ДЗЯНІ́САЎ (Аляксандр Пятровіч) (н. 5.5.1944, с. Борскае Куйбышаўскай вобл.. Расія),
акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). У 1967—90 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Напачатку выконваў ролі маладых герояў, потым — характарныя: Сын («Святая прастата» А.Макаёнка), Ігар («Традыцыйны збор» В.Розава), Менахэм-Мэндл («Памінальная малітва» Р.Горына паводле твораў Шолам-Алейхема). У ролі мужнага, высакароднага старшыны Дугіна («Радавыя» А.Дударава; Дзярж. прэмія СССР 1985) дасягнуў трагічнага гучання. Сярод інш. роляў: Мікола Гусоўскі («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Іван Кавалевіч («Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага), Марцін («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі). З 1991 у ЗША.
т. 6, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ВА (Маргарыта Сяргееўна) (н. 7.5.1948, Масква),
руская артыстка балета. Нар. арт. Расіі (1980). Нар. арт. СССР (1986). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1967), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1988). У 1967—87 салістка Маскоўскага муз. т-ра імя К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі. Сярод партый: Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Папялушка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Гаянэ («Гаянэ» А.Хачатурана), Флёр дэ Ліс («Эсмеральда» Ц.Пуні), Медора («Карсар» А.Адана), Сванільда («Капелія» Л.Дэліба). Яе творчасці ўласцівы віртуознае валоданне тэхнікай класічнага танца, элевацыя, драм. выразнасць. Лаўрэат міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Варне (1972, Балгарыя) і Маскве (1973). Прэмія імя Г.Паўлавай (Парыж, 1968). Дзярж. прэмія Расіі 1980.
т. 6, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЫ́ЦКІ (Эдуард Барысавіч) (н. 9.2.1946, г. Красны Кут Саратаўскай вобл., Расія),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1970, клас А.Багатырова). У 1973—82 загадваў муз. часткай Бел. рэсп. т-ра юнага гледача. Працуе пераважна ў галіне інструментальнай музыкі (апіраецца на класічныя традыцыі), масавай і эстр. песні, тэатр. і кінамузыкі. Сярод твораў: сімфонія (1970), сюіта (1980), канцэрціна «Пастараль» (1977) для сімф. арк.; канцэрты для габоя (1973) і валторны (1974) і камернага арк.; Капрычыо для фп. з камерным арк. (1978), сюіта на тэмы бел. нар. песень для нар. арк. (1976); камерна-інстр. музыка; сюіты з музыкі да спектакляў «Дванаццатая ноч», «Снежная каралева», «Тэатральная сюіта».
т. 6, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХА́РАВА (Вольга Сцяпанаўна) (11.7.1908, г. Яршоў Саратаўскай вобл., Расія — 6.6.1981),
руская актрыса. Засл. артыстка Беларусі (1955). Скончыла Саратаўскі тэатр. тэхнікум (1932). Працавала ў т-рах Саратава, Грознага, Благавешчанска, Армавіра, Варонежа. З 1949 у Брэсцкім абл. драм. т-ры, у 1958—69 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Створаныя ёю вобразы адметныя творчай культурай, імкненнем да жыццёвай праўды, прастаты, дакладнасцю ўнутр. і знешняга малюнка. Сярод лепшых роляў: Ганна Ліхта («Змова асуджаных» М.Вірты), Кабаніха («Навальніца» А.Астроўскага), Каліберава («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка) у Брэсцкім драм. т-ры; Матрона («Улада цемры» Л.Талстога), Антонаўна («Дзеці сонца» М.Горкага) у Дзярж. рус. т-ры і інш.
т. 7, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́ЎСКАЯ (Софія) (1853, в. Малыя Бакшты Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. —22.2.1918),
бел. фалькларыстка, этнограф і пісьменніца. Вывучала матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў, сабрала калекцыю прадметаў нар. рамёстваў, твораў мастацтва, а таксама матэрыялы пра паўстанне 1863—64 на Міншчыне, якому прысвяціла некалькі артыкулаў («Адзін з многіх», 1908; «1863 год на Міншчыне», 1917) і кн. «З успамінаў выгнанца» (1911). Аўтар працы «Святкаванне вяселля ў Вілейскім павеце ў ваколіцах Маладзечна і Радашковіч» (1900), дзе разам з апісаннем абраду прыводзяцца ўзоры фальклору. Выдала кнігу «Мінскія абразкі, 1850—1863» (1912) пра гісторыю гімназіі і яе выкладчыкаў, тэатр. сям’ю В.Дуніна-Марцінкевіча, памятныя мясціны горада.
Г.А.Каханоўскі.
т. 7, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 8.5.1958, г. Жлобін Гомельскай вобл.),
бел. акцёр т-ра лялек. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). Працуе ў Дзярж. т-ры лялек Беларусі. Яму ўласціва абвостранае пачуццё камедыйнага — ад мяккага гумару да буфанады і гратэску. Многіх сваіх герояў надзяляе рысамі эксцэнтрыкі, выразным пластычным малюнкам. Сярод лепшых роляў: Воўк («Чырвоная шапачка» Я.Шварца), Бармалей («Доктар Айбаліт» В.Карастылёва), Купец («Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага), Арлекін, тата Карла («Прыгоды Бураціна ў краіне дурняў» паводле А.Талстога), Гермес («Хачу быць богам» А.Вярцінскага), Бегемот («Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава), Сымон («Сымон-музыка» паводле Я.Коласа).
М.А.Каладзінскі.
т. 7, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРГО́ ((Camargo) Мары Ан) (сапр. дэ Кюпіс дэ Камарго, de Cupis de Camargo; 15.4.1710, Брусель — 28.4.1770),
французская танцоўшчыца; рэфарматар сцэн. танца і тэатр. касцюма. У 1726—51 (з перапынкам) вядучая танцоўшчыца Каралеўскай акадэміі музыкі ў Парыжы. Валодала бліскучай віртуознай тэхнікай. Выконвала танц. партыі ў операх, операх-балетах, балетныя антрэ ў пастаноўках лірычных трагедый і гераічных пастаралей. Увяла ў жаночы танец складаныя па, якія раней выконвалі толькі мужчыны, што патрабавала змен у касцюме (падкараціла цяжкія доўгія сукенкі, увяла абутак без абцасаў). Жыццё К. паслужыла сюжэтам для опер, аперэт, балетаў і карцін.
Літ.:
Новерр Ж.Ж. Письма о танце и балетах: (Пер. с фр.]. Л.;
М., 1965.
т. 7, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРАСЮ́К (Васіль Васілевіч) (н. 10.1.1954, г. Брэст),
бел. кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1979). З 1983 заг. муз. часткі Брэсцкага абл. т-ра драмы і музыкі. Працуе пераважна ў галіне тэатр. музыкі. Сярод твораў: опера для дзяцей «Анчутка» (1993); сімфонія «Белая Русь» (1983); Канцэрт для фп. з арк. (1985); вак.-інстр. — эстр. кампазіцыі «XX век» на словы Г.Бураўкіна (1987) і «Споведзь» на словы М.Пракаповіча і А.Каско (1987); камерна-інстр. музыка, песні; музыка да драм. спектакляў, у т. л. «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1981), «Вечар» А.Дударава (1986), «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.Макаёнка (1987), «Машэка» М.Арахоўскага (1989), «Памінальная малітва» Р.Горына (1991).
т. 7, с. 578
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІНЕ́СКУ ((Constantinescu) Пауль) (30.6.1909, г. Плаешці, Румынія — 20.12.1963),
румынскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Румыніі (1955). Чл.-кар. АН Румыніі (1962). Вучыўся ў Бухарэсцкай кансерваторыі (1928—33), выкладаў у ёй (праф. з 1941). Праф. Акадэміі духоўнай музыкі (1937—41) і ваен. муз. ліцэя (1941—44) у Бухарэсце. Нац. класікай сталі яго канцэрты для інструментаў з аркестрам (для фп., 1952; для скрыпкі, 1957; для скрыпкі, віяланчэлі і фп., 1963). Аўтар лепшай рум. камічнай оперы «Бурная ноч» (паст. 1935). Сярод інш. твораў: муз. драма «Панэ Лесня Русалім» (паст. 1956), 2 араторыі, 2 сімфоніі, сімф. танцы; камерна-інстр творы; хары, тэатр. і кінамузыка. Дзярж. прэміі Румыніі 1951, 1954.
т. 7, с. 594
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ВІЧ (Юрый Мікалаевіч) (н. 26,4.1955, Мінск),
бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1981). З 1981 на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. Працуе ў манум.-дэкар. мастацтве і станковым жывапісе. Творы вызначаюцца геаметрызаванасцю кампазіцый, строгай лінеарнасцю форм, яркай дэкар. колеравай гамай. Сярод манум. работ: афармленне Веткаўскага музея нар. творчасці (Гомельская вобл., 1983), будынкаў райвыканкома г. Глыбокае Віцебскай вобл. (вітражы, 1985), аблвыканкома ў Віцебску (сграфіта), Рэсп. спарт. вучылішча алімп. рэзерву ў Мінску (майка, вітраж, сграфіта), станцыі метро «Першамайская» ў Мінску (усе 1990). Аўтар станковых карцін «Раніца» (1985), «Полымя Т.Касцюшкі» (1996), «Зімовая казка» (1997) і інш. Іл. гл. пры арт. Мазаіка.
т. 8, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)