СТО́МЛЕНАСЦЬ у фізіялогіі,
часовае паніжэнне працаздольнасці пад уздзеяннем інтэнсіўнай або працяглай працы. Памяншаецца сіла і трываласць мышцаў, пагаршаюцца каардынацыя рухаў, памяць, павялічваюцца затраты энергіі, запавольваецца хуткасць перапрацоўкі інфармацыі, ускладняецца працэс канцэнтравання і пераключэння ўвагі. Крытэрыі С. — стан фізіял. функцый, колькасныя і якасныя паказчыкі працы. Развіваецца С. напачатку ў розных аддзелах ц. н. с., найперш у клетках кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга, і звязана з парушэннем дынамічнай раўнавагі працэсаў узбуджэння і тармажэння. У мышачнай сістэме ўзнікае ў выніку памяншэння запасаў энергет. рэчываў і назапашвання прадуктаў распаду. Ліквідуецца зменай віду працы, адпачынкам, сном; пры адсутнасці змен пераходзіць у паталаг. стан — ператамленне.
Літ.:
Зинченко В.П., Леонова А.Б., Стрелков Ю.К. Психометрика утомления. М., 1977.
С.С.Ермакова.
т. 15, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)