маюць бінарныя адносіны пры дапамозе якіх вызначаюць такія важныя паняцці логікі і матэматыкі, як «функцыя», «аперацыя». Уводзячы для бінарных адносін аперацыі аб’яднання (сумы), перасячэння (здабытку) і дапаўнення, атрымліваюць «алгебру адносін»; ролю адзінкі ў ёй выконваюць адносіны эквівалентнасці (роўнасці, тоеснасці). Уласцівасці адносін эквівалентнасці — рэфлексіўнасць (для ўсякага x правільна, што xkx, г. зн. кожны аб’ект заходзіцца ў дадзеных адносінах да самога сябе); сіметрычнасць (з xky вынікае ykx, транзітыўнасць (з xky і ykz вынікае xkz). У сучаснай матэм. логіцы адносіны выражаюцца праз мнагамесныя прэдыкаты [напр., «Брат (a, b)», «Больш (a, b)»], таму Л.а. распрацоўваецца як часткалогікі прэдыкатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬБАХ ((Holbach) Поль Анры дэ) (снеж. 1723, Эдэсгайм, каля г. Ландаў-ін-дэр-Пфальц, Германія — 21.6.1789),
французскі філосаф і асветнік. Паводле паходжання ням. барон, б.ч. жыцця правёў у Францыі. Супрацоўнік «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Д’Аламбера. У гал.філас. творы «Сістэма прыроды, або Пра законы свету фізічнага і свету духоўнага» (т. 1—2, 1770) Гольбах сцвярджаў першаснасць і нестваральнасць матэрыяльнага свету, яго бясконцасць у часе і прасторы, і што існуе ён незалежна ад свядомасці чалавека. Атрыбутам матэрыі лічыў рух, які разглядаў як простае перамяшчэнне цел. Чалавек, паводле Гольбаха, — частка прыроды, цалкам падпарадкаваная яе законам. У палітыцы — прыхільнік канстытуцыйнай манархіі, у шэрагу выпадкаў — асветнага абсалютызму. Вырашальную ролю ў гісторыі надаваў дзейнасці заканадаўцаў. Шлях да сац. вызвалення людзей бачыў у асвеце. Абараняў ідэі «натуральнага права» і «грамадскага дагавору». Разам з К.Гельвецыем адыграў пэўную ролю ў ідэйнай падрыхтоўцы утапічнага сацыялізму 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКА-РЭ́ЧЫЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
наступальная аперацыя войск Беларускага фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 10—30.11.1943 у Вял.Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць гомельска-рэчыцкую групоўку праціўніка, вызваліць міжрэчча Сажа і Дняпра, заняць зручныя пазіцыі на зах. беразе Дняпра. Удзельнічалі 3, 11, 48, 50, 61, 63, 65 і 16-я паветр. арміі. Ім процістаялі 2-я, частка сіл 9-й і 4-й ням. армій групы армій «Цэнтр», пазней 7 пях. дывізій і брыгада СС. У ходзе аперацыі сав. войскі ва ўзаемадзеянні з партызанамі Палескай, Гомельскай і Магілёўскай абл. вызвалілі Рэчыцу (18 ліст.), фарсіравалі Бярэзіну, вызвалілі Прапойск, Карму, Журавічы (25—26 ліст.), Гомель (26 ліст.). У выніку аперацыі злучэнні Бел. фронту прарвалі абарону праціўніка ў паласе шырынёю 100 км, прасунуліся на 130 км, стварылі пагрозу паўд. флангу групы армій «Цэнтр» і не далі магчымасці нанесці контрудар па злучэннях 1-га Укр. фронту. 23 часцям і злучэнням нададзена ганаровае найменне «Гомельскіх», 22 — «Рэчыцкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЦКА-МСЦІСЛА́ЎСКАЯ ЎЗВЫ́ШАНАЯ РАЎНІ́НА,
у Горацкім, Мсціслаўскім р-нах Магілёўскай вобл. і паўд.ч. Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. Займае найб. высокую ч.Аршанска-Магілёўскай раўніны. Абмяжоўваецца далінай р. Сож і яе прытокам р. Проня. Уваходзіць ва Усх.-Бел. (Прыдняпроўскую) фіз.-геагр. правінцыю. Найб.выш. 239 м.
Аснову тэктанічнай будовы складае Аршанская ўпадзіна, запоўненая магутнымі адкладамі дэвонскіх і мелавых глін і вапнякоў. Асадкі антрапагену прадстаўлены невял. магутнасці марэнай сожскага ўзросту. Асаблівасць геал. будовы — пашырэнне лёсавых і лёсападобных карбанатных суглінкаў і супескаў магутнасцю да 10 м, якія займаюць водападзелы рэк і ствараюць плоскахвалістую платопадобную паверхню раўніны з суфазійнымі западзінамі. Схілы рачных далін парэзаны ярамі і лагчынамі глыб. да 20—30 м. На дне некат. з іх цякуць пастаянныя ручаі. Глебы ўрадлівыя, дзярнова-палева-падзолістыя, часам дзярнова-карбанатныя з наяўнасцю гумусу ў ворным слоі да 2,5%. Частка глеб моцна эрадзіравана. Пад ворывам 60%, прыроднай расліннасцю (рэшткі ялова-дубовых лясоў і лугава-балотная) 10% тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РКА САРТАВА́ЛЬНАЯ,
збудаванне на чыгуначных станцыях для сартавання вагонаў пры фарміраванні і расфарміраванні саставаў цягнікоў. Гэта земляны пакаты насып (найб. вышыня звычайна 3,5—4, 5 м) з сістэмай чыг. пуцей і комплексам прыстасаванняў і прылад для аўтам. пераключэння стрэлак, запавольвання руху вагонаў, сувязі, блакіроўкі, сігналізацыі.
Прадукцыйнасць механізаваных горак сартавальных да 5 тыс. вагонаў у суткі, вял. аўтаматызаваных — да 10 тыс. і болей. Чыг. састаў, які трэба расфарміраваць, падаюць лакаматывам на верхнюю ч. горкі і расчапляюць на асобныя вагоны або групы. Ад уласнай сілы цяжару яны скочваюцца ўніз на патрэбную каляю. Працэсам кіруе аператар з дапамогай сістэмы горачнай аўтам. цэнтралізацыі. Для запавольвання руху вагонаў выкарыстоўваюць тармазныя пазіцыі.
На Беларускай чыгунцы горкі сартавальныя пабудаваны на станцыях у Мінску, Брэсце, Гомелі, Баранавічах, Жлобіне, Оршы і інш.
Схема горкі сартавальнай: а — план, б — разрэз; 1 — парк прыбыцця; 2 — падымальная частка горкі; 3 — скорасны нахіл; 4 — тармазны нахіл; 5 — нахіл стрэлачнай зоны; 6 — падгорачны парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖВІР, гравій,
рыхлая буйнаабломкавая (псефітавая) асадкавая парода, складзеная з абкатаных абломкаў горных парод і мінералаў памерамі 1—10 мм (у горнай справе вылучаюць Ж. памерамі 5—70 мм). Адрозніваюць Ж. буйны (5—10 мм), сярэдні (2,5—5 мм) і дробны (1—2,5 мм). Генетычныя тыпы Ж.: рачны (гл.Алювій) азёрны, марскі і ледавіковы. Сцэментаваны Ж. — гравеліт. Якасць Ж. залежыць ад наяўнасці шкодных прымесей (акатышы глін, пыл, пірыт, гіпс, растваральныя ў шчолачах абломкі і інш.), трываласці, сціральнасці, марозаўстойлівасці і г.д. На Беларусі пясчана-жвірова-галечны матэрыял пашыраны ў антрапагенавых адкладах і сканцэнтраваны пераважна ў межах Беларускай ірады і Паазер’я, Разведана 136 радовішчаў пясчана-жвіровых матэрыялаў з агульнымі запасамі 704,4 млн.м³, з іх распрацоўваюцца 82 радовішчы з гадавой здабычай 23—24 млн.м³, Форма пакладаў лінзападобная, зрэдку пластавая. Здабываецца Ж. адкрытым спосабам; частка яго абагачаецца на драбільна-сартавальных заводах. Выкарыстоўваецца для вытв-сці бетону, буд-ва чыгунак, аўтадарог, фільтрацыйных пабудоў і інш.