ТРАМВА́Й (англ. tramway ад tram вагон, цялежка + way пуць),
рэйкавы наземны гарадскі электрычны транспарт. Вагон або некалькі (2—3) вагонаў (найчасцей маторныя) сілкуецца пастаянным токам напружаннем 500—750 В звычайна праз падвесную кантактную сетку (адваротны провад — рэйкі); скорасць да 90 км/гадз.
У кантактную сетку эл. ток паступае ад лінейных цягавых падстанцый. Цягавыя электрарухавікі (2—8 на кожным маторным вагоне) атрымліваюць эл. энергію праз токапрыёмнік на даху вагона, маюць магутнасць па 30—70 кВт. Вагоны бываюць маторныя (з токаздымальнікам, які слізгае па кантактным провадзе), прычапныя і сучлененыя; двух-, чатырох-, шасці- і васьмівосевыя (звычайна 4-восевыя). Рэйкавы пуць шыр. 1524 мм (вузкакалейны 1000 мм). Часам на базе вагонаў Т. ствараюць спецыялізаваныя вагоны (рэйкашліфавальныя, снегаачышчальнікі, грузавыя) Першы доследны вагон Т. пабудаваны ў Пецярбургу (1880), першы трамвайны рух арганізаваны ў Ліхтэрфільдэ (паблізу Берліна) у 1881. Т. пачаў працаваць у 1892 у Кіеве, у 1894 у Львове, у 1899 у Маскве.
На Беларусі буд-ва трамвайных ліній пачата ў Віцебску, дзе ў 1898 пачаты рух на 4 лініях (18 маторных і 16 прычапных вагонаў). У Мінску пушчаны ў 1929, у Наваполацку — у 1974 (скарасны), у Мазыры — у 1988. Вытв-сць Т. наладжана ў ВА «Белкамунмаш».