ШТЫК (польск. sztych),

1) колючая і колюча-рэжучая халодная зброя, якая мацавалася (устаўлялася або насаджвалася) на канцы ствала ружжа (з 19 ст. вінтоўкі, карабіна, аўтамата); прызначалася для штыкавога (рукапашнага) бою. З’явіўся ў сярэдзіне 17 ст. ў Францыі пад назвай баянет (багінет); першапачаткова ўяўляў сабой укарочанае кап’ё, дрэўка якога ўстаўлялася ў ствол ружжа. З канца 17 ст. іх рабілі суцэльнаметалічнымі з трубкай, якую насаджвалі на ствол (гэта дазваляла весці зараджанне і стральбу з прымкнутым Ш.). Адрозніваюць Ш. гранёныя (3- і 4-гранныя), клінковыя (двухбаковавострыя Ш. — кінжалы, Ш.-цесакі), адналязовыя (Ш.-нажы), аддымныя і неаддымныя.

2) Узброены салдат (як адзінка падліку пяхоты).

3) Пласт зямлі на глыбіню палатна рыдлёўкі.

Да арт. Штык: 1 — багінет (пач. 18 ст.); 2 — ігольчаты чатырохгранны да вінтоўкі ўзору 1891/30 (СССР); 3 — адкідны няздымны да карабіна СКС (СССР); 4 — да аўтамата АКМ, які выкарыстоўваецца таксама як разак для дроту і піла (СССР); 5 — сапёрны ўзору 02 да вінтовак Маўзера (Германія); 6 — да вінтовак Арысака (Японія); 7 — да вінтоўкі FN 1949 (Бельгія); 8 — заходнегерманскі да вінтоўкі G-3 (прынята на ўзбраенне ў Даніі); 9 — да вінтоўкі М-16 (ЗША).

т. 17, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)