АБРЫКО́С (Armeniaca),

род дрэў і кустоў сям. ружавых. Вядома 10 відаў, пераважна ў Азіі. На Беларусі культывуецца абрыкос звычайны (A. vulgaris), абрыкос маньчжурскі інтрадукаваны Цэнтр. бат. садам АН Беларусі як дэкар. расліна.

Дрэва выш. да 8 м. Засухаўстойлівая, цепла- і святлолюбівая расліна. Лісце эліпса- або яйцападобнае. Кветкі белыя, ружаватыя, распускаюцца раней за лісце. Меданос. Плод — мясістая касцянка, мае цукры, арган. к-ты, вітаміны; сушаныя плады — урук, курага. Ва ўмовах Беларусі пладаносіць 7—8 разоў за 10 гадоў, па 20—30 кг з дрэва, жыве да 40 гадоў, пач. плоданашэння на 4—5-ы год. Размнажаецца насеннем, сарты і формы — прышчэпкамі. Плады маюць радыепратэктарныя ўласцівасці, карысныя пры захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, печані, нырак. Сарты: Пінскі, Знаходка, Спадчына, Памяці Шаўчука. Асн. хваробы: парша костачкавых і клястэраспарыёз.

Абрыкос звычайны.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЯЛА́ (Viscum),

род паўпаразітных кветкавых раслін сям. амяловых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічнай і субтрапічнай Афрыцы і Азіі, на Пн Аўстраліі; амяла белая (V. album) трапляецца ў Еўропе і на Каўказе, амяла афарбаваная (V. coloratum) — на Д. Усходзе. На Беларусі амяла белая расце ў зах. і паўд. раёнах пераважна на старых лісцевых дрэвах, асобны падвід (ssp. austriacum) на хвоі.

Двухдомны шматгадовазялёны шарападобны куст дыям. да 1,2 м. Лісце прадаўгавата-авальнае, супраціўнае, скурыстае, жоўта-зялёнае, размешчана папарна на канцах галінак. Кветкі дробныя жоўта-зялёныя, сабраны ў пучкі. Плод — белая аднанасенная ягада з клейкай мякаццю. Размнажаецца насеннем, якое птушкі заносяць на галіны дрэў, дзе яно і прарастае. Выкарыстоўваецца на лячэнне гіпертаніі і неўралгіі, як танізоўны сродак (прэпараты амялен, віскулен, акафіт), у нар. медыцыне пры хваробах сэрца і лёгкіх.

Амяла белая.

т. 1, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЙ (Bryum),

род лістасцябловых імхоў сям. брыевых. Больш за 800 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі 24 віды. Найб. часта трапляюцца брый валасканосны (B. capillare), дзірваністы (B. caespiticium), няправільнатрохгранны (B. pseudotriquertrum) і серабрысты (B. argenteum); вельмі рэдкі від — брый Клінгрэфа (B. klingraeffii) занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць на глебах, асакова-гіпнавых балотах, берагах рэк і ручаёў, збудаваннях, камянях і інш. субстратах, многія — піянеры глебавых агаленняў, ёсць віды-касмапаліты.

Дзярнінкі зялёныя, жоўтыя, бурыя, чырванаватыя, радзей серабрыстыя. Сцябло даўж. 0,5—25 см, прамастойнае, простае або галінастае, з рызоідамі. Лісце ад круглавата-яйцападобнага і тупога да ланцэтнага і завостранага. Каробачка са спорамі ад шарападобнай да цыліндрычнай, на чырванаватай ножцы. Вечка пукатае, з бародаўкай. Вегетатыўнае размнажэнне вывадкавымі пупышкамі, ніткамі і інш.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Брый: 1 — Клінгрэфа; 2 — дзірваністы.

т. 3, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЙВАЛЫ (Bubalus),

род пустарогіх млекакормячых атр. парнакапытных. З віды: буйвал азіяцкі, або індыйскі (B. arnee), буйвал афрыканскі (B. caffer) і аноа, або буйвал карлікавы (B. depressicornis). Пашыраны адпаведна ў Паўд., Паўн.-Усх. Азіі, Афрыцы на Пд ад Сахары і на в-ве Сулавесі. Жывуць у вільготных, балоцістых лясах, зарасніках па берагах вадаёмаў, буйвал афрыканскі, акрамя таго, на раўнінах і ў гарах. Буйвал азіяцкі прыручаны і выкарыстоўваецца як малочная і рабочая жывёла ў Паўд. Азіі, на Каўказе і ў Закаўказзі, Афрыцы і Паўд. Еўропе (буйвал свойскі).

Даўж. цела 1—2,9 м, хваста 15—90 см, выш. ў карку 62—180 см, маса 150—1200 кг. Тулава цяжкае, грузнае. Есць рогі (каля 2 м). Нараджаюць 1 цяля. Раслінаедныя. Буйвал азіяцкі ў Чырв. кнізе МСАП.

Буйвалы: 1 — свойскі; 2 — афрыканскі; 3 — азіяцкі; 4 — аноа.

т. 3, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ФАЛА (Ictiobus),

род рыб сям. чукучанавых атр. карпападобных. Пашыраны ў бас. рэк Місуры і Місісіпі (ЗША) і Саскачэван (Канада). Малькі 3 відаў: буфалы велікаротага (рыба-буйвал; I. cyprinellus), буфалы маларотага (I. bubalus) і буфалы чорнага (I. niger) завезены ў Краснадарскі край з ЗША (1971—72), выгадаваны іх матачны статак. На Беларусі эксперым. работы па вырошчванні буфала вядуцца з 1976 у рыбакамбінаце «Любань» (Мінская вобл.) і з 1979 у Белаазерскай садковай рыбнай гаспадарцы (Брэсцкая вобл.). Буфала жыве пераважна ў вадаёмах з запаволеным цячэннем і ў стаячых вадаёмах.

Даўж. да 1,2 м, маса болей за 45 кг. Нагадваюць сазана. Спіна цёмна-карычневая, бакі светлыя, брушка жоўтае або белаватае, плаўнікі карычнева-шэрыя. Чародныя, цеплалюбівыя. Растуць Б. хутчэй за карпаў. Усёедныя. Перспектыўныя для рыбагадоўлі.

Буфала (злева направа): малароты; велікароты; чорны.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАМПІ́РЫ (Vampyrum),

род кажаноў сям. амер. лістаносаў. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы вампір несапраўдны, або вялікі (V. spectrum). Жыве ў дуплах дрэў па 5—6 асобін.

Даўж. цела вампіра вялікага 12,5—13,5 см, размах крылаў 70—75 см, маса 150—200 г. Спіна рыжавата-бурая, бруха святлейшае. Поўсць мяккая. Корміцца пладамі, насякомымі, дробнымі пазваночнымі. Сапраўдныя крывасмокі — кажаны родаў вампіры звычайныя (Desmodus), вампіры белакрылыя (Diaemus) і вампіры махнаногія (Diphylla) сям. вампіравых. Жывуць у пячорах, дуплах дрэў, шахтах, будынках. Жывяцца крывёй птушак і млекакормячых жывёл, радзей чалавека. Вострымі зубамі пракусваюць самую тоўстую скуру і злізваюць кроў з раны. У сліне вампіраў ёсць анестэзійнае і антыкаагуляцыйнае рэчыва, таму раны ад укусаў не баляць і кроў не згусае. Адна асобіна за год выпівае да 7 л крыві. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шаленства.

Вампір вялікі.

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРА́НЫ (Varanidae),

сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. 1 сучасны род, 24 віды. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераным паясах Усх. паўшар’я (акрамя Мадагаскара). Жывуць у парослых кустамі мясцінах, многія — каля прэснаводных вадаёмаў, добра плаваюць і ныраюць. Найб. вядомы варан шэры (Varanus griseus), пашыраны ў Паўн. Афрыцы, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі.

Даўж. выкапнёвых продкаў з плейстацэну да 10 м, сучасных — ад 0,8 да 3,7 м (варан камодскі — Varanus komodoensis — самая вял. яшчарка свету масай да 150 кг). Цела падоўжанае, ногі добра развітыя, хвост у многіх відаў прыплясканы з бакоў. Галава ўкрыта дробнымі рагавымі шчыткамі. Язык доўгі, глыбока рассечаны на канцы. Драпежнікі, кормяцца яшчаркамі, змеямі, дробнымі млекакормячымі, воднымі жывёламі. Мяса варана ядомае, скура ідзе на выраб абутку. Варан камодскі ў Чырв. кнізе МСАП.

Варан шэры.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАБ’І́ (Passer),

род птушак сям. ткачыкавых атр. вераб’інападобных. 18 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, некаторыя віды завезены ў Паўн. і Паўд. Амерыку, Аўстралію, Новую Зеландыю і інш. месцы. Жывуць у населеных месцах, садах, парках, гаях, поймавых дубровах, на палях, у пустынях. На Беларусі 2 віды: верабей дамавы (Passer domesticus) і верабей палявы (Passer montanus), аселыя. Верабей палявы часткова вандроўны від.

Даўж. 12—18 см, маса 20—37 г. Апярэнне светла-шэрае, бураватае і чорнае. У самцоў многіх відаў чорная пляма на горле. Амаль усе чародныя, у перыяд гнездавання — каланіяльныя птушкі. Гнёзды пад дахамі, у нішах будынкаў, у дуплах, норах, на дрэвах. Калі кормяць птушанят, знішчаюць шмат шкодных насякомых. Дарослыя кормяцца пераважна зернем. Шкодзяць збожжавым культурам.

Вераб’і: 1 — дамавы (а — самка; б — самец); 2 — палявы.

т. 4, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РЛІКІ, аквілегія (Aquilegia),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі на ўзлесках і палянах у мяшаных і лісцевых лясах зрэдку трапляюцца ворлікі звычайныя (Aquilegia vulgaris), якія як знікаючая расліна патрабуюць прафілакт. аховы; вырошчваюцца як дэкар., маюць шмат садовых формаў, што адрозніваюцца афарбоўкай калякветнікаў. У культуры трапляюцца інтрадукаваныя з Мексікі віды — ворлікі залатакветныя (Aquilegia chrysantha) і сінія (Aquilegia caerulea), якія выкарыстоўваюцца ў групавых пасадках, міксбордэрах і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны з моцным кароткім карэнішчам і прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце двойчы- і тройчытрайчастае, на доўгіх чаранках. Кветкі двухполыя, буйныя, са шпорцам, адзіночныя, паніклыя, рознага колеру, часам стракатыя і махрыстыя (у садовых формаў). Плод — шматлістоўка. Лек. і ядавітыя расліны.

Ворлікі звычайныя.

т. 4, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЖО́ЎНІК (Ophioglossum),

род папарацепадобных раслін сям. вужоўнікавых. Каля 45 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў тропіках. На Беларусі зрэдку трапляецца вужоўнік звычайны (Ophioglossum vulgatum), расце на вільготных лясных лугах, палянах і ўзлесках.

Невял. шматгадовыя раўнаспоравыя наземныя травяністыя расліны з кароткім слабым карэнішчам і 1—2 лістамі, кожны з якіх складаецца з 2 сегментаў: стэрыльнага (плоскага нерасчлянёнага яйца- ці ланцэтападобнага або лінейнага) і цэласнага сцеблападобнага спараноснага; некаторыя трапічныя віды — эпіфіты з лістамі даўж. да 2—4 м. На спараносным сегменце ўтвараецца пляскаты каласок з 2 радамі спарангіяў. Гаметафіт двухполы, цыліндрычны, падземны, шматгадовы (расце 10—20 гадоў). Спарангіі адчыняюцца папярочнай шчылінай. Спараносіць у ліп.—жніўні. Для вужоўніка характэрна аблігатная эндатрофная мікарыза. На каранях утвараюцца вывадковыя пупышкі, што служаць для вегетатыўнага размнажэння. Лек. расліны, асобныя віды выкарыстоўваюцца ў нар. медыцыне.

Вужоўнік звычайны.

т. 4, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)