ДЗЯНІ́САЎ (Эдзісон Васілевіч) (6.4.1929, г. Томск, Расія — 23.11.1996),
расійскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1990). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956, клас кампазіцыі В.Шабаліна), з 1958 выкладаў у ёй (праф. з 1993). У творчасці дамагаўся сінтэзу сучасных сродкаў кампазіцыйнай тэхнікі (свабоднай серыйнасці, алеаторыкі) і муз. стылістыкі мінулага. Сярод твораў: оперы «Пена дзён» (1981, паст. 1986), «Чатыры дзяўчыны» (1986), балет «Споведзь» (паст. 1984); вак.-інстр. творы, у т. л. Рэквіем (1980); сімфоніі (1982, 1987); «Свеце ціхі» для хору а капэла (1988); творы для інструментаў з аркестрам, у т. л. 10 канцэртаў (1972—86); камерна-інстр. і вак. творы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар кн. «Ударныя інструменты ў сучасным аркестры» (1982), «Сучасная музыка і праблемы эвалюцыі кампазітарскай тэхнікі» (1986). Старшыня Асацыяцыі сучаснай музыкі (Масква, з 1990).
т. 6, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́К СПАРТЫ́ЎНЫ,
участак роўнай ледзяной паверхні, прызначаны для катання на каньках і санках. Выкарыстоўваецца для вучэбных заняткаў і спаборніцтваў па канькабежным і санным спорце, фігурным катанні на каньках, хакеі, для паказу відовішчаў (балет на лёдзе, цырк на лёдзе і інш.). Масавыя каткі — месца для актыўнага адпачынку, гульняў і забаў. Паводле спосабу падрыхтоўкі ледзяной паверхні каткі падзяляюць на прыродныя (на замерзлых вадаёмах), наліўныя (на прыроднай або штучнай аснове, найчасцей на спарт. пляцоўках, стадыёнах, асфальтаваных участках) і штучныя (робяцца з дапамогай спец. халадзільных установак). З 1950-х г. будуюць штучныя К. с. Найбольшыя з іх у краінах Зах. Еўропы, Расіі, на Украіне, у ЗША, Канадзе, Японіі і інш. З высакагорных каткоў найб. вядомыя ў Германіі, Італіі, Казахстане (Медэо), Швейцарыі. На Беларусі крытыя штучныя каткі ў Гродне, Мінску, Наваполацку.
т. 8, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЖАМ’Я́РАЎ (Куддус Хаджам’яравіч) (н. 21.5.1918, с. Кайназар Энбекшыказахскага р-на Алма-Ацінскай вобл., Казахстан),
казахскі кампазітар, педагог; заснавальнік уйгурскай прафес. музыкі. Нар. арт. Казахстана (1973). Нар. арт. СССР (1987). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1951, клас Я.Брусілоўскага), з 1953 выкладае ў ёй (у 1957—67 рэктар, з 1965 праф.). Сярод твораў: оперы «Назугум» (паст. 1956), «Залатыя горы» (з Н.Тлендыевым, 1960), «Садырасілак» (1975), балет «Чын Тамур» (1969); араторыя «Квітней, Сямірэчча» (1970); кантата «Радзіма» (1986); вак.-сімф. паэмы (1982, 1984); 5 сімфоній (1971—87), 8 сімф. паэм (1950—88); 4 канцэрты для інструментаў (1973—86) і голасу (1988) з арк.; камерна-інстр. ансамблі, хары, песні, музыка да драм. спектакляў і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951. Дзярж. прэмія Казахстана 1984.
Літ.:
Кирина К.Ф. К.Кужамьяров. М., 1980.
т. 8, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРКО́Ў (Аляксандр Валер’евіч) (н. 21.4.1958, Баку),
бел. і расійскі артыст балета. Засл. арт. Расіі (1995). Скончыў Бакінскае харэаграфічнае вучылішча (1976). З 1976 саліст Азерб. т-ра оперы і балета імя М.Ф.Ахундава, у 1980—87 Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1989 — Марыінскага т-ра. Творчасці ўласцівы дасканалая тэхніка танца, выразнасць і чысціня пластычнага малюнка, лірычная пранікнёнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Зігфрыд і Прынц («Лебядзінае возера» і «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Крас («Спартак» А.Хачатурана), Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Юнак («Балеро» М.Равеля) і інш. Лаўрэат V Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1984). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 140—144.
Т.М.Мушынская.
т. 9, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КШАСІ́НСКАЯ (Мацільда) (Марыя) Феліксаўна (31.8.1872, С.-Пецярбург — 6.12.1971),
артыстка балета, педагог. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1904). Дачка Ф.Л.Кшасінскага. Вучылася ў Пецярбургскім тэатр. вучылішчы. У 1890—1917 выступала ў Марыінскім т-ры ў С.-Пецярбургу, а таксама ў Монтэ-Карла, Варшаве, Вене, Парыжы, антрэпрызе С.Дзягілева. Яе выкананне вылучалася бравурнасцю, жыццярадаснасцю, пікантнасцю, класічнай завершанасцю. Сярод партый: Млада, Нікія («Млада», «Баядэрка» Л.Мінкуса), фея Дражэ, Адэта—Адылія, Аўрора («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Пахіта («Пахіта» Э.Дэльдэвеза), Каламбіна («Арлекінада» Р. Дрыга), Ліза («Марная засцярога» Ф.Герольда), Эсмеральда (аднайм. балет Ц.Пуні) і інш. З 1920 у Францыі, адкрыла (1929) балетную студыю ў Парыжы. Аўтар «Успамінаў» (1960).
Літ.:
Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 2. Танцовщики. Л., 1972;
Бобров В.Д., Кириков Б.М. Особняк Кшесинской. СПб., 1996.
т. 9, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЧА́НАЎ (Кірыл Уладзіміравіч) (7.9. 1922, Масква — 14.3.1982),
расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1963). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1949, клас А.Аляксандрава). У 1951—56 сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР. У 1973—75 дырэктар Вял. т-ра ў Маскве. Працаваў пераважна ў муз.-сцэн. жанрах, выкарыстоўваў мелодыку, інтанацыйна звязаную з рус. песеннасцю. Сярод твораў: оперы «Каменная кветка» (паст. 1950), «Вуліца дэль Карно» (паст. 1960), «Рамэо, Джульета і цемра» (паст. 1963), «Невядомы салдат» («Брэсцкая крэпасць», паст. 1967), «Руская жанчына» (паст. 1969), «Досвіткі тут ціхія» паводле Б.Васільева (паст. 1973), балет «Макбет» (паст. 1980), тэлебалет «Тры карты» паводле А.Пушкіна (паст. 1983), мюзікл «Адысей, Пенелопа і іншыя» паводле Гамера (1970); фп. і вак. цыклы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар папулярных песень, лібрэта 4 уласных опер.
Літ.:
Корев Ю.К.Молчанов. М., 1971.
т. 10, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́СТАН [Piston; сапр. Пістоне (Pistone) Уолтэр Хеймар; 20.1.1894, г. Рокленд, штат Мэн, ЗША — 12.11.1976],
амерыканскі кампазітар, педагог. Па паходжанні італьянец. Чл. Нац. ін-та (з 1938) і Нац. акадэміі мастацтваў і л-ры (з 1955), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (з 1940). Скончыў Гарвардскі ун-т (1924), з 1926 выкладаў у ім (з 1944 праф.). Вучань Н.Буланжэ. У аркестравых творах адчуваюцца ўплывы І.Стравінскага, франц. неакласіцызму, Г.Фарэ і М.Равеля. Стыль яго муз. твораў вылучаўся поліфанічнай распрацаванасцю, рытмічнай вастрынёй (выкарыстоўваў элементы джазу). Сярод твораў: балет «Фантастычны флейтыст» (паст. 1938); 8 сімфоній (1937—65), Святочная уверцюра для Лінкальн-цэнтра (1967), сімф. сюіты; 7 інстр. канцэртаў; камерна-інстр. ансамблі, п’есы. Сярод вучняў Л.Бернстайн і інш. Аўтар кніг па гармоніі, поліфаніі, аркестроўцы. Пуліцэраўскія прэміі 1948, 1961.
т. 12, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БІНС ((Robbins) Джэром) (11.10.1918, Нью-Йорк, ЗША — 1998),
амерыканскі артыст балета, балетмайстар. Творчую дзейнасць пачаў у 1937 як драм. артыст. З 1940 артыст, з 1944 балетмайстар у трупе «Амерыканскі тэатр балета» (у 1949—63 адначасова нам. маст. кіраўніка). З 1969 у трупе Нью-Йоркскі гарадскі балет (з 1983 яе кіраўнік). Напачатку ставіў жанравыя балеты, у 1970-я г. развіваў творчы прынцып бессюжэтных балетаў Дж.Баланчына, пазней ствараў сучасныя па духу балеты на аснове класічнай музыкі. Сярод лепшых пастановак: «Век трывог» на муз. Л.Бернстайна (1950), «Канцэрт» на муз. Ф.Шапэна (1956), «Вяселейка» на муз. І.Стравінскага (1965), «Вячэрнія вальсы» на муз. С.Пракоф’ева (1973), «Чатыры сезоны» на муз. Дж.Вердзі (1979) і інш. Ставіў мюзіклы (лепшы «Вестсайдская гісторыя» Бернстайна, 1957; экранізаваны ў 1962).
Л.А.Сівалобчык.
т. 13, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНГА́РД»,
кірунак у кінамастацтве 1920-х г., абумоўлены пошукамі новых сродкаў выразнасці. Найб. характэрны для франц. і ням. кіно.
У 1-й пал. 1920-х г. «авангард» абазначаўся тэрмінам «фотагенія» (паэтычны погляд на рэальнасць, выкарыстанне муз. рытмікі, алегорый, метафарычнай кінамовы, асацыятыўнага мантажу). Выявіўся ў фільмах «Я абвінавачваю» і «Кола» А.Ганса, «Эльдарада» М.Л’Эрб’е, «Вернае сэрца» Ж.Эпштэйна, «Ліхаманка» Л.Дэлюка і інш. У 2-й пал. 1920-х г. у «авангардзе» назіраецца схільнасць да эксперым. фарматворчасці на аснове выявы геам. фігур, ліній, святлаценяў, рытмічных і мантажных кампазіцый — фільмы «Механічны балет» Ф.Лежэ, «Сімфонія вялікага горада» В.Рутмана, серыя «Эцюды» О.Фішынгера і інш.; вобразы ствараліся на аснове сюррэалістычных і дадаісцкіх матываў («Антракт» Р.Клера, «Андалузскі сабака» Л.Буньюэля, «Эмак Бакія» М.Рэя, «Ракавіна і свяшчэннік» Ж.Дзюлака і інш.).
Г.В.Ратнікаў.
т. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕЎ (Аляксей Леанідавіч) (н. 24.2.1920, С.-Пецярбург),
рускі і бел. артыст балета і балетмайстар. Засл. арт. Расіі (1957), засл. дз. маст. Беларусі (1963). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1939). Да 1959 саліст і балетмайстар Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. У 1960—64 і 1971—73 гал. балетмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. Паставіў (разам з Н.Стукалкінай) першыя нац. балеты на сучасную тэму «Мара» Я.Глебава (1961) і «Святло і цені» Г.Вагнера (1963). З інш. пастановак на бел. сцэне: «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» У.Дзешавова на тэмы А.Лядава (1961), «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (1962), «Трыстан і Ізольда» на муз. Р.Вагнера і «Балеро» на муз. М.Равеля (1963), «Гарэзлівыя частушкі» на муз. Р.Шчадрына (1971; усе са Стукалкінай).
Літ.:
Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.
т. 1, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)