галіна мастацтвазнаўства; навука, якая вывучае кінамастацтва, яго спецыфіку, заканамернасці развіцця, сацыяльна-эстэт. ролю ў грамадстве, узаемаадносіны з інш. мастацтвамі, віды і жанры кінематографа, выразныя сродкі, працэс стварэння кінафільмаў, іх пракат і ўспрыняцце гледачамі. Уключае таксама гісторыю і тэорыю кіно, кінакрытыку, кінабібліяграфію і фільмаграфію. Развіваецца ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі, асабліва з эстэтыкай, сацыялогіяй, псіхалогіяй.
К. ўзнікла адначасова са з’яўленнем кіно. У 1910-я г. станаўленне сусв. К. адбывалася ў рэчышчы агульнаэстэт. пошукаў: работы К.Ланге, П.Вегенера, Х.Хефкера (Германія), Дж.Папіні, Э. Дэ Амічыса, Р.Кануда (Італія), В.Ліндсея, Г.Мюнстэрберга (ЗША) і інш. У Расіі гэты працэс асэнсоўваўся ў часопісах, у 1916 выдадзены зб. «Уся кінематаграфія». Гэтыя пошукі падсумаваны ў першай кіназнаўчай кнізе Л.Дэлюка «Фотагенія» (1920, Францыя). У канцы 1920 — пач. 1930-х г.найб. значнай тэмай былі дыскусіі пра гукавое кіно (маніфест М.Паньёля «Парыжская сінематургія», 1933). Важныя эстэт. сінтэзы ў кінатэорыі зроблены ў творах Р.Арнгайма, Э.Панофскага, В.Беньяміна (Германія), Х.Рыда (Вялікабрытанія), Я.Мукаржаўскага (Чэхія) і інш. Пытанні сац. адказнасці кіно разглядалі Дж.Грырсан, П.Рота (Вялікабрытанія). У 1930—40-я г. тэорыі авангардызму змяніліся эстэт. і сацыялагічнымі абагульненнямі, падыходам да кіно як да цэласнай сістэмы (Р.Спотысвуд у Вялікабрытаніі, А.Аструк у Францыі і інш.). У італьян К. пашырылася тэорыя неарэалізму, развіццё якой адзначыла новы этап у зах. К. і станаўленне фенаменалагічнай кінатэорыі ў 1950—60-я г. (А.Эйфр, А.Ажэль, Р.Мюнье). Развівалася тэорыя кінарэалізму (А.Базен, З.Кракаўэр), сцвярджалі тэорыю «прамога кіно» — Ж.Руш, К.Маркер, М.Руспалі, «аўтарскага кіно» — Ж.Даніёль-Валькроз, П.Каст. Ф.Труфо, Э.Рамер, семіётыку кіно — Ж.Мітры і інш. З 1970-х г. у зах. К. склаўся шэраг кірункаў, якія вывучалі кіно праз прызму розных методык. Уклад у развіццё гісторыі кіно зрабілі Дж.М.Куасак, Т.Рэлуі, Рота, М.Бардэш, Р.Бразіяк, Ж.Садуль, Мітры і інш. У СССРдарэв. кіно вывучалі Б.Ліхачоў, М.Іезуітаў, С.Гінзбург, М.Лебедзеў і інш.Сав. кінамастацтва часцей асэнсоўвалі самі яго дзеячы, кіназнаўцы і крытыкі (С.Эйзенштэйн, Л.Куляшоў, У.Пудоўкін, Дз.Вертаў, В.Шклоўскі, Ю.Тынянаў, А.Піятроўскі). У 1950-я г. створана гіст.-метадалагічная праца «Нарысы гісторыі савецкага кіно» (т. 1—3, 1956—61). Перыяд нямога кіно даследаваў Лебедзеў («Нарыс гісторыі кіно СССР», 1947; 2-е выд., 1965). У 1960-я г. выдадзены работы Эйзенштэйна, Пудоўкіна, А.Даўжэнкі, Вертава, Э.Шуб, Куляшова і інш. Даследаваўся замежны кінематограф, выдаваліся творы тэарэтыкаў кіно Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, ФРГ, ЗША і інш., артыкулы і сцэнарыі рэж. Ф.Феліні, Л.Вісконці, М.Антаніёні, І.Бергмана, манаграфіі пра дзеячаў айч. і замежнага кінематографа. Выкладчыкі Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі стварылі «Кароткую гісторыю савецкага кіно» (1969). У 1969—78 з удзелам кіназнаўцаў рэспублік выдадзена 4-томная «Гісторыя савецкага кіно». У 1970-я г. пачалося выданне серыі гіст.-навук. работ па нац. кінематаграфіі.
У 1980-я — пач. 1990-х г. выйшла некалькі манаграфій, зборнікаў, даведнікаў. З 1988 НДІ кінамастацтва Кінакамітэта Расіі, Эйзенштэйнаўскі цэнтр даследаванняў кінакультуры і маск. Музей кіно выдаюць час. «Киноведческие записки».
Станаўленне бел. кіно ў 1920—30-я г. асвятлялася ў перыяд. друку. Пасля Вял.Айч. вайны сродкі масавай інфармацыі асвятлялі асн. праблемы бел. кінематографа, выходзілі артыкулы пра кінадраматургію, рэжысуру, тэматычную скіраванасць кінастудыі «Беларусьфільм», экранізацыю твораў бел. пісьменнікаў і драматургаў. Артыкулы па К. змяшчаліся ў навук. зборніках АН Беларусі, выдаваліся брашуры пра пачынальнікаў бел. кіно і інш. У 2-й пал. 1950—60-х г. прыход новых творцаў, пашырэнне кінавытв-сці і павышэнне маст. ўзроўню фільмаў садзейнічалі станаўленню К. У 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі створаны сектар тэатра, кіно і музыкі, на аснове якога ўзнік сектар тэатра і кіно (з 1977 сектар кіна- і тэлемастацтва). У «Весцях АНБССР» і інш. выданнях друкаваліся артыкулы аб фільмах-спектаклях, кінапубліцыстыцы, героіка-патрыятычнай і сучаснай тэматыцы ў даваен. і пасляваен. бел. кінамастацтве (зб-кі «Беларускае мастацтва», 1957, 1962; «Праблемы сучаснага беларускага мастацтва», 1968). Першая манаграфія, прысвечаная гісторыі кінамастацтва Беларусі, — «Беларускае кіно» А.Красінскага, В.Смаля, Г.Тарасевіча (1962). Станаўленне і асн. этапы развіцця бел. кінематаграфіі 1920—60-х г. асветлены ў «Гісторыі беларускага кіно» (ч. 1—2, 1969—70). Спецыфіку вобразнасці ў кінапубліцыстыцы даследавалі Е.Бондарава, Л.Шылава («Нарыс на экране», 1969), Н.Фральцова («Тэлебачанне: хроніка, дакумент, вобраз», 1977), віды і жанры кіно, спецыфіку кінавобраза — В.Нячай, Г.Ратнікаў («Асновы кінамастацтва», 1978). Гісторыя бел. кіно выкладзена ў працы Красінскага «Экран зямлі беларускай» (1973). Розныя бакі кінамастацтва Беларусі, творчасць сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў, кінамастакоў, асн. праблемы дакумент. і ігравога кіно адлюстраваны ў калектыўных зборніках «Кіно Савецкай Беларусі» (1975), «Сучаснае беларускае кіно» (1985), кнігах «Размовы каля экрана» (1973), Смаля «На экране — герой і народ» (1974), «Чалавек. Вайна. Подзвіг» (1979), «Праз прызму дзесяцігоддзяў» (1980); Красінскага «Беларускія акцёры ў кіно» (1973), «Кінадакумент і вобраз часу» (1980), «Кіно: ігравое плюс дакументальнае» (1987). Заснавальнікам бел. кіно Ю.Тарычу і У.Корш-Сабліну прысвечаны манаграфіі «Юрый Тарыч» Красінскага (1971) і «Кінастужка даўжынёю ў жыццё» Бондаравай (1980). Творчасць В.Турава разглядаецца ў манаграфіі Л.Паўлючыка «Ад споведзі да эпаса» (1985). Здабыткі і праблемы кінамастацтва і кінакрытыкі даследаваны ў працах Бондаравай «У кадры і за кадрам» (1973), «Час, экран, крытыка» (1975), «Экран у розных вымярэннях» (1983), «Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране» (1993). Узаемадзеянню кінамастацтва з грамадствам і яго ўплыву на гледача прысвечаны манаграфіі Красінскага «Фільмы, героі, час» (1975), С.Міхайлавай «Актыўны экран» (1979). Спецыфіка тэлеэкрана разглядаецца ў кнігах Нячай «Экран і мы» (1971), «Фільм у нас дома» (1974), «Вялікі свет малога экрана» (1976), «Тэлебачанне як мастацкая сістэма» (1981), замежныя фільмы на айч. экранах — у яе працах «Аб густах спрачаюцца» (1986), «Экран выкрывае» (1987). Значным укладам у К. стала даследаванне Ратнікава «Жанравая прырода фільма» (1990). Актуальныя праблемы творчага працэсу асвятляюцца ў час. «На экранах», «Мастацтва», у артыкулах Фральцовай, А.Бабковай, Л.Саянковай, В.Мядзведзевай, Н.Агафонавай, І.Аўдзеева і інш. У 1996 выдадзены даведнік-каталог «Усе беларускія фільмы», складзены Аўдзеевым і Л.Зайцавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКЛАСІЦЫ́ЗМ (ад неа... + класіцызм),
у шырокім сэнсе — прадаўжэнне эстэт. прынцыпаў класіцызму ў новых умовах развіцця маст. культуры; у больш вузкім сэнсе — стылістычны прыём, заснаваны на выкарыстанні ў л-ры, музыцы, архітэктуры, тэатр. і выяўл. мастацтве міфалагічных вобразаў і матываў, ант. тэм і сюжэтаў.
У літаратуры тэндэнцыі і плыні Н. ўзніклі ў Расіі і Зах. Еўропе ў 1-й пал. 19 ст. (ант. міфалагічная вобразнасць у паэзіі І.В.Гётэ, А.Пушкіна, А.Майкава, К.Бацюшкава, франц. «парнасцаў» Т.Гацье, Ш.М.Леконта дэ Ліля), а ў больш апасродкаваных і пераўтвораных формах — у канцы 19 — пач. 20 ст. (творчасць І.Аненскага, К.Бальмонта, В.Брусава, В.Іванава, М.Цвятаевай і інш.). Паэзія Н. шырока выкарыстоўвае маст. традыцыі антычнасці, Адраджэння і класіцызму, прасякнута жыццялюбствам, культам розуму і прыгажосці, у ідэйна-эстэт. плане звычайна проціпастаўлена натуралізму, сац.-паліт. ці быт. утылітарызму, маст. прымітывізму. У сваіх крайніх формах гэтыя тэндэнцыі пад уплывам літ. канцэпцый перамяжоўваюцца з тэорыямі «чыстай красы», «мастацтва дзеля мастацтва» (франц. і рус.сімвалізм, маст. акадэмізм, асобныя тэндэнцыі ў імпрэсіянізме і інш.). Н. звычайна засяроджвае ўвагу на т.зв. «вечных» праблемах жыцця, сцвярджае абсалютнасць маральных і эстэт. крытэрыяў, у процілегласць дэкадэнцтву і мадэрнізму арыентуецца на стылявую і сюжэтна-кампазіцыйную выразнасць, моўную пластычнасць. У бел. л-ры стылістычныя прыёмы Н. творча выкарыстоўваў М.Багдановіч, які распрацаваў класічныя формы верша, чым узбагаціў нац. л-ру здабыткамі сусв. паэтыкі. У 1930 — пач. 1950-х г. пад уплывам вульгарнага сацыялагізму тэндэнцыі Н. набылі форму одапісальніцтва і параднасці ў л-ры. У сучаснай бел. паэзіі асобныя элементы Н. выкарыстоўваюцца як стылістычны прыём.
У музыцы Н. узнік як супрацьпастаўленне рамант. суб’ектыўнасці імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і верызму, спроба вярнуць муз. мастацтву дысцыпліну думкі і яснасць мовы, уласцівыя старым стылям. Для Н. ўласцівы зварот пераважна да маст. прынцыпаў і стылістыкі барока і Венскай класічнай школы (поліфанія кампазітараў Нідэрландскай школы, Дж.Палестрыны, І.С.Баха, клавірнае мастацтва Ф.Куперэна, Д.Скарлаці, італьян. опера 17—18 ст., інстр. канцэрты А.Вівальдзі, санаты М.Равеля, Ф.Пуленка, Д.Міё, А.Анегера, Ж.Франсэ, опера Ж.Б.Люлі, сімфанізм І.Гайдна, В.А.Моцарта). Падобныя да Н. тэндэнцыі характэрны творчасці асобных кампазітараў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.Брамс, М.Рэгер, С.Франк, К.Сен-Санс, М.Метнер, С.Танееў і інш.). У рознай ступені Н. адбіўся ў музыцы многіх кампазітараў 20 ст., найб. акрэслены ў І.Стравінскага, які аб’яднаў у сваёй творчасці амаль усе яго разнавіднасці, П.Хіндэміта, А.Казелы, Э.Тамберга і інш. У неакласіцысцкіх муз. творах раздзелы, стылістычна звязаныя з сучасным увасабленнем муз. мовы і форм мінулых эпох, часта супастаўляюцца з муз. фрагментамі, якія маюць мала агульнага са старадаўнімі прататыпамі. Сутнасць эстэтыкі Н. — супастаўленне маст. стыляў, пры якім зварот да мінулага — хоць і важнейшая, але толькі адна са стылявых фарбаў твора (напр., Э.Віла-Лобас сумясціў у адным творы браз. мадынню і фугу, Хіндэміт — ваен. марш і пасакаллю, Стравінскі стварыў асаблівы стыль Н., дзе разнастайныя старыя прататыпы супастаўляюцца з муз. жанрамі 20 ст. ці іх асобнымі элементамі). Уласцівае Н. свабоднае выкарыстанне старадаўніх стыляў і жанраў — адна з істотных прыкмет музыкі 2-й пал. 20 ст. У бел. музыцы рысы Н. сустракаюцца ў творчасці Л.Абеліёвіча, П.Альхімовіча, С.Бельцюкова, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, У.Дамарацкага, У.Дарохіна, Дз.Камінскага, В.Капыцько, В.Кузняцова, А.Літвіноўскага, А.Мдывані, Дз.Смольскага, Р.Суруса, Л.Шлег і інш.
У архітэктуры 1910—20-х г. класічныя формы і лаканізм проціпастаўляліся багатаму фармальнаму дэкору ў пабудовах эклектыкі і мадэрна. У некат. краінах Зах. Еўропы Н. выкарыстоўваў канстр. прыёмы стылю мадэрн і адначасова вызначаўся рацыяналістычнымі тэндэнцыямі (А.Перэ ў Францыі, П.Берэнс у Германіі, О.Вагнер у Аўстрыі і інш.). У ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі Н. развіваўся пераважна ў афіц. архітэктуры і вылучаўся параднай прадстаўнічасцю і падкрэсленай манументальнасцю. У рас. архітэктуры 1910-х г. Н. сцвярджаў асн. прынцыпы арх. класікі (І.Жалтоўскі, І.Машкоў, І.Фамін, У.Шчуко і інш.); у той жа час прадстаўнікі рас. мадэрна звярталіся да стылізацыі класічных матываў (Ф.Лідваль, Ф.Шэхтэль і інш.).
У бел. архітэктуры Н. вядомы з 1910-х г. Будынкі вызначаліся імпазантнасцю аблічча, высокім прафес. майстэрствам буд. работ. Значны ўплыў на развіццё Н. зрабіла творчасць мінскіх архітэктараў С.Гейдукевіча і Г.Гая, паводле іх праектаў пастаўлены найб. значныя будынкі ў Мінску і г. Бабруйск Магілёўскай вобл. Прынцыпы Н., у якіх творча выкарыстаны кампазіцыйныя прыёмы архітэктуры класіцызму, выявіліся ў культавых (Моладаўская капліца) і мемар. (Мілавідская мемарыяльная капліца, Салтанаўская мемарыяльная капліца) збудаваннях. У канцы 1920-х г. Н. ўласцівы строгія класічныя формы ў спалучэнні са сродкамі кампазіцыі арх. спадчыны (будынкі банкаў у Брэсце, Баранавічах, арх. С.Філасевіч).
У 1930-я г. сродкі Н. ў іх гіпертрафіраваных манум. формах пашыраны ў архітэктуры Італіі (М.П’ячэнціні і інш.) і Германіі (П.Л.Трост і інш.). Прынцыпы Н. паўплывалі і на развіццё сав. архітэктуры 2-й пал. 1930-х г. Заснавальнікам т.зв. пралетарскага класіцызму быў Фамін. На Беларусі Н. выявіўся ў творчасці І.Лангбарда (гал. корпус Нац.АН Беларусі, Дом афіцэраў), А.П.Воінава (гасцініца «Свіслач»), Г.Якушкі (сярэдняя школа № 4 на рагу вуліц Кірава і Чырвонаармейскай; усе ў Мінску). У канцы 1940-х—50-я г. Н. набыў новую рэдакцыю — т.зв. сталінскі класіцызм: арх. Жалтоўскі (дом па вул. Махавой у Маскве), М.Паруснікаў (забудова 1-й чаргі праспекта Скарыны ў Мінску), Г.Заборскі (будынак б. аблвыканкома ў г. Полацк Віцебскай вобл., карпусы пед. ун-та), У.Кароль і А.Духан (будынак паштамта), В.Гусеў (штаб Бел.ваен. акругі; усе ў Мінску) і інш.
Літ.:
Смирнов В. Возникновение неоклассицизма и неоклассицизм И.Стравинского // Кризис буржуазной культуры и музыка. М., 1973. Вып. 2;
Варунц В. Музыкальный неоклассицизм: Ист. очерки. М., 1988.
Да арт.Неакласіцызм. Будынак ламбарда ў Маскве. Арх. І.Машкоў. 1912.Да арт.Неакласіцызм. Мемарыяльная капліца каля вёскі Салтанаўка Магілёўскага раёна. Арх. К.Міхайлаў, скульпт. П.Яцына. 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ГЕР (Niger),
Рэспубліка Нігер (République du Niger), дзяржава ва ўнутранай частцы Зах. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Алжырам і Лівіяй, на У з Чадам, на Пд з Буркіна-Фасо, Бенінам, Нігерыяй, на З з Малі. Пл. 1267 тыс.км². Нас. 9962,2 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — французская, пашыраны мовы хаўса і джэрма. Сталіца — г.Ніямей. Краіна падзяляецца на 7 дэпартаментаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (18 снежня).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Орган заканад. улады — аднапалатны Нар. сход. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт. Урад падсправаздачны перад парламентам.
Прырода. Большая частка Н. — у Сахары. Ў рэльефе пераважаюць выраўнаваныя плато і раўніны выш. 200—500 м. Найб. узвышаная ч. — пласкагор’е Аір (Азбін) выш. ад 700—800 м на З да 2000 м на У (г. Ідукальн-Тагес, 2022 м). На У — пясчаная пустыня Тэнерэ. Карысныя выкапні: уранавыя (па запасах адно з першых месцаў у свеце) і жал. руды, фасфарыты, золата, каменны вугаль, нафта, марганец, медзь і інш. Клімат на Пн трапічны, пустынны, на Пд субэкватарыяльны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C на Пн да 25 °C на Пд, ліп. адпаведна 30 і 25 °C. Ападкаў на б.ч. тэрыторыі каля 100 мм за год, на крайнім Пд і ПдЗ — да 800 мм. На ПдЗ адзіная значная р. Нігер, у пустынях і паўпустынях трапляюцца толькі уэды. На ПдУ частка воз. Чад. 87% тэр. займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты зоны пустынь і паўпустынь з рэдкімі аазісамі, на Пд і ПдЗ участкі тыповых саваннаў з асобнымі дрэвамі акацый і баабабаў. Жывёльны свет у пустыні — дробныя грызуны, ліс фенек, антылопы арыкс і адакс, у саваннах — газелі, гепарды, гіены, шакалы. Шмат птушак. Міждзяржаўны нац. парк Дубль-В (часткі ў Беніне, Буркіна-Фасо і Н.), некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. На Пд, уздоўж граніц з Нігерыяй, жывуць хаўса (56% насельніцтва краіны, па мове адносяцца да афразійскай сям’і), на ПдЗ — джэрма і сангаі (разам 22%, мова ўваходзіць у ніла-сахарскую сям’ю). Жывуць таксама туарэгі, кануры, фульбе, маўры і інш. Еўрапейцаў каля 2 тыс., у т. л. 1,2 тыс. французаў. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (80%), ёсць прыхільнікі мясц. вераванняў (на Пд) і хрысціяне (у гарадах). Сярэдні прырост 2,95% (1999). Сярэдняя шчыльн. 7,9 чал. на 1 км², каля палавіны насельніцтва сканцэнтравана ў даліне р. Нігер. У гарадах жыве 13% насельніцтва. У г. Ніямей 600 тыс.ж. (1998). Больш за 50 тыс.ж. у гарадах Зіндэр і Марады. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 6%, кіраванні — 4%.
Гісторыя. Негроідныя плямёны жылі на тэр. Н. з часоў неаліту. Караванны гандаль цераз Сахару спрыяў узнікненню тут шэрагу гарадоў. У сярэднявеччы розныя раёны Н. ўваходзілі ў склад дзяржаў Сангаі (7—16 ст.), Канем-Борну (9—19 ст.) і інш., з пач. 19 ст.Паўд. Н. увайшоў у халіфат Сакота. У канцы 19 ст.тэр. Н. заваявана Францыяй: у 1904—22 «Ваен.тэр. Н.», з 1922 асобная калонія ў складзе Франц.Зах. Афрыкі. Каланізацыя Н. выклікала некалькі ўзбр. выступленняў, найб. з іх — паўстанне туарэгаў у 1914—17. Пасля 2-й сусв. вайны нац.-вызв. рух у Н. ўзначаліла Нігерская прагрэсіўная партыя (НПП, засн. ў 1946), якая складалася з прадстаўнікоў традыц. племянных вярхоў, інтэлігенцыі і чыноўнікаў. У 1946 Н. атрымаў статус заморскага дэпартамента Францыі, у 1957 абвешчаны аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці.
З 18.12.1960 Н. — незалежная дзяржава на чале з лідэрам НПП А.Дыёры. У Н. ўсталяваўся аднапартыйны рэжым, які падтрымліваў сувязі з Францыяй і спрыяў прыватнаму прадпрымальніцтву. Незадаволенасць насельніцтва карупцыяй улад, іх няздольнасцю ліквідаваць вынікі моцнай засухі 1968—74 прывялі да ваен. перавароту 15.4.1974. Улада перайшла да Вышэйшага ваен. савета (BBC) на чале з палкоўнікам С.Кунчэ (1974—87). У канцы 1980-х г. новае кіраўніцтва BBC на чале з А.Сайбу (1987—93) пачало дэмакратызацыю паліт. жыцця Н. У 1990 дазволена стварэнне паліт. партый, у снеж. 1992 прынята дэмакр. канстытуцыя. У сак. 1993 прэзідэнтам Н. выбраны лідэр партыі Дэмакр. і сац. канвент — «Рахама» М.Усман. Барацьба ў кіраўніцтве Н. прывяла да ваен. перавароту 27.1.1996. Новая канстытуцыя 1996 значна пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта, а ў ліп. 1996 прэзідэнтам Н. выбраны лідэр ваенных — І.Б.Майнасара. Пасля забойства Майнасары ў крас. 1999 у выніку няўдалага дзярж. перавароту новым прэзідэнтам Н. ў ліст. 1999 выбраны Т.Мамаду.
Н. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства.
Дзейнічаюць паліт. партыі: Дэмакр. і сац. канвент — «Рахама», Альянс за дэмакратыю і прагрэс.
Гаспадарка. Н. — эканамічна слабаразвітая краіна з адсталай эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 670 дол. (1997). Сельская гаспадарка дае 40% ВУП, прам-сць — 18%, абслуговыя галіны — 42%. Пасля заваявання незалежнасці разам з прыцягненнем замежнага і нац. прыватнага капіталу ўрад імкнецца расшырыць дзярж. сектар. У сельскай гаспадарцы гал. ролю адыгрывае папарнае матычнае земляробства. Пад ворывам каля 3,8 млн.га, пад пашай каля 8,9 млн.га. Арашаецца 66 тыс.га у даліне р. Нігер і асобных раёнах на Пд краіны. Гал. земляробчы раён — ПдЗ і Пд. У земляробстве захавалася абшчыннае землеўладанне. Дробныя натуральныя і паўнатуральныя сял. гаспадаркі даюць гал. частку с.-г. прадукцыі. У даліне р. Нігер складваюцца таварныя гаспадаркі экспартнага кірунку. Гал.харч. культуры — проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, батат, бабовыя, агародніна. На экспарт ідзе частка арахісу і бавоўны. Сярэднегадавы ўраджай (тыс.т): збожжавых — 1600, арахісу — 190—312, бавоўны — 4—10, агародніны — каля 80. Жывёлагадоўля качавая і паўкачавая. Пад пашу выкарыстоўваюцца паўпустыні і саванны на Пд краіны. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 6,15, коз і авечак больш за 6, вярблюдаў 0,3. Птушкагадоўля (20 млн. курэй). Рыбалоўства ў воз. Чад і р. Нігер (каля 20 тыс.т штогод). Збор гуміарабіку (на ПдУ). Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі горназдабыўной, апрацоўчай і буд. галін. У 1996 атрымана 170 млн.кВт∙гадз электраэнергіі, 195 млн.кВт∙гадз імпартавана з Нігерыі. Электрастанцыі працуюць пераважна на драўніне (85%). Гал. экспартная галіна — горназдабыўная прам-сць. Н. — адзін з вядучых вытворцаў уранавай сыравіны. Здабыча уранавых руд вядзецца ў Аіры (цэнтр здабычы г. Арлі) кампаніямі з пераважнай доляй капіталу з Францыі, Германіі, Італіі, Японіі і інш. Працуюць 2 з-ды па вытв-сці уранавага канцэнтрату магутнасцю 2 тыс.т за год кожны. Вядзецца невял. здабыча каменнага вугалю (каля 170 тыс.т у год), фасфарытаў, кухоннай солі. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі харч., тэкст., гарбарна-абутковай галін, вытв-сцю буд. матэрыялаў, хім. і фармацэўтычнай прадукцыі. Прадпрыемствы харч. прам-сці: 3 з-ды па атрыманні арахісавага алею, мукамольны, малаказавод, бойня-халадзільнік і піўзавод у г. Ніямей, млын і цэх безалкагольных напіткаў у г. Зіндэр. Тэкст.прам-сць: 5 бавоўнаачышчальных, тэкст., прадзільна-ткацкая ф-кі. Прадпрыемствы па апрацоўцы скур, абутковае прадпрыемства канцэрна «Баця» (1,25 млн. пар абутку за год). Вядзецца зборка кузаваў і прычэпаў для аўтамашын, вытв-сць мэблі, дробнага с.-г. інвентару і інш. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці цэглы і цэменту, керамічных і мармуровых плітак. У г. Ніямей фармпрадпрыемства і мылаварна-парфумерная ф-ка і інш. Развіты рамёствы: саматужны выраб біжутэрыі, упрыгожанняў з золата і серабра, тканін, скураных вырабаў, адзення, абутку, ганчарная вытв-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 41,6 тыс. аўтамашын (1998). Аўтадарог 10,1 тыс.км, у т. л. 798 км з цвёрдым пакрыццём. Рака Нігер суднаходная ніжэй г. Ніямей. У краіне 27 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнар. каля гарадоў Ніямей і Агадэс. У 1997 экспарт склаў 267 млн.дол., імпарт 295 млн. долараў. Н. экспартуе уранавы канцэнтрат (50% па кошце), жывёлу і прадукцыю жывёлагадоўлі (20%), бабовыя, агародніну; імпартуе харч. і спажывецкія тавары, трансп. сродкі, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады больш за 50% экспарту і імпарту), Канада, Нігерыя, Японія, Бельгія і інш. Знешні доўг 1,6 млрд.дол. (1998). Краіна атрымлівае дапамогу міжнар. арг-цый і асобных краін (найб.Францыі). Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).
Архітэктура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У паўд.-зах. раёнах пашыраны саламяныя хаціны, на У — глінабітныя або складзеныя з камянёў дамы з травяным дахам. Гліняныя зернясховішчы ў форме круглай пасудзіны з адтулінай зверху да 3 м вышыні. На Пн качавое насельніцтва (туарэгі, фульбе) жыве ў шатрах, накрытых скурамі. У горадзе будуюць жылыя дамы і мячэці з банка (сумесь гліны з саломай). Жылыя дамы ў Зіндэры, Тахуа і інш. прамавугольныя ў плане, з несапраўднымі купаламі з пальмавых ствалоў або двухсхільным чаротавым пакрыццём (вільчак апіраецца на гліняны слуп унутры будынка), маюць прамавугольныя парталы з рэльефным арнаментам і зубцамі па вуглах. Мячэці складаюцца з вял. шматслупавой залы з плоскім земляным пакрыццём на драўляных бэльках і мінарэта ў выглядзе ўсечанай піраміды, у якой знадворку тырчаць канцы драўляных гарыз. сувязей. Новыя кварталы г. Ніямей і інш. гарадоў забудоўваюцца паводле сучаснага еўрап. тыпу. У раёне Ніямея і ў абласцях, населеных хауса, вырабляюць ціснёныя скураныя вырабы з яркай афарбоўкай — сумкі, сёдлы, абутак, пасудзіны, каралі. Пашыраны кавальства, ювелірная справа, пляценне. Вырабляюцца нажы з бронзавай і сярэбранай інкрустацыяй, сярэбраныя бранзалеты і падвескі, конская вупраж. Сярод ганчарных вырабаў пашыраны пасудзіны з выцісненым і размаляваным арнаментам. Вырабляюць ярка афарбаваныя тканіны (пераважна чырвонага, белага, блакітнага колераў), пасудзіны з гарбузоў (калебасы) з разным і выпаленым арнаментам.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя).
Герб і сцяг Нігера.Да арт.Нігер. Мячэць у Агадэсе. 16 ст.Да арт.Нігер. Тыповы ландшафт пустыннай саванны на поўдні краіны.Да арт.Нігер. Уранавы руднік у Арлі.Да арт.Нігер. Зернясховішчы.Да арт.Нігер. Жаночая сумка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКАВО́ДСТВА,
галіна земляробства па вырошчванні буракоў для цукровай прамысловасці, а таксама на харч. і кармавыя патрэбы. На долю цукр. буракоў прыпадае прыкладна 1/3 цукру, які вырабляюць у свеце, а ў краінах умеранага пояса яны адзіная крыніца яго атрымання. На кармавыя мэты выкарыстоўваюць прамысл. адходы — жамерыны і патаку, а таксама буракі ў сырым выглядзе. Частка адходаў ідзе на ўгнаенне. Цукр. буракі параўнальна маладая с.-г. культура, выведзеная ў 18 ст. ў Германіі. У выніку селекцыі, развіцця насенняводства і ўдасканалення тэхналогіі вырошчвання яны шырока культывуюцца ў краінах Еўропы і Паўн. Амерыкі, найб. у лесастэпавай зоне. У залежнасці ад умоў вырошчвання колькасць цукру ў караняплодах вагаецца ад 15 да 23%. Сусв. плошчы пад цукр. буракамі каля 8 млн.га. Найб. плошчы пасеваў на Украіне (лесастэпавая зона), у Расіі (Чарназёмны цэнтр, Кубань), ЗША, Францыі, Германіі, Польшчы. Невял. пл. маюць Малдова, Беларусь, Літва, Латвія, а таксама Казахстан і Кыргызстан (на арашальных землях), з краін Зах. Еўропы — Нідэрланды, Вялікабрытанія. Найб. ўраджаі атрымліваюць у краінах Зах. Еўропы — 550—600 ц/га.
Вырабляць цукар з цукр. буракоў на Беларусі пачалі ў 1830-я г., калі ў Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губ. былі пабудаваны невял. цукр. з-ды. У 1860-я г. іх было больш за 30, але з-за канкурэнцыі больш таннага цукру з Украіны да канца 19 ст. яны былі ліквідаваны. Вырошчванне цукр. буракоў на Беларусі аднавілася ў 1950-я г. адначасова з буд-вам цукр. заводаў у Скідзелі (працуе з 1951), Гарадзеі Нясвіжскага р-на (1959), Жабінцы (1963), Слуцку (1965). У Беларусі ў 1995 цукр. буракі займалі 55,4 тыс.га, або 0,9% агульнай пасяўной плошчы. Ураджайнасць каля 200—300 ц/га, штогадовы валавы збор каля 1000—1500 тыс.т (гл.табл.). Пасевы цукр. буракоў канцэнтруюцца ў 28 адм. раёнах вакол цукр. з-даў. Доля цукр. буракоў у агульных пасевах гэтых раёнаў вагаецца ад 3 да 7%. Колькасць цукру ў бураках 15—17% — значна ніжэйшая, чым на Украіне (20—22%), выхад цукру з 1 т буракоў на заводах Беларусі 12—13%. Цукр. буракі ў Беларусі сеюць на сугліністых і супясчаных мінеральных, а таксама на асушаных і акультураных тарфяна-балотных глебах. Раянаваны сорт Гала.
Буракі сталовыя пашыраны на ўсіх кантынентах і ва ўсіх земляробчых зонах, але больш ва ўмераным поясе. Ураджайнасць 400—500 ц/га (да 1000 ц), на Беларусі каля 200 ц/га. Раянаваныя сарты — Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18 і інш. Кармавыя буракі вырошчваюць у краінах умеранага пояса: ЗША, Канадзе, Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, у краінах СНД і інш. Ураджайнасць у еўрап. краінах, у т. л. ў Беларусі, 300—400 ц/га. Вырошчваюць сарты бел. (Бел. чырвоныя) і замежнай (Экендорфскія жоўтыя і інш.) селекцыі.
Н.І.Жураўская.
Пасяўная плошча і валавыя зборы цукровых буракоў у Беларусі (на тэхнічныя мэты)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-МАРСКІ́ ФЛОТ (ВМФ; у многіх краінах наз. ваенна-марскія сілы — ВМС),
від узбр. сіл, прызначаны для дзеянняў на водных прасторах. У большасці марскіх дзяржаў прызначаны пераважна для абароны ўзбярэжжа і нац.тэр. вод, дзеянняў у радыусе да 300 міль. ВМФ Вялікабрытаніі, ЗША, Расіі і Францыі паводле задач падзяляецца на стратэг.ядз. сілы марскога базіравання (атамныя ракетныя падводныя лодкі, узброеныя балістычнымі ракетамі з далёкасцю стральбы да 11 тыс.км; забяспечваюць ядз. стрымліванне патэнцыяльнага агрэсара, несучы баявое патруляванне ў Сусв. акіяне) і сілы агульнага прызначэння — мнагамэтавыя падводныя лодкі, надводныя караблі (авіяносцы, крэйсеры, эскадраныя мінаносцы, фрэгаты, мінна-тральныя і дэсантныя караблі, дапаможныя судны).
ВМФ зарадзіўся ў стараж. Егіпце, Фінікіі, Грэцыі, Рыме і інш. і складаўся з вёславых суднаў (у т. л.грэч. трыера і рым. трырэма з трыма радамі вёслаў), якія ў баі выкарыстоўвалі абардаж і таран. У 1 ст. да н.э. рымляне першыя выкарысталі для абстрэлу варожых суднаў кідальныя машыны — балісты і катапульты. У сярэднявеччы не было падзелу суднаў на ваен. і гандлёвыя, пры неабходнасці купецкі карабель мог стаць баявым ці пірацкім. У 7 ст. ў Венецыі і Генуі створана парусна-вяслярная галера. У марскіх паходах 907 і 911 на Візантыю кіеўскага князя Алега ўдзельнічалі баявыя лодкі-караблі палачан. З 15 ст. на караблях для абароны сталі выкарыстоўваць невял. гарматы. Упершыню флот з баявых суднаў з’явіўся ў галандцаў у час вайны 1552—58 з англічанамі. У 17 ст. флот падзяліўся на ваенны і гандлёвы і стаў парусным (першыя парусныя, пераважна ваен. караблі-нефы пабудавалі ў 11 ст. французы). У Расіі стварэнне рэгулярнага ВМФ распачата ў 1696. У 18 ст. ў барацьбе за панаванне на моры перамагла Вялікабрытанія, зацвердзілася лінейная тактыка марскога бою. У 1-й пал. 19 ст. флот стаў паравы (у Расіі пасля Крымскай вайны 1853—56), з’явілася мінная зброя, у 2-й пал. 19 ст. — тарпедная, адным з асн. тыпаў караблёў стаў браняносец. На пач. 20 ст. з’явіліся падводныя лодкі, карабельная радыёсувязь, марская авіяцыя. ВМФ актыўна ўдзельнічаў і развіваўся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны. У 1950—60-я г.ВМФ стаў ракетна-ядзерны. Пасля заканчэння «халоднай вайны» ВМС краін НАТО скараціліся на 25%. На Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. дзейнічалі Дняпроўская ваенная флатылія, Заходнядзвінская ваенная флатылія, Прыпяцкая ваенная флатылія, польская (1919—39) і савецкая (1940—41) Пінскія ваенныя флатыліі.
ВМФ арганізацыйна падзяляецца на флаты і флатыліі, уключае роды сіл: флот (надводныя караблі, катэры, падводныя лодкі), марскую авіяцыю, марскую пяхоту і часці (войскі) берагавой абароны (артылерыі), а таксама ваенна-марскія базы, службы і часці спец. прызначэння (разведкі, тылу, сувязі і нагляду і інш.), ваенна-марскія навуч. ўстановы і г.д. Ён, як правіла, аснашчаны процікарабельнымі, зенітнымі і крылатымі ракетамі, радыёэлектронным узбраеннем (сістэмы сувязі, радыёпеленгатары, эхалоты, сістэмы радыётэхн. разведкі) і інш.Асн. баявыя якасці ВМФ — пастаянная боегатоўнасць, універсальнасць, мабільнасць, вял. аўтаномнасць, моц сродкаў паражэння).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1990-х г.,
палітыка-этнаграфічны канфлікт у Босніі і Герцагавіне, які ўзнік на пачатку 1990-х г. ва ўмовах распаду Югаславіі (СФРЮ) на самаст. краіны. Мясц.паліт. эліта, абапіраючыся на Сербію і Харватыю, у сваіх сепаратысцкіх інтарэсах выкарыстала спецыфіку Босніі і Герцагавіны — падзел яе насельніцтва па нац.-канфесійным прынцыпе на правасл. (сербы — 37%), католікаў (харваты — 20%) і мусульман (наз. сябе асобнай этн. супольнасцю — мусліманамі — 40%). У ліст. 1990 у выніку першых шматпартыйных выбараў у Босніі і Герцагавіне да ўлады прыйшлі партыі, якія прадстаўлялі асн. нац.-рэліг. групы насельніцтва: мусульманская Партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Большасць у парламенце атрымала Партыя дэмакр. дзеяння, яе кіраўнік А.Ізетбегавіч стаў старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны. Пачала праводзіцца лінія на стварэнне адзінай дзяржавы ісламскай арыентацыі. Паліт. проціборства бакоў адносна нац.тэр. ўладкавання краіны пасля абвяшчэння суверэнітэту Босніі і Герцагавіны (кастр. 1991), правядзення рэферэндуму па пытаннях незалежнасці (сак. 1992, сербы яго байкатавалі) і прызнання міжнар. супольнасцю незалежнасці Босніі і Герцагавіны (крас.—май 1992) прывяло да стварэння сербамі сваёй рэспублікі з парламентам і прэзідэнтам. Харваты таксама аформіліся як адасобленая этн. група са сваім паліт. Кіраўніцтвам. Паліт. рознагалоссі выліліся ва ўзбр. сутычкі вайск. фарміраванняў этн. абшчын, якія перараслі ў грамадз. вайну. Міжнар. супольніцтва віну за эскалацыю насілля ўсклала на сербскі бок. Сербія была абвінавачана ў падтрымцы сепаратысцкіх дамаганняў баснійскіх сербаў і агрэсіі супраць Босніі і Герацагавіны. Савет Бяспекі ААН увёў супраць новай Югаславіі (Сербія і Чарнагорыя) эканам. санкцыі (зняты ў снеж. 1995). Баявыя дзеянні, у якіх прымалі ўдзел і наёмнікі, вяліся пераважна паміж сербамі і мусульманамі, мусульманамі і харватамі. Пазней аформіўся мусульм.-харвацкі альянс супраць сербаў. Этн. чысткі, дзесяткі тысяч забітых, каля 3 мільёнаў бежанцаў, масавыя парушэнні правоў чалавека, разбураныя гарады (у т. л. Сараева) — такі вынік грамадз. вайны. На паглыбленне Баснійскага крызісу ўплывала і сутыкненне ў гэтым рэгіёне інтарэсаў Сербіі і Харватыі, а таксама вял. дзяржаў. Міжнар.дыпламат. намаганні і перагаворы аб урэгуляванні Баснійскага крызісу доўгі час не мелі поспеху. Пры садзейнічанні ЗША у вер. 1995 паміж варагуючымі бакамі дасягнута пагадненне пра спыненне агню. У ліст. 1995 у г. Дэйтан (ЗША) прайшлі перагаворы прэзідэнтаў Босніі і Герцагавіны (Ізетбегавіч), Сербіі (С.Мілошавіч) і Харватыі (Ф.Туджман). На аснове дэйтанаўскіх дамоўленасцяў у снеж. 1995 прайшлі перагаворы у Парыжы, у выніку якіх прадугледжана захаванне адзінай і суверэннай дзяржавы Боснія і Герцагавіна з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (51% тэрыторыі) і Сербскай Рэспублікі Боснія. Раўнапраўе 3 народаў краіны забяспечваецца прапарцыянальным іх прадстаўніцтвам у вышэйшых органах улады. Мерапрыемствы па мірным урэгуляванні Баснійскага крызісу маюць ваенны і грамадз. аспекты: ваенны прадугледжвае раз’яднанне варагуючых бакоў, забеспячэнне перамір’я, кантроль над узроўнем узбраення, садзейнічанне Міжнар. трыбуналу па ваен. злачынствах у пошуку і прыцягненні да суда ваен. злачынцаў; грамадз. блок мераў — правядзенне выбараў, фарміраванне мясц. органаў улады, забеспячэнне правоў чалавека і нац. меншасцяў, вырашэнне праблем бежанцаў, аднаўленне эканомікі і інш. Для кантролю за выкананнем дамоўленасцяў у зону канфлікту, якая падзелена на сектары, уведзены міжнар. міратворчыя сілы, у складзе якіх вайск. кантынгенты з 33 краін, у т. л. ЗША, Англіі, Францыі, Германіі, Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬПЫ (ням. Alpen, франц. Alpes, італьян. Alpi ад кельцкага alp высокая гара),
найвышэйшая горная сістэма Зах. Еўропы на тэр.Францыі, Італіі, Швейцарыі, Аўстрыі, Ліхтэнштэйна, Германіі і Славеніі. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 260 км, найб.выш.г. Манблан (4807 м). Альпы — складаная сістэма горных масіваў і хрыбтоў, што працягнуліся дугой ад Міжземнага м. да Сярэднедунайскай раўніны. Папярочная даліна між азёрамі Бодэнскім і Кома падзяляе Альпы на больш вышынныя Зах. Альпы і больш нізкія і шырокія Усходнія. У Заходніх вылучаюць Прыморскія, Коцкія, масіў Пельву, Грайскія, Савойскія (з масівам Манблан), Бернскія і інш. Горны ланцуг Усходніх Альпаў прадстаўлены Рэтыйскімі, Эцтальскімі, Цылертальскімі Альпамі, Высокім і Нізкім Таўэрнам. Альпы належаць да маладых складкавых структур альпійскага арагенезу (гл.Альпійская складкавасць). Характэрны зубчатыя грабяні, глыбокае расчляненне, вял. пашырэнне ледавіковых формаў рэльефу (гл.Альпійскі рэльеф). Восевая зона сфарміравана стараж. крышталічнымі (гнейсы, слюдзяныя сланцы), магматычнымі (граніты) і метамарфічнымі (кварцава-філітавыя сланцы) пародамі. Перадгор’і Альпаў складзены з вапнякоў, мергеляў, даламітаў, філітаў і маладых маласавых фармацый. Карысныя выкапні: жалезныя, медныя, уранавыя руды, магнезіты, баксіты, каменная соль, у невял. колькасці каменны і буры вугаль.
Альпы — важны кліматападзел Еўропы. На паўн. і зах. перадгор’ях клімат умераны, вільготны, на паўднёвых — субтрапічны міжземнаморскі. Ва ўнутр. раёнах гор выразная вертыкальная занальнасць (т-ра паніжаецца праз кожныя 100 м на 0,3—0,7 °C), фёнавыя вятры выклікаюць кароткія рэзкія пацяпленні. Ападкаў на наветраных зах. і паўн.-зах. схілах 1500—2000 мм за год (месцамі 4000 мм), ва ўнутр. горных далінах 500—800 мм. Снегавая лінія на выш. ад 2500 м на ПнЗ да 3500 м у найб. сухіх унутр. і ўсх. раёнах. Характэрна сучаснае зледзяненне (каля 1200 ледавікоў агульнай пл. 3 тыс.км). З ледавікоў пачынаюцца рэкі Рона, Рэйн, По, Адыджэ, Ін, Драва і інш. Азёры ледавіковага і тэктанічна-ледавіковага паходжання: Жэнеўскае, Бодэнскае, Лага-Маджорэ, Кома (глыб. да 410 м). Для Альпаў характэрна вышынная пояснасць (вылучаюць 5 ландшафтных паясоў).
Пояс перадгор’яў і горных схілаў да выш. 800 м. Клімат умераны, цёплы, на паўд. схілах з міжземнаморскімі рысамі; букавыя і дубовыя лясы значна высечаныя; сады, вінаграднікі, палі збожжавых на горных бурых глебах. Пояс гор (на выш. 800—1800 м) з умераным і ўмерана вільготным кліматам заняты шыракалістымі (дуб, бук, клён, граб) лясамі, якія змяняюцца хваёвымі (елка, піхта, еўрап. кедр, лістоўніца) на горных бурых лясных ападзоленых глебах. Пашы і агароды да 1100—1400 м. На выш. 1800—2300 мсубальпійскі пояс з халодным кліматам, моцнымі вятрамі, доўгатэрміновым снегавым покрывам, пераважна высакагорнай хмызняковай расліннасцю (рададэндран, ядловец, кедравы сланік і інш.) і субальпійскімі лугамі. Вышэй (да граніцы вечнага снегу) альпійскі пояс з суровым халодным кліматам і альпійскімі лугамі і нівальны пояс (вечных снягоў і ледавікоў); ландшафты халодных высакагорных камяністых ледавіковых і снежных пустыняў.
Альпы — адзін з важнейшых рэкрэацыйных раёнаў Еўропы. Цэнтр альпінізму, турызму, гарналыжнага спорту.
Літ.:
Благоволин Н.С., Серебрянный Л.Р. Рельеф Европы // Рельеф Земли. М., 1967;
Ерамов Р.А. Физическая география Зарубежной Европы. М., 1973;
Жучкевич В.А., Лавринович М.В. Физическая география материков и океанов. Ч. 1. Евразия. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́МАК,
умацаванае жыллё феадала, а таксама сярэдневяковы комплекс абарончых збудаванняў, жылых гасп. і культавых пабудоў на зручных для абароны месцах, аб’яднаных лініяй умацаванняў. Існавалі прыватныя З. (феад., царк.) і агульнадзярж. (каралеўскія, велікакняжацкія).
Структура абароны З. складалася з драўляных (астрогі, вастраколы, гародні, парканы, тарасы), мураваных (каменных, цагляных) ці глінабітных сцен з баявымі памостамі-галерэямі і звязаных з імі драўляных ці камбінаваных (фахверкавых) шмат’ярусных вежаў з разнастайнымі байніцамі. Часта ў З. была гал. вежа — данжон. Раннія З. (5—8 ст. ў Сярэдняй Азіі, Закаўказзі, на Арабскім Усходзе, 9—11 ст. ў Зах. Еўропе) мелі глухія мураваныя сцены і былі разлічаны на пасіўную абарону. Прамавугольныя планы гэтых З., іх буд. і канструкцыйныя асаблівасці спалучалі мясц., эліністычныя і стараж.-рым. традыцыі абарончага дойлідства. Тактыка актыўнай абароны паступова прывяла ў 11—12 ст. да ўсталявання нерэгулярнай планіроўкі, дапасаванай да рэльефу мясцовасці (З. крыжакоў у Сірыі і Палесціне). На сценах і вежах пачалі рабіць машыкулі і байніцы для кідання камянёў і абстрэлу ніжняй ч. сцен. Перад уваходнымі брамамі часам узводзілі барбаканы. Архітэктуру З. вызначалі раманскі, гатычны, рэнесансавы і барочны стылі. Паступова З. ператварыліся ў складаныя комплексы абарончых збудаванняў (З. 13 ст. Кусі ў Францыі, Харлек у Англіі). З развіццём артылерыі З. страцілі свае абарончыя функцыі.
На Беларусі першыя З. былі агульнагар. велікакняжацкімі цытадэлямі (Гродзенскі стары замак), некат. мелі значныя памеры (у Полацку, Віцебску). Да 15 ст. вядомы 2 тыпы З.: на ўзвышшах («горныя»), разнастайныя па абрысах (іх план паўтараў канфігурацыю рэльефу) і ў нізінах («дольныя»), звычайна з рэгулярнай планіроўкай з выкарыстаннем валоў і равоў з вадой (Ляхавіцкі З.). Былі пашыраны З., абнесеныя драўлянымі (Радашковічы, Пінск, Гомель, Магілёў) ці мураванымі (Лідскі замак, Крэўскі замак, Навагрудскія замкі, Мірскі замак, Быхаўскі замак і інш.) сценамі. У буд-ве быў пашыраны спосаб трохслаёвай муроўкі. 2 цагляныя сцяны і забутоўка паміж імі. Часта вонкавыя паверхні сцен выкладаліся з каменю (Ліда, Крэва і інш.). Замкавае буд-ва звязана з рус. і зах.-еўрап. абарончым дойлідствам. Сустракаюцца элементы раманскай архітэктуры (вежы Навагрудскага, Гродзенскага, Лідскага і інш. З.), у большасці З. 15—16 ст. — рысы стыляў готыкі і рэнесансу (Мірскі З.), з 17 ст. пераважаюць барочныя рысы. У сярэдзіне 16 ст. сталі пашыранымі З. з бастыённай сістэмай умацаванняў (Заслаўскі замак, Ляхавіцкі замак). З канца 16 ст. замкавае буд-ва паступова трансфармавалася ў палацава-замкавае (Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Гальшанскі палац). У 1-й пал. 19 ст. сярэдневяковыя З. замянілі крэпасці са шматкіламетровымі лініямі абароны. Замкавае буд-ва ўплывала на архітэктуру ўмацаваных храмаў (Сынковіцкая царква-крэпасць, Камайскі касцёл, Быхаўская сінагога), жылых дамоў (Гайцюнішскі дом-крэпасць), гар. брам, сядзібных і інш. пабудоў.
Літ.:
Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977;
Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977;
Я го ж. Замкі і людзі. Мн., 1991;
Раппопорт П.А. Военное зодчество западно-русских земель X—XIV вв. Л., 1967.
М.А.Ткачоў, У.А.Чантурыя.
Да арт.Замак. Рэканструкцыя Тураўскага замка і гарадзішча (пасля 13 ст.). Мастак Р.Данчанка.Да арт.Замак. Мірскі замак.Да арт.Замак. Замак у Мальбарку. Польшча. 1274.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАГРА́ФІЯ (ад літа... + ...графія),
від тыражнай графікі; спосаб плоскага друку, твор, выкананы літаграфскім спосабам. Друкарскай формай у Л. з’яўляецца гладкая (для ўзнаўлення пёравай графікі) або зярністая (для ўзнаўлення алоўкавага малюнка) паверхня літаграфскага каменю, часам цынкавай ці алюм. пласцінкі, на якую нанесена выява тлустай тушшу (пяром або пэндзлем) ці літаграфскім алоўкам. Часам выяву пераносяць на камень з малюнка, выкананага на спец. пераводнай паперы — корнпапіры. Пасля спец.хім. апрацоўкі каменю, паслядоўнага нанясення на яго паверхню вады і фарбы праводзяць друкаванне. Л. ўласцівы вял. свабода аўтарскага выканання, разнастайнасць маст. сродкаў пры вял. дакладнасці ўзнаўлення, параўнальная прастата тэхнікі. Мадыфікацыі Л. аўталітаграфія, амаграфія, хромалітаграфія і інш.
Вынайдзена А.Зенефельдэрам у Германіі ў 1798. У 19—20 ст. Л. адыграла важную ролю ў развіцці карыкатуры, ілюстрацыі, плаката, прыкладной графікі. Сярод вядучых майстроў 19 ст. П.Гаварні, А.Дам’е, Э.Дэлакруа, Ф.Гоя, Т.Жэрыко. Новыя маст. магчымасці Л. былі адкрыты майстрамі імпрэсіянізму (Э.Манэ, А.Рэнуар, Э.Дэга, К.Пісаро), ням. экспрэсіяністамі (М.Ліберман), мастакамі ЗША (Дж.Уістлер). У канцы 19 — пач. 20 ст. асаблівую вастрыню. драматызм і адначасова дэкар. выразнасць прыўнеслі ў Л. Э.Вюяр, П.Пікасо, А.Рэдон, А. дэ Тулуз-Латрэк у Францыі, Ф.Ропс у Бельгіі, Э.Мунк у Нарвегіі, Р.Кент у ЗША, Я.Кібрык, П.Кузняцоў, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, М.Радзіёнаў у Расіі.
На Беларусі Л. існуе з 1-й пал. 19 ст. У яе развіцці значную ролю адыграла Віленская літаграфская майстэрня, засн. ў 1819—21. Сярод першых літографаў Ф.Славецкі, Я.Рустэм, К.Кукевіч. Да Л., у т. л. каляровай, звярталіся Ю.Азямблоўскі, К.Бахматовіч, А.Бартэльс, Я.Дамель, М.Кулеша, Н.Орда, І.Хруцкі і інш. У 1920-я г. літаграфская майстэрня ўзнікла пры Віцебскім маст.-практычным ін-це (з 1923 маст. тэхнікум). У 1920—40-я г. ў тэхніцы Л. працавалі Я.Горыд, Н.Галоўчанка, П.Гуткоўскі, М.Малевіч, Н.Сасноўская, М.Філіповіч, Ф.Фогт, М.Чураба. Вял. значэнне для развіцця бел. Л. мела стварэнне эстампных майстэрняў пры Бел.тэатр.-маст. ін-це (1953) і Маст. фондзе Беларусі (1956). Літаграфічныя станковыя серыі, сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі, партрэты, краявіды, ілюстрацыі, экслібрысы і інш. выкананы бел. мастакамі В.Александровічам, Л.Асецкім, У. і М.Басалыгамі, С.Волкавым, Ю.Выхадцавым, С.Герусам, П.Дурчыным, Ю.Зайцавым, А.Кашкурэвічам, А.Лось, Г. і Н. Паплаўскімі, А.Паслядовіч, У.Пашчасцевым, У.Піменавым, С.Раманавым, І.Раманоўскім, У.Савічам, У.Сакаловым, М.Селяшчуком, Ю.Тышкевічам, В.Шаранговічам і інш. Л. — адна з гал. форм бел.эстампа. Іл.гл. таксама да арт.Графіка.
Літ.:
Суворов П.И. Искусство литографии. 4 изд. М., 1964;
Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг.Мн., 1975;
Яго ж. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979.
В.Я.Буйвал, І.Л.Чэбан.
Да арт.Літаграфія. Я.Кібрык. Ласачка. Ілюстрацыя да рамана Р.Ралана «Кала Бруньён». 1934—36.Да арт.Літаграфія. А. дэ Тулуз-Латрэк. Японская канапа. 1893.Да арт.Літаграфія. Р. Кент. Вяршыня.Да арт.Літаграфія. Н.Паплаўская. Нядзеля. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НІНЫ,
расійскія дзярж. і ваен. дзеячы. Мікіта Іванавіч П. (29.9.1718, г. Гданьск, Польшча — 11.4.1783). Служыў у коннай гвардыі. У 1747 пасланнік у Даніі, у 1748—60 — у Швецыі. У 1760—73 выхавальнік вял.кн. Паўла Пятровіча (гл.Павел I). Удзельнічаў у звяржэнні Пятра III і ўзвядзенні на прастол Кацярыны II. Старэйшы чл. (фактычна кіраўнік) Калегіі замежных спраў у 1763—81, саветнік імператрыцы па пытаннях знешняй палітыкі. Распрацоўваў і праводзіў у жыццё план «Паўн. акорда» — саюзу Расіі, Прусіі, Даніі, Швецыі, Вялікабрытаніі і Рэчы Паспалітай супраць Францыі, Аўстрыі і італьян. дзяржаў. Напачатку прыхільнік захавання цэласнасці Рэчы Паспалітай. Склаў праект стварэння дысідэнцкіх канфедэрацый: пратэстанцкай Тарунскай і пратэстанцка-правасл.Слуцкай канфедэрацыі. Пасля акупацыі Аўстрыяй ч. Польшчы (1769) удзельнічаў у падрыхтоўцы першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772), за што атрымаў ва ўласнасць сялян і землі ў Полацкай прав. Знаходзіўся ў тайнай, але пастаяннай апазіцыі да Кацярыны II і яе фаварытаў (Р.Р.Арлова і інш.). У пач. 1770-х г. узначальваў змову (брат Пётр Іванавіч П., драматург Дз.І.Фанвізін, які ў 1773 склаў праект канстытуцыйнага абмежавання манархіі, інспірыраваны П. і інш.) на карысць Паўла Пятровіча. Быў пазбаўлены ўсіх пасад і ў 1781 пад націскам царадворцаў падаў у адстаўку. Пётр Іванавіч П. (1721, с. Вязоўка Калужскай вобл. — 26.4.1789), ген.-аншэф (1762), граф (1767). Брат Мікіты Іванавіча П. На ваен. службе з 1735. Удзельнік рас.-тур. вайны 1735—39. У Сямігадовую вайну 1756—63 ген.-маёр, з 1759 ген.-паручнік; вызначыўся ў бітвах супраць прускіх войск пры Грос-Егерсдорфе (1757), Цорндорфе (1758) і Кунерсдорфе (1759), удзельнічаў ва ўзяцці Берліна (1760). З 1762 рас. ген.-губернатар Усх. Прусіі, камандуючы рас. войскамі ў Памераніі і Гольштэйне. У рас.-тур. вайну 1768—74 камандуючы 2-й арміяй, узяў штурмам крэпасць Бендэры (1770), але пры гэтым меў значныя страты і дапусціў шэраг стратэг. пралікаў, за што звольнены ў адстаўку. Разам з братам Мікітам Іванавічам П. адзін з лідэраў апазіцыі ўраду Кацярыны II. У чэрв. 1774 — жн. 1775 галоўнакамандуючы войскамі пры задушэнні сял. вайны пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. З 1775 зноў у адстаўцы. Разам з П.А.Румянцавым адзін са стваральнікаў лёгкай пяхоты (егераў) у рас. арміі. Мікіта Пятровіч П. (28.4.1770, г. Харкаў, Украіна — 13.3.1837), сын Пятра Іванавіча. З 1791 на ваен. і прыдворнай службе. У 1796 (пасля падзелу Рэчы Паспалітай) гал. камісар рас. боку па ўстанаўленні мяжы паміж Расіяй і Прусіяй. Са снеж. 1796 чл. Калегіі замежных спраў. З ліп. 1797 надзвычайны паўнамоцны міністр Расіі ў Прусіі. З 1799 віцэ-канцлер. Выступаў супраць лініі Паўла I на збліжэнне з Францыяй, першы прапанаваў вял.кн. Аляксандру Паўлавічу (гл.Аляксандр I) план адхілення Паўла I ад улады. У 1800 звольнены і сасланы ў Маскоўскую губ. Пры Аляксандру I чл. Калегіі замежных спраў, фактычны кіраўнік рас. знешняй палітыкі, у 1801 з прычыны рознагалоссяў з царом зноў звольнены. З 1804 да канца жыцця ў афіц. апале з забаронай наведваць сталіцы. Жыў у маёнтку Дугіна Смаленскай губ., дзе займаўся музыкай (напісаў оперы «Гарбуны» і «Модная крама»).
Літ.:
Гаврюшкин А.В. Граф Никита Панин: Из истории рус. дипломатии XVIII в. М., 1989.