метад лячэння злаякасных пухлін чалавека, заснаваны на выкарыстанні прамянёвай тэрапіі ў час аперацыі з выкарыстаннем дыстанцыйнага або ўнутрытканкавага апрамянення пухліны (ці яе ложа). Узнікла ў сувязі з абмежаванымі магчымасцямі выкарыстання дыстанцыйнага апрамянення глыбока размешчаных пухлін. У аперабельных выпадках пухліна выдаляецца, пасля чаго ў тканкі, якія складаюць ложа пухліны, а таксама па шляхах лімфаадтоку ўводзяць кобальт (60Co), каліфорній (252Cf, ірыдый (192Ir), ёд (125I) і інш. Пры немагчымасці правядзення аперацыі забяспечваецца доступ да пухліны (хірург. шляхам), увядзенне ў яе гэтых прэпаратаў; праз некалькі дзён прэпараты дастаюць. Пры Р. ў час аперацыі таксама ўводзяць радыеактыўныя прэпараты з дапамогай мікраселектрона. Выкарыстоўваецца аднаразовае дыстанцыйнае апрамяненне (з дапамогай апаратаў блізкафокуснай рэнтгенатэрапіі). Прапанавана выкарыстанне высокаэнергет. электронаў, якія генерыруюцца лінейнымі або цыклічнымі паскаральнікамі. Метады Р. маюць рэальную магчымасць мінім. апрамянення нармальных тканак і макс. апрамянення пухлін і зон рэгіянарных метастазаў шляхам рэгулявання энергіі электроннага пучка і выкарыстання тубусаў або спец. фарміруючых блокаў, што зніжае частату мясц. рэцыдываў і пасляаперацыйных ускладненняў у анкалагічных хворых.
Літ.:
Козлова А.В. Лучевая терапия злокачественных опухолей. М. 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНІ́НА,
адносна роўная паверхня з малымі ваганнямі вышынь і аднароднай геал. будовай; адзін з важнейшых элементаў рэльефу зямнога шара. Трапляюцца на розных вышынях і глыбінях у межах сушы і дна акіянаў і мораў. На сушы ў адносінах да ўзроўню мора Р. ўмоўна падзяляюць на адмоўныя (ніжэй узр. м.), нізінныя (ад 0 да 200 м над узр. м.), узвышаныя, або платопадобныя (ад 200 да 500 м) і нагорныя (вышэй за 500 м). Адрозніваюць таксама гарыз., нахіленыя, увагнутыя і выпуклыя Р.; паводле форм рэльефу, які ўскладняе іх паверхню, — плоскія, ступеньчатыя, хвалістыя, увалістыя, узгорыстыя і інш. Паводле генезісу бываюць першасныя (узнятае дно мора), акумулятыўныя (вынік намнажэння марскіх, алювіяльных, водналедавіковых, азёрных адкладаў), дэнудацыйныя (утварыліся на месцы стараж. гор у выніку размыву парод цякучай вадой і іх змыву па схілах). Большасць Р. фарміруецца на платформах (платформенныя Р.), у арагенных абласцях Р. прымеркаваны пераважна да міжгорных і перадгорных прагінаў. Сярод падводных Р. пашыраны абісальныя раўніны, якія прымеркаваны да ложа акіяна, Р. шэльфа і катлавін ускраінных мораў. У сукупнасці Р. займаюць 15—20% паверхні-сушы, найб. з іх Амазонская, Усх.-Еўрапейская, Зах.-Сібірская з плошчай па некалькімлн.км². Тэр. Беларусі мае раўнінны характар паверхні. Вылучаюцца Р.: Аршанска-Магілёўская, Баранавіцкая, Горацка-Мсціслаўская, Загароддзе, Лідская, Прыбугская, Стаўбцоўская, Цэнтральнабярэзінская, Чачорская, Чашніцкая (гл. адпаведныя арт.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІ КАНФЛІ́КТ 1969,
узброены канфлікт паміж СССР і Кітаем у выніку пагаршэння сав.-кіт. адносін у 1960-я г. і нявырашанага пагранічнага пытання. Кіт. бок патрабаваў перагляду рас.-кіт. дагавораў 19 ст. (гл.Айгунскі дагавор 1858, Пекінскі трактат 1860), каб граніца паміж дзвюма краінамі праходзіла па найб. глыбінях рэк Амур і Усуры. У 1950-я г. адпаведныя сав.-кіт. камісіі правялі работу па ўрэгуляванні гэтага пытання і вызначэнні новай граніцы, але з пагаршэннем сав.-кіт. адносін працэс быў спынены. Адначасова кіт. бок пачаў ва ультыматыўнай форме патрабаваць вырашэння пагранічнага пытання, на сав.-кіт. граніцы ім былі арганізаваны правакацыйныя акцыі хунвэйбінаў і шматлікія парушэнні кіт. пагранічнікамі. 2.3.1969 кіт. ваеннаслужачыя расстралялі на в-ве Даманскі на р. Усуры сав. пагранічны нарад. 14—15 сак. тут адбыліся баі паміж сав. і кіт. войскамі з выкарыстаннем артылерыі і ракетных установак; усяго ў выніку канфлікту на Даманскім загінула 58 сав. ваеннаслужачых. 13 жн.некалькі груп кіт. ваеннаслужачых парушылі сав. граніцу ў раёне Жаланашколя (Казахстан). У выніку іх сутыкнення з сав. войскамі былі забітыя і параненыя. Сітуацыю разрадзілі перагаворы 11 вер. ў Пекіне старшынь урадаў СССР і Кітая — А.М.Касыгіна і Чжоў Эньлая. Перагаворы па вырашэнні пагранічных пытанняў пачаліся 20 кастрычніка. Канчаткова гэта праблема была ўрэгулявана ў 1990-я.г. пасля вызначэння б.ч.рас.-кіт. граніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБСКІЯ ПАЎСТА́ННІ ПАЧА́ТКУ 19 СТАГО́ДДЗЯ,
нацыянальна-вызваленчыя нар. паўстанні сербаў у 1-й чвэрці 19 ст. супраць тур. прыгнёту. 1-е сербскае паўстанне 1804—13 пачалося ў лют. 1804 у Бялградскім пашалыку (губерні) пасля забойства янычарамі (студз. 1804) каля 70 найб. папулярных у народзе сербаў. Паўстанне ўзначаліў Карагеоргій. Паўстанцы атрымалі некалькі перамог і на пач. 1807 кантралявалі ўсю тэр. Сербіі. Значную дапамогу паўстанцам аказала Расія ў час.рус.-тур. вайны 1806—12. Па патрабаванні галоўнакаманд. Малдаўскай арміяй М.І.Кутузава ў Бухарэсцкі мірны дагавор 1812 быў уключаны спец.арт. аб дазволе Сербіі мець унутр. самакіраванне. Выкарыстаўшы тое, што Расія вяла вайну з Францыяй, тры тур. арміі ў 1813 разграмілі паўстанцкае войска і аднавілі ўладу султана. 2-е сербскае паўстанне 1815 фактычна стала працягам першага. Яно пачалося ў крас. ў Бялградскім пашалыку. Кіраўніком паўстання быў абраны ваявода Мілаш Абрэнавіч, войскі якога атрымалі шэраг перамог над туркамі. Аднак колькасная перавага тур. войск прымусіла сербаў пайсці на перагаворы з Турцыяй, і пры дыпламат. падтрымцы Расіі было заключана перамір’е. Тур. ўрад прызнаў Мілаша вярх. кнезам (князем) Сербіі, рэгламентаваў памеры падаткаў сербскіх сялян тур. памешчыкам, а права збору падаткаў султану перадаў сербам. Паўстанне стварыла ўмовы для далейшай барацьбы сербаў за ўнутр. аўтаномію, якая завяршылася ў 1830-х г. стварэннем Сербскага княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАМБУ́ЛЬСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых і буйнейшых ун-таў Турцыі. Засн. ў 1453 (паводле інш. звестак у 1321) у г. Стамбул як мусульм. вышэйшая школа. З 1846 ун-т; першая свецкая ВНУ у Турцыі. Ун-тнекалькі разоў быў закрыты. У 2001/02 навуч.г. ў С.у. 25 374 студэнты, у т. л. 1928 замежных; 4812 выкладчыкаў; ф-ты: мед.; мед. імя Джэрахпашы; стаматалагічны; вет.; пед. імя Хасана Алі Юджэл; юрыд.; багаслоўскі; прыродазнаўчых навук; фармацэўтычны; сувязі; паліт. навук; лесаводства; л-ры; эканам.; кіравання гаспадараннем; інжынерны; воднай гаспадаркі. У складзе ун-та аддзяленні (інфармацыі; мастацтваў; фізкультуры і спорту; па вывучэнні турэцкай мовы, замежных моў), вышэйшыя школы (кансерваторыя; аховы здароўя Бакыркой, Шышлі; мед. сясцёр; мед. абслугоўвання; фізіятэрапіі і рэабілітацыі; грамадскіх навук; тэхн. навук; права; фізкультуры і спорту; транспарту; кіравання лесагаспадаркай), ін-ты (кардыялагічны; дзіцячага здароўя; туберкулёзу і захворванняў лёгкіх; неўралогіі; эксперыментальнай медыцыны; суд. медыцыны; анкалагічны; грамадскіх навук; прыродазнаўчых навук; аховы здароўя; марскіх навук і кіравання; прынцыпаў Атацюрка і гісторыі рэвалюцыі; кіравання эканомікай; еўраазіяцкай археалогіі; бухгалтэрыі); цэнтры даследавання (дэрматалогіі; малекулярнай анкалогіі і гемапаталогіі; медыцыны Джэрахпашы, выкарыстання медыцыны; выкарыстання нар. медыцыны; гепатапанкрэаталагічных хвароб; традыц. лекавых сродкаў; лекаў з раслін; выкарыстання генетыкі; біятэхнікі і генетычнага інжынерынгу; праблем навакольнага асяроддзя; беспрытульных дзяцей; выкарыстання камп’ютэрных навук; жаночых праблем; еўрапейскай супольнасці; лінгвістычны; правоў чалавека; прыродных багаццяў; абсерваторыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАБАКО́Ў Алег Паўлавіч (н. 17.8.1935, г. Саратаў, Расія),
расійскі акцёр, рэжысёр, педагог, тэатр. дзеяч. Нар.арт. Расіі (1977). Нар.арт.СССР (1988). Скончыў Школу-студыю Маскоўскага Маст.акад.т-ра (МХАТ, 1957). З 1957 у Маскоўскім т-ры «Сучаснік», з 1983 у МХАТ, з 1989 у МХАТ імя А.Чэхава, з 2000 маст. кіраўнік. У 1974 арганізаваў у Маскве тэатр. студыю (з 1992 Маскоўскі т-р пад кіраўніцтвам А.Табакова). У 1989—2000 рэктар Школы-студыі пры МХАТ (з 1989 праф.). Акцёр яркага артыстызму і шырокага творчага дыяпазону. Валодае ўсімі адценнямі камед. ігры, часам звяртаецца да шаржу: Алег («У пошуках радасці» В.Розава), Аляксандр Адуеў («Звычайная гісторыя» паводле І.Ганчарова), Балалайкін («Балалайкін і К°» паводле М.Салтыкова-Шчадрына), Ён («Лаўка» А.Гельмана) і інш. Сярод пастановак: «Білоксі-блюз» Н.Саймана (1987), «Матроская цішыня (Малая вялікая зямля)» А.Галіча (1990), «Механічнае піяніна» А.Адабаш’яна і М.Міхалкова (1993), «Чэмпіёны» Дж.Мілера (1996), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага (1997) і інш. Здымаецца ў кіно: «Шумны дзень», «Жывыя і мёртвыя», «Вайна і мір», «Гары, гары, мая зорка», «Сямнаццаць імгненняў вясны», «Некалькі дзён з жыцця І.І.Абломава», «Палёты ў сне і наяве», «Сірата казанская», «Шырлі-мырлі» і інш.Дзярж. прэмія СССР 1967. Дзярж. прэмія Расіі 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАЕ́ЦКІЯ ПЕ́СНІ, сёмушныя песні,
песні веснавога цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі, што спяваліся на Сёмуху (Тройцу), для якой характэрны культ расліннасці. Вядомы слав. народам, у т. л. беларусам. Вылучаюцца песні, цесна звязаныя з абрадавымі дзеяннямі і т.зв. прымеркаваныя (сувязі якіх з абрадамі цяжка вызначыць). Сярод абрадавых вылучаюцца некалькі груп песень: з матывамі ўслаўлення зеляніны (часцей бярозы); пры завіванні вянкоў; кумлення; любоўнай тэматыкі (пра каханне, выбар пары, замужжа, любоўную варажбу). У многіх Т.п. вобразы раслін, дрэў персаніфікаваныя. Асабліва распаўсюджаны ў абрадах і песнях персаніфікаваны вобраз бярозы. Яна была важным абрадавым атрыбутам (да яе ішлі ў лес, галінкі неслі ў хату), у песнях яна адыгрывала ролю распараджальніцы свята, пад бярозай праходзіў абрад кумлення, з яе галінак плялі вянкі «на годы добрыя, на жыта густое, на ячмень каласісты», па вянках дзяўчаты варажылі пра свой лёс і г.д. Паступова траецкія святы ператварыліся ў маляўнічую гульню моладзі, а самі песні страцілі строгую прымеркаванасць да абраду. У наш час бытуюць у асн. на Палессі. Лакальная разнавіднасць Т.п. — куставыя песні.
Публ.:
Веснавыя песні. Мн., 1979.
Літ.:
Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских. украинцев и белорусов, XIX — начало ХХ в.М., 1979;
Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАМВА́Й (англ. tramway ад tram вагон, цялежка + way пуць),
рэйкавы наземны гарадскі электрычны транспарт. Вагон або некалькі (2—3) вагонаў (найчасцей маторныя) сілкуецца пастаянным токам напружаннем 500—750 В звычайна праз падвесную кантактную сетку (адваротны провад — рэйкі); скорасць да 90 км/гадз.
У кантактную сетку эл. ток паступае ад лінейных цягавых падстанцый. Цягавыя электрарухавікі (2—8 на кожным маторным вагоне) атрымліваюць эл. энергію праз токапрыёмнік на даху вагона, маюць магутнасць па 30—70 кВт. Вагоны бываюць маторныя (з токаздымальнікам, які слізгае па кантактным провадзе), прычапныя і сучлененыя; двух-, чатырох-, шасці- і васьмівосевыя (звычайна 4-восевыя). Рэйкавы пуць шыр. 1524 мм (вузкакалейны 1000 мм). Часам на базе вагонаў Т. ствараюць спецыялізаваныя вагоны (рэйкашліфавальныя, снегаачышчальнікі, грузавыя) Першы доследны вагон Т. пабудаваны ў Пецярбургу (1880), першы трамвайны рух арганізаваны ў Ліхтэрфільдэ (паблізу Берліна) у 1881. Т. пачаў працаваць у 1892 у Кіеве, у 1894 у Львове, у 1899 у Маскве.
На Беларусі буд-ва трамвайных ліній пачата ў Віцебску, дзе ў 1898 пачаты рух на 4 лініях (18 маторных і 16 прычапных вагонаў). У Мінску пушчаны ў 1929, у Наваполацку — у 1974 (скарасны), у Мазыры — у 1988. Вытв-сць Т. наладжана ў ВА «Белкамунмаш».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭА́ТР ВАЙНЫ́,
пэўная тэрыторыя сушы, акваторыя акіяна і паветрана-касмічная прастора над імі, дзе ўзбр. сілы дзяржаў (кааліцыі дзяржаў) вядуць або могуць весці вайну (ваен. дзеянні стратэг. маштабу). Звычайна ўключае некалькітэатраў ваенных дзеянняў на адным кантыненце з прылеглымі акваторыямі або адным акіяне з прыбярэжнай зонай, архіпелагамі і астравамі.
У 2-ю сусв. вайну існавалі Т.в. Еўрапейскі, Паўн.-Афрыканскі, Ціхаакіянскі і інш. На Еўрап. Т.в. знаходзілася да 370 злучэнняў фаш. блоку. Каля 270 з гэтых дывізій дзейнічала на сав.-герм. фронце, значная частка — на тэр. Беларусі (гл.Прыгранічныя бітвы 1941, Беларуская аперацыя 1944). У Паўн. Афрыцы знаходзілася да 20 дывізій праціўніка. На Ціхаакіянскім Т.в. пераважна дзейнічалі сілы ВМФ (ВМС), марская авіяцыя і марская пяхота ЗША і Японіі (у некат. аперацыях, напр., Акінаўскай 1945, з двух бакоў прымалі ўдзел больш за 2 тыс. караблёў і катэраў і каля 5 тыс. самалётаў). Фактычна самаст. тэатрам ваен. дзеянняў быў Атлантычны акіян (гл.Бітва за Атлантыку 1939—45), дзе ў баявых дзеяннях ЗША і Вялікабрытаніі супраць Германіі ўдзельнічалі тысячы караблёў і самалётаў (страты герм.ВМС склалі больш за 800 падводных лодак і інш.).
Пры вядзенні лакальнай вайны Т.в. можа супадаць з тэр. тэатра ваен. дзеянняў або яго часткай (гл.напр., Кувейцкі крызіс 1990—91).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРЦЭ́Т (італьян. terzetto; ад лац. tertius трэці) у музыцы, 1) ансамбль (пераважна вакальны) з трох удзельнікаў («Т. для дзвюх скрыпак і альта» А.Дворжака).
2) Муз. твор для такога складу выканаўцаў; самаст. п’еса ці нумар у оперы, кантаце, араторыі, аперэце, месе і інш. (Т. Кармэн, Фраскіты, Мерседэс з 3-га акта оперы Ж.Бізэ «Кармэн»).
У вершаскладанні Т. (трохрадкоўе) — страфа, якая складаецца з трох радкоў. Існуе некалькі яе відаў: рыфмуюцца ўсе радкі (ааа), рыфмуюцца толькі 2 радкі (ааб, абб ці аба), радкі зусім не рыфмуюцца (абв); напр.:
Я — кропля вялікага творчага мора,
Я — іскра квяцістага полымя зораў,
Я — водблеск нябёсных адвечных прастораў...
Памру — не памрэ безупынная сіла,
Што думы пад неба да зорак насіла,
Што кіне вянок на нямую магілу.
(З.Бядуля)
Часам у вершы, напісаным Т., ужываюцца адначасова розныя яго віды. У выглядзе монастрафы Т. сустракаюцца не часта. Найчасцей уваходзяць у склад буйнейшай вершаванай формы (напр., санета) або звязваюцца адно з адным ланцуговымі рыфмамі. У бел. паэзіі нярэдкія творы, у якіх 2 Т., графічна аддзеленыя, аб’ядноўваюцца рыфмай у своеасаблівыя пары:
Ціха па мяккай траве
Сінявокая ноч прахадзіла;
Ціха з заснуўшых палян
Плыў у гару і знікаў,
Быццам дым сіняваты з кадзіла,
Рэдкі, правідны туман.
(М.Багдановіч)