ХЛАПІ́ЦКІ Юзаф Гжэгаж (14.3.1771, с. Капусціна на Валыні — 30.9.1854),

дыктатар у час паўстання 1830—31, генерал дывізіі (1815). У 1785—93 служыў у польскай і рас. арміях. Удзельнічаў у паўстанні 1794. Пасля яго падаўлення эмігрыраваў, служыў у польскіх легіёнах напалеонаўскай арміі, ваяваў у Іспаніі ў 1808—12, атрымаў званне генерала брыгады. Удзельнік вайны 1812 на баку Францыі, паранены выйшаў у адстаўку. У 1815 Аляксандр I прызначыў Х. камандзірам 1-й пях. дывізіі войска Каралеўства Польскага; з 1818 у адстаўцы. Быў праціўнікам акцый, накіраваных супраць Расіі. У час паўстання 1830—31, калі быў прызначаны яго дыктатарам, даў магчымасць намесніку Канстанціну Паўлавічу з войскам пакінуць каралеўства, стрымліваў ваен. падрыхтоўку, не падтрымаў прапанову Д.​Хлапоўскага пра адпраўку войск на Беларусь і Літву. Толькі ў канцы снеж. 1830 — пач. 1831 аддаў загад аб арганізацыі батальёнаў рухомай гвардыі, згадзіўся на павелічэнне арміі да 100 тыс. пяхоты і 20 тыс. кавалерыі. Х. імкнуўся заключыць дагавор з Мікалаем I на ўмовах прызнання польскай канстытуцыі і пашырэння яе дзейнасці на Беларусь. У Грохаўскай бітве 25.2.1831 паранены. Жыў у Кракаве, у грамадска-паліт. падзеях не ўдзельнічаў.

В.​В.​Швед.

т. 17, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)