ДЗЯРНО́ВЫЯ ЗАБАЛО́ЧАНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

залішне ўвільготненыя глебы, якія ўтварыліся пад травяным покрывам. Паўгідраморфныя глебы. На пясчаных і супясчаных пародах фарміруюцца пад уплывам грунтавога ўвільгатнення, на гліністых, сугліністых і двухчленных — пад уплывам паверхневых (схілавых) вод. У залежнасці ад працягласці залішняга ўвільгатнення падзяляюцца на слабаглеяватыя (часова залішне ўвільготненыя), глеяватыя і глеевыя. На Беларусі трапляюцца ў паніжэннях невял. масівамі і ў месцах з блізкім ад паверхні заляганнем грунтавых вод (на Бел. Палессі). Займаюць каля 11% сельгасугоддзяў, пераважна выкарыстоўваюцца пад сенажаці. Лішак вільгаці ў гэтых глебах трымаецца 90—200 дзён у годзе, на працягу 10—90 дзён можа адзначацца яе недахоп. Перагнойны гарызонт глеб не перавышае 20—30 см, пад ім знаходзіцца аглеены гарызонт блакітнага колеру (у дзярнова-глеевых глебах) або такі ж з рудымі плямамі (у дзярнова-глеяватых), які паступова пераходзіць у глебаўтваральную (мацярынскую) пароду. Сугліністыя і звязнасупясчаныя Дз.з.г. пасля гідратэхн. меліярацыі выкарыстоўваюцца пад пасевы.

Т.​А.​Раманава.

т. 6, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗО́РНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

матэрыяльнае асяроддзе, якое запаўняе прастору паміж зоркамі, што належаць адной галактыцы. Паблізу межаў галактык М.а. пераходзіць у міжгалактычнае асяроддзе, а паблізу зорак — у міжпланетнае асяроддзе.

М.а. складаецца з газу (асн. кампанента), пылу, эл.-магн. выпрамянення, касмічных прамянёў і інш. відаў матэрыі. Сярэдняя шчыльнасць М.а. — 10​−24—10​−26 г/см³. Найб. канцэнтрацыя масы М.а. — у спіральных рукавах Галактыкі. Асн. кампаненты міжзорнага газу — вадарод (каля 90%) і гелій (каля 10%), выяўлены таксама кальцый, натрый, вада, аміяк, фармальдэгіды; т-ра газу 10—100 К. Пыл складае каля 0,15% масы Галактыкі і з’яўляецца прычынай міжзорнага паглынання. Паміж зоркамі і М.а. у Галактыцы бесперапынна адбываецца абмен рэчывам. Зоркі выкідваюць рэчыва на розных стадыях эвалюцыі, асабліва пры катастрофах (гл. Новыя зоркі, Звышновыя зоркі), а ў шчыльных газапылавых комплексах утвараюцца маладыя зоркі.

Літ.:

Каплан С.А., Пикельнер С.Б. Физика межзвездной среды. М., 1979.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗО́ЛІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,

тып глеб, якія фарміруюцца пад хвойнымі і мяшанымі лясамі з мохавым, мохава-кусцікавым і мохава-травяным покрывам ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму і перыяд. ўвільгатнення. Належаць да аўтаморфных глеб. Пашыраны ў паўн. раёнах умераных шырот Еўропы, Зах. Сібіры, Д. Усходу, Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляюцца па ўсёй тэрыторыі, найб. плошчы ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Вылучаюць уласна падзолістыя глебы ў лясах і акультураны падтып на ворных землях. Марфал. глебавы профіль складаецца з некалькіх гарызонтаў: пад спрадвечнымі лясамі вылучаюць лясны подсціл таўшчынёй да 10 см, далей падзолісты гарызонт папяліста-бялявага колеру (да 7 см), падзоліста-ілювіяльны гарызонт жаўтавата-бялявага колеру (15—20 см) і ілювіяльны гарызонт бурага, палевага, светла-жоўтага колераў, які пераходзіць у глебаўтваральную (мацярынскую) пароду. П.г. характарызуюцца кіслай рэакцыяй асяроддзя, невял. колькасцю гумусу і пажыўных элементаў, вільгаці. Для павышэння ўрадлівасці П.г. праводзяць арашэнне, вапнаванне глебы, уносяць арган. і мінер. ўгнаенні. Гл. таксама Глеба.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРАЦЫ́ЙНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,

метад аналізу матэматычнага, які дае магчымасць зводзіць рашэнне складаных матэм. задач да больш простых. У аснову закладзена замена па пэўных правілах зададзеных функцый (арыгіналаў) 𝑓(t) інш. функцыямі (вобразамі) камплекснай пераменнай F(s); пры гэтым аперацыя дыферэнцавання пераходзіць у аперацыю множання на s, інтэгравання — дзялення на s, дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні — у алг. ўраўненні і інш.

Англ. вучоны О.​Хевісайд прапанаваў у 1892 фармальныя правілы карыстання аператарам p=d/dt і некаторымі функцыямі гэтага аператара, з дапамогай чаго вырашыў шэраг задач электрадынамікі. Абгрунтаванне аперацыйнага злічэння праводзіцца на аснове інтэгральнага Лапласа пераўтварэння. Аперацыі знаходжання вобразаў па арыгіналах (і наадварот) забяспечаны спец. табліцамі. Найбольш агульныя вынікі аперацыйнага злічэння атрыманы на аснове тэорыі абагульненых функцый. Далейшае развіццё ідэі аперацыйнага злічэння атрымалі ў функцыянальным злічэнні аператараў, сімвалічным злічэнні псеўдадыферэнцыяльных аператараў. Распрацаваны абагульненні аперацыйнага злічэння на аснове пераўтварэнняў Фур’е і Меліна; для інш. дыферэнцыяльных аператараў.

Літ.:

Диткин В.А., Прудников А.П. Интегральные преобразования и операционное исчисление. 2 изд. М., 1974.

А.​В.​Антаневіч.

т. 1, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДПАВЕ́ДНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,

агульнаметадалагічны прынцып развіцця навукі, які патрабуе, каб кожная новая тэорыя, што прэтэндуе на больш глыбокае апісанне аб’ектыўнай рэальнасці на больш шырокую вобласць прымянення, чым старая, уключала апошнюю як свой асобны гранічны выпадак. Адлюстроўвае дыялектыку працэсу пазнання, пераходу ад менш поўнай да больш поўнай ісціны і пры гэтым змена адной прыродазнаўча-навук. тэорыі другой выяўляе не толькі розніцу, але і сувязь, пераемнасць паміж імі, якая можа быць выражана з матэм. дакладнасцю. Адпаведнасці прынцып сфармуляваны Н.Борам пры стварэнні першапачатковай квантавай тэорыі атама і яго спектраў (1913). Паводле адноснасці прынцыпу фіз. вынікі квантавай механікі ў гранічным выпадку вял. квантавых лікаў супадаюць з вынікамі класічнай тэорыі; квантава-мех. апісанне фіз. аб’ектаў павінна пераходзіць у класічнае пры h → 0 (h — Планка пастаянная); хвалевая оптыка — у геам. пры λ → 0, дзе λ — даўжыня хвалі; законы рэлятывісцкай механікі — у законы класічнай пры скарасцях руху v << c, дзе c — скорасць святла ў вакууме.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 1, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААМІЦЭ́ТЫ (Oomycetes),

клас (аддзел) ніжэйшых грыбоў. Уключае 4 парадкі: сапралегніяльныя, лептамітавыя (Leptomitales), лагенідыевыя (Lagenidiales), перанаспаральныя; 70 родаў, каля 550 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Амерыцы. На Беларусі каля 100 відаў з парадкаў перанаспаральных і сапралегніяльных. Сапратрофы і паразіты. Водныя і наземныя формы. Некаторыя ааміцэты развіваюцца на рэштках раслін, трупах насякомых і інш. дробных жывёл. Шмат ааміцэтаў паразітуе на водарасцях, водных грыбах, чарвях, ікры, маляўках рыб і амфібій, вышэйшых раслінах. Вегетатыўнае цела (міцэлій) грыбоў пераважна добра развітае, шмат’ядравае, няклетачнае. Бясполае размнажэнне зааспорамі (маюць 2 жгуцікі), радзей канідыямі. Вынік палавога працэсу — ааспора, пераходзіць у стан спакою, у якім ааміцэты пераносяць неспрыяльныя ўмовы. Выклікаюць захворванні культ. раслін: фітафтароз бульбы, памідораў і інш. паслёнавых, караняед цукр. буракоў, чорную ножку розных с.-г. культур, мільдзю вінаграду і інш.

У адрозненне ад большасці інш. грыбоў, каркасным рэчывам клетачнай абалонкі з’яўляецца цэлюлоза і глюкан, а не хіцін, што сведчыць пра паходжанне ааміцэтаў ад продкаў жоўта-зялёных водарасцяў або ад флагелятаў.

Літ.:

Жизнь растений. М., 1976. Т. 2. С. 35—64.

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭАМІЭЛІ́Т (ад астэа... + грэч. myelos мозг),

інфекцыйнае запаленне касцявога мозгу і ўсіх слаёў косці. Неспецыфічны астэаміэліт выклікаецца гнаяроднымі мікробамі, спецыфічны туберкулёзнай, бруцэлёзнай, сіфілітычнай і інш. палачкамі. Узбуджальнікі астэаміэліту трапляюць у косць праз кроў (гематагенным шляхам) з аддаленага гнойнага ачага (фурункула, абсцэсу і інш.), праз пашкоджаныя тканкі (адкрытыя пераломы, раненні), з інфіцыраваных тканак (гнойнае запаленне суседняга сустава). Захворванню садзейнічаюць траўмы, пераахаладжэнні, ператамленні, авітамінозы і інш. Пры астэаміэліце ў косці парушаецца кровазварот, закупорваюцца сасуды (трамбоз); косць, пазбаўленая жыўлення, мярцвее. Участкі амярцвелай тканкі паступова адрываюцца і выдаляюцца праз свішчы з гноем. Адрозніваюць астэаміэліт востры гематагенны і хранічны. Востры астэаміэліт пачынаецца раптоўна: высокая тэмпература, дрыжыкі, ірвота, часты пульс, зацямненне свядомасці. Там, дзе пашкоджана косць, узнікае прыпухласць, чырванее скура. Калі гной прарываецца, тэмпература спадае, агульны стан хворага паляпшаецца. Ускладненні: гнойныя запаленні суставаў (артрыты), пераломы касцей, вывіхі, сепсіс, пашкоджанні ўнутр. органаў. Востры астэаміэліт можа пераходзіць у хранічны з перыядычнымі абвастрэннямі. Лячэнне вострага астэаміэліту — тэрапеўтычнае, хранічнага — хірургічнае, фізіятэрапеўтычнае.

А.​У.​Руцкі.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎТАРСКАЕ ПРА́ВА,

раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.

Г.​А.​Маслыка.

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́БКАЯ АЎТАМАТЫЗАВА́НАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ (ГАВ),

вытворчы комплекс для выпуску аднароднай па асноўных канструкцыйных і тэхнал. параметрах прадукцыі, здольны безынерцыйна пераходзіць на выпуск новых вырабаў. Вызначаецца комплекснай аўтаматызацыяй тэхнал. аперацый, праграмнай пераналадкай абсталявання, аператыўнай канструктарска-тэхнал. і арганізацыйна-эканам. падрыхтоўкай вытв-сці, аўтаматызацыяй кіравання вытв.-тэхнал. працэсамі і аператыўнага планавання, групавой тэхналогіяй апрацоўкі дэталей.

У ГАВ вылучаюцца і функцыянуюць пад адзіным кіраваннем: гібкія вытворчыя модулі, гібкія аўтаматычныя лініі, гібкія аўтаматызаваныя ўчасткі і цэхі, заводы-аўтаматы. ГАВ ахопліваецца двума контурамі аператыўнага кіравання, якія функцыянуюць сінхронна: арганізацыйна-аператыўнага і аператыўна-тэхнал. кіравання. Патокі загатовак, дэталей, вырабаў замыкаюцца паміж аўтаматызаванымі складамі, апрацоўчымі комплексамі, зборачным комплексам, пастом фінішнага кантролю. Модулі ГАВ функцыянуюць ва ўзаемадзеянні з аўтаматызаванымі сістэмамі праектавання, тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці, кіравання тэхнал. працэсамі і кіравання вытв-сцю. Гл. таксама Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызаваная сістэма кіравання.

Літ.:

Лищинский Л.Ю. Структурнай и параметрический синтез гибких производственных систем. М., 1990;

Римский Г.В. Теория систем автоматизированного проектирования: Интеллектуальные САПР на базе вычисл. комплексов и сетей. Мн., 1994.

Г.​В.​Рымскі.

т. 5, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЎЦЕВЫ ПУЗЫ́Р,

полы орган стрававальнай сістэмы большасці пазваночных жывёл і чалавека, у якім адбываецца збіранне і канцэнтрацыя жоўці. Размешчаны на ніжняй паверхні правай долі печані. Адсутнічае ў міног, некат. рыб, птушак (галубы, зязюлі, калібры, папугаі, страусы, туканы), млекакормячых (кітападобныя, сланы, алені, вярблюды, няпарнакапытныя, многія мышападобныя грызуны).

Форма грушападобная, радзей канічная. Мае дно, цела і шыйку, якая пераходзіць у пузырную пратоку, што злучана з пячоначнай пратокай і ўтварае агульную жоўцевую пратоку. У чалавека ёмістасць Ж.п. 30—70 см, даўж. 10—14 см, шыр. 3,5—4 см. Сценка Ж.п. таўшч. 1,5—2 мм складаецца са слізістай і мышачнай абалонак, ніжняя паверхня ўкрыта брушынай. Пры перыяд. скарачэнні мускулатуры сценак Ж.п. жоўць паступае ў агульную жоўцевую пратоку і дванаццаціперсную кішку, дзе ўдзельнічае ў працэсах стрававання. Ж.п. рэгулюе і падтрымлівае на пастаянным узроўні ціск жоўці ў жоўцевых шляхах. Паталогіі Ж.п.: заганы развіцця, пашкоджанні, функцыян парушэнні, захворванні (запаленне — халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба), пухліны Лячэнне — кансерватыўнае і аператыўнае.

А.​С.​Леанцюк.

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)