ПАПЕ́ЎКА,

характэрны меладычны зварот, кароткая структурна аформленая частка мелодыі, якую можна вычленіць кампазіцыйна. Тэрмін узнік у стараж.-рус. пеўчым мастацтве, царк. крукавых спевах Маскоўскай Русі, дзе абазначаў пастаянныя меладычныя звароты, што належалі да пэўных гласаў і ўключалі па 3—7 знамён (крукоў). Кожная П. мела сваю назву. У 17 ст. паявіліся зборнікі П. — какізнікі. У 19 ст. тэрмін замацаваўся ў муз. фалькларыстыцы, дзе пазней пашырыўся як адзін са сродкаў мелодыка-інтанацыйнага і семантычнага аналізу нар. напеваў і найгрышаў. У сучаснай этнамузыкалогіі тэрмін «П.» выкарыстоўваюць у спалучэнні з паняццямі лад (лад-П.), формула (П.-формула), слоўнік (папевачны слоўнік) і інш. У агульным музыказнаўстве П. збліжаецца з паняццем інтанацыі.

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 12, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)