фікалогія, раздзел батанікі, які вывучае водарасці.
Станаўленне альгалогіі як навукі звязана з працамі замежных вучоных 19 ст. (англ. Дж.Стакхаўс і Д.Тэрнер, амер. У.Г.Харві, швед. К.А.Агард і Й.Г.Агард, ням. Ф.Т.Кютцынг і інш.), якія заклалі асновы таксанаміі і сістэматыкі водарасцяў. Развіццю сучаснай альгалогіі садзейнічалі працы рус. альголагаў Л.С.Цанкоўскага, Х.Я.Габі, І.М.Гаражанкіна, А.А.Яленкіна, М.М.Вараніхіна, У.М.Арнольдзі, К.І.Меера, на Беларусі — М.М.Гайдукова, В.Д.Акімавай, Н.І.Срэценскай, Г.К.Хурсевіч, Т.М.Міхеевай, Л.В.Прасянік і інш.
У рэспубліцы н.-д. работа вядзецца ў БДУ і ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, фотабіялогіі, геалогіі), БелрыбНДІпраекце. Вывучаюцца якасны склад водарасцяў розных экалагічных груповак, колькаснае развіццё пераважна фітапланктону ў штучных і прыродных вадаёмах і рыбагадоўчых сажалках, даследуюцца праблемы фарміравання першаснай прадукцыі фітапланктону ў вадаёмах, у т. л. забруджаных, вызначаецца яго роля пры эўтрафаванні водаў і ў іх самаачышчэнні, даследуюцца водарасці перыфітону з пункту гледжання іх ролі ў працэсах самаачышчэння водных экасістэм ад радыенуклідаў, вядзецца лабараторнае культываванне некаторых водарасцяў. Альгалогія цесна ўзаемадзейнічае з экалогіяй. Даныя альгалогіі выкарыстоўваюцца пры ачыстцы бытавых, прамысл., сцёкавых водаў, у рыбнай і сельскай гаспадарках, харч., хім. прам-сці, бальнеалогіі і інш.
Літ.:
Водоросли: Справ. Киев, 1989;
Саут Р., Уиттик А. Основы альгологии: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НЫ,
горад у Беларусі, цэнтр Ашмянскага р-на Гродзенскай вобласці. За 220 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Ашмяны, на лініі Маладзечна—Вільнюс (Літва), на аўтадарозе Маладзечна—Вільнюс. 16 тыс.ж. (1995). Вядомыя з 1341 як замак вял. князёў ВКЛ. У 1384—85 вытрымалі аблогу крыжакоў. Статут горада Ашмяны атрымалі, верагодна, ад Вітаўта ў канцы 14 ст., магдэбургскае права — на пач. 16 ст. З 16 ст. цэнтр павета, уладанне Я.Юндзіловіча, В.Насілоўскай, Я.Забярэзінскага і інш. Пабудаваны дамініканскі кляштар і Ашмянскі кляштар францысканцаў, кальвінскі збор. Пад час войнаў Ашмяны двойчы займалі рус. войскі (1519 і 1655), шведы ў Паўн. вайну 1700—21. У 1794 у Ашмянах размяшчаўся штаб паўстанцкай арміі Я.Ясінскага. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр павета. Пацярпелі ў час вайны 1812. Жыхары Ашмянаў прымалі ўдзел у паўстаннях 1830—31 і 1863—64. У 1897 — 7124 ж., 10 прадпрыемстваў, у т. л.Ашмянскія гарбарныя мануфактуры. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіраваны герм. войскам, у 1919—20 заняты польскім войскам, Чырв. Арміяй. З 1920 уваходзілі ў склад Сярэдняй Літвы, з 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна. З 25.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ашмянах і раёне 1784 чал. У 1970 у Ашмянах 9621 ж. Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.Багушэвіча. Помнікі архітэктуры 19 ст. — царква і карчма. Брацкія магілы сав. воінаў і партызанаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАТА́ (Bogotá),
Санта-Фе-дэ-Багата, горад, сталіца Калумбіі. Размешчана ў горнай катлавіне, на зах. схіле Усх. Кардыльераў, на выш. больш за 2500 м. Адм. ц. дэпартамента Кундынамарка; утварае самастойную адм. адзінку — сталічную акругу. 5026 тыс.ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Эльдарада. Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Тэкст., харч., гарбарна-абутковая, паліграф., эл.-тэхн., аўтазборачная, фармацэўтычная прам-сць. Каля Багаты здабыча ізумрудаў. 14 дзярж. і прыватных ун-таў і ін-таў, у т. л.Нац.ун-т Калумбіі. Калумбійская акадэмія. Музеі: Нац.; Нац.археал. і этнаграфіі; калан. мастацтва; золата (стараж.-індзейскіх вырабаў).
Засн. ў 1538 ісп. канкістадорамі ў раёне, які быў цэнтрам стараж. цывілізацыі індзейцаў чыбча. З 1598 сталіца ісп. генерал-капітанства, з 1739 — віцэ-каралеўства Новая Гранада. У 1819 вызвалена ад іспанцаў С.Баліварам, які зрабіў Багату сталіцай рэспублікі Вялікая Калумбія. Пасля яе распаду з 1831 сталіца Новай Гранады (з 1863 — Калумбіі).
Сетка вузкіх вуліц Багаты цягнецца ўздоўж гор. На гал. плошчы Пласа Балівар — помнік С.Балівару (1842), сабор (засн. ў 17 ст., перабудаваны ў стылі класіцызму ў 1807—23). Цэрквы калан. перыяду з інтэр’ерамі, багата ўпрыгожанымі разьбой і размалёўкамі (Санта-Дамінга, пачата ў 1577; Сан-Франсіска, 1569—1622; Сан-Ігнасіо, 1625—35); палац Сан-Карлас (канец 16 — пач. 17 ст.). У 19—20 ст. узведзены буйныя грамадскія, дзелавыя, прамысл. будынкі (Нац. капітолій, 1847—1926; атэль «Тэкендама», 1950—53; ф-ка «Кларк», 1953), новыя раёны («Антоніо Нарыньё», «Крысціяна», 1967).
батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Адбыўся 13—17.12.1920 у Мінску. Прысутнічалі 202 дэлегаты з рашаючым і 16 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ВРКБССР (А.Р.Чарвякоў); бягучы момант і Сав. Беларусь (В.Г.Кнорын); аб сацыяліст. землеўпарадкаванні (А.С.Хаценка); аб харч. палітыцы ў Беларусі (І.А.Адамайціс); аднаўленне прам-сці (А.І.Вайнштэйн); нар. асвета (М.Я.Фрумкіна); сац. забеспячэнне (С.З.Кацэнбоген); арганізацыя сав. улады на Беларусі (С.А.Мертэнс); аб правядзенні працоўнай павіннасці; аб рабоце каап. арг-цый; выбары ЦВКБССР і дэлегатаў на Усерас. з’езд Саветаў; бягучыя справы. З’езд адобрыў работу ВРКБССР, прыняў дадаткі да Канстытуцыі БССР, у якіх абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВКБССР, выканаўчым органам — СНКБССР у складзе 15 наркаматаў. Устанавіў дзярж. манаполію на асн. віды прадукцыі, цвёрдыя цэны, дзярж. нарыхтоўку і забеспячэнне насельніцтва прадметамі першай неабходнасці; падкрэсліў неабходнасць барацьбы са спекуляцыяй і ажыццяўлення поўнай нацыяналізацыі гандлю. Вызначыў задачы СНГ БССР у аднаўленні прам-сці і транспарту. Зацвердзіў «Тэзісы па аграрным пытанні», у якіх прадугледжваў новыя, сацыяліст. формы землекарыстання, надзяленне беззямельных і малазямельных сялян землямі былых памешчыцкіх гаспадарак, стварэнне саўгасаў. Ратыфікаваў Рыжскі прэлімінарны дагавор ад 12.10.1920 і пацвердзіў мандат ВРКБССР ураду РСФСР на права заключэння ад імя БССР міру. Прыняў зварот «Да працоўнага народа Беларусі». Выбраў ЦВКБССР з 60 чл. і 12 канд., дэлегатаў на VIII Усерас. з’езд Саветаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Chlorophyta),
аддзел ніжэйшых раслін. 5 класаў: вальвоксавыя, кан’югаты, сіфонавыя водарасці, пратакокавыя (Protococcophyceae), улотрыксавыя (Ulotrichophyceae). Каля 400 родаў, да 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах і ў морах; трапляюцца ў вадаёмах, глебе, на скалах і сценах, кары дрэў, поўсці млекакормячых. У якасці эндасімбіёнтаў жывуць у клетках прасцейшых, губак, гідраў (зоахларэла). Планктонныя і бентасныя арганізмы, ёсць эпіфіты на раслінах і жывёлах, сімбіёнты з інш. арганізмамі (напр., лішайнікі). На Беларусі 140 родаў, каля 650 відаў. Найб. пашыраныя роды: аацысціс, анкістрадэсмус, вальвокс, гідрадыкцыён, дэсмідыум, зігнема, кладофара, кластэрыум, лагерхеймія, мужоцыя, пандарына, спірагіра, сцэнедэсмус, тэтраэдран, улотрыкс, хламідамонас, хларэла, цэластрум, эўдарына і інш. У складзе планктону выклікаюць «цвіценне» вады. Некат. (напр., ульва) ядомыя. Актыўныя фотасінтэтыкі і ўдзельнікі самаачышчэння вады. аб’екты даследаванняў як крыніцы харч. біямасы ў замкнёных экалагічных сістэмах (напр., хларэла і сцэнедэсмус).
Адна-, шматклетачныя, каланіяльныя, цэнабіяльныя арганізмы рознай марфал. структуры цела (акрамя амебоіднай), памерам ад 1 мкм да дзесяткаў сантыметраў. Колер зялёны (хларафіл пераважае над жоўтымі пігментамі — карацінамі і ксантафіламі), рэдка бясколерныя арганізмы. Клеткі з цэлюлознай, цэлюлозна-пекцінавай ці пекцінавай абалонкай, адна- або шмат’ядравыя. Хларапластаў 1 ці некалькі, восевыя ці пасценныя, рознай формы. Запасныя рэчывы — крухмал і зрэдку алей. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (заа-, апланаспорамі або акінетамі), полавае (іза-, гетэра-, гола-, аагамія і кан’югацыя). У рухомых З.в. ёсць вочка, 2—4 і больш жгуцікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЕРЫХО́Н (стараж.-яўр.Ерыхо, грэч. lerichō, араб.Эрыха),
горад у Палесціне, на тэр.Заходняга берага ракі Іардан, на ПнУ ад Іерусаліма. Каля 7 тыс.ж. (1990). І. самы нізка размешчаны горад у свеце (250—260 м ніжэй узр. м.). Харч.прам-сць. Гандл. і рамесны цэнтр с.-г. раёна (плантацыі бананаў, апельсінаў). Турызм.
Самае стараж. ў свеце паселішча, пазней умацаваны мурамі горад першабытных земляробаў. У 7—2-м тыс. да н.э. горад у Палесціне. У 3-м тыс. да н.э. дасягнуў росквіту (развіваліся вінаробства, гандаль серай, бітумам, соллю і інш.). У 13 ст. да н.э. захоплены яўр. плямёнамі. У 7—6 ст. да н.э. адбудаваны, у 587 да н.э. разбураны вавілонцамі. У час Іудзейскай вайны 66—73 разбураны Веспасіянам. У 7 ст. захоплены арабамі, у 1099 — крыжакамі, у 1187 без бою ўзяты войскамі Салах-ад-дзіна. У заняпадзе да 19 ст. З 1948 у межах Іарданіі. У выніку ізраільска-арабскай вайны 1967 далучаны да тэр. Ізраіля. Паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 атрымаў аўтаномію.
У выніку раскопак 1907—56 (з перапынкамі) адкрыты рэшткі ўмацаваных паселішчаў эпохі неаліту і бронзы, руіны горада 18—16 ст. да н.э. з магутнымі сценамі, вял. шахтавыя грабніцы; знойдзены скульпт. галовы з гліны, налепленай на чалавечыя чарапы. Паводле біблейскага падання, сцены І. абваліліся ад гукаў труб заваёўнікаў (адсюль выраз «іерыхонскія трубы).
Я.Ф.Шунейка (гісторыя, архітэктура).
Да арт.Іерыхон. Ж.Фуке. Узяцце Іерыхона. Мініяцюра. 1470-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎШЧЫНА,
гарадскі пасёлак у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Слонім—Дзятлава. За 20 км ад Дзятлава, 178 км ад Гродна, 30 км ад чыг. ст. Слонім на лініі Баранавічы—Ваўкавыск. 2,3 тыс.ж. (1998).
Вядома з 18 ст. як паселішча ў Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1897 вёска, 325 ж., 42 двары, нар. вучылішча, фельчарскі ўчастак, 2 яўр. малітоўныя дамы, суконная ф-ка, млын, 11 крам, 2 шынкі. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Слонімскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Казлоўшчынскага раёна. У 1941—44 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 1582 чал. З 28.6.1958 гар. пасёлак. З 1960 у Дзятлаўскім р-не (у 1962—65 у Слонімскім р-не). У 1971—1,9 тыс. ж.
Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, 3 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Успенская царква (пач. 20 ст.). Помнік садова-паркавага мастацтва — Казлоўшчынскі парк. КАЗЛО́ЎШЧЫНА, вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на р. Ласіца, на аўтадарозе Паставы—Шаркаўшчына. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 43 км на ПнУ ад г. Паставы, 236 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Навадруцк. 257 ж., 112 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСК,
горад, цэнтр Лагойскага р-на Мінскай вобл., на р. Гайна. За 40 км ад Мінска, 31 км ад чыг. ст. Смалявічы на лініі Мінск—Орша. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Лепелем, Смалявічамі, Барысавам, Маладзечна. 9,9 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў крыніцах у 1078 як горад-крэпасць Полацкай зямлі. З 12 ст. цэнтр удзельнага Лагожскага княства. З 14 ст. ў складзе ВКЛ, уладанне Ягайлы, Скіргайлы, Вітаўта. Пазней належаў князям Чартарыйскім і Тышкевічам. У 19 ст. мястэчка. У 1809—60 у Л. дзейнічала Лагойская палатняна-папяровая мануфактура. У 1842 К.П.Тышкевіч і Я.П.Тышкевіч стварылі Лагойскі музей старажытнасцей. У 1897—2296 ж., цэнтр воласці Барысаўскага пав. З 1924 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. З 2.7.1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 3906 чал. У ноч на 23.12.1942 у выніку Лагойскага бою 1942 партызаны разграмілі тут варожы гарнізон. У 1979—5,3 тыс.ж. З 3.6.1998 горад.
Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці. 2 сярэднія, базавая, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, дамы нар. і дзіцячай творчасці, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі: архітэктуры — Мікалаеўская царква (1824); садова-паркавага мастацтва — Лагойскі палацава-паркавы ансамбль. Каля Л. 2 гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі і гарадзішча эпохі Кіеўскай Русі (дзядзінец стараж. Л.). Радзіма бел. археолагаў, гісторыкаў і этнографаў К.П. і Я.П.Тышкевічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯГЕ́ННАЯ ТЭ́ХНІКА,
галіна тэхнікі, звязаная з атрыманнем, захоўваннем і выкарыстаннем крыягенных т-р (ніжэй за 120 К; гл.Нізкія тэмпературы). Да сродкаў К.т. адносяцца ўстаноўкі і апараты для звадкавання газаў (азоту, кіслароду, вадароду, гелію і інш.) і раздзялення ізатопаў і газавых сумесей нізкатэмпературнымі метадамі, крыягенныя вакуумныя помпы, ёмістасці для захоўвання і транспарціроўкі звадкаваных газаў (Дзьюара пасудзіны, крыястаты, крыярэфрыжэратары і інш.халадзільныя машыны).
Сродкі і метады К.т. выкарыстоўваюцца ў касм. і ракетнай тэхніцы (стварэнне глыбокага вакууму для касм. трэнажораў і аэрадынамічных труб, атрыманне крыягеннага паліва і акісляльнікаў для ракетных рухавікоў), энергетыцы (звышправодныя крыягенныя генератары, электрарухавікі, трансфарматары, кабелі, устройствы для атрымання звышмагутных магнітных палёў — звышправодныя магніты, саленоіды), электроніцы і вылічальнай тэхніцы (сродкі крыяэлектронікі, квантавыя ўзмацняльнікі і генератары, крыятроны на аснове звышправодных элементаў для апрацоўкі і запамінання інфармацыі, крыя-ЭВМ), медыцыне (сродкі крыятэрапіі. крыяхірургічныя інструменты, сродкі кансервацыі крыві, тканак і інш.), біялогіі (гл.Крыябіялогія), навуцы (прылады крыяскапіі, пузырковыя камеры, прыёмнікі інфрачырвонага выпрамянення), металургіі, сельскай гаспадарцы, харч. прам-сці і інш.
На Беларусі праблемамі К.т. займаюцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» Нац.АН, БДУ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САВА,
горад у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл. За 15 км на ПнЗ ад Івацэвічаў, 151 км ад Брэста, 13 км ад чыг. ст. Косава-Палескае на лініі Баранавічы—Брэст. 2,7 тыс.ж. (1998).
Вядома з 1494, калі вял. князь ВКЛ Аляксандр падараваў двор К. маршалку Я.Л.Храптовічу. З 1510 мястэчка, цэнтр павета, з 1560-х г. у складзе Слонімскага пав. З 1517 да 19 ст. належала Осцікам, Сангушкам-Кашырскім, Мялешкам, Сапегам, Флемінгам, Чартарыйскім, Пуслоўскім. У 1597 у К. 79 двароў, царква, касцёл, 2 млыны, 34 корчмы. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—4143 ж., 431 дом, нар. вучылішча, косаўскія суконныя прадпрыемствы, гарбарня, 2 царквы, касцёл, капліца, 4 яўр. малітоўныя дамы, пошта, 58 крам, 8 кірмашоў штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, горад, цэнтр Косаўскага павета Палескага ваяв. У лют. 1927 у К. паліцыя расстраляла дэманстрацыю працоўных (гл.Косаўскі расстрэл 1927). З 1939 у БССР, у 1940—47 цэнтр Косаўскага раёна. З 25.6.1941 да 13.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 3112 чал.; дзейнічала Косаўская раённая антыфашысцкая арганізацыя, паміж партызанамі і гітлераўцамі адбыўся Косаўскі бой 1942. У 1959—2,5 тыс. ж.
Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Косаўскі палац (1838), Антоньеўская царква (1868), Косаўскі Троіцкі касцёл (1878), Георгіеўская царква (18 ст.). Радзіма кіраўніка паўстання 1794 А.Т.Касцюшкі. Каля горада — гарадзішча.