ПЕРАХО́ДНАСЦЬ у мове,

уласцівасць дзеяслова кіраваць формай вінавальнага склону назоўніка — прамога дапаўнення, што называе прадмет, на які непасрэдна пераходзіць дзеянне, абазначанае дзеясловам. Напр., «друкаваць газету», «чытаць кнігу». Проціпастаўленне пераходных і непераходных дзеясловаў («сініць» — «сінець», «будаваць» — «будавацца») утварае ў мове грамат. катэгорыю пераходнасці — непераходнасці. П. не мае спец. фармальных сродкаў выражэння ў самім дзеяслове, адзін і той жа дзеяслоў у залежнасці ад свайго значэння можа быць непераходным («паляўнічы кружыў па лесе») і пераходным («вецер кружыў снег у полі»). Усе зваротныя дзеясловы — абавязкова непераходныя, таму што афікс зваротнасці («-ся», «-ца») — былы займеннік «сябе», які і быў прамым дапаўненнем.

Літ.:

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

П.​П.​Шуба.

т. 12, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)