ПАРМЕНІ́Д (Parmenidēs) з Элеі
(каля 540 да н.э., Элея, Італія — каля 470 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік элейскай школы. Аўтар філас.-дыдактычнай паэмы «Аб прыродзе», якая складаецца з 2 частак: «Шлях ісціны» і «Шлях поглядаў» (захавалася каля 160 вершаў). Абгрунтаваў адрозненне паміж мысленнем і пачуццёвасцю, сфармуляваў ідэю тоеснасці быцця і мыслення. У сваім разуменні свету трымаўся думкі пра існаванне апошняй мяжы, усебаковай замкнёнасці быцця, якое прымае форму аднароднага шара з правільным цэнтрам унутры. Праўдзівае быццё лічыў адзіным, вечным, непадзельным, нязменным і нерухомым; непраўдзівае — рухомымі, дзялімымі рэчамі з пустотай паміж імі. Яго вучэнне пра размежаванне быцця і небыцця, ісціны і меркавання было накіравана супраць дыялект. падыходаў да тлумачэння свету, якія назіраліся ў стараж. філасофіі; гэта дае падставу лічыць П. пачынальнікам метафізікі ў якасці пазнавальнай альтэрнатывы дыялектыкі. Паводле П., крыніцай праўдзівых ведаў аб свеце можа быць толькі розум; пачуцці прыводзяць да непраўдзівых і супярэчлівых меркаванняў (гэта ўносіла ў яго вучэнне элементы рацыяналізму). Сцвярджаў, што ў аснове светабудовы ляжыць супрацьстаянне 2 пачаткаў: актыўнага — святла-агню і інертнага — цемры. У 20 ст. працы П. даследаваліся экзістэнцыяльнай фенаменалогіяй (М.Хайдэгер) і англа-амер. аналітычнай філасофіяй.
Тв.:
Рус. пер. — у кн.: Маковельский А. Досократики. Казань, 1915. Ч. 2;
У кн.: Античные философы: (Тексты). М., 1935.
В.І.Боўш.
т. 12, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТО́ЦКІ ((Potocki) Ян) (8.3.1761, с. Пікаў каля г. Вінніца, Украіна — 2.12.1815),
польскі гісторык, археолаг, пісьменнік, палітык. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1806). Вучыўся ў Швейцарыі і Францыі. Падарожнічаў па Турцыі, Егіпце (1784), Марока (1791), Саксоніі (1794), Каўказе (1797—98), апублікаваў іх літ. апісанні. Дэп. Чатырохгадовага сейма 1788—92, прыхільнік рэформ (у заснаванай ім Свабоднай друкарні выдаваў радыкальную публіцыстыку). Пасля далучэння караля Станіслава Аўгуста да Таргавіцкай канфедэрацыі адышоў ад паліт. жыцця і займаўся гіст. навукай. У сваіх гісторыка-этналагічных працах даследаваў паходжанне слав. плямён, іх стараж. гісторыю і тэр. рассялення (першы распрацаваў тэорыю пра аўтахтоннасць славян на сваіх землях): «Даследаванні пра Сарматыю» (т. 1—5, 1789—92), «Гістарычныя і геаграфічныя фрагменты пра скіфаў, сарматаў і славян» (т. 1—4, 1796), «Старажытная гісторыя народаў Расіі...» (1802), «Археалагічны атлас Еўрапейскай Расіі» (1805), зрабіў гіст. і геагр. апісанні Валыні і Падоліі (1805). У 1805—06 быў навук. кіраўніком рас. дыпламат. місіі ў Кітай (дабраўся толькі да Манголіі). Аўтар парадыйна-гратэскавых п’ес у стылі камедыі дэль артэ («Парады», 1793) і фантастычна-філас. рамана «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе» (1803—15, экранізацыя 1965), у якім спалучаў традыцыі філас. прозы з формай «аповесці-шкатулкі», запазычанай з «Тысячы і адной ночы». Скончыў самагубствам.
Тв.:
Рус. пер. — Рукопись, найденная в Сарагосе. Мн., 1994.
т. 12, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАХО́Д КО́ЛЬКАСНЫХ ЗМЯНЕ́ННЯЎ У Я́КАСНЫЯ адзін з асноўных законаў дыялектыкі, які раскрывае ўзаемную сувязь колькасных і якасных змяненняў у развіцці прыродных і сац. з’яў. Сфармуляваны Г. Гегелем на аб’ектыўна-ідэаліст. аснове. У матэрыяліст. дыялектыцы — усеагульны закон развіцця аб’ектыўнага свету. Змест закону раскрываецца праз усе катэгорыі дыялектыкі, перш за ўсё якасці, колькасці, меры і дыялектычнага скачка. Якасць і колькасць узаемавызначальныя, узаемаабумоўленыя катэгорыі і іх арган. ўзаемасувязь выяўляецца праз катэгорыю меры або таго адрэзка колькасных змяненняў, у межах якога прадмет (з’ява) застаецца сам сабой. Згодна з гэтым законам змена прыроды дадзенага прадмета (з’явы) — пераход ад адной якасці да другой, адбываецца толькі ў тым выпадку, калі колькасныя змяненні дасягаюць пэўнай мяжы, якая выходзіць за рамкі меры. Пераход рэчы ад аднаго якаснага стану да другога, узнікненне новай рэчы адбываюцца праз скачок. Адрозніваюць скачкі-выбухі і паступовыя скачкі, адзінарныя і комплексныя, прагрэсіўныя і рэгрэсіўныя і інш. Тып скачка абумоўлены зместам прадмета і ўмовамі, у якіх адбываецца фарміраванне і вырашэнне супярэчнасці. Узнікненне новай якасці (новага прадмета) непасрэдна ўплывае на колькасныя параметры рэчы, у т. л. на меру.
Літ.:
Гегель Г. Энциклопедия философских наук: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1974—77;
Яго ж. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;
Алексеев П.В., Панин А.В. Философия. М., 1996.
Т.І.Адула.
т. 12, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВА НА ЖЫЦЦЁ,
адно з асноўных асабістых правоў чалавека, якое абараняецца міжнар. правам і канстытуцыямі большасці дэмакр. краін. Змест П. на ж. шматгранны і адрозніваецца ў розных дзяржавах. Там, дзе смяротная кара адменена (Аўстралія, Аўстрыя, ФРГ, Францыя і яшчэ больш як 40 дзяржаў), П. на ж. азначае, што ні адзін чалавек ні за якія дзеянні не можа быць пазбаўлены жыцця. У краінах, дзе існуюць розныя рэжымы захавання смяротнай кары(прымяненне смяротнай кары, выкарыстанне яе ў выключных выпадках, адмаўленне ад яе прымянення на практыцы), пад П. на ж. разумеецца, што ніхто не можа быць пазбаўлены жыцця без неабходнай прававой працэдуры. У шэрагу канстытуцый П. на ж. канкрэтызуецца пералікам пэўных злачынстваў, за якія можа быць устаноўлена законам смяротная кара, а таксама кола асоб, да якіх яна не можа прымяняцца (напр., жанчыны, непаўналетнія). Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, разам з абвяшчэннем П. на ж. робіць агаворку, што «смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суда», і ўдакладняе, што да гэтай меры пакарання не могуць быць асуджаны асобы, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, жанчыны, а таксама мужчыны, якія дасягнулі на дзень вынясення прыгавору 65 гадоў.
Г.А.Маслыка.
т. 12, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКА́ТКА металаў,
спосаб апрацоўкі металаў ціскам паміж вярчальнымі валкамі пракатнага стана з мэтай атрымання вырабаў пэўнага сячэння. П. атрымліваюць розныя віды пракату: пруткі і палосы рознага папярочнага сячэння, трубы, колы, кольцы і інш.
Адрозніваюць П. гарачую, цёплую і халодную. Вядомы 3 асн. віды: падоўжная (найб. пашыраная), папярочная і папярочна-вінтавая (касая). Пры падоўжнай П. метал дэфармуецца паміж паралельна размешчанымі валкамі, якія верцяцца ў процілеглых напрамках. Пры гэтым метал зацягваецца ў міжвалковую прастору сілай трэння і пластычна дэфармуецца (вышыня сячэння вырабу пры праходжанні паміж валкамі змяншаецца, даўжыня павялічваецца). Такім спосабам вырабляюць сартавы і ліставы пракат, раскочваюцца загатоўкі ў гатовыя трубы. Папярочнай і папярочна-вінтавой П. робяць толькі дэталі форм вярчэння. Пры гэтым вырабу, што апрацоўваецца папярочнай П., надаецца вярчальны рух і апрацоўка адбываецца ў папярочным напрамку. Такой П. атрымліваюць шасцерні, кольцы, вырабы з перыяд. профілем. Пры папярочна-вінтавой П. выраб мае яшчэ і паступальны рух уздоўж яго восі. Гэты спосаб выкарыстоўваюць у вытв-сці труб, шароў і інш. цел вярчэння. Бесперапыннасць П. забяспечвае высокую прадукцыйнасць. У індустр. краінах П. апрацоўваюць больш як 3/4 усёй выплаўленай сталі.
Літ.:
Машины и агрегаты металлургических заводов. Т. 1—3. 2 изд. М., 1987—88;
Поперечно-клиновая прокатка в машиностроении. М., 1982.
В.І.Шагун.
т. 12, с. 545
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1492, Аляксандраў прывілей,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Аляксандрам у Вільні 6.8.1492 пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Меў характар феад. канстытуцыі ВКЛ, якая замацоўвала асновы дзярж. і грамадскага ладу, пануючае становішча баяр і іх вярхоў — паноў. Складаецца з 33 артыкулаў. П. пацвердзіў з частковымі зменамі ўсе прывілеі баярству, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі. Важнай уступкай буйным феадалам было юрыд. афармленне вял. паўнамоцтваў Рады Вялікага княства Літоўскага, куды ўваходзілі вышэйшыя саноўнікі дзяржавы і радавітая знаць, сваякі вял. князя. П. устанавіў, што вял. князь не мае права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя разам з Радай. Яе пастановы, прынятыя большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вял. князем. Рада дзейнічала пад кіраўніцтвам вял. князя, а ў выпадку яго адсутнасці самастойна вырашала пытанні агульнадзярж. значэння. Прывілей вызначыў асновы адм., цывільнага і крымінальнага права. Службовым асобам было забаронена вымагаць у падначаленых падачкі звыш устаноўленых плацяжоў. Былі акрэслены прынцыпы прызначэння і пазбаўлення дзярж. пасад. П. пацвердзіў абавязковы характар мясц. прававых звычаяў. Дзярж. пасады і зямельныя ўладанні мелі права атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ (польскай шляхце гэта забаранялася). У П. абвяшчалася неабходнасць вынясення справядлівых судовых рашэнняў, забараняліся хабары і судзейская неаб’ектыўнасць, устанаўліваліся пэўныя тэрміны разгляду спраў. Напісаны на лац. мове.
А.П.Грыцкевіч.
т. 13, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАФІЗІ́ЧНАЯ ПРАБЛЕ́МА,
у шырокім сэнсе — пытанне пра суадносіны псіхічных і фізічных з’яў; у вузкім — пра суадносіны псіхічных і фізіялагічных (нервовых) працэсаў. Думка пра залежнасць псіхікі (душэўных выяўленняў) ад прыроды і цела з’явілася ўжо ў стараж.-грэч. натурфіласофіі. Навук. распрацоўка П.п. пачалася ў філасофіі 17 ст., калі ўсталявалася механіст. карціна свету і псіхічныя з’явы разглядаліся як неаддзельныя ад цела і падпарадкаваныя законам сусвету. Узніклі 2 процілеглыя варыянты вырашэння П.п.: псіхафізічнае ўзаемадзеянне (Р.Дэкарт) і псіхафізічны паралелізм (Г.Лейбніц). Паводле Дэкарта, свядомасць з’яўляецца субстанцыяй, якая адрозніваецца ад цела, але, з аднаго боку, залежыць ад яго (пры афектах, адчуваннях і інш.), з другога — уздзейнічае на цела (напр., пры валявым намаганні). Прыхільнікі псіхафіз. паралелізму сцвярджалі, што псіхічныя і фіз. працэсы працякаюць паралельна, без узаемадзеяння (Н.Мальбранш, Д.Гартлі). Ідэя псіхафіз. паралелізму набыла папулярнасць у 19 ст. Але вучэнне Ч.Дарвіна патрабавала разумець псіхіку як актыўны рэгулятар жыццёвых працэсаў. Узніклі новыя канцэпцыі П.п.; атаясамліванне псіхічнага і фізічнага і іх адрозненне толькі па функцыях, «комплексных адчуваннях» (У.Джэмс, Э.Мах); сцвярджэнне невырашальнасці П.п. навук. сродкамі (гл. Неапазітывізм). На стыку псіхалогіі і нейрафізіялогіі вылучылася псіхафізіялогія, якая вывучае розныя формы залежнасці псіхічных актаў ад іх фіз. субстрату і ролю гэтых актаў у арг-цыі і рэгуляцыі жыццядзейнасці.
т. 13, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГЕНЕРА́ЦЫЯ (ад позналац. regeneratio аднаўленне, вяртанне) у біялогіі, аднаўленне арганізмам страчаных або пашкоджаных органаў і тканак (уласна Р.), а таксама аднаўленне цэлага арганізма з яго частак (саматычны эмбрыягенез, вегетатыўнае размнажэнне). Здольнасць да Р. — універсальная ўласцівасць жывога. Бывае ў натуральных умовах і выклікаецца эксперыментальна. Аснова — заканамернасці, характэрныя для нармальнага развіцця. У жывёл і чалавека адрозніваюць рэпаратыўную Р. (утварэнне новых структур узамен страчаных ці тых, што загінулі ў выніку пашкоджання) і фізіял. Р (утварэнне новых структур узамен страчаных у працэсе нармальнай жыццядзейнасці). Найб. пашыраная фізіял. Р., напр., цыклічнае аднаўленне клетак крыві, некат. эпітэліяльных тканак у арганізме млекакормячых жывёл. У шэрагу ніжэйшых беспазваночных магчыма Р. цэлага арганізма з невял. кавалачка цела; у земнаводных — цэлых канечнасцей, хваста, розных ч. вока, унутр. органаў і тканак; у млекакормячых і чалавека магчыма Р. толькі асобных тканак. Да Р. блізкія інш. ўзнаўленчыя працэсы — рубцаванне ран, новаўтварэнні тканак (гіперплазія, гіпертрафія). У раслін адбываецца на месцы страчанай ч. цела (напр., рана на галінцы пакрываецца калусам) ці на інш. месцах (напр., замест адрэзанага верхавінкавага парастка развіваюцца бакавыя парасткі). Як біял. прыстасаванне Р. забяспечвае зарастанне ран, аднаўленне страчаных органаў, вегетатыўнае размнажэнне. Мае значэнне для раслінаводства, пладаводства, садаводства, лесаводства і інш.
Літ.:
Мэттсон П. Регенерация — настоящее и будущее: Пер. с англ. М., 1982;
Карлсон Б.М. Регенерация. М., 1986.
А.С.Леанцюк.
т. 13, с. 547
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛЯТЫВІ́ЗМ (ад лац. relativus адносны),
метадалагічны прынцып, паводле якога ўсё ў свеце адноснае. Сустракаецца ў розных галінах пазнання і практыкі. Гнасеалагічны Р. узыходзіць да вучэння стараж.-грэч. сафістаў, паводле якога ўсе веды павінны разглядацца толькі як адносна правільныя ў сувязі з тым, што іх змест залежыць ад суб’екта пазнання («чалавек ёсць мера ўсіх рэчаў»), ад яго душэўнага і фіз. стану (Горгій, Пратагор). У 16—17 ст. Р. выкарыстоўвалі для крытыкі рэліг. догматаў і метафізікі (П.Бейль, М. дэ Мантэнь, Эразм Ратэрдамскі). З 18 ст. распаўсюджваецца анталагічны Р., прыхільнікі якога не прызнавалі існавання аб’ектыўных законаў прыроды і грамадства і абвяшчалі суб’ектывізм пазнання (Дж.Берклі, Д.Юм). Прадстаўнікі дыялект. матэрыялізму не пагаджаліся з прынцыпам Р., але прызнавалі адноснасць ведаў, абумоўленасць пазнання ўзроўнем развіцця прадукц. сіл і навукі. На мяжы 19—20 ст. Р. набыў папулярнасць у махізме, неапазітывізме, прагматызме і інш., прадстаўнікі якіх абвяшчалі абсалютную адноснасць ведаў (Э.Мах, І.Петцальт) ці іх поўную ўмоўнасць (А.Пуанкарэ). Этычны Р. абвяшчае адноснасць агульнапрынятых маральных норм, часам выкарыстоўваецца для ігнаравання маральных асноў грамадства, апраўдання амаралізму. Р. характэрны таксама для гістарыяграфіі, мастацтвазнаўства і інш. гуманіт. дысцыплін, у распараджэнні якіх няма адназначна вывераных, дакладных крытэрыяў і ацэнак. Адрозніваюць таксама фізічны Р., які грунтуецца на адноснасці тэорыі.
С.А.Яцкевіч.
т. 14, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНО́РЫКА (ад лац. sonorus гучны, шумны) у музыцы, від кампазіцыйнай тэхнікі, заснаванай на выкарыстанні маляўнічых гучанняў. Звязана з акцэнтаваннем каларыту і фарбаў, іх аўтанамізацыяй, у выніку чаго маляўнічы бок рэгулюе ўвесь гукавы працэс. У гіст.-стылявых адносінах вылучаюць 3 ступені-градацыі, якія адрозніваюцца вышынна-тонавай дыферэнцыяцыяй гучання: каларыстыка, калі тоны ясна адрозніваюцца, але ўзмоцнены фанічны бок гучання (каларыстычная гармонія ў сцэнах зацьмення ў оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна, перазвону ў оперы «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, каларыстычна афарбаваныя лініі ў эцюдзе «Шум лесу» Ф.Ліста); санорыка, калі на першае месца выступаюць фарбы і адрозніваецца толькі частка тонаў (санорна афарбаваная і санорная гармонія ў творах К.Дэбюсі, А.Скрабіна, І.Стравінскага, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, Б.Бартака, у «Атмасферах» Дз.Лігеці); санарыстыка, калі выкарыстаны гукі без дакладна вызначанай вышыні, у выніку чаго ўзнікае санарыстычная гармонія і санарыстычны «шум» («Плач па ахвярах Хірасімы» К.Пендарэцкага, 1-я ч. канцэрта-буф С.Сланімскага). Прыкметы С. праявіліся ў трактоўцы гармоніі ў творах Ф.Шапэна, М.Рымскага-Корсакава, Мусаргскага, П.Чайкоўскага. Больш дакладна выкарыстоўваецца ў творах кампазітараў 20 — пач. 21 ст. У бел. музыцы С. ўласціва творам Л.Шлег (вакальна-сімф. дзеянне «Гуканне вясны»), С.Бельцюкова (для інстр. ансамбля «Стронцый-90», сімфонія № 1), В.Кузняцова («Канструкцыя для 67 выканаўцаў і магнітафоннай стужкі «Caesium-137»).
Р.І.Сергіенка.
т. 14, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)