АЛЕ́Г
(?—912, паводле інш. крыніц 922),
старажытнарускі князь. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», як сваяк Рурыка (паводле інш. крыніц, Алег — ваявода Рурыка) стаў пасля яго смерці (879) рэгентам пры малалетнім кн. Ігару, княжыў у Ноўгарадзе. Рэгенцтва Алега — гіст. міф, бо да пач. самаст. княжання Ігару было не менш як 33 гады. У 882 Алег рушыў з дружынай на Пд. Заняў Смаленск. Забіўшы кіеўскіх князёў Аскольда і Дзіра, авалодаў Кіевам і зрабіў яго сталіцай. Пашырыў уладанні Русі на У, падпарадкаваўшы севяран і радзімічаў, здзейсніў 2 паспяховыя паходы на Канстанцінопаль (907 і 911). Адзін з найб. яркіх маст. вобразаў Алега створаны А.С.Пушкіным у паэме «Песня пра вешчага Алега» (1822).
т. 1, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)