ПІЯ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы ордэна піяраў — пачатковыя вучылішчы і калегіумы.

Першыя П.ш. заснаваны ў Рыме ў 1597, пазней створаны ў Іспаніі, Францыі, Германіі, Польшчы і інш. Асн. іх задача — выхаванне дзяцей розных саслоўяў у духу рэлігійнасці і адданасці каталіцызму. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адм. справамі) і прэфект (загадваў навуч. часткай). Навуч. курс падзяляўся на 7 класаў праформа (вучылі пісаць, чытаць і асновам арыфметыкі), інфіма (тыя ж прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства, рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі 1—5-га класаў мелі званне магістраў, а 6—7-га — прафесараў. Навучанне бясплатнае (плата толькі за інтэрнат). Найб. збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але выконвалі шэраг прац па школьнай гаспадарцы. Падабенства навуч. праграмы П.ш. на езуіцкую і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навуч. ўстановы папулярнымі ў Рэчы Паспалітай.

На Беларусі ў 18 ст. П.ш. меліся ў Шчучыне, Воранаве, Зэльве, Расонах, Віцебску, Лідзе, Паставах, Драгічыне, Дуброўне і інш. У 1822—31 працавала Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. У 1740—50-я г. па ініцыятыве польскага асветніка і педагога С.Канарскага праведзена рэформа П.ш. (скарочаны курс тэалогіі, уведзены польская мова, грамадскія і прыродазнаўча-матэм. навукі). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі і стварэння Віленскай навучальнай акругі становішча П.ш. змянілася. У 1804 піярскія навуч. ўстановы ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. У 1831—34 П.ш. пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ ПРА́ВА,

сістэма норм звычаёвага і пісанага феад. права, якая дзейнічала на тэр. Полацкага княства, а пазней Полацкага ваяводства. Аб выключным становішчы Полацкай зямлі ў ВКЛ сведчаць палажэнні дагавора /388 паміж ВКЛ і Лівонскім ордэнам і дагавора Полацка і Рыгі 1478 аб дружбе і гандлі. Права палачан прымаць паслоў з Ноўгарада, Пскова, Лук і «Немец» і вырашаць на месцы ўсе спрэчныя пытанні было замацавана ў спец. грамаце, выдадзенай вял. кн. Аляксандрам у 1499. Важнейшымі крыніцамі П.п. да прыняцця Статута ВКЛ 1529 былі прывілей Полацку 1498 на магдэбургскае права, грамата 1499 аб намесніцкім і войтаўскім судзе, пацвярджальная грамата 1502 аб царкоўным судзе полацкага архіепіскапа і «Прывілей баярам, мяшчанам і ўсёй зямлі Полацкай на правы і вольнасці іх...» (гл. таксама Полацкія прывілеі). Найважнейшым элементам дзярж.-прававога жыцця палачан у канцы 15—1-й пал. 16 ст. было права вырашаць важнейшыя пытанні гар. жыцця на сходзе-сойме. Аўтаномнасць Полацкай зямлі была і ў тым, што полацкі ваявода прызначаўся толькі са згоды палачан. Паводле П.п. нават вял. князь не меў права судзіць палачан па-за межамі Полацкай зямлі, а таксама перадаваць яе ў чыё-небудзь уладанне. Абмежаванымі былі правы цэнтр. ўрада ў царк. і маёмасных справах палачан і паўнамоцтвы полацкага ваяводы. Палачанам гарантаваліся і асобныя прывілеі: яны вызваляліся ад гандлёвых пошлін на тэр. ўсёй дзяржавы і ад некаторых падаткаў, ім гарантавалася права вольнага распараджэння маёнткамі. Рашэнні і прыгаворы, вынесеныя ў Полацкай зямлі, не пераглядаліся ў вышэйшых судах дзяржавы. Нормы П.п. былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588.

Я.​А.​Юхо.

т. 12, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Францішка Уршуля) (13.2.1705, станцыя Чартарыйск Валынскай вобл., Украіна — 23.5.1753),

пісьменніца, драматург. З роду Вішнявецкіх. Жонка М.К.Радзівіла Рыбанькі. З 1725 жыла ў Нясвіжы. Была прыхільніцай пашырэння асветы, спрыяла аднаўленню дзейнасці Нясвіжскай друкарні. Пісала на польскай, італьян., франц. і ням. мовах. Аўтар вершаваных «Лістоў да мужа», паэт. зб. «Збавенныя перасцярогі» (Нясвіж, 1755), шэрагу вершаваных эпітафій, павучальных твораў для дзяцей. У 1746 стварыла палацавы Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, дзе ставіла спектаклі паводле сваіх п’ес (пазней пастаноўкі ажыццяўляў Я.​П.​Фрычынскі). У 1746—52 напісала для т-ра 16 драм. твораў і оперных лібрэта. Для сваіх п’ес шырока выкарыстоўвала сюжэты з ант. міфалогіі, сярэдневяковых драм і гумарэсак, казак («Забава фартуны», «Каханне — дасканалы майстар», «У вачах нараджаецца каханне»), матывы з твораў Дж.​Бакачыо, Я.​Морштына і інш. Для т-ра перарабляла барочныя італьян. оперы («Дасціпнае каханне»), п’есы Вальтэра і Мальера. Творы Р. яскрава адлюстроўваюць асаблівасці мясц. культуры барока, яе своеасаблівы пераход ад сярэдневяковай л-ры і відовішчаў да тэатр. драматургіі новага часу. Збор твораў Р. «Камедыі і трагедыі» (Жоўква, 1754) багата ілюстраваны гравюрамі М.​Жукоўскага з выявамі сцэн са спектакляў. На бел. мову яе камедыю «Забава фартуны» пераклалі В.​Арэшка і А.​Вольскі.

Тв.:

Бел. пер. — Забава фартуны // Спадчына. 1994. № 1.

Літ.:

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983;

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;

Арэшка В. «Вяльможная аўтарка камедый», або Спроба дэміфалагізацыі асобы Уршулі Радзівілавай // Мастацтва. 1993. № 7;

Марціновіч А.А. Хто мы, адкуль мы... Кн. 1. Мн., 1996;

Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Вып. 1. Мн., 2000.

А.​А.​Скеп’ян.

Ф.У.Радзівіл.

т. 13, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎД (Raud),

эстонскія мастакі, браты. Нарадзіліся ў Віру-Яагупі (Эстонія). Крысцьян Р. (22.10.1865—19.5.1943), графік. Вучыўся ў Пецярбургскай (з 1892), Дзюсельдорфскай (1897—98), Мюнхенскай (1901—03) АМ, у школе А.​Ажбе ў Мюнхене (з 1899). Заснавальнік і кіраўнік маст. студыі ў г. Тарту (каля 1905—14). У 1923—26 выкладаў у Талінскім маст.-прамысл. вучылішчы. Ў 1890-я г. рабіў жанравыя эцюды і замалёўкі з жыцця эст. сялян («У хаце», 1896—98). Пазней зазнаў уплывы мадэрну і сімвалізму. На аснове стылявых асаблівасцей эст. нар. разьбы па дрэве выпрацаваў своеасаблівую манеру экспрэсіўнага манументалізаванага станковага малюнка. Сярод твораў: «Збор бульбы» (1896), «Трыпціх на сюжэт казання «Тагасветная нявеста» (1919), «Ігра на кантэле» (1914—28), «Жніво» (каля 1938), «У сялянскай хаце» (1939), «Селянін» (1942), цыклы малюнкаў «Чалавек і ноч» (1907—09) і на тэму эст. эпасу «Калевіпаэг» (1920—40-я г.). Адзін з заснавальнікаў Эст. нар. музея (1909, цяпер Этнаграфічны музей Эстоніі) у Тарту, ініцыятар стварэння Эстонскага музея (1919, цяпер Маст. музей Эстоніі) у Таліне. Паўль Р. (23.10.1865—22.11.1930), жывапісец. Вучыўся ў АМ у Дзюсельдорфе (1888—94) і ў Пецярбургу (1911) у І.​Рэпіна. З 1923 выкладаў у Талінскім маст.-прамысл. вучылішчы. Пісаў пераважна заказныя парадныя партрэты ў акад. духу, а таксама жанравыя і пейзажныя эцюды, этнаграфічна дакладныя збіральныя партрэты эст. сялян. Сярод твораў: «Дама ў чырвоным капелюшы» (1893), партрэт Н.​Ікскюль (1894), «Дзядзька Паўль з люлькай» (каля 1894—96), «Стары з вострава Муху» (1898), «Матыў Пакры» («Сенакос», 1899), «Аўтапартрэт з палітрай» (1908) і інш.

Літ.:

Мильк В. Пауль Рауд. М., 1957.

т. 13, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ А́РМІЯ (РВА),

агульная назва рус. антысав. («усходніх») фарміраванняў у складзе ўзбр. сіл нацысцкай Германіі, якія фарміраваліся ў 2-ю сусв. вайну з эмігрантаў, сав. перабежчыкаў, ваеннапалонных і насельніцтва акупіраваных раёнаў СССР. Назва ўжывалася з канца 1942, пасля апублікавання Смаленскага звароту Рускага к-та (старшыня — палонны сав. ген.-лейт. А.А.Уласаў) ад 27.12.1942. Да 1945 РВА — прапагандысцкая акцыя вермахта па вярбоўцы рус. «добраахвотнікаў» для ням. войск і асобных антысав. фарміраванняў. З лют. 1943 гэту работу праводзіў усх. батальён прапаганды асобага прызначэння, створаны ў прыгарадзе Берліна Дабендорф, дзе засн. курсы прапагандыстаў РВА, рэдакцыі яе газ. «Заря» і «Доброволец». У адпаведнасці з загадам нач. Ген. штаба сухап. войск ген.-палк. К.​Цэйтцлера ад 29.4.1943 усе «добраахвотнікі» рус. нацыянальнасці пры ням. часцях і ў складзе асобных фарміраванняў утваралі (фармальна) РВА, аб чым фактычна сведчылі толькі іх нарукаўны знак з касым андрэеўскім крыжам і сіня-чырв. кукарда. З мая 1943 існавала сістэма воінскіх званняў РВА ад «добраахвотніка» да генерала. З 28.1.1945 РВА — асобныя ад вермахта ўзбр. сілы К-та вызвалення народаў Расіі (засн. 14.11.1944 у Празе) пад камандаваннем ген. Уласава. У крас. 1945 РВА (3 дывізіі, асобныя часці, каля 70 тыс. чал.) мела статус арміі саюзнай дзяржавы. Часткова была выкарыстана на фронце. У час Пражскага паўстання 1945 яе асобныя падраздзяленні 6—7 мая перайшлі на бок паўстанцаў. Пазней б.ч. вайскоўцаў РВА («уласаўцаў») узята ў палон сав. войскамі і іх саюзнікамі.

Літ.:

Солженицын А.И. Архипелаг ГУЛАГ, 1918—1956. Мн., 1990. Т. 1. С. 242—258;

Окороков А.В. Антисоветские воинские формирования в годы второй мировой войны. М., 2000.

А.​М.​Літвін.

т. 13, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКІЯ ПРАВІ́НЦЫІ,

заваяваныя Рымам па-за межамі Італіі тэрыторыі, якімі кіравалі рымскія намеснікі. Пасля 1-й Пунічнай вайны першымі Р.п. сталі Сіцылія (з 241 да н.э.), Корсіка і Сардзінія (з 227 да н.э.). У канцы эпохі рэспублікі іх было каля 20, у эпоху імперыі — каля 50. У эпоху рэспублікі Р.п. лічыліся ўласнасцю рым. народа. Значная ч. зямлі адбіралася ў мясц. насельніцтва і перадавалася ў надзелы рым. каланістам (гл. Агер публікус). Жыхары Р.п. павінны былі ўтрымліваць рым. намеснікаў і войска. Кіравалі правінцыямі былыя консулы (праконсулы) і б. прэтары (прапрэтары). У 27 да н.э. Р.п. падзелены на сенацкія і імператарскія. Сенацкую звычайна ўзначальваў праконсул са штогадовым тэрмінам замяшчэння, імператарскую, дзе знаходзіліся рым. войскі, — легат консульскага (Р.п. з 2 і больш легіёнамі) ці прэтарскага рангу, а таксама прэфект з коннікаў (пазней, акрамя Егіпта, наз. пракуратар). З сярэдзіны 2 ст. н.э. неафіцыйна ўзнік тытул «прэзес» (praeses), які на працягу 3 ст. ператварыўся ў афіц. тытул намесніка Р.п. з коннікаў ці сенатараў. Даходы з Р.п. складалі асн. крыніцу багацця рым. дзяржавы. Іх спагнанне ў перыяд рэспублікі знаходзілася ў руках прыватных адкупшчыкаў (публіканаў), ад якіх вельмі пакутавала насельніцтва Р.п. У імператарскую эпоху ўведзена дзярж. кіраванне фінансамі, што крыху палегчыла становішча насельніцтва. У 212 большасць жыхароў Р.п. атрымала правы рым. грамадзян. Паводле рэформ Дыяклектыяна і Канстанціна I Р.п. былі разбуйнены, іх колькасць патроілася, асобныя правінцыі былі аб’яднаны па 12—15 у дыяцэзы пад уладай аднаго вікарыя. Межы новага адм.-тэр. падзелу не супадалі з межамі Р.п.

Літ.:

Кудрявцев О.В. Эллинские провинции Балканского полуострова во 11 в. н. э. М., 1954.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́АРЫНЕНЫ (Saarinen),

сям’я архітэктараў. Нарадзіліся ў Фінляндыі. Эліэль С. (20.8.1873, г. Рантасалмі — 30.6.1950), фінскі архітэктар, пачынальнік нац. рамантызму ў фін. архітэктуры. У 1893—97 вучыўся ва ун-це і політэхн. ін-це ў Хельсінкі. З 1923 працаваў у ЗША. Зазнаў уплыў амер., англ. і ням. архітэктуры канца 19 ст. Супрацоўнічаў з арх. А.​Ліндгрэнам і Г.​Гезеліусам (сумесныя пабудовы — фін. павільён на Сусв. выстаўцы ў Парыжы, 1900; Нац. музей у Хельсінкі, 1906—09). Звяртаўся да традыцый фін. нар. дойлідства, выкарыстоўваў мясц. буд. матэрыялы (дрэва, граніт), урачысты, геам. арнаментальны дэкор, імкнуўся да рацыянальнай арг-цыі прасторы (цэнтр. вакзал у Хельсінкі, 1904—14). Стварыў праект «Вял. Хельсінкі» (1915—18, не ажыццёўлены), засн. на прынцыпах дэцэнтралізацыі гар. структуры, імкненні да адзінства архітэктуры і ландшафту, што паўплывала на горадабудаўніцтва 20 ст. Эра С. (20.8.1910, г. Кірканумі — 1.7.1961), амер. архітэктар. Сын Эліэля С. З 1923 жыў у ЗША; працаваў з бацькам. Вучыўся ў арх. школе Іельскага унта ў Нью-Хейвене (1934). Пасля смерці бацькі здзейсніў іх сумесны праект Тэхн. цэнтра кампаніі «Джэнерал мотарс» у Уорэне (штат Мічыган; 1945—55). Зазнаў уплыў Л.Міс ван дэр Роэ. Ад рацыяналізму і неакласіцызму 1950-х г. перайшоў да арганічнай архітэктуры, пазней наблізіўся да бруталізму. Для творчасці С. характэрны пошукі сімвалічнай выразнасці арх. форм, пластычнасці, рамант. экспрэсіі (капэла Масачусецкага тэхнал. ін-та ў Кеймбрыджы, ЗША, 1953—56, аэравакзал кампаніі TWA у аэрапорце Кенэдзі ў Нью-Йорку, 1962, будынак аэравакзала імя Далеса каля Вашынгтона, 1962).

Да арт. Саарынены. Эліэль Саарынен. Цэнтральны вакзал у Хельсінкі.
Да арт. Саарынены. Эра Саарынен. Аэравакзал імя Далеса каля Вашынгтона.

т. 14, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ЯПО́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ Канвенцыя 1925 аб асноўных прынцыпах узаемаадносін,

падпісана ў Пекіне 20 студз. Паводле яе паміж СССР і Японіяй устанаўліваліся дыпламат. адносіны; Японія абавязалася да 15.5.1925 вывесці свае войскі з Паўн. Сахаліна; бакі дэкларавалі імкненне жыць у міры і дружбе і абавязаліся ў сваіх адносінах зыходзіць з прынцыпу ўзаемнага неўмяшання ва ўнутр. справы адзін аднаго. СССР пагадзіўся, што Портсмуцкі мірны дагавор 1905 застаецца ў сіле. Бакі дамовіліся аб пераглядзе рас.-яп. пагадненняў, якія закраналі пытанні гандлю, эканомікі і рыбалоўства (гл. Руска-японскія дагаворы і пагадненні). Пагадненне 1939 аб спыненні ваенных дзеянняў у раёне Халхін-Гола, падпісана 15 ліст. ў Маскве. Паклала канец Халхін-Гольскаму канфлікту 1939, зафіксаваўшы аднаўленне граніцы Манг. Нар. Рэспублікі, як да пач. канфлікту. Пакт 1941 аб нейтралітэце, падпісаны 13 крас. ў Маскве. Паводле яго бакі абавязаліся падтрымліваць мірныя і дружалюбныя адносіны адзін да аднаго; узаемна паважаць цэласнасць тэрыторыі адзін аднаго; у выпадку ўцягвання аднаго з бакоў у вайну з адной або некалькімі трэцімі дзяржавамі інш. бок абавязаўся захоўваць нейтралітэт на працягу ўсяго канфлікту. Скасаваны з уступленнем 9.8.1945 СССР у вайну з Японіяй. Савецка-японская сумесная дэкларацыя 1956, падпісана 19 кастр. ў Маскве. Спыняла стан вайны, які існаваў паміж СССР і Японіяй з 9.8.1945; паміж дзвюма дзяржавамі аднаўляліся дыпламат. адносіны; прадугледжвалася, што ў магчыма кароткі тэрмін паміж СССР і Японіяй пачнуцца перагаворы аб усёабдымным мірным урэгуляванні; пасля такога ўрэгулявання СССР абавязаўся перадаць Японіі а-вы Шыкатан і Хабамаі з Курыльскіх астравоў (пазней СССР адмовіўся ад гэтага абавязку ў аднабаковым парадку); СССР пагадзіўся на рэпатрыяцыю ўсіх яп. грамадзян, якія былі асуджаны на сав. тэрыторыі.

т. 14, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАПО́ЛК ЯРАПО́ЛЧЫЧ (у хрышчэнні Пётр, мянушка Акаянны; каля 980—1019),

князь тураўскі і вял. князь кіеўскі. Прыёмны сын вял. кн. Уладзіміра Святаславіча. Нарадзіўся ад шлюбу вял. кн. Яраполка Святаславіча з «грэкіняй», якую пасля забойства мужа яшчэ цяжарнай узяў за жонку Уладзімір (СЛ. называюць таксама Святаполк Уладзіміравіч). У 988 С.Я. атрымаў ад айчыма тураўскае княжанне. У пач. 11 ст. рыхтаваў змову супраць Уладзіміра, аднак яна была раскрыта. С.Я. разам з жонкай, дачкой польскага князя (пазней караля) Баляслава I Храбрага і яе духоўнікам, калобжагскім біскупам Рэйнбернам, апынуўся ў кіеўскай турме. Пагроза вайны з Баляславам прымусіла Уладзіміра выпусціць зняволеных, але ён не адпусціў іх у Тураў. Спачатку С.Я. жыў у Кіеве, потым у Вышгарадзе. Пасля смерці Уладзіміра (1015) С.Я. заняў кіеўскі трон. Паводле «Аповесці мінулых гадоў» ён рукамі наёмных забойцаў пазбавіўся сваіх канкурэнтаў на ўладу, сыноў Уладзіміра — Барыса, Глеба і Святаслава, за што атрымаў мянушку Акаянны. У адказ наўгародскі кн. Яраслаў Мудры выступіў з войскам у паход на Кіеў. У бітве каля Любеча (1015 або 1016) С.Я. пацярпеў паражэнне і ўцёк да цесця ў Польшчу. Ісландская «Сага аб Эймундзе» адказнасць за забойствы ўскладае на Яраслава Мудрага. У 1018 войскі С.Я. і Баляслава Храбрага ў бітве каля Бярэсця разбілі дружыну Яраслава. С.Я. зноў заняў кіеўскі трон, але ненадоўга. Наўгародскае войска Яраслава падышло да Кіева і прымусіла С.Я. ўцячы. У 1019 выгнанец вадзіў на Кіеў войска печанегаў. Вырашальная бітва адбылася на р. Альта. С.Я. у другі раз адправіўся ў Польшчу, але па дарозе памёр.

Літ.:

Филист Г.М. История «преступлений» Святополка Окаянного. Мн., 1990.

А.​В.​Іоў.

т. 14, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ФЛЯ (ням. Kachel),

керамічныя пліткі для абліцоўкі печаў, камінаў, сцен у памяшканнях. З адваротнага боку маюць выгляд адкрытай скрынкі (румпы) для замацавання ў муроўцы. З пярэдняга (вонкавага) боку бываюць гладкія, рэльефныя, пакрытыя белай або каляровай глазурай (маёлікавая К.), а таксама неглазураваныя (тэракотавыя); паводле формы — плоскія, вуглавыя, карнізныя. Вырабляюцца з сярэднепластычных ганчарных мергелістых і фаянсавых глін у драўляных формах ці ўручную. Сфармаваную К. высушваюць, потым абпальваюць у печах пры т-ры да 1150 °C. К. часта няправільна называюць пліткі дэкаратыўныя без румпы на тыльным баку.

К. была вядома ў Егіпце і Асірыі э 1-га тыс. да н. э., пазней у Кітаі, Стараж. Грэцыі і Рыме, Іране, з 8 ст. ў многіх краінах Еўропы, з 10—11 ст. у Кіеўскай Русі (Дзесяцінная царква ў Кіеве). У еўрап. краінах пашырылася ў 16—17 ст. У Германіі, Галандыі, Швейцарыі выкарыстоўвалі пераважна белую К. з сінім малюнкам, напачатку арнаментальным, пазней з выяўл. матывамі. У Расіі вядома з 16 ст.

На Беларусі выраб К. пашыраны з 14 ст. Першапачаткова яе выраблялі рамеснікі-ганчары, з 18 ст. кафлярства вылучылася ў асобную галіну прам-сці. У 14—16 ст. выраблялі гаршковыя К. з вусцямі рознай канфігурацыі, дно зрэдку дэкарыравалі. З 15 ст. пачалі вырабляць каробчатую К., для якой характэрны высокая рамка і круглая румпа, прымацаваная да квадратнай пласціны; больш познія К. рабілі з невысокай прамавугольнай румпай і вял. квадратнай або прамавугольнай пласцінай. Яе звычайна аздаблялі геам. узорам, а таксама выявамі раслін, жывёл, сюжэтнымі кампазіцыямі на быт., гіст. і рэліг. тэмы. У канцы 16—1-й пал. 17 ст. бел. кафлярства дасягнула найб. росквіту. Маст. якасцямі вызначалася паліхромная К., пакрытая белай, жоўтай, светла- і цёмна-зялёнай, блакітнай, цёмна-сіняй, карычневай палівай. У яе аздабленні (асабліва ў 17 — пач. 18 ст.) пераважала расл. і геральдычная тэматыка, часам з надпісамі на лацінцы або кірыліцы, пазначэннем года вырабу. З 2-й пал. 17 ст. К. выраблялі ў т. зв. дывановым стылі, дзе кожная асобная К. складала частку агульнага малюнка паверхні печы. Бел. кафлярства 17 ст значна паўплывала на развіццё вытв-сці К. ў Рус. дзяржаве, дзе працавалі бел. майстры з Копысі, Мсціслава, Дуброўны, Віцебска і інш. гарадоў, у т. л. Петр Заборскі і Сцяпан Палубес (іх вырабамі аздоблены Церамны палац Крамля, Круціцкі церам, царква Георгія Неакесарыйскага ў Маскве, Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра на Істры і інш.). У 18 ст. памеры К. павялічыліся, мадэліроўка рэльефаў ускладнілася. У аздабленні печаў і камінаў, якія рабілі ў выглядзе ярусных цыліндраў, абеліскаў і інш. на багата дэкарыраваных цокалях, выкарыстоўвалі вял. К.-ўстаўкі з гарэльефнымі выявамі раслін, жывёл, чалавека. Шырока выкарыстоўваліся гладкія, размаляваныя кобальтам К., т. зв. галандскія, у размалёўцы якіх пераважалі адлюстраванні гіст., батальных, жанравых сцэн, пейзажаў, кніжных ілюстрацый, абразоў. К. канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных, паліхромных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў і інш.). У той час на Беларусі працавалі кафельныя заводы ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Івянцы, Копысі, Мінску, Магілёве, Навагрудку і інш.

Паліваную К. вырабляе кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў. Гл. таксама Віцебская кафля, Гродзенская кафля, Заслаўская кафля, Зэльвенская кафля, Копыская кафля, Магілёўская кафля, Мірская кафля, Мсціслаўская кафля.

Літ.:

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;

Трусаў А.А., Угрыновіч У.В. Беларуская паліхромная кафля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі 1983. № 4;

Беларуская кафля. Мн., 1989.

А.​А.​Трусаў, У.​В.​Угрыновіч.

Да арт. Кафля. Фрагмент печы ў будынку бібліятэкі імя Я.​Ф.​Карскага ў Гродне. Пач. 20 ст.
Мінская кафля (медальён). Пач. 20 ст.
Кафля. Самарканд. 1340-я г.

т. 8, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)