ДЭЗА́РГА ТЭАРЭ́МА,

адна з асноўных тэарэм праектыўнай геаметрыі. Сцвярджае: калі адпаведныя стораны (ці іх прадаўжэнні) 2 трохвугольнікаў A1B1C1 і A2B2C2 перасякаюцца ў пунктах P, Q, R, размешчаных на адной прамой, то прамыя, якія злучаюць адпаведныя вяршыні трохвугольнікаў, перасякаюцца ў адным пункце 0. Справядліва і адваротнае сцвярджэнне: калі прамыя, якія злучаюць адпаведныя вяршыні 2 трохвугольнікаў, праходзяць праз адзін пункт 0, то 3 пункты P, Q, R перасячэння адпаведных старон трохвугольнікаў ляжаць на адной прамой. Устаноўлена Ж.Дэзаргам (1648).

Да арт. Дэзарга тэарэма.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПРЭ́СІЯ (ад лац. depressio прыгнечанне, падаўленне) у псіхалогіі, афектыўны стан, які характарызуецца адмоўным эмацыянальным фонам, змяненнем матывацыйнай сферы і агульнай пасіўнасцю паводзін. Чалавек у стане Д. суб’ектыўна адчувае цяжкія, пакутлівыя эмоцыі і перажыванні (прыгнечанасць, тугу, смутак, роспач). Характэрнымі з’яўляюцца думкі пра ўласную адказнасць за розныя непрыемныя, цяжкія падзеі ў асабістым жыцці або ў жыцці блізкіх людзей. Валявая актыўнасць, самаацэнка рэзка зніжаны. Адрозніваюць функц. стан Д., магчыма ў здаровых людзей у межах нармальнага псіхічнага функцыянавання, і паталаг. Д. як адзін з асн. псіхіятрычных сіндромаў.

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ЎСКІ-ЗІ́ЛЬБЕР (Меер Шоламавіч) (23.8.1907, г. Брэст — 7.3.1985),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1924 кіраваў «тэхнікай» (друкарняй) Брэсцкага акругкома КСМЗБ, з 1928 — «цэнтральнай тэхнікай» КПЗБ. Адзін з арганізатараў падп. друкарняў КПЗБ у Гродне, Вільні, Беластоку, Брэсце, Варшаве. У 1936 арыштаваны і засуджаны на 10 гадоў (вызвалены ў час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939). З 1941 на гасп. рабоце ва ўсх. абласцях СССР. Аўтар успамінаў «Цэнтральная тэхніка КПЗБ» (у кн. «У суровыя гады падполля», 1958).

М.​П.​Клімец.

т. 6, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́СКІ (Антон Ігнатавіч) (15.2.1824, Варшава — 4.10.1885),

мастак, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Адукацыю атрымаў у Вільні і Варшаве, жывапісу вучыўся ў Вене і Фларэнцыі. Працаваў як мастак-графік, ілюстраваў творы А.​Міцкевіча, Т.​Ленартовіча, А.​Мальчэўскага, І.​Ходзькі і інш. Чл. Віленскай археал. камісіі. У 1862 прыхільнік «чырвоных», увайшоў у Літоўскі правінцыяльны камітэт, дзе разам з К.​Каліноўскім рыхтаваў паўстанне. 26.1.1863 арыштаваны і высланы ў Вятку. З 1867 у Варшаве, потым за мяжой.

Г.​В.​Кісялёў.

А.Я.Залескі.

т. 6, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́РЫНЬ, Зарыньш (Zarins) Яніс Пятровіч (25.5.1913, г. Руіена, Латвія — 1993), латышскі скульптар. Нар. мастак Латвіі (1988), засл. дз. маст. Латвіі (1971). Вучыўся ў АМ у Рызе (1936—42). Развіваў традыцыі лат. манум. скульптуры. Аўтар партрэтаў («Рута», 1944), помнікаў («Змагарам рэвалюцыі 1905 г.», 1960), надмагілляў, дэкар. кампазіцый для садоў і паркаў («Раніца», 1958), кампазіцый («Думкі», 1938, «Элегія», 1967, «Вечнасць», 1970). Адзін са стваральнікаў мемар. ансамбля памяці ахвяр фашызму ў Саласпілсе (1967).

Л.​Букоўскі, Я.Зарынь, А.​Скарайніс. Саласпілскі мемарыял. Цэнтральная група. 1967.

т. 6, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К (West Ice Shell),

адзін з буйнейшых шэльфавых ледавікоў Усх. Антарктыды. На Пн і У абмываецца м. Дэйвіса, на З — м. Садружнасці. Адкрыты ням. экспедыцыяй Э.​Дрыгальскага у 1901—03, дэталёва абследаваны сав. антарктычнай экспедыцыяй у 1957—60. Пл. каля 36 тыс. км​1. Працягласць з З на У 580 км, з Пд на Пн 65—95 км, таўшчыня лёду 100—580 м. У 1960-я г. адбылося значнае скарачэнне плошчы ледавіка ў выніку разбурэння яго паўн. часткі.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДАНО́ВІЧ (Ігнат Аляксандравіч) (13.1.1841, Вільня — 2.1.1864),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Літве і Беларусі. Сын А.Здановіча. У 1858—62 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Атрымаў ступень канд. матэм. навук. Слухаў лекцыі ў Берлінскім ун-це. 3 лют. 1863 у Вільні, бліжэйшы памочнік К.​Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем: касір Віленскага паўстанцкага цэнтра, са жн. 1863 паўстанцкі начальнік Вільні. Арыштаваны 8.10.1863, публічна павешаны ў Вільні на гандл. плошчы Лукішкі. Аўтар брашуры «Успамін пра філаматаў і філарэтаў» (Парыж, 1860).

Г.​В.​Кісялёў.

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАРДА́Н,

рака на Блізкім Усходзе, у Ліване, Ізраілі, на мяжы Іарданіі і Палесцінскай аўтаноміі (т.зв. Заходні бераг ракі Іардан). Даўж. 252 км, пл. бас. 18 тыс. км². Пачынаецца ў хр. Джэбель-эш-Шэйх. Цячэ з Пн на Пд па паўпустыннай тэктанічнай упадзіне Гхор (Эль-Гор) праз Тыверыядскае воз., упадае ў Мёртвае м. (б.ч. цячэння ніжэй узр. м.). Гал. прыток — Ярмук. Сярэдні расход вады (летам) 50 м³/с. Зімовая паводка. ГЭС. Выкарыстоўваецца для арашэння. Бас. І. — адзін з цэнтраў зараджэння хрысціянства.

т. 7, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛАГЭН ((Callaghan) Леанард Джэймс) (н. 27.3.1912, г. Портсмут, Вялікабрытанія),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1945 чл. парламента. У 1951—64, 1970—74 адзін з кіраўнікоў парламенцкай фракцыі лейбарыстаў, чл. «ценявога кабінета» (1961—64, 1970—74). У 1964—67 міністр фінансаў, у 1967—70 — унутр. спраў, у 1974—76 — замежных спраў і па справах брыт. Садружнасці, адначасова ў 1975—76 міністр па пытаннях развіцця заморскіх тэрыторый. У 1976—80 лідэр Лейбарысцкай партыі, у 1976—79 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. У 1979—80 лідэр апазіцыі.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕРЛІНГ-О́НЕС ((Kamerling Onnes) Гейке) (21.9.1853, г. Гронінген, Нідэрланды — 21.2.1926),

нідэрландскі фізік, адзін з заснавальнікаў фізікі нізкіх тэмператур. Замежны чл.-кар. АН СССР (1925). Скончыў Гронінгенскі ун-т (1876). У 1878—82 у Політэхн. школе ў г. Дэлфт, у 1882—1923 праф. Лейдэнскага ун-та, арганізатар і першы дырэктар (1894—1923) Лейдэнскай крыягеннай лабараторыі. Навук. працы па крыягеннай фізіцы, тэрмадынаміцы, магнітаоптыцы і радыеактыўнасці. Першым дасягнуў тэмператур, блізкіх да абсалютнага нуля, і атрымаў (1908) вадкі гелій. Адкрыў звышправоднасць (1911). Нобелеўская прэмія 1913.

Г.Камерлінг-Онес.

т. 7, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)