горад, цэнтр Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл., чыг. ст. на лініі Крулеўшчына—Варапаева, на аўтадарозе Полацк—Вільня. За 200 км ад Віцебска. У межах горада азёры Кагальнае і Вялікае. 18,5 тыс.ж. (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў Метрыцы ВКЛ у 1414. У розны час належала Зяновічам, Корсакам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. З 16 ст. мястэчка. Тут быў пабудаваны Глыбоцкі замак. У ходзе войнаў Лівонскай (1558—83) і Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) Глыбокае займалі рус. войскі. У канцы 16—18 ст. заснаваны кальвінскі збор, касцёл св. Міхаіла, царква Тройцы, Ільінская капліца, сінагога. З 1793 у Рас. імперыі, у складзе Дзісенскага пав. У 1897 у Глыбокім 5564 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. 9,7 тыс.ж. (1939). З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр Глыбоцкага р-на. У Вял.Айч. вайну з 2.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Глыбокім і раёне 10 133 чал., стварылі Беразвецкі лагер смерці. 7,3 тыс.ж. у 1959, 11,9 тыс.ж. у 1970.
Прадпрыемствы харч. (Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, мясакамбінат, Глыбоцкі кансервавы завод, камбікормавы завод і інш.), мясц. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Глыбоцкі Троіцкі касцёл, Ільінская капліца, Мемарыяльная калона (абедзве — канец 18 ст.). Магілы сав. і італьян. ваеннапалонных, брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАНЕ́Ц,
вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка — Докшыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пн ад г. Вілейка, 111 км ад Мінска, 1 км ад чыг. раз’езда Куранец. 1115 ж., 473 двары (1998).
У пісьмовых крыніцах з 1519 упамінаецца як мястэчка ВКЛ, у 1665 горад. У 1539 пабудавана царква, у 1665 — касцёл. У 19 ст. заможнае гандл. мястэчка. У 1887—1765 ж. У пач. 20 ст. цэнтр воласці ў Віленскай губ., валасная ўправа, 2 царквы, царк.-прыходская школа, 2368 ж. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Навагрудскага, з 1925 Віленскага ваяводстваў. 3 вер 1939 у БССР. З 15.1.1940 цэнтр Куранецкага раёна. З 12.10.1940 гар. пасёлак, цэнтр сельсавета. З 25.6.1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія часткова спалілі К., стварылі тут лагерсав. ваеннапалонных, знішчылі каля 1,3 тыс.чал. Дзейнічала Вілейска-Куранецкае патрыятычнае падполле. У ноч на 1.10.1943 партызаны брыгады «Народныя мсціўцы» імя В.Т.Варанянскага разграмілі ў К. варожы гарнізон. З 1946 у Вілейскім р-не, з 1954 вёска. У 1972—1427 ж., 446 двароў.
Лесацэх Вілейскага дрэваапр. камбіната, кандытарскі цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ўдзельнікаў паўстання 1863—64. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік падпольшчыкам. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (2-я пал. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАНДЭРБЕ́Г [Scanderbeg, Skenderbeu; сапр.Кастрыёці (Kastrioti) Георг, каля 1405—17.1.1468],
кіраўнік вызв. барацьбы алб. народа супраць асманскіх заваёўнікаў, нац. герой Албаніі. Паходзіў з княжацкага роду Кастрыёці. У дзіцячым узросце ўзяты заложнікам да тур. султана Мурада II. Служыў у тур. арміі, удзельнічаў у многіх войнах, выявіў ваен. здольнасці. За ваен. заслугі атрымаў тытул бея і ў гонар Аляксандра Македонскага названы Іскандэрам (адсюль С. — скажонае Іскандэр-бей). Спакваля рыхтаваўся да барацьбы супраць тур. султана, кантактаваў з яго ўнутр. і знешнімі праціўнікамі, вёў перагаворы з Я.Хуньядзі. Пасля пераможнай для венг. арміі бітвы з тур. войскамі каля Ніша (3.11.1443) С. з атрадам у 300 вершнікаў пакінуў тур.лагер і прыбыў у Дыбру. Абапіраючыся на свабодных сялян, пачаў паход, накіраваны на выгнанне турак з алб. зямель. Неўзабаве ён заняў Крую, 28 ліст. абвешчаны галавой княства Кастрыёці. Выгнаў тур. гарнізоны з шэрагу крэпасцей і ўсталяваў незалежную ад туркаў уладу на частцы тэр. краіны. У 1444 засн. лігу алб. князёў і стаў яе кіраўніком, стварыў і ўзначаліў рэгулярную армію. На працягу 24 гадоў адбіваў спробы тур. захопнікаў аднавіць сваю ўладу на алб. землях (разгром тур. арміі ў 1444, 1457, абарона Круі ў 1450, 1466—67). У Албаніі ўстаноўлены ордэн С., яго імем названа гал. плошча ў Тыране, дзе яму ўстаноўлены помнік. На Беларусі імя С. вядома з помніка перакладной л-ры пач. 17 ст. — «Аповесць пра Скандэрбега».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫ́БІН,
гарадскі пасёлак, цэнтр Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. (з 1989), на р. Проня, на скрыжаванні аўтадарог на Магілёў, Горкі. Цэнтр Міхееўскага с/с і саўгаса. За 22 км на ПдУ ад Горак, 64 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 2580 ж., 1103 двары (1997).
У 16 ст. ў Мсціслаўскім ваяв.ВКЛ. Пацярпеў у час Паўн. вайны 1700—21. З 1772 у Рас. імперыі ў Магілёўскай губ. У 1784 цэнтр маёнтка Цеханавецкіх (да 1864), 657 ж., 181 двор, 25 крам, млын, царква. У 1830 заснавана вінакурнае прадпрыемства. У 1845 адбылося выступленне сялян супраць прыгоннага права. У 1880 цэнтр воласці Чавускага пав., 1080 ж., 250 дамоў, 30 крам, царква, валасное праўленне, лячэбніца, 2 млыны, школа, штогод праводзіўся кірмаш. З 1919 у Гомельскай губ., з 1922 у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у БССР, у 1924—31 і ў 1935—59 цэнтр Дрыбінскага раёна, потым у Горацкім р-не, цэнтр сельсавета. У ліп. 1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія стварылі тут лагер смерці, дзе загубілі 2469 чал. У 1943 спалілі 300 двароў, загубілі 380 жыхароў. Пасля вайны вёска адноўлена. У 1971—1817 ж, 531 двор. З 1989 зноў цэнтр Дрыбінскага р-на.
Маслазавод. Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры, бальніца, аптэка, паліклініка, аддз. сувязі. Царква, малітоўны дом. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі 2 стаянкі каменнага веку. Вядзецца буд-васац. інфраструктуры раённага цэнтра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1743—44,
буйное антыфеад. выступленне сялян Крычаўскага староства (гл.Крычаўская воласць). Выклікана ўзмацненнем феад.-прыгоннага прыгнёту, жорсткай эксплуатацыяй сялян арандатарамі і адміністрацыяй староства. Доўгія гады сяляне вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства адміністрацыі староства і арандатараў, адмаўляліся плаціць падаткі, адбываць паншчыну і інш. павіннасці, збівалі панскіх прыказчыкаў, уцякалі на Украіну. У канцы 1743 выбухнула ўзбр. паўстанне, якое ўзначалілі мясц. сяляне В.Вашчыла і яго паплечнікі І.Карпач, С.Бачко, В.Вецер і інш. Сяляне выступалі супраць шляхты, нападалі на дамы купцоў і ліхвяроў, разганялі адміністрацыю. Кіраўнік Крычаўскага староства Г.Ф.Радзівіл 15.1,1744 накіраваў супраць паўстанцаў войска на чале з палкоўнікам Пястжэцкім, якое размясцілася ў Крычаве. 18.1.1744 сяляне штурмавалі Крычаў сіламі да 2 тыс.чал., але былі разбіты добра ўзброеным войскам. Пацярпеўшы паражэнне, паўстанцы сабраліся каля в. Царкавішча, дзе папоўніліся новымі сіламі (да 4 тыс.чал.) і планавалі пачаць 26.1.1744 новую аблогу Крычава. Але ў ноч перад аблогай на іх лагер нечакана напалі атрады Пястжэцкага. У выніку забіта больш за 200 чал. і шмат паранена. У пач.лют. 1744 паўстанне канчаткова задушана; 76 чал. было пакарана смерцю; да розных мер пакарання былі прыгавораны ўсе актыўныя паўстанцы, якія трапілі ў палон. Радзівіл абмежаваўся асобнымі ўступкамі: замяніў прымусовыя работы на будах грашовым чыншам, зняў некат. абмежаванні ў сялянскім гандлі, аб’явіў пра намер не здаваць староства ў арэнду і інш.
Літ.:
Мялешка В.І., Лойка П.А. Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы. Мн., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1867 у Магілёве як Магілёўскі музей. У 1918 аб’яднаны з Магілёўскім царкоўна-археалагічным музеем, з 1924 быў аддзяленнем Бел.дзярж. музея, з 1929 Магілёўскі дзярж. музей. Меў філіялы: музей гісторыі і атэізму (1935—41), мемар. музей Р.К.Арджанікідзе (1937—41). У пач.Вял.Айч. вайны ўсе экспанаты разрабаваны. У 1949 аднавіў дзейнасць як гісторыка-краязн., з 1953 сучасная назва. Меў філіялы: музей гісторыі бітвы пад Лясной (1958—85, Слаўгарадскі р-н), музей дзекабрыстаў (1985—96). Пл. экспазіцыі 1390 м², больш за 105 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў знаходкі з археал. помнікаў Магілёўшчыны, берасцяная грамата 13 ст., калекцыі крыжоў 11—17 ст., зброя 14—19 ст., манеты ВКЛ, Рэчы Паспалітай і інш.; кнігі Магілёўскай друкарні, калекцыя абразоў, жывапісу 18 ст., катэхізіс 18—19 ст.; матэрыялы пра сац.-эканам. становішча, рэв. барацьбу працоўных пач. 20 ст., устанаўленне сав. улады, калектывізацыю, рэпрэсіі. У экспазіцыі Вял.Айч. вайны матэрыялы пра Магілёва абарону 1941, Магілёўскае народнае апалчэнне, партыз. рух, дзейнасць падполля, ваенна-аператыўных груп, пра Лупалаўскі лагер смерці, Магілёўскую аперацыю 1944 і інш. У аддзеле прыроды экспанаты флоры і фауны краю, глебавыя і кліматычныя карты, узоры карысных выкапняў. Зберагаюцца работы сучасных нар. майстроў разьбы па дрэве, керамікі, габеленаў, ткацтва, вышыўкі, узоры нар. адзення. Філіял — Магілёўскі музей этнаграфіі.
В.М.Аненкаў.
Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава. Фрагмент экспазіцыі.Будынак Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В.Масленікава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙНЦ (Mainz),
горад на З Германіі. Адм. ц. зямлі Рэйнланд-Пфальц. 185,5 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Рэйн. Прам-сць: трансп. машынабудаванне (вагона-, аўта- і суднабудаванне), радыёэлектронная, хім., інструментальная, буд. матэрыялаў, паліграфічная, тэкст., абутковая, гарбарная, харчасмакавая, у т. л. вінаробства. Акадэмія навук і л-ры. Ун-т. Рымска-германскі цэнтр. Музей сусв. друкарства. Арх. помнікі 11—18 ст., у т. л. раманскі сабор Санкт-Марцін-унд-Саніст-Штэфан, капэла, гатычныя цэрквы, барочныя цэйхгаўз і палац курфюрстаў.
У старажытнасці на месцы М. існавала паселішча кельтаў, з канца 1 ст. да н.э. — умацаваны лагер рымлян, з канца 1 ст. н.э. цэнтр пагран. рымскай прав. Верхняя Германія. У 297 упершыню згадваецца як горад. У 8 ст. — 1798 рэзідэнцыя архіепіскапаў, у 13 — пач. 19 ст. цэнтр Майнцкага курфюрства. У 1244—1462 самакіравальны горад, у 1254—57 узначальваў Рэйнскі саюз гарадоў. Каля 1450 тут пачаў друкаваць кнігі І.Гутэнберг. У 1477 засн.ун-т. У аўстра-пруска-франц. вайну 1792—95 акупіраваны франц. войскамі (1792—93 і з 1794), цэнтр Майнцкай камуны. У 1797 далучаны да Францыі, у 1801—14 адм. ц.франц. дэпартамента Донерсберг. З 1816 у складзе ням.Вял. герцагства Гесен-Дармштат (гл.Гесен), крэпасць Герм. саюза, з 1866 у Прусіі. Пасля 1-й сусв. вайны акупіраваны франц. войскамі (1918—30), пасля 2-й сусв. вайны ў складзе франц.акупац. зоны. З 1949 у складзе ФРГ, з 1950 адм. ц. зямлі Рэйнланд-Пфальц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у г. Гомель і прыгарадзе пад кіраўніцтвам Гомельскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б. Аб’ядноўвала больш за 40 груп (каля 400 чал.). Найб. актыўныя групы: на падшыпнікавым (кіраўнік В.І.Сухаў), паравозавагонарамонтным (М.В.Півавараў) з-дах, паравозным дэпо (А.Ц.Брыкс), чыг. вузле (Ф.С.Варонін), лесакамбінаце (М.Д.Жызнеўскі, Р.М.Каралёў), тлушчакамбінаце (Е.І.Каленікаў), у пашпартным стале (Н.Я.Заўгародні), у Навабеліцы (А.В.Мацвіенка, Ф.С.Кусцін, В.Ц.Папоў). Адной з першых пачала дзейнасць група Ц.С.Барадзіна, члены якой наладзілі друкаванне антыфаш. лістовак, бланкаў дакументаў, правялі шэраг дыверсій, перадавалі сав. ваеннапалонным у лагер адзенне, прадукты, лістоўкі, арганізоўвалі іх уцёкі. У ліст. 1941 створаны аператыўны цэнтр для каардынацыі дзейнасці падп. груп, наладжана сувязь з Гомельскім камсамольска-маладзёжным падполлем. Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі сав. газеты і зводкі Саўінфармбюро, уладкоўвалі сваіх людзей у акупацыйны апарат, учынялі дыверсіі на прадпрыемствах, чыгунцы і інш. месцах. Выкарыстоўваючы звесткі падпольшчыкаў, сав. авіяцыя рабіла налёты на скопішчы варожых войск, ваен. тэхнікі ў Гомелі, Рэчыцы, Жлобіне. У маі 1942 і лютым 1943 фашысты правялі шматлікія арышты і расстрэлы. За час акупацыі загінуў кожны трэці падпольшчык Гомеля. Барадзіну, І.П.Кожару і Е.І.Барыкіну прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У Гомелі на магілах падпольшчыкаў пастаўлены помнікі, на пл. Працы запалены Вечны агонь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІСНА́,
горад у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дзісна, пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. За 45 км ад г. Міёры, 12 км ад чыг. ст. Боркавічы на лініі Полацк—Даўгаўпілс (Латвія). Аўтадарогамі злучана з Полацкам, Глыбокім, Міёрамі. 2,7 тыс.ж. (1995).
У 10—11 ст. полацкія крывічы заснавалі тут невял. крэпасць — Капец-гарадок, тэр. вакол яго заселена да 13 ст. З 1301 Дз. ў ВКЛ. З 14 ст. згадваецца Дзісенскі замак. З 1563 сяло. У 1567 атрымала герб, у 1569 новы герб (у блакітным полі ладдзя з разгорнутым ветразем) і стала горадам. У 16—17 ст. пабудаваны правасл. Уваскрасенская (гл.Дзісенскі Уваскрасенскі манастыр), Узвіжанская, Спаса-Праабражэнская і уніяцкая Міхайлаўская цэрквы, парафіяльны касцёл, францысканскі кляштар. У 17 ст. цэнтр староства. Вял. страты нанесены Дз. ў часы Лівонскай вайны 1558—89, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21, пажараў і эпідэмій. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр Дзісенскага павета Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1897 у Дз. 6,7 тыс.ж. З 1922 у Дзісенскім пав. Віленскага ваяв. Польшчы. 6073 ж. (1939). З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Дзісенскага раёна. У Вял.Айч. вайну з 5.7.1941 да 4.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 4584 чал., у горадзе стварылі лагер смерці. З 1959 Дз. ў Міёрскім р-не. 2,5 тыс.ж. (1959).
Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Помнік архітэктуры — царква Адзігітрыі (19 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎПАТО́РЫЯ,
горад на Украіне, у Рэспубліцы Крым, на беразе мелкаводнага заліва Чорнага м. 110,5 тыс.ж. (1991). Порт, чыг. станцыя. З-ды: рамонтна-мех., вінаробны, малочны, рыбны. Краязнаўчы музей, тэатр.Арх. помнікі: мячэць Джума-Джамі (1552), тур. лазня (16 ст.), 2 караімскія храмы (18 ст.).
У 6—5 ст. да н.э. на месцы сучаснай Е. грэкі заснавалі калонію Керкінітыда (згадваецца ў Герадота). У 3 ст. да н.э. належала Херсанесу Таўрычаскаму. У 2 ст. да н.э. на месцы б. калоніі размяшчаўся рым, ваен.лагер, названы Е. ў гонар Мітрыдата VI Еўпатара. У 4 ст.н.э. горад заняпаў. У 15 ст. рэзідэнцыя крымскіх ханаў, у 16—17 ст. на месцы Е. тур. крэпасць і горад Гезлёў, адзін з пунктаў гандлю рабамі ў Крыме. З 1783 у складзе Расіі, у 1784 перайменавана ў Е. У час рус.-тур. вайны 1853—54 захоплена па чарзе франц., англ. і тур. войскамі. Месца ваен. дзеянняў у час грамадз. вайны (1918—22). У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (1941—44).
Прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт. Развіваецца з канца 19 ст., у сав. час ператварыўся ў дзіцячы курорт. Субтрапічны клімат, пляжы, працяглы купальны сезон і інш. фактары спрыяюць эфектыўнаму аздараўленню і лячэнню дзяцей, хворых на рэўматызм, з парушэннямі функцый органаў дыхання (нетуберкулёзнага паходжання), руху і апоры (у т. л. касцёва-сустаўнага туберкулёзу, скаліёзу), нырак, нерв. сістэмы (інфекц. этыялогіі) і інш. У лячэнні выкарыстоўваюць аэра-, гелія- і таласатэрапію, азёрныя і ліманныя гразі, рапу, мінер. і тэрмальныя воды. Дзесяткі санаторыяў, пансіянатаў і баз адпачынку, у т. л. для дарослых.